Прэзентацыя кнігі «Лёсы жанчын – лёс адзінай Беларусі» прайшла ў БДУ

23 Nov, 2023.

У медыятэцы імя М.Я. Цікоцкага Фундаментальнай бібліятэкі БДУ прайшла прэзентацыя кнігі Аліны Грышкевіч «Лёсы жанчын – лёс адзінай Беларусі». Слухачамі выступілі студэнты і выкладчыкі факультэта журналістыкі.

У аснову выдання ўвайшлі публікацыі аўтара, падрыхтаваныя ў межах публіцыстычнага праекта на сайце БелТА. Цэнтральная тэма кнігі  – лёсы сучасных беларускіх жанчын. З часу першай прэзентацыі выданне ўжо паспела адправіцца ў такія гарады, як Масква, Пекін, Шанхай, Ганконг, Рым, Мадрыд, Ташкент і іншыя. Яно выйшла ў 2022 годзе на беларускай, рускай, англійскай і кітайскай мовах.

– Гэта кніга – вынік працы вялікага калектыву: аўтара, рэдактараў, фатографаў, мастакоў, перакладчыкаў. Яна ўвабрала ў сябе гісторыі сямі жанчын, сярод якіх чыноўнік высокага ўзроўню, галоўны ўрач, бізнес-лэдзі і інш. Тут я паспрабавала адказаць на пытанні, у чым заключаецца поспех для беларускай жанчыны, якія каштоўнасці выходзяць для яе на першы план. А таксама паспрабавала прасачыць, як каштоўнасці мінулага перадаюцца ў наш час, – падзялілася з прысутнымі пісьменніца.

Таксама на сустрэчу з чытачамі завітала адна з гераінь кнігі – праўнучка Якуба Коласа, захавальніца фондаў Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея паэта Васіліна Міцкевіч. Госця расказала пра ўзаемадзеянне з журналістам, узгадала цікавыя факты, што знайшлі адлюстраванне на старонках кнігі. Так, напрыклад, у сям’і класіка беларускай літатратуры склалася некалькі традыцый: у кожным пакаленні сустракаецца хаця б адзін педагог, а прозвішча пісьменніка перадаецца па жаночай лініі.

Васіліна Міцкевіч

– Выданне ў нейкай ступені стала для мяне нечаканасцю, паколькі ўсё пачыналася з невялікага інтэрв’ю. Я ўпершыню ўбачыла настолькі зацікаўленага журналіста. Мы сустракаліся чатыры разы, і кожны раз спадарыні Аліне было цікава задаваць пытанні, даведвацца гісторыю маёй сям’і, знаёміцца з маім лёсам. І часта яна бедавала, што некаторыя рэчы, на вялікі жаль, не памесцяцца ў фармаце аднаго матэрыялу, ­– адзначыла Васіліна. – Спадзяюся, дзякуючы кнізе, чытачы заахвоцяцца даведвацца пра лёс жанчын уласных сямей. 

Напрыканцы сустрэчы Аліна Грышкевіч адказала на пытанні студэнтаў і выкладчыкаў, а таксама перадала ў фонды медыятэкі падпісаныя экзэмпляры прэзентаванай кнігі. 

Даведка:
Аліна Тадэвушаўна Грышкевіч – заслужаны дзеяч культуры, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, аглядальнік БелТА, намеснік старшыні таварыства дружбы «Беларусь – Кітай», выпускніца факультэта журналістыкі БДУ.

Ірына ІВАШКА

print

Вам таксама можа спадабацца: