Размеркаванне ў паспяховую будучыню

21 Nov, 2023.

Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт дае выпускнікам не толькі неабходныя веды, але і магчымасць выкарыстаць іх на справе. У гэтым нядаўнім студэнтам спрыяе размеркаванне. Такая практыка дапамагае маладым спецыялістам атрымаць прафесійны досвед і, што самае галоўнае, гарантаванае працаўладкаванне. Удалыя прыклады нерэдкасць. А гераіні гэтага матэрыялу гэтаму пацвярджэнне. Але пра іх па парадку.

Юлія Куханавец скончыла факультэт філасофіі і сацыяльных навук. Цяпер дзяўчына працуе па размеркаванні ў Мінскім гарадскім выканаўчым камітэце ў Галоўным упраўленні ідэалагічнай работы па справах моладзі. Аднак шлях у прафесію быў доўгі і не стаў для гераіні выпадковасцю. Выпускніца яшчэ з дзяцінства зразумела, што добрая вучоба – заклад поспеху ў будучыні. Юлія скончыла Іванаўскую сярэднюю школу №3 з залатым медалём, актыўна ўдзельнічала ў мерапрыемствах, алімпіядах, конкурсах і спартыўных змаганнях. Школьны час дзяўчына ўспамінае з усмешкай.

«Хацела даказаць сабе, што можна справіцца з чым заўгодна»

Да цэнтралізаванага тэсціравання дзяўчына рыхтавалася без дапамогі рэпетытараў. Абрала ФФСН, спецыяльнасць «сацыяльнае праектаванне» і паставіла мэту: паступіць на бюджэтную форму навучання. Так і здарылася.

– Памятаю, як мы з мамай прыехалі на юрфак. На сходзе дэкан радасна прамовіў, што я, Юлія Васільеўна, скончыла школу з залатым медалём, а затым папрасіў мяне распісацца ў бланку, – успамінае дзяўчына. Выпускніца БДУ падзялілася, што ўступная кампанія прайшла вельмі хвалююча. Дзяўчына прыехала з невялікага горада, у сталіцы была рэдкай госцяй. Таму гонар за сябе і радасць ад паступлення ў вядучую ВНУ краіны былі асаблівымі.

– Я вельмі хацела, каб бацькі мной ганарыліся. Марыла даказаць самой сабе, што можна справіцца з чым заўгодна. Галоўнае – мець жаданне, – адзначае Юлія.

«Цяжкасцяў падчас вучобы не ўзнікала, але першая сесія была самай складанай»

Навучанне на ФФСН у дзяўчыны прайшло вынікова. Юлія стала старастай групы, а затым улілася ў жыццё факультэта, дзе змагла ўвасобіць шмат ідэй і задумак. Выпускніца раіць не верыць стэрэатыпам пра сацыяльныя прафесіі.

– Мне казалі, што мая спецыяльнасць – гэта не модна і не прэстыжна. Але я не згодная. Я шмат чаму навучылася на факультэце, а атрыманыя веды выкарыстоўваю не толькі ў прафесіі, але і ў паўсядзённым жыцці, – падкрэслівае Юлія.

Цяжкасцяў падчас вучобы ў яе не ўзнікала. Але, як і ў многіх студэнтаў, першая сесія была самай складанай. Юлія ўспамінае, як выкладчыкі казалі, што ўніверсітэт – гэта ў першую чаргу вучоба, а не грамадская дзейнасць. Але актывістка змагла рэалізаваць сябе ў абодвух напрамках. Юлія падзялілася, што 4 гады праляцелі вельмі хутка, а на выпускным дзяўчына не змагла стрымаць слёз.

У пытанні размеркавання сваю ролю сыграла высокая грамадская і навуковая актыўнасць. Яшчэ на трэцім курсе наша гераіня стала намеснікам сакратара БРСМ БДУ. Тады яна разумела, што хутчэй за ўсё месца размеркавання будзе звязана менавіта з грамадскай арганізацыяй і працай з моладдзю. Ёй гэта вельмі падабалася. Але здарылася так, што дзяўчына працавала ўжо не ва ўніверсітэце, а намеснікам загадчыка аддзела інфармацыйна-ідэалагічнай і арганізацыйна кадравай работы ў мінскім гарадскім камітэце БРСМ. Менавіта туды яна і хацела патрапіць на размеркаванне.

Шмат у чым паўплывала студэнцкая актыўнасць. Юлія – лаўрэат першай ступені Рэспубліканскага конкурсу навуковых прац, а таксама стыпендыят прэзідэнцкага фонду Рэспублікі Беларусь. Дзякуючы гэтаму дзяўчына патрапіла ў перспектыўны кадравы рэзерв Мінгарвыканкама. І ў ліпені, калі пачалася падрыхтоўка да рэктарскага і рэспубліканскага балю выпускнікоў, Юліі патэлефанавалі і прапанавалі прыйсці на размову. Тады яна ў экстранным рэжыме пачала разбірацца ў пытанні размеркавання ў іншую арганізацыю. І цяпер выпускніца ФФСН працуе ў Галоўным упраўленні ідэалагічнай працы па справах моладзі Мінгарвыканкама на пасадзе загадчыка сектара па рабоце са СМІ. Але вучыцца дзяўчына не спыніла і паступіла ў магістратуру на спецыяльнасць «дзяржаўнае кіраванне». Юлія ўпэўнена, што гэта таксама дапаможа ёй у прафесійным развіцці.

Наступная гераіня, Аліна Рацькова, скончыла факультэт міжнародных адносін БДУ. Яна, як і Юлія, паступала ў статусе залатой медалісткі. Цяпер дзяўчына праходзіць размеркаванне ў Нацыянальным банку Рэспублікі Беларусь.

Аліна вучылася ў сярэдняй школе №40 у Віцебску. Удзельнічала ў абласных і рэспубліканскіх канферэнцыях і алімпіядах. За высокія дасягненні ў вучобе стала лаўрэатам фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. Аліне заўсёды падабаліся руская мова і матэматыка. Калі зразумела, што далейшае жыццё хоча звязаць з эканамічным профілем, паглыбілася ў вывучэнне матэматыкі і замежных моў.

– Мама распавядала, як у дарозе я любіла браць нататнік з ручкай і перамнажаць паміж сабой бясконцае мноства лікаў. Мне пастаянна было цікава знаходзіць рашэнні задач і ўраўненняў. Падлік, лічбы, ураўненні – гэта ўсё маё», – адзначае Аліна.

«Першапачаткова планавала паступаць на платную форму навучання»

Паступленне на ФМА было марай дзяўчыны. Бо гэты факультэт, як адзначае Аліна, дакладна найлепшы ў вядучай ВНУ краіны. Прахадныя балы там высокія. І калі яна прыехала падаваць дакументы, то амаль за вечар вырашыла рызыкнуць і падаць іх на бюджэт. А раптам атрымаецца? Першапачаткова залатая медалістка планавала паступаць на платную форму навучання. Але вельмі хацелася пацешыць сваіх бацькоў і ўвайсці ў спіс бюджэтнікаў з дзесяці шчасліўчыкаў спецыяльнасці «сусветная эканоміка». Таму дзяўчына ўсё-такі падала дакументы менавіта сюды. Уступная кампанія прайшла для яе не- чакана, але прыемна. Аліна паспела ў «апошні вагон», стаўшы дзясятай у спісе.

– Для мяне гэта было шчасце. Ніколі не забуду тыя хвіліны, калі я ўсвядоміла, што паступіла на найлепшы факультэт вядучай ВНУ краіны, ды яшчэ і на бюджэтную форму. Здавалася, увесь мой горад ведаў, што ў мяне атрымалася –  мая мара спраўдзілася, – успамінае выпускніца.

«Час у ВНУ падарыў шмат асобасных якасцяў і навыкаў»

Выпускніца БДУ адзначае, што навучанне на ФМА было вельмі цікавым. Здараліся і памылкі, але на іх вучацца. Дзяўчына ўдзячная ўсяму, што ёй даў універсітэт.

– Цяпер разумею, што ўсё было на карысць развіцця мяне як маладога спецыяліста і будучага прафесіянала ў галіне сусветнай эканомікі.

Цяжкасцяў з вучобай не было. Аднак адной яе Аліне было мала. Студэнтка нагружала сябе грамадскай і навуковай працай. Жыццё ва ўніверсітэце насычанае. Дзяўчына стала старшынёй дзвюх студэнцкіх арганізацый на апошніх курсах.

– Гэта былі яскравыя гады студэнцкага жыцця, якія пакінулі пасля сябе толькі прыемныя ўспаміны. Яны дапамаглі мне стаць лепшай, развіць мае якасці і ўменні. Цяпер хацелася б хоць на хвілінку вярнуцца ў той час, у актыўнасць, шалёны рытм. Калі ты разумееш, колькі ўсяго табе трэба паспець за адзін дзень, – настальгуе Аліна.

«Маладых спецыялістаў у Нацбанку любяць»

Спачатку дзяўчына сумнявалася, дзе адпрацоўваць пасля 4 курса. Тады Аліна паспяхова скончыла практыку ў Міністэрстве замежных спраў, а таксама завяршыла пераддыпломную практыку ў Нацыянальным банку. Але лёс распарадзіўся так, што першым працоўным месцам нараджэнкі Віцебска стаў менавіта Нацбанк.

– Гэта выдатны старт для маладога спецыяліста і добрая магчымасць атрымаць тыя практычныя навыкі па міжнародных эканамічных адносінах, пра якія мог бы марыць любы эканаміст-міжнароднік, – падкрэслівае Аліна.

Дзяўчына адзначыла дапамогу, якую студэнтам аказвае кафедра міжнародных эканамічных адносін у пошуку размеркавання. Пра сваю будучую працу Аліна даведалася на пары па міжнародным менеджменце ад выкладчыка.

Цяпер Аліна – вядучы спецыяліст упраўлення даследаванняў стратэгічнага развіцця Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь. Яна адказвае за ўзаемадзеянне з міжнароднымі фінансавымі арганізацыямі. Для яе як эканаміста з веданнем замежных моў гэта было найлепшым варыянтам. Бо там ёсць усё для прафесійнай самарэалізацыі: міжнародныя перамовы, практыка замежнай мовы, аналітыка, а таксама банкаўская сфера, якая цяпер для дзяўчыны найбольш цікавая і займальная.

Яна засталася задаволенай сваім месцам размеркавання. Дзяўчына падкрэслівае, што маладых спецыялістаў у Нацбанку любяць. Такая ў іх карпаратыўная культура, гэта месца, дзе паважаюць кожнага супрацоўніка.

«Нічога не бойцеся і не прапускайце магчымасцяў»

Аліна заклікае не баяцца размеркавання і не траціць каштоўны час ва ўніверсітэце.

– Добрага студэнта з высокім сярэднім балам, які актыўна ўдзельнічае ў грамадскай ці навуковай дзейнасці, захочуць забраць пасля навучання на перспектыўную працу. Трэба сябе зарэкамендаваць. Няма нічога немагчымага, – упэўнена Аліна.

Па словах выпускніцы ФМА, БДУ дае паспяховы старт у будучыню. І дзяўчына ўдзячная свайму ўніверсітэту за ўсё. ВНУ дапамагла ёй раскрыцца і стаць перспектыўным маладым спецыялістам.

Ілья ВАРАБ’ЁЎ

print

Вам таксама можа спадабацца: