Кожнае лета штаб працоўных спраў БРСМ БДУ дае магчымасць студэнтам падзарабіць. Ён аказвае дапамогу ў працаўладкаванні моладзі ў вольны ад вучобы час, займаецца пошукам вакансій, стварэннем базы студэнтаў.
Камандзір Павел Глухіх і камісар штаба Дыяна Ігнатчык лепш за ўсіх ведаюць, як функцыянуе падраздзяленне. Яны асабіста займаюцца ўсімі пытаннямі пошуку працаўнікоў і новых арганізацый. Павел і Дыяна расказалі нашай рэдакцыі пра работу падраздзялення.
У летні перыяд штаб працоўных спраў арганізуе студэнцкія атрады. Сёлета працавала за 60 студатрадаў і больш за 1000 студэнтаў. Спектр іх дзейнасці даволі шырокі. Вядзецца актыўная работа па працаўладкаванні студэнтаў у найлепшыя кампаніі і арганізацыі Мінска і іншых гарадоў.
Універсальнасць атрадаў
У будаўнічых атрадах студэнты працуюць дапаможнымі рабочымі на будоўлі, у педагагічных – важатымі ў дзіцячых лагерах. Сельскагаспадарчыя атрады займаюцца праполкай раслін, уборкай ураджаю і г.д. У абавязкі экалагічных атрадаў уваходзяць догляд лясных раслін і работа ў гадавальніках лясгасаў.
Сувязь з арганізацыямі наладжвае або сакратар БРСМ БДУ, або намеснік начальніка аператыўнага штаба па арганізацыі працы студэнцкіх атрадаў БДУ Антон Купчын. Як правіла, са штабам трымаюць сувязь прадпрыемствы, на якіх студэнты ўжо працавалі летась: лагер «Зубраня», «Барок», «Брыганціна», ТАА «Атлант», МТЗ, «Мінскхлебпрам» і інш.
Даведка:
Першыя студэнцкія атрады з’явіліся ў 1963 годзе і ў асноўным займаліся будоўляй Байкала-Амурскай магістралі. Першы цэнтральны штаб працоўных спраў быў створаны ў 1967 годзе.
– На кожным факультэце ёсць кіраўнікі штаба працоўных спраў, якія звязваюцца з намі, – распавядае Павел. – У навучальны час, да старту студэнцкіх атрадаў, мы шукаем работнікаў для розных мерапрыемстваў. Таксама да адкрыцця працоўнага семестра і пачатку дзейнасці студатрадаў я дапамагаю арганізацыям у пошуку працоўнай групы. Напрыклад, мне можа напісаць гарадскі камітэт БРСМ, калі патрэбная дапамога ў пагрузцы і разгрузцы. На базе факультэтаў ёсць адказныя, якія падтрымліваюць сувязь з рабочай групы. Далей я ці камісар ШПС пішам у агульны для кіраўнікоў чат, і яны аператыўна знаходзяць людзей на гэтую працу.
Кожны студэнцкі атрад прысвечаны камусьці з Герояў Савецкага Саюза, а назвы ў штабе прыдумваюць самі. У атрадах працуе розная колькасць студэнтаў, у залежнасці ад таго, колькі патрэбна працадаўцам. Колькасць вагаецца ад 10 да 40. Самы масавы атрад звычайна ад студэнцкага гарадка. Гэта тыя хлопцы і дзяўчаты, якія добраўпарадкоўваюць інтэрнаты летам, да засялення на новы навучальны год.
У ШПС ёсць і ўнікальныя аб’яднанні. Адзін з іх – студэнцкі атрад «Памяць і Слава» імя першага рэктара БДУ Уладзіміра Іванавіча Пічэты. Аналагаў яму ў Беларусі няма. Ён накіраваны на захаванне памяці пра акадэмічную супольнасць універсітэта, якая зрабіла ўнёсак у развіццё айчыннай і сусветнай навукі. Адметнай рысай атрада з’яўляецца тое, што студэнты гістарычнага факультэта БДУ праводзяць навукова-даследчую работу ў архівах Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі, пошукавую работу па вызначэнні месцаў пахавання выкладчыкаў і працы па іх добраўпарадкаванні.
Атрад працуе з 2020 года, яго склад налічвае 95 студэнтаў
Камандзір студэнцкага сэрвіснага атрада «Памяць і Слава» Іван Квашко, студэнт 3 курса гістарычнага факультэта БДУ:
– Для мяне як для камандзіра атрада важна, што наша дзейнасць спрыяе захаванню гістарычнай памяці і выхаванню маладога пакалення ў духу патрыятызму, павагі да гісторыі і традыцый нашага народа.
Неацэнную дапамогу аказваюць нашы навуковыя куратары: дэкан гістарычнага факультэта Аляксандр Каханоўскі, намеснік дэкана па выхаваўчай рабоце і сацыяльных пытаннях Аліна Верамейчык, загадчык кафедры гісторыі Расіі прафесар Алег Яноўскі. Вялікі ўклад у стварэнне і развіццё атрада ўнесла адміністрацыя БДУ і асабіста рэктар Андрэй Кароль. Дзякуючы такой падтрымцы ў нас ёсць унікальная магчымасць па правядзенні работ на базе навукова-даследчых устаноў, выкарыстанні архіўных, бібліятэчных і музейных фондаў. Дзейнасць атрада шырока асвятляецца ў вядучых дзяржаўных сродках масавай інфармацыі.
Гэта сапраўды вялікая работа. Трэба ўзгадняць працу розных структур, ад адміністрацый могілак, Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі і заканчваючы Адміністрацыяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
Вынікі дзейнасці студатрада размяшчаюцца ў лічбавым фотаархіве БДУ. Актывісты стварылі базу даных выкладчыцкага складу з 1921 года, яна налічвае звыш 4000 чалавек. Яны таксама працуюць над цыклам дакументальных фільмаў «Памяць і Слава», рэгулярна добраўпарадкоўваюць больш за 100 пахаванняў знакамітых універсітэцкіх дзеячаў, студэнтаў і выкладчыкаў у Мінску і на Новадзявочых могілках у Маскве.
Студэнты ў атрадзе атрымліваюць не толькі заработную плату, але і інтэрнат на наступны навучальны год. Апрача гэтага, у далейшым кожны месяц ім выпісваецца надбаўка да стыпендыі.
– Пасля адкрыцця працоўнага семестра пачынаецца складаны перыяд, – дзеліцца Павел. – Нам трэба падпісаць мноства дакументаў і ўзгадненняў з прадпрыемствам ці з месцам, дзе будуць дзейнічаць члены студатрада. У працэсе адбываецца набор студэнтаў, якія захацелі папрацаваць. Для інфармавання, што з’явілася такая магчымасць, у нас ёсць чат у Тelegram, суполка ва «Укантакце» і Instagram. Як толькі мы набралі патрэбную колькасць людзей, мы ствараем асобны чат і інфармуем іх, калі трэба працаўладкавацца на адрасе, дзе зрабіць медыцынскія даведкі і г.д.
Расклад і распарадак дня можа адрознівацца. Каб пачаць працу са студэнтамі, патрэбна абавязкова заключыць афіцыйныя дамовы. Пенсійныя адлічэнні не ідуць, але ідзе адлічэнне ў БРСМ. Студэнтам таксама неабходна прыносіць даведку пра стан здароўя.
– Арганізацыя высылае нам накіраванне, дзе паказана, якія функцыі студэнты будуць выконваць. Улічваючы гэта, урач-тэрапеўт выпісвае даведку, – удакладняе камісар ШПС Дыяна Ігнатчык.
Для таго, каб прыцягнуць моладзь у атрады і ў цэлым у БРСМ, штаб працоўных спраў БДУ праводзіць мноства розных акцый. Не так даўно прайшоў тыдзень студатрадаў. За гэты час шмат студэнтаў паўдзельнічала ў розных мерапрыемствах: валанцёрскія акцыі, паходы ў кіно, тэатры, аквапарк і г.д. Немалаважную ролю адыгрываюць сацыяльныя сеткі. За навінамі ШПС можна сачыць анлайн у Тelegram, «Укантакце» і Instagram.
Дар’я Катовіч, хімфак, 3 курс:
– Я працавала ў сэрвісным атрадзе «Світанак» імя Героя Савецкага Саюза Саламонікава І. М. колькасцю 35 чалавек. У яго ўваходзілі прыбіральшчыкі памяшканняў, афіцыянты і кухары. Праца ў атрадзе доўжылася ўсяго 18 дзён. Пайшла туды на пасаду афіцыянта, бо люблю дзяцей, і гэта была добрая магчымасць набыць першы працоўны досвед. Мой працоўны дзень пра- ходзіў у сталовай, а сама праца заключалася ў сервіроўцы сталоў і ўборцы за дзецьмі пасля прыёмаў ежы.
Больш за ўсё запомніліся маляўнічая прырода і чыстае паветра, бо лагер размешчаны ў Мінскім раёне, удалечыні ад душнага горада. Таму там было не толькі прыемна працаваць, але і адпачываць у выхадныя дні. Гэта выдатная магчымасць набыць новыя знаёмствы і досвед працы ў сферы абслугоўвання. Праца ў атрадзе пакінула пасля сябе толькі прыемныя ўражанні. Мы былі забяспечаны добрым жыллём і харчаваннем. Акрамя гэтага, хачу адзначыць прыемны і спагадлівы персанал і кіраўніцтва.
Ганна КАЗАКОВА