YFM 7.0: творчасць аб’ядноўвае

21 Nov, 2023.

Вось і адгрымеў самы яркі фестываль першакурснікаў – YFM 7.0. Яшчэ не паспелі сціхнуць віншаванні, а студэнты ўжо з захапленнем расказваюць пра свае выступленні.

У гэтым годзе фестываль меў тэму «Легенды». 31 кастрычніка на сцэне Ліцэя БДУ госці мерапрыемства сустрэлі самыя нечаканыя ўвасабленні: вядомыя асобы, казкі, гісторыі, фільмы і нават цэлыя эпохі. Асабліва вылучылася тройка пераможцаў: каманда эканамічнага факультэта «Безаблічныя», каманда факультэта журналістыкі «Погляд» і «SHAMELESS» з біялагічнага факультэта. Каманды праходзілі інтэлектуальныя і творчыя конкурсы, падрыхтавалі фота і відэа.

Пераможцамі фестывалю, творчага нумара і спецыяльнай намінацыі «Найлепшае відэа ў TikTok» стала каманда «Безаблічныя». Такую таямнічую назву абралі не проста так. У сваёй канцэпцыі студэнты вырашылі не акцэнтаваць увагу на нейкай гісторыі, а паказаць шматграннасць свайго таленту і магчымасць увабраць у сябе ўсе легенды адразу. «Гэта гісторыя пра тое, як можна набыць чужую асобу і стаць кім заўгодна», – сказалі яны.

– У каманды было не так шмат часу, каб прыдумаць назву і канцэпцыю. Але гэта сыграла на руку, бо яны больш часу вылучылі на рэпетыцыі танца і вакальнага нумара і паспелі падрыхтавацца да квесту і квізу, – распавядае студэнт 3 курса Артур Радзіваноўскі, куратар каманды.

Пераможцамі сталі студэнты: Аліна Пашчасцьева, Ева Кашынцава, Стэфанія Чарнавусава, Дар’я Белавусава, Ксенія Кальцова, Яна Лосева, Аліна Моніч, Крысціна Касцюкевіч, Іван Вялічка, Дар’я Віннікава, Паліна Рэўт і Мікіта Булычоў.

За перамогу першакурснікам уручылі паездку ў Полацк, 12 партатыўных музычных калонак, салодкія прызы. Але, як прызнаюцца хлопцы і дзяўчыны, самый галоўнай нагародай сталі эмоцыі, знаёмства з іншымі камандамі і магчымасць абараніць гонар свайго факультэта.

Падчас адборачнага этапу ўдзельнікі прайшлі мноства тураў, якія іх згуртавалі. Першы этап – выязны. Ён традыцыйна праходзіў у Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку. Там за некалькі гадзін каманды першакурснікаў павінны былі прайсці квест-гонку з пікетамі, назвы якіх адпавядаюць напрамкам работы ўпраўлення па справах культуры БДУ: піяру, фандрайзінгу, тэхнічнага забеспячэння, вакальнага, танцавальнага і іншых. Найлепшы вынік паказала зборная ФПМІ.

Пасля студэнтаў чакаў інтэлектуальны квіз, які праверыў іх кругагляд у кінематографе, а таксама веды класічнай і сучаснай музыкі. Найлепшым стаў біялагічны факультэт, бронзавы прызёр фестывалю.

Гэтыя этапы сталі галоўнай падмогай для згуртавання розных, але такіх таленавітых людзей. Камандны дух, узаемаразуменне паспрыяла студэнтам і ў далейшым.

– Менавіта на квесце і квізе мы навучыліся прыслухоўвацца да меркаванняў сяброў і працаваць як сапраўдная каманда. Таксама мы бліжэй пазнаёміліся з іншымі факультэтамі, – дзеліцца ўражаннямі Ева Кашынцава з каманды «Безаблічных».

Потым першакурснікаў чакалі творчыя этапы: вакальны і танцавальны конкурс. Кожны з удзельнікаў адрозніваецца сваімі талентамі. Хтосьці спявае, танцуе, а хтосьці ўмее правільна размеркаваць задачы ўнутры каманды.

– За вакал у нас адказвала Крысціна. Усе астатнія займаліся візуальным афармленнем нумара і падтанцоўкай. А выбралі мы песню «I Want Love» Jessie
J., – успамінае Ева.

Падчас вакальнага этапу нікога не пакінула абыякавым культавая песня «Bohemian Rhapsody» гурта Queen у пранікнёным выкананні Дар’і Галькоўскай і Марыі Чашун з каманды «Погляд». Перамога ў гэтай намінацыі дасталася ім.

– Трэці этап – танцавальны. На яго нам спатрэбілася вельмі шмат сіл і часу. Ніводная трэніроўка не праходзіла без смеху. Мы рэпеціравалі дні напралёт, вельмі стамляліся, але знаходзілі ў сабе сілы, каб дабіцца патрэбнага выніку. Але здарылася тое, чаго ніхто не чакаў. Калі наш танец быў практычна гатовы, нам паведамілі, што песню, якую мы абралі для танца, забаранілі. Мы, канешне ж, не здаліся і ў той жа вечар пачалі шукаць новы трэк. Магчыма, атрымалася нават лепш. Новая песня раскрыла наш танец і нас саміх з абсалютна іншага боку. Мы паказалі яркае выступленне, – падзяліліся сваёй гісторыяй студэнты эканамічнага факультэта.

Яшчэ адным выклікам для першакурснікаў стала відэа. Асноўная задача гэтага конкурсу – зняць кліп. Для гэтага каманды не толькі стваралі сцэнарыі роліка, але і запісалі ўласныя музычныя трэкі. Папярэдне патрабавалася абраць песню, перапісаць тэкст пад вольную тэматыку, запісаць яе на студыі і потым увасобіць  усе ідэі на здымцы.

Відэакліп каманды-пераможцы быў пра тое, як звычайны хлопец трапіў на YFM і яго жыццё цалкам змянілася. Каманда перанеслася ў 90-я гады – менавіта ў той перыяд узнікла крычалка эканамічнага факультэта. Ходзіць шмат чутак пра тое, як яна з’явілася насамрэч, але ў гэтым кліпе «Безаблічныя» прыдумалі сваю версію яе стварэння.

– Відэа было чацвёртым этапам. Нашы здымкі праходзілі два дні. Яны атрымаліся вельмі насычанымі, бо ідэй у нас назбіралася шмат і ўсё хацелася ўвасобіць у рэальнасць. У здымках удзельнічалі зоркі ўпраўлення – яны, дарэчы, усе вельмі вясёлыя і класныя. Калі мы ўбачылі вынік, то зразумелі, што час, сілы і грошы былі патрачаныя не дарма.

Факультэт журналістыкі таксама паказаў сваю асаблівую версію відэа. Ролік расказаў гісторыю выратавання фестывалю YFM ад закрыцця. «Гэта погляд усіх зараджаных людзей», – сцвярджала цытата з іх кліпа. Перамога ў відэаконкурсе дасталася ім.

Апошнім і найважнейшым этапам для ўсіх каманд стаў выніковы творчы нумар. Яго студэнты чакалі і баяліся больш за ўсё.

– Калі ўсе рубяжы былі пройдзеныя, заставаўся гала-канцэрт. Самы хвалюючы этап для ўсіх, бо менавіта ў гэты дзень мы павінны былі даведацца, якое месца зоймем. Нягледзячы на напружанасць, мы вырашылі атрымліваць ад нашых выступленняў задавальненне, бо ўсё роўна нічога нельга было змяніць. Падчас канцэрта мы зведалі розныя эмоцыі. Іншыя каманды выклікалі ў нас і сум, і радасць, і здзіўленне, – з захапленнем паведамілі пераможцы. – Канцэртная праграма амаль падышла да канца, усе каманды стаяць на сцэне і чакаюць, калі ж назавуць пераможцу фестывалю. Мы да фіналу не верылі, што можам заняць першае месца. І вось мы чуем, як называюць нашу каманду і гавораць, што мы пераможцы YFM 7.0. Ва ўсіх цяклі слёзы шчасця. Мы былі ў шоку, што змаглі зрабіць тое, да чаго так доўга імкнуліся.

Стас Ратахін, куратар каманды журфака:

– Складана меркаваць пра яркасць канцэртнай праграмы, калі ты трапятліва чакаеш вынікаў за сцэнай і ганарышся выступленнем сваёй каманды. Скажу, што кожны год факультэты раскрываюцца па-новаму. На YFM 7.0 мы ўпершыню ўбачылі ваенны факультэт. І гэта сапраўды было не дарма: абодва нумары, якія хутчэй можна назваць перформансам, прайшлі ў фінал. А наконт астатніх скажу так: фаварыты з году ў год застаюцца на сваіх месцах. Так, з мінімальнымі адрывамі ў балах, але ж у гэтым і ёсць тая самая канкурэнцыя. Так што эканамфак выйграў заслужана. Яны вытрымалі стылістыку і годна выглядалі на ўсіх этапах фестывалю.

Акрамя асноўных прызавых месцаў, камандам прысвоілі спецыяльныя намінацыі. Прыз за найлепшае фота ўзялі «12 сяброў Барбі» факультэта геаграфіі і геаінфарматыкі. Самай стыльнай камандай прызнана зборная факультэта радыёфізікі і камп’ютарных тэхналогій «Rock You». Хімічны факультэт прадэманстраваў самы лірычны нумар, а гістарычны – прыгожую гісторыю кахання. Найлепшая група падтрымкі была ў каманды ФМА, а прыз сімпатый гледачоў і намінацыю «Супер-дэбют» заваявала каманда ваеннага факультэта.

Ганна КАЗАКОВА

print

Вам таксама можа спадабацца: