Адзіны дзень інфармавання вачыма студэнтаў

24 Jan, 2024.

Важны прынцып навучання студэнтаў ва ўніверсітэце – фарміраванне адказнага стаўлення за будучыню краіны, заснаванага на павазе да мінулага і сучаснасці. Асабліва эфектыўна яго падтрымлівае асабісты добраахвотны ўдзелмоладзі ў розных праектах. Гэта фарміруе навыкі і кампетэнцыі, якія дазваляюць правільна працаваць з інфармацыяй, а таксама рыхтаваць і прадстаўляць інфармацыйна-прапагандысцкія матэрыялы.

Праект БДУ «Адзіны дзень інфармавання (АДІ) вачыма студэнтаў» стварае ўмовы для самарэалізацыі навучэнцаў у інфармацыйнай і праектнай дзейнасці праз іх заглыбленне ў тэматыку падрыхтоўкі і правядзення адзіных дзён інфармавання. АДІ таксама спрыяе папулярызацыі ў моладзевым асяроддзі ўспрымання канструктыўнай інфармацыі пра ўнутрыдзяржаўныя дасягненні і месца Рэспублікі Беларусь у новай геапалітычнай рэальнасці.

Правядзенне праекта

АДІ праходзіць на ўсіх факультэтах (інстытутах) універсітэта і рэалізоўваецца ў тры этапы. Спачатку адбіраюць кандыдатаў у спікеры, затым навучаюць іх, а вынікам працы становіцца заслухоўванне дакладаў на агульнаўніверсітэцкай камісіі. Кожны факультэт будзе рыхтаваць сваіх спікераў для выступлення з дакладамі па пэўнай агульнарэспубліканскай тэме перад навучэнцамі іншага факультэта. АДІ развівае грамадскую ініцыятыву навучэнцаў, фарміруе іх актыўную грамадзянскую пазіцыю.

– У 2024 годзе мы плануем працягваць наш маштабны праект, далучаючы ўсё больш навучэнцаў з розных факультэтаў і інстытутаў БДУ. Я думаю, што да канца рэалізацыі праекта ў нас сфарміруецца група спікераў, якая зможа выступаць з АДІ на пляцоўках, да прыкладу, іншых універсітэтаў. Мяне вельмі радуе праца са студэнтамі, у прыватнасці, у дадзеным праекце, паколькі я бачу вынік сваёй дзейнасці, – распавяла куратар праекта Вольга Мухля, спецыяліст упраўлення па выхаваўчай рабоце з моладдзю (УВРМ).

Форма падачы матэрыялу

Галоўны прынцып – «роўны навучае роўнага». Ён заключаецца ў падачы матэрыялу на зразумелай і цікавай мове для студэнцкай моладзі. Таму спікеры падаюць інфармацыю рознымі спосабамі, напрыклад, з дапамогай фотаілюстрацыі, аповеду, інтэрактыву ў сацыяльных сетках, рашэння кейсаў, прэс-канферэнцыі, флэшмобу і інш.

Адбор на факультэце (інстытуце) спікераў

На кожным факультэце фарміруецца камісія з дэкана, намесніка дэкана па выхаваўчай рабоце і сацыяльных пытаннях, намесніка дэкана па вучэбнай рабоце, загадчыкаў кафедраў, прафесарска-выкладчыцкага складу з ліку куратараў навучальных груп, сакратара пярвічнай арганізацыі ГА «БРСМ» факультэта і іншых прадстаўнікоў студэнцкага савета факультэта, якая будзе адбіраць спікераў. Важнымі крытэрыямі адбору з’яўляюцца добраахвотнасць і ініцыятыва ўдзелу ў праекце, грамадская актыўнасць, навучанне на старэйшых курсах.

Адабраныя спікеры рыхтуюць свае выступленні сумесна з намеснікамі дэканаў па выхаваўчай рабоце і сацыяльных пытаннях, куратарамі навучальных груп і спецыялістам па рабоце з моладдзю УВРМ.

Методыка падрыхтоўкі спікераў для адзіных дзён інфармавання

Спікераў навучаюць прамоўніцкаму майстэрству, тэхніцы публічнага выступлення, логіцы выкладу матэрыялу. Таксама студэнтаў інфармуюць пра тое, як пісьменна скласці план выступлення, падрыхтаваць прэзентацыю, запрасіць выступіць адпаведных спецыялістаў.

Першакурснік ФМА Канстанцін Русы вучыцца на спецыяльнасці «ўсходазнаўства ». Пра праект ён даведаўся ад сяброў, за кампанію з якімі і вырашыў паўдзельнічаць. Хлопец зацікавіўся магчымасцю палепшыць навыкі прамоўніцкага майстэрства, апрацоўкі тэксту і адтачыць уменне аргументавана адказваць на пытанні. Падчас падрыхтоўкі да выступлення ён наведаў лекцыю пра правільную пастаноўку голасу, маўленчую камунікацыю і красамоўства ў цэлым. Таксама Канстанцін даведаўся пра спосабы пераадолення хвалявання і няўпэўненасці падчас выступлення. Яму было б цікава распавесці студэнтам, якія вывучаюць усходнюю замежную мову, пра ўсходазнаўства.

Другакурсніца спецыяльнасці «рамана-германская (нямецкая) філалогія» філалагічнага факультэта Дыяна Шкут – старшыня факультэцкай пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі студэнтаў, лаўрэат прэміі цэнтральнага камітэта прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі – пра «АДІ вачыма студэнтаў» прачытала ў размове актывістаў БДУ. Першае выступленне дзяўчыны адбылося перад вучнямі Ліцэя БДУ.

– Прыняць удзел падштурхнула тое, што гэта добрая магчымасць палепшыць свае навыкі прамоўніцкага майстэрства, а таксама зрабіць свой унёсак у будучыню нашай краіны. Бо ліцэісты праз год-два ўжо дасягнуць узросту, калі будуць валодаць выбарчым правам, таму вельмі важна загадзя распавесці і паказаць, для чаго існуе электаральная кампанія, як яна праходзіць, каб у будучыні яны здзяйснялі выбар усвядомлена, – адзначыла Дыяна. – Спікеры ўразілі сваёй харызмай і глыбінёй ведаў. Яны на зразумелай мове растлумачылі нам цяжкія тэрміны і моманты, якія тычацца будучых выбараў.

Я з’яўляюся старшынёй прафбюро студэнтаў, таму, вядома, зацікаўлена ў тым, каб студэнты больш цікавіліся, якія сацыяльныя правы яны маюць, якія магчымасці ім дае тая ці іншая арганізацыя ў нашым універсітэце, і ведалі, куды звярнуцца, калі адбудзецца штосьці неспадзяванае.

Напярэдадні адзінага дня галасавання, які ўпершыню пройдзе ў Беларусі 25 лютага 2024 года, БДУ запусціў некалькі ініцыятыў. Адной з іх з’яўляецца тэматычная рубрыка «Голас маладога выбаршчыка ».

Яна накіравана на фарміраванне палітычнай культуры, грамадзянскай актыўнасці моладзі, а таксама ўмацаванне яе электаральнай дасведчанасці і ўсвядомленасці.

Асаблівая ўвага ў рубрыцы нададзена студэнтам, якія ўпершыню прымуць удзел у галасаванні. Яны дзеляцца сваімі чаканнямі ад будучай электаральнай кампаніі, расказваюць пра якасці, якімі павінен валодаць кандыдат, які выбіраецца, а таксама пра важнасць удзелу ў выбарах для сябе. Плануецца размяшчэнне каментарыяў навучэнцаў, якія раней прымалі ўдзел у галасаванні. Выпускі таксама змяшчаюць меркаванні супрацоўнікаў і выкладчыкаў універсітэта, экспертаў у галіне права, гісторыі, міжнародных адносін і юрыспрудэнцыі па пытаннях выбараў, іх гісторыі і значэння для развіцця краіны.

Яшчэ адной унікальнай ініцыятывай з’яўляецца «Школа маладога выбаршчыка». Яе мэта – павышэнне грамадзянскай актыўнасці і прававой культуры моладзі, асвета студэнтаў па тэматыцы выбарчага працэсу ў Беларусі. Удзельнікамі праекта сталі каля 200 студэнтаў, якія ўпершыню скарыстаюцца выбарчым правам у лютым 2024 года.

Праграма школы ўключае трое тэматычных заняткаў. У снежні для студэнтаў праводзілі лекцыі і майстар-класы на тэму «Выбарчы працэс у Рэспубліцы Беларусь». У якасці спікераў выступалі выкладчыкі факультэтаў міжнародных адносін, журналістыкі, юрыдычнага і гістарычнага. У студзені запланавана дыскусійная пляцоўка з удзелам дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. А завяршальнымі заняткамі ў лютым стане дзелавая гульня «Сацыяльны партрэт дэпутата як фактар уплыву на выбар выбаршчыка». Удзельнікі змадэлююць інтэрактыўныя выступленні кандыдатаў у дэпутаты перад электаратам, прадставяць перадвыбарную праграму і адкажуць на пытанні патэнцыйных выбаршчыкаў.

Таксама ў БДУ прайшоў другі сезон праекта «Кадравая лесвіца».

Гэта ўнікальныя двухтыднёвыя курсы, якія не маюць аналагаў ва ўніверсітэтах Беларусі. Слухачамі школы сталі 35 актывістаў з ліку студэнтаў, маладых выкладчыкаў і супрацоўнікаў ВНУ. Гэта члены ГА РГА «Белая Русь» і БРСМ БДУ.

Усяго курс уключае каля 30 лекцый, тэматычных дыскусій, практычных семінараў і выязных мерапрыемстваў. Акцэнт заняткаў у гэтым сезоне быў зроблены на падрыхтоўцы да электаральнай кампаніі. Напрыканцы праграмы ўдзельнікі распрацоўвалі камандныя праекты па тэмах, якія тычыліся тактыкі электаральнай кампаніі, адукацыйных праектаў партыі, сістэмы партыйнай кадравай работы, пераемнасці ў рэалізацыі дзяржаўнай моладзевай палітыкі і прасоўвання традыцыйных сямейных каштоўнасцяў. Іх абарона прайшла 26 кастрычніка 2023 года.

Мілана Крук і Ганна Казакова

print

Вам таксама можа спадабацца: