Чэмпіёнскі ход: шашкі як частка жыцця

4 Jan, 2024.

«Няма нічога больш простага, чым вывучыць, як ходзяць шашкі; і няма нічога больш складанага, чым навучыцца гуляць у шашкі правільна»

Том Уісуэл

На першым курсе факультэта міжнародных адносін БДУ вучыцца абсалютная чэмпіёнка свету! У свае 18 гадоў Вікторыя Нікалаева – уладальніца медалёў з чэмпіянатаў свету і Еўропы, міжнародны гросмайстар і ўдзельніца нацыянальнай зборнай Беларусі па шашках.

Займацца гэтым відам спорту Вікторыя пачала ў 5 гадоў. У юнацтве гуляў і бацька студэнткі, таму калі бацькі вырашылі аддаць дзяўчынку ў спорт, то выбралі менавіта шашкі. Можна сказаць, што гэта быў лёс.

Яе трэнерам стаў Віталь Аляксандравіч Аніська. У яго чэмпіёнка трэніруецца дагэтуль.

– Калі мяне ўпершыню прывялі на заняткі, я не ведала асноў гульні. Не ўмела нават шашкі расстаўляць на дошцы. Хаця звычайна, калі дзяцей прыводзяць займацца, яны хоць нешта ведаюць. Але мяне сталі вучыць, і я хутка ўцягнулася. Паступова пачало атрымлівацца, стала цікава прыязджаць на трэніроўкі і даведвацца нешта новае, – успамінае Вікторыя.

Пра шашкі

Гісторыя гульні сыходзіць у глыбокую старажытнасць. Першыя звесткі пра шашкі датуюцца 1600 годам да н. э. і дайшлі да нас са Старажытнага Егіпта.

У Сярэднявеччы шашкі лічыліся рыцарскай гульнёй, а валоданне ёй – адной з добрых рыцарскіх якасцяў.

Наша гераіня любіць гульню за яе глыбіню. Сутнасць не толькі ў тым, каб рухаць шашкі па дошцы. За гэтым стаіць стратэгія, хітрыя ідэі, камбінацыі. Яна патрабуе логікі, аналізу, тактычнага бачання і здольнасці пралічваць наперад, як будзе хадзіць супернік, і падрыхтоўваць свае адказы на гэта.

– Ёсць класічныя шашкі на дошцы ў 64 клеткі і «міжнародныя» на 100 клетак. Пралічыць хады ў апошніх складаней. Хаця ў класічных шашках я прадумваю свае дзеянні і суперніка нават на 15-20 хадоў наперад, – тлумачыць дзяўчына.

Зараз міжнароднымі шашкамі чэмпіёнка займаецца з Ірынай Сямёнаўнай Пашкевіч – вядомай беларускай спартсменкай і прызнаным гросмайстрам сусветнага класа.

Бліскучая кар’ера

– У нас кажуць, што калі дзіця таленавітае, то ў яго медалі ідуць адразу. У мяне так і атрымалася. Ужо ў 7 гадоў я паехала на моладзевы чэмпіянат свету і ў катэгорыі да 10 гадоў заняла 4 месца. Тады я была адной з самых маленькіх удзельніц. Праз год на гэтым спаборніцтве я заняла 1 месца.

Дзяўчынка хутка дабілася поспеху. У 11 гадоў Вікторыю дарослыя калегі нават сталі называць «Небяспечная Віка». Такую мянушку ёй далі ў 2016 годзе на этапе Кубка свету па шашках-64 у Санкт-Пецярбургу. Дзяўчынка змагалася супраць мужчын і жанчын у агульным і асобным заліку. Тады ў бліц- праграме сярод жанчын яна заняла першае месца.

– Для ўсіх гэта стала нечаканасцю, таму што я была нашмат маладзейшай за астатніх. Памятаю, стаяла на ўзнагароджанні, а вакол дарослыя дзяўчаты на другім і трэцім месцах. Гэта выглядала даволі смешна, – усміхаецца гераіня.

Пасля свайго першага буйнога спаборніцтва на моладзевыя чэмпіянаты Еўропы і свету Вікторыя пачала ездзіць кожны год. А ў 2019 годзе, калі ёй было 14, першы раз трапіла на дарослы чэмпіянат свету сярод жанчын, які праходзіў у Балгарыі. Там дзяўчына заняла 4 месца. У наступным годзе на чэмпіянаце Еўропы ў Эстоніі яна забрала серабро.

– У дарослых спаборніцтвах можна ўдзельнічаць з любога ўзросту. У нас адбор адбываецца з першынства рэспублікі, прызёры адпраўляюцца на чэмпіянат Еўропы і свету.

Дарослыя спаборніцтвы адрозніваюцца ад моладзевых сістэмай правядзення. У іх спачатку праходзіць папярэдні этап. А потым адабраныя ўдзельнікі гуляюць ужо ў плэй-оф.

Вікторыя падзялілася невялікай хітрасцю:

– Калі праходзіш папярэдні этап, ты знаходзішся на нейкай пазіцыі на табло. І за час фіналу ці спускаешся, ці паднімаешся па ім, у залежнасці ад тваіх вынікаў. Калі ты на верхняй пазіцыі, каб яе ўтрымаць, можна не толькі выйграваць, але і гуляць унічыю.

Вікторыя ўдзельнічае і ў змешаных чэмпіянатах. Напрыклад, этапы Кубкаў свету, гасцявыя, у гонар якога-небудзь вядомага шашыста. Аматарскія турніры дзяўчына таксама не абыходзіць. Нядаўна, у верасні, ва ўніверсітэце праходзілі камандныя спаборніцтвы па шашках. У камандзе было па два чалавекі з універсітэта, каледжа і школы. Вікторыя ў іх таксама ўдзельнічала. Яе каманда заняла другое месца.

Самыя яркія перамогі

Летась на чэмпіянаце свету ў Грузіі, у той момант яшчэ школьніца, Вікторыя заваявала 3 залатыя медалі з 3 магчымых. Стала найлепшай у хуткай, класічнай і бліц-праграмах. Яны адрозніваюцца па кантролі часу. Бліц – 3 хвіліны, хуткая – 7, класічная – 40. У тым спаборніцтве дзяўчына згуляла больш за 70 партый.

Перамогай у Грузіі Вікторыя ганарыцца больш за ўсё і прызнаецца, што і зараз не можа ў гэта паверыць. У гісторыі чэмпіянатаў сярод жанчын яшчэ не было такога, каб нехта заваёўваў адразу тры залатыя медалі.

А ў камандным чэмпіянаце свету, які прайшоў мінулым летам, Вікторыя са сваёй аднакамандніцай Верай Хвашчынскай зарабілі 2 залатыя медалі з 2 магчымых.

Таксама ў гэтым годзе на чэмпіянаце Еўропы ў Турцыі дзяўчына заняла 1 месца ў класічнай праграме. А нядаўна, на моладзевым чэмпіянаце свету па шашках-64, стала сярэбраным прызёрам у хуткай праграме і бронзавым – у класічнай.

Штодзённыя трэніроўкі

Да спаборніцтваў Вікторыя рыхтуецца старанна: распарадак дня, трэніровачныя турніры. Не забывае спартсменка і пра фізічную падрыхтоўку. На першы погляд у гульні ў шашкі няма нічога фізічна складанага. Але гэта толькі калі гуляць як аматар. На чэмпіянатах можа быць некалькі дзясяткаў партый за дзень, часам за дошкай можна прасядзець 5-6 гадзін. Для таго, каб падтрымліваць сябе ў форме, Вікторыя займаецца ў спартыўнай зале.

– На спаборніцтвах за намі сочаць трэнеры, каб мы ў належны час клаліся спаць. Праўда, не заўсёды я рэжым выконваю. Я заўважыла за сабой такую асаблівасць, што калі своечасова кладуся спаць, у 10-11 вечара, і прачынаюся бадзёрай, то гуляю вельмі дрэнна. А калі пасплю 5-6 гадзін, разумею, што зусім не выспалася і засынаю за кожнай партыяй, то гуляю нашмат лепш, – дзеліцца дзяўчына.

Чэмпіёнка лічыць, што, каб прафесійна гуляць у шашкі, не абавязкова мець прыроджаныя якасці. Галоўнае, каб чалавек быў уседлівым, здольным 3-4 гадзіны быць цалкам пагружаным у працэс. Патрэбная добрая канцэнтрацыя ўвагі.

– Талент, несумненна, важны, але многія якасці, такія як памяць, логіку, увагу, можна развіць падчас трэніроўкі, – разважае дзяўчына. – Пачынаючы займацца шашкамі, адкрываеш у сабе самыя нечаканыя ўменні, напрыклад, здольнасць прытрымлівацца тайм-менеджменту. На чэмпіянатах час бывае вельмі абмежаваны, і, калі ты не навучышся яго карэктна размяркоўваць, перамог не чакай. Шашкі развіваюць многія якасці чалавека, таму, пры жаданні, лепш паспрабаваць пагуляць. Напрыклад, у Рэспубліканскім цэнтры алімпійскай падрыхтоўкі па шахматах і шашках праводзяцца адкрытыя ўрокі ў апошні аўторак месяца.

«Хваляванне трэба пакідаць за дошкай»

Важна развіваць у сабе стрэсаўстойлівасць. Вікторыя прызнаецца, што часта хвалюецца да таго, як садзіцца за дошку. Але, як толькі ўсе шашкі расстаўлены, а вочы суперніка аказваюцца насупраць, дзяўчына супакойваецца.

– З’яўляецца адчуванне кантролю над сітуацыяй. Хоць і заўсёды нервуюся перад незнаёмым супернікам. Калі даўно ў спорце, ужо ведаеш, на што здольныя некаторыя калегі па дошцы. Калі толькі глядзіш на жараб’ёўку нават загадваеш, з кім бы хацеў згуляць, – успамінае студэнтка. – Яшчэ адзін хвалюючы момант бывае падчас партыі, калі ты разумееш, што пазіцыя выйгрышная і яе трэба захаваць да канца, каб не аддаць перамогу. У гэты момант нельга расслабляцца.

Быць у нацыянальнай зборнай – гэта сапраўдная праца. У Рэспубліканскім цэнтры алімпійскай падрыхтоўкі па шахматах і шашках Вікторыя працаўладкавана афіцыйна. Ёй, як чэмпіёнцы, апрача асноўнага заробку выплачваюць стыпендыю.

Цяпер у Вікторыі няпросты перыяд. Яна вучыцца на спецыяльнасці «міжнароднае права» і знаёміцца са сваім профілем. Дзяўчына прызнаецца, што ў БДУ вучыцца дастаткова складана і цікава. Чэмпіёнка яшчэ на першым курсе і толькі пачынае задумвацца, з чым жадае звязаць сваё далейшае жыццё. Але ад спартыўнай кар’еры адмаўляцца не плануе.

– З часам цікавасці не становіцца менш. Хоць, бывае, ад колькасці трэніровак ці няўдалых спаборніцтваў можна перагарэць. Але ненадоўга. Я ўсё роўна вяртаюся да шашак, таму што ўжо не магу без іх. Гэта частка майго жыцця, – падагульняе Вікторыя.

Ганна КАЗАКОВА

print

Вам таксама можа спадабацца: