Гэта супрацоўніца ўніверсітэта паспрабавала сябе ў розных сферах: тэатральным мастацтве, дакладных навуках, псіхалогіі, але ўвесь працоўны час прысвячае музейнай педагогіцы. Размова – пра прэзідэнцкага стыпендыята на 2024 год, загадчыцу вучэбнай лабараторыі музейнай справы дацэнта кафедры этналогіі, музеалогіі і гісторыі мастацтваў гістфака БДУ Дар’ю ПРЫГОДЗІЧ.
Колькі сябе памятае, яна была спакойным, самастойным і сур’ёзным дзіцем. Гэтак жа дачку, якая пастаянна сама сабе знаходзіла заняткі, успрымалі і бацькі. У школьныя гады дзяўчына займалася ў тэатральным гуртку, наведвала музычную школу і цікавілася вершамі. Апошняе сваё захапленне Дар’я тлумачыць матулінай любоўю да паэзіі. Кожны верш, які задавалі ў школе, дзяўчына спачатку «адпрацоўвала» на маці – улічвала паўзы, расстаўляла акцэнты – і толькі затым здавала настаўнікам. Таксама Таццяна Валянцінаўна развучвала з дачкой скорагаворкі для добрай дыкцыі. Гэта неўзабаве прынесла неблагі плён: у гімназіі дзяўчынка праявіла сябе як вядучая, а затым яе заўважылі ў тэатральным гуртку. Інтарэс да музыкі доўгі час падаграваўся навізной, да таго ж у бабулі дома было піяніна, якое хацелася асвоіць. Але з цягам часу гэтая цікавасць саступіла месца іншым.
– Большасць педагогаў мар’інагорскай гімназіі, дзе я вучылася, былі творчымі людзьмі, якія ставіліся з увагай да вучняў. З імі заўсёды ўсё давалася лёгка і было проста. Гледзячы на іх, хацелася быць настаўнікам, які робіць цуды, навучаючы іншых, – кажа Дар’я Прыгодзіч.
Успамінае суразмоўца свой першы вопыт знаёмства з музейнай справай. Тады настаўніца беларускай мовы Галіна Тунік прапанавала ёй і яшчэ некалькім хлопцам і дзяўчатам паўдзельнічаць у стварэнні школьнага краязнаўчага музея. Гэта экспазіцыя ўяўляла сабой галерэю фотаздымкаў пра жыццё раёна і стэлажы з прадметамі экспазіцыі. За кожным з вучняў замацоўваўся пэўны ўчастак, пра які яны расказвалі, пад які падбіралі экспанаты і рыхтавалі подпісы да іх. Дар’я жартуе, што тут, сама таго не ведаючы, спасцігала азы музейнай справы, якія пазней ёй прыйшлося адточваць у іншых месцах.
Пачынаючы з сёмага класа, дзяўчына станавілася ўдзельніцай алімпіяд – па матэматыцы, фізіцы і працоўным навучанні. І хоць на абласны этап школьніца не выходзіла, вопыт прынёс шмат цікавага і запамінальнага. У гэты час школьніца нават не задумвалася, што мае гуманітарны склад мыслення, таму і вучылася ў фізіка-матэматычным класе. Аднак усё рэзка змянілася ў адзінаццатым класе, калі на ЦТ яна вырашыла пісаць тэсты па рускай мове, сусветнай гісторыі і гісторыі Беларусі. Дарэчы, другі прадмет яна, адзіная з паралелі, здавала на выпускных экзаменах.
– Па сваім тэхнічным профілі далей я сябе ўжо не бачыла, таму вырашыла адштурхоўвацца ад таго, што было найбольш цікавым у той момант. Убачыла, што на спецыяльнасць «турызм» трэба здаваць гэтыя прадметы, і за паўгода стала рыхтавацца. Спынілася на гістфаку БДУ, бо менавіта тут была магчымасць стаць спецыялістам у гэтай галіне, – тлумачыць даследчыца. – І хоць на трэцім курсе я выбрала спецыяльнасць «музейная справа і ахова гісторыка-культурнай спадчыны (мастацтвазнаўства і музеалогія)», дыплом спецыяліста па культурнай спадчыне і турызме ўсё ж атрымала ў магістратуры.
Думкі пра тое, што навуковыя пошукі вабяць усё мацней, пачалі прыходзіць да студэнткі на першай ступені навучання, калі яна пісала работы па агратурызме – гэты напрамак і сёння застаецца адным з перспектыўных у краіне. Затым яе ўвага змясцілася на гістарычныя дысцыпліны, у прыватнасці на музейную педагогіку. Таму найбольшы стымул, па словах даследчыцы, ёй даў навуковы кіраўнік Аляксандр Гужалоўскі. Ён жа прапанаваў тэму дысертацыі, па напрамках якой яна займацца ўжо восем гадоў, – «Музеі вышэйшых навучальных устаноў БССР (1919–1941 гг.): арганізацыя, структура, функцыі».
– На мой погляд, дзейнасць такіх музеяў накіравана на фарміраванне карпаратыўнай культуры, традыцый УВА, вывучэнне гісторыка-культурных і прыродных каштоўнасцяў. Веды па гісторыі таго месца, дзе ты вучышся ці працуеш, дазваляюць адчуць сваю прыналежнасць да яго – гэта мне давялося праверыць на практыцы. Вельмі прыемна было чуць ад студэнтаў пасля наведвання музея, што яны не расчараваліся ад паступлення ў БДУ, – адзначае Дар’я.
Напрыканцы пятага курса вучобы яна стала супрацоўнікам музея гісторыі БДУ, якому прысвяціла 8 гадоў. Навуковец адзначае, што праца тут адкрыла для яе шмат магчымасцяў: спецыялізаваныя крыніцы інфармацыі, студэнтаў і выкладчыкаў, якія валодалі патрэбнай інфармацыяй ці знаёмілі яе з вузкапрофільнымі спецыялістамі. Таксама гэта дапамагала выбудоўваць структуру навуковага даследавання:
– Музеі – гэта месца камунікацыі людзей: прафесіяналаў з непрафесіяналамі, а таксама вузкапрофільных спецыялістаў паміж сабой. У гэтай прасторы адбываецца перасячэнне розных «каля-навуковых» шляхоў. Напрыклад, музей гісторыі БДУ можа дапамагчы даследчыку прасачыць, як утвараліся факультэты, нараджаліся навуковыя школы і да т. п.
Дацэнт кафедры этналогіі, музеалогіі і гісторыі мастацтваў кажа, што вучоба і магчымасці, якія яна адкрывае, заўсёды прыцягвалі. Таму на працягу двух гадоў выкладчыца праходзіла перападрыхтоўку ў Рэспубліканскім інстытуце вышэйшай школы па спецыяльнасці псіхолага і выкладчыка псіхалогіі:
– У экскурсійнай справе мы ўзаемадзейнічаем з людзьмі, таму ў нас павінна быць добрая педагагічная і псіхалагічная база. Мяркуйце самі: калі працуеш з экспанатамі, псіхалогія асабліва не трэба. Калі ж камунікуеш са студэнтамі ці дэлегацыямі – сітуацыя цалкам адваротная. У музеі – да кожнай групы свой падыход, – упэўнена Дар’я Прыгодзіч.
Навуковец кажа, што «гуманітарыі» адрозніваюцца ад «тэхнароў». А прадстаўнікоў адной групы рэдка можна зблытаць з другой: здараецца, нават даводзіцца перапытваць: «Вас што, так спецыяльна адбіралі?» А самая няпростая аўдыторыя, на думку гісторыка, школьнікі. Пры ўзаемадзеянні з імі адзінага алгарытму дзеянняў няма, паколькі часта групы бываюць неаднароднымі. У такім выпадку экскурсавод знаёміцца з дзецьмі і падлеткамі, падстройваецца пад узровень самых малодшых.
Сёння Дар’я Прыгодзіч загадвае лабараторыяй музейнай справы гістарычнага факультэта БДУ. Некалі гэта месца стваралася як наглядны пакой для студэнтаў, якія не маглі шукаць інфармацыю ў інтэрнэце. Таму і назву атрымала адпаведную. За дзесяцігоддзі ідэя набрала моц, і, хоць статусу музея ў лабараторыі пакуль няма, яго функцыі яна ўсё ж выконвае. Асноўны напрамак дзейнасці падраздзялення – культурна-асветніцкая работа: экскурсіі, лекцыі, навуковыя канферэнцыі, праца са школьнікамі і факультэтамі ўніверсітэта. Другая частка дзейнасці лабараторыі заключаецца ў захаванні і вывучэнні археалагічнай спадчыны, якую навукоўцы факультэта прывозяць з экспедыцый. Акрамя таго, падраздзяленне выкарыстоўваецца ў навучальным працэсе. Нядаўна тут выкладчыку прэзентавалі заданне «з зорачкай»: студэнтам прапаноўвалася замест здачы тэарэтычнага блока сабраць уласную выставу і па ёй правесці экскурсію сваёй групе. І хоць задача можа падацца немудрагелістай, за яе бяруцца нямногія маладыя людзі.
– Экскурсавод павінен мець інтарэс да таго, з чым знаёміць сваю аўдыторыю. Калі ў аўтарскай падачы будзе зацікаўлены ён сам, ніхто не застанецца абыякавым. Шмат значыць і ўменне стварыць настраёвасць – калі смешна, каб слухачы пасмяяліся, калі сумна – выказалі адпаведныя пачуцці, – пераканана Дар’я Прыгодзіч. – Ты авалодваеш слухачамі дзякуючы эмоцыям. Бывае, пасля экскурсіі падыходзяць дзеці, пытаюцца, дзе я вучылася, што патрэбна ведаць, каб працаваць у музеі, ад чаго залежыць захапляльны аповед, і інш. Экскурсавод – свайго роду маркетолаг, які брэндзіруе свой кантэнт і нясе слухачам.
На працягу размовы Дар’я Ігараўна не аднойчы кажа, што на ўсім жыццёвым і прафесіянальным шляху побач з ёй былі людзі, якія яе накіроўвалі. Дзякуючы ім яна вывела прынцып, якім кіруецца ва ўсім, што робіць: «Маё ад мяне нікуды не дзенецца». На просьбу патлумачыць, як гэта працуе, суразмоўца адказвае:
– У магістратуру я паступіла спантанна. Мы з сяброўкай вырашылі проста здаць экзамены і паглядзець, што з гэтага выйдзе. Пасля перадумалі. Выкладчыкі нашай кафедры дамагліся, каб мы ўзважылі сваё рашэнне. У выніку я стала магістранткай, затым паступіла ў аспірантуру, абараніла дысертацыю. У дзяцінстве марыла быць настаўніцай, а калі перастала пра гэта думаць – стала весці заняткі ва ўніверсітэце. Зараз ужо нават жартую са студэнтамі: маўляў, у іх гады не хацелася хадзіць на пары ў якасці слухача, таму зараз прыходжу як выкладчык.
А нядаўна Дар’я Прыгодзіч у ліку 11 навукоўцаў БДУ за свае даследаванні атрымала стыпендыю Прэзідэнта на 2024 год. Даследчыца прызнаецца, што, калі даведалася пра вынікі, моцна абрадавалася. Следам прыйшла палёгка, бо працэс падачы дакументаў на стыпендыю – няпросты:
– Здаецца, толькі 16 снежня абнаўляла даныя, а 18-га мне ўжо напісаў калега з віншаваннямі. Тут жа адазваліся добрымі словамі з факультэта, запыталіся: «Даша, а чаму вы маўчыце?» «Ды я сама толькі даведалася», – кажу. Нечаканая, але вельмі добрая звестка. Стыпендыю можна будзе выкарыстаць для вывучэння сучаснага развіцця музейнай справы і ўкаранення новых цікавых ідэй у працу навучальнай лабараторыі музейнай справы.
Ірына ІВАШКА