Дыялог культур і рэлігій

24 Jan, 2024.

26 снежня ў сценах БДУ прайшоў фінал агульнаўніверсітэцкага конкурсу «Найлепшы моладзевы праект БДУ». Усяго ў гэтым годзе дапамогу ў рэалізацыі праектаў атрымалі 16 каманд, якія прадстаўляюць факультэты журналістыкі, гістарычны, юрыдычны, хімічны, філалагічны, а таксама ўпраўленне па выхаваўчай рабоце з моладдзю і Студэнцкі гарадок БДУ. Найлепшым з лепшых і ўладальнікам гран-пры стаў культурна-адукацыйны праект гістарычнага факультэта «Дыялог культур і рэлігій».

Яшчэ ў 2021 годзе гістарычны факультэт распрацаваў праект «Дыялог культур і рэлігій» для асвятлення пытанняў захавання культурнай спадчыны, міжканфесійнага і міжэтнічнага дыялогу нашай краіны. Ідэяй стала падтрыманне шматвекавых традыцый талерантнасці і нацыянальнае яднанне беларускага народа.

Каб глыбей спазнаць культуру і традыцыі рэлігійных абшчын вядучых канфесій краіны, а таксама для прасоўвання духоўных каштоўнасцяў сучасных беларусаў пачалася маштабная праца. З 2021 года праводзіцца шэраг тэматычных мерапрыемстваў, удзел у якіх прынялі больш за 2000 студэнтаў БДУ.

Навучэнцы і выкладчыкі актыўна наведвалі храмы, манастыры, рэлігійныя і сацыяльныя цэнтры, навучальныя ўстановы праваслаўнай, каталіцкай, іўдзейскай і мусульманскай канфесій. Падчас праекта ўдзельнікі наведвалі Мінскую Саборную мячэць, касцёл Маці Божай Будслаўскай, Свята-Елісавецінскі жаночы манастыр, цэнтр прагрэсіўнага іўдаізму «Бейт Сімха» ў Мінску, Мінскі храм-помнік у гонар Усіх святых і ў памяць аб ахвярах, якія паслужылі выратаванню Айчыны нашай, і іншыя рэлігійныя цэнтры.

Праходзілі дыскусійныя пляцоўкі, канферэнцыі па пытаннях выкладання. Узровень праекта быў і ёсць сапраўды высокім, гасцямі круглых сталоў сталі прадстаўнікі вядучых канфесій Рэспублікі Беларусь. Яны, як і кіраўніцтва ўніверсітэта, упаўнаважаныя па справах рэлігій і нацыянальнасцяў у краіне, актыўна падтрымліваюць рэалізацыю праекта.

Удзельнікі ўсіх мерапрыемстваў знаходзяць самае каштоўнае – досвед. Яны абменьваюцца ведамі ў сферы выхавання і адукацыі моладзі, выкладання рэлігіязнаўства ў духоўных і свецкіх установах адукацыі. Акрамя гэтага, на дыскусійных пляцоўках абмяркоўваюцца пытанні рэстаўрацыі і рэканструкцыі архітэктурных збудаванняў, захаванне і экспанаванне прадметаў рэлігійнага культу, разгляд перспектыў у развіцці паломніцкага турызму.

Куратарамі праекта выступаюць дэкан гістарычнага факультэта прафесар Аляксандр Каханоўскі, аўтарам ідэі і сакуратарам стала намеснік дэкана па выхаваўчай рабоце дацэнт Аліна Верамейчык.

Кіраўніком праекта ад студэнцтва да 2023 года была магістрантка гістарычнага факультэта Аляксандра Мядзведзева. Дзяўчына падзялілася, у чым, на яе думку, заключаецца сутнасць праекта:

– У нашым універсітэце навучаецца вялікая колькасць студэнтаў рознага веравызнання. Многія з іх гатовыя распавядаць пра сваю рэлігію, яны паважаюць свае традыцыі і становяцца прыкладам для пераймання. Не кожны студэнт знаёмы з традыцыямі іншых канфесій Рэспублікі Беларусь. Таму гэты дыялог паміж людзьмі розных рэлігій надзвычай важны для падтрымання добрасуседства, сяброўства, у будучыні для працы выпускнікоў БДУ ў розных прафесійных сферах. Бо гэтыя веды пашыраюць далягляд, павялічваюць эрудыяванасць і ўзбагачаюць наш розум. З гэтай мэтай мы з удзельнікамі праекта наведалі мноства рэлігійных цэнтраў. Напрыклад, са студэнтамі з Туркменістана, якія прытрымліваюцца ісламу, а таксама з каталікамі і праваслаўнымі мы не раз хадзілі ў Мінскую саборную мячэць на вуліцы Грыбаедава. Гэта, дарэчы, самы вялікі ў Беларусі мусульманскі храм.

У 2023 годзе рэалізацыя праекта была даверана сакратару ПА ГА «БРСМ» гістарычнага факультэта, якую ўзначальвае Іван Квашко.

Сам студэнт лічыць ініцыятыву добрай магчымасцю развіцця камунікацыі паміж людзьмі любых веравызнанняў:

– У сучасным свеце, дзе людзі розных культур і веравызнанняў жывуць побач, важна навучыцца паважаць і разумець адзін аднаго. Праект прапануе пляцоўку для абмену досведам і ведамі, што дапамагае наладжваць узаемадзеянне і развіваць супрацоўніцтва паміж людзьмі, умацоўваць адзінства і згоду ў Рэспубліцы Беларусь.

Падтрыманне талерантнасці ў грамадстве – ключавая тэма праекта. Падчас дыскусіі студэнты і выкладчыкі БДУ разам з прадстаўнікамі канфесій абмяркоўваюць падабенствы і адрозненні веравызнанняў.

На дадзены момант вынікі зробленай працы ў лічбах уражваюць. За гэты час гістарычным факультэтам было арганізавана больш за 80 мерапрыемстваў, а таксама апублікавана каля 100 артыкулаў і рэпартажаў пра праект у сродках масавай інфармацыі. Але на гэтым ініцыятыва «Дыялог культур і рэлігій» не завяршаецца.

На найбліжэйшы год у арганізатараў праекта запланавана серыя асветніцкіх экскурсій, наведванне Свята-Успенскага Жыровіцкага манастыра, Касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі (Будслаў), навагрудскай мячэці, бабруйскай сінагогі і іншых аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі.

Адным са значных мерапрыемстваў у 2024 годзе стане правядзенне рэспубліканскага круглага стала. Ён будзе прысвечаны пытанням захавання гісторыка-культурнай і архітэктурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь, ролі рэлігіі ў захаванні і развіцці нацыянальнай ідэнтычнасці беларускага народа. Удзельнікі мерапрыемства закрануць праблемы духоўна-маральнага выхавання моладзі, пытанні нацыянальных каштоўнасцяў і духоўнай спадчыны. Да ўдзелу ў мерапрыемстве будуць запрошаны прадстаўнікі дзяржаўных органаў, навуковай супольнасці, рэлігійных арганізацый, дзеячы культуры і адукацыі, СМІ.

Мілана Крук і Ганна Казакова

print

Вам таксама можа спадабацца: