«Моладзь павінна адчуваць значнасць уласнага голасу і адказнасць за развіццё дзяржавы»

4 Jan, 2024.

Напярэдадні адзінага дня галасавання рэктар БДУ Андрэй Кароль расказаў пра значнасць моладзі ў жыцці дзяржавы і ініцыятывы ва ўніверсітэце, накіраваныя на фарміраванне грамадзянскай пазіцыі ў студэнтаў. Яны не толькі будучыня любой краіны, але і рухаючая сіла, якая вызначае лёс многіх пакаленняў. Таксама пра тое, як сублімаваць гэтую сілу і накіраваць яе на карысць грамадства, адказаў Андрэй Кароль.

Праектная дзейнасць

Знешнепалітычная сітуацыя і глабальная перабудова свету, рост інфармацыйных тэхналогій і маніпуляванне людзьмі сёння ўказваюць на неабходнасць развіцця дасведчанасці моладзі ў галіне права, палітыкі, у інфармацыйных і электаральных пытаннях. Некампетэнтнасць у гэтых тэмах становіцца пагрозай для любой краіны. А таму нароўні з фарміраваннем прафесійных навыкаў важна прывіваць студэнтам прававую і інфармацыйную культуру. У БДУ для гэтага ёсць усе неабходныя ўмовы і рэсурсы. Профільныя факультэты, фундаментальная інтэлектуальная база юрыдычнага профілю ў спалучэнні з інавацыйнымі адукацыйнымі тэхналогіямі, якія ўкараняюцца ў вучэбны працэс, дазваляюць нам аптымізаваць навучанне і выхаванне, напоўніць гэтыя працэсы ўзаемадапаўняльным зместам.

Вялікую ролю ў адукацыі моладзі мы адводзім не толькі прававой культуры, але і праектнай дзейнасці. Студэнтам даецца магчымасць быць ініцыятарамі і рэалізатарамі мерапрыемстваў, галоўны прынцып якіх – «роўны навучае роўнага». Напрыклад, на юрыдычным факультэце сфарміравана моладзевая мабільная інфармацыйная група. Юнакі і дзяўчаты наведваюць факультэты, працуюць са школьнікамі, каб у даступнай форме данесці інфармацыю пра асноўныя палажэнні Канстытуцыі, растлумачыць прызначэнне адзінага дня галасавання. Сярод візітных картак можна адзначыць «Адзіны дзень інфармавання вачыма студэнтаў», «Кадравую лесвіцу», што праводзіцца сумесна з «Белай Руссю» і БРСМ, «Беларускі студэнцкі патрыятычны форум», «Святло Вялікай Перамогі», форум «МІР: Моладзь. Інтэграцыя. Развіццё»,«Школа маладога выбаршчыка».

Інфармацыйная гігіена

Мы ствараем умовы для фарміравання запатрабаваных часам кампетэнцый і навыкаў інфармацыйнай гігіены праз правядзенне сустрэч студэнтаў з экспертамі, палітыкамі, прадстаўнікамі органаў улады. Вельмі важныя рэгулярныя размовы з моладдзю. Часам «нязручныя» пытанні ад студэнтаў дапамагаюць нам убачыць, чым яны занепакоеныя, ацаніць узровень іх дасведчанасці і аб’ектыўнасці ў палітычных і прававых тэмах. Дарэчы, пытанне студэнта, а не яго адказ з’яўляецца ключавым кампанентам эўрыстычнай сістэмы, якую мы эфектыўна выкарыстоўваем у БДУ. Запытанне праз пазнанне аб’ектаў навакольнага свету дазваляе навучэнцу адкрыць сябе, вызначыць свае сэнсы і мэты, выявіць і раскрыць патэнцыял. Напрыклад, з канца мінулага навучальнага года ў нас стартаваў праект «Дыялог рэктара са студэнтамі». Праз гэтую сацыяльна значную ініцыятыву імкнёмся сфарміраваць у моладзі грамадзянскую адказнасць, патрыятызм. Абмяркоўваем падзеі ў свеце і нашай краіне, выступленні і заявы нашага Прэзідэнта па пытаннях дзяржаўнага і партыйнага будаўніцтва.

Фарміраванне лідараў

БДУ – інтэлектуальны цэнтр па падрыхтоўцы высокапрафесійных спецыялістаў для розных сфер эканомікі, у тым ліку для ўсіх галін улады. Многія нашы выпускнікі працуюць у Адміністрацыі Прэзідэнта, Палаце прадстаўнікоў і Савеце Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Мы падтрымліваем актыўныя кантакты з гэтымі органамі. Гэта дапамагае задаволіць дзяржаўны запыт на падрыхтоўку спецыялістаў і скаардынаваць свае дзеянні ў рэалізацыі моладзевай палітыкі.

Аднак гэта толькі адзін з вектараў нашага ўзаемадзеяння. Другі напрамак – прыцягненне вучоных БДУ ў якасці экспертаў і распрацоўшчыкаў законаў. Напрыклад, з 36 членаў Канстытуцыйнай камісіі, што працавала над новай рэдакцыяй Галоўнага закона Беларусі, трое – супрацоўнікі юрыдычнага факультэта.

Трэцяй формай партнёрства можна назваць прыцягненне нашай моладзі да абмеркавання законатворчых праектаў. Іх жыццядзейнасць залежыць ад актуальнасці і патрэбы ў гэтых новаўвядзеннях нашага грамадства. А ў гэтым пытанні вельмі адчувальнай аўдыторыяй выступае студэнцтва, таму важна арыентавацца на яго думку. З удзелам дэпутацкага корпуса ў БДУ праводзяцца лекцыі, семінары, адкрытыя дыялогі, дыскусійныя пляцоўкі. Гэта дапамагае моладзі лепш разумець мэтазгоднасць і змест прынятых змен і ініцыяванне новых.

Чацвёрты вектар звязаны з удзелам актывістаў універсітэта ў рабоце Моладзевага парламента Беларусі. Такая практыка дазваляе ім увайсці ў прафесійнае кіраўнічае асяроддзе, хутчэй рэагаваць на бягучы парадак дня ў краіне, разумець законы і праекты, якія прымаюцца. Дадзеная дзейнасць фарміруе лідараў меркаванняў, якія адначасова становяцца «мостам» для зваротнай сувязі па перадачы запытаў ад моладзі і транслююць ёй важныя для дзяржавы рашэнні.

Непасрэднае знаёмства студэнтаў з дзейнасцю мясцовых органаў самакіравання, парламентарызму, Мінскага Савета дэпутатаў і іншых органаў складае пяты напрамак узаемадзеяння з дэпутатамі. Гэта выдатная магчымасць убачыць спецыфіку працы дэпутатаў, задаць ім пытанні і прапанаваць свае ініцыятывы.

Значнасць уласнага голасу.

Нагадаю, 25 лютага ў нашай краіне пройдзе адзіны дзень галасавання. Беларусы выберуць дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і мясцовых саветаў дэпутатаў. Дарэчы, практыка аднамомантавых выбараў не новая і прымяняецца ў многіх краінах. Змяненне беларускай электаральнай сістэмы, безумоўна, крок наперад у развіцці грамадзянскай усвядомленасці і актыўнасці. Цяпер кожны выбаршчык зможа комплексна ўбачыць і зразумець, як выбудоўваецца палітычная і грамадска-грамадзянская вертыкаль, ацаніць узаемазалежнасць і зладжаную працу ўсіх галін улады. Акрамя таго, адзіны дзень галасавання дазволіць засяродзіць на адным працэсе ўсе палітычныя сілы ў краіне і кансалідуе грамадства для ўдзелу ў выбарчым працэсе.

Моладзь павінна адчуваць значнасць уласнага голасу і адказнасць за развіццё дзяржавы, бо яны ўжо яе частка і будучыня ў іх руках. На ўсіх сустрэчах з кіраўніцтвам БДУ студэнты задаюць пытанні пра важнасць удзелу ў выбарах і перавагі правядзення адзінага дня галасавання. Тлумачым, што новая форма мае шэраг магчымасцей. Гэта ўмацаванне і актывізацыя грамадзянскай пазіцыі насельніцтва, прыўнясенне яснасці і разумення ў выбарчы працэс, яго механізмы і складнікі, стварэнне аптымальных умоў для правядзення выбараў дэпутатаў, ад якіх будзе залежаць вырашэнне як прыватных, так і глабальных грамадска-палітычных праблем.

Намеснік дэкана па выхаваўчай рабоце юрыдычнага факультэта БДУ Віктар Сухапараў:

— Выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і мясцовых саветаў дэпутатаў з’яўляюцца вядомай усім грамадзянам Рэспублікі Беларусь формай абрання прадстаўнікоў беларускага народа ў органы заканадаўчай і мясцовай улады. Шэраг новаўвядзенняў заканадаўства, абумоўленых зменамі і дапаўненнямі Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, закрануў выбары, якія адбудуцца ў 2024 годзе. У прыватнасці, гэта правядзенне выбараў у адзіны дзень галасавання, а таксама ўдакладненыя патрабаванні да палітычных партый і іх перарэгістрацыя. Дадзеныя аспекты ўдасканалення заканадаўства садзейнічаюць развіццю дэталяў выбарчай сістэмы ў Рэспубліцы Беларусь, разам з тым сведчаць, што нацыянальны выбарчы працэс развіваецца. Разуменне кожным грамадзянінам важнасці ўдзелу ў выбарах і значнасці яго голасу для забеспячэння рэалізацыі электаральнага суверэнітэту вельмі актуальнае.

Паводле інфармацыі прэс-службы БДУ і «Настаўніцкай газеты»

print

Вам таксама можа спадабацца: