Пра Арыяну, Магію і Люціка

4 Jan, 2024.

Менавіта так магла б называцца казка паводле жыцця другакурсніцы факультэта міжнародных адносін БДУ Арыяны Чарняк. У 16 гадоў яна стала майстрам спорту і мае больш за 30 узнагарод рознай вартасці па конным спорце.

Дзяўчына нарадзілася ў адзін дзень з мастакамі Франсіскам Гоя і Вінцэнтам Ван Гогам і любіць, калі ў нефармальных зносінах яе называюць Арынай. Яна апісвае сябе як камунікабельнага, спагадлівага, добрага і шчырага чалавека. Яе дэвіз: «Стаўся да людзей так, як хочаш, каб яны ставіліся да цябе». Такія якасці, на думку студэнткі, павінны быць не толькі ў будучага дыпламата, але і ў любога чалавека наогул. Бо ўменне выбудоўваць адносіны, а тым больш міжнародныя – набыць заўсёды няпроста. Таму пры вывучэнні прадметаў сваёй спецыяльнасці яна імкнецца развіваць красамоўства, лагічнае мысленне, праектаваць сітуацыі, што вельмі важна для будучай прафесіі.

Напрамку «міжнародныя адносіны» пасля выпуску з гімназіі Арыяна аддала перавагу, пакінуўшы ўбаку такія варыянты, як «журналістыка» і «спартыўная псіхалогія». Студэнтка кажа, што шалі схілілі аповеды пра дыпламатычную дзейнасць бабулі і дзядулі. Яны па працы наведалі многія краіны.

«Хачу займацца катаннем на конях»

Любоў да фізічнай актыўнасці бацькі другакурсніцы развівалі ў ёй з дзіцячых гадоў. Таму ў вольны час дзяўчынка наведвала розныя спартыўныя секцыі: займалася плаваннем, фігурным катаннем, вялікім тэнісам, горнымі лыжамі і нават рукапашным боем. Але нічога не западала ў душу – Арыяна не затрымлівалася там больш за год.

Як і большасць дзяцей, школьніца мела вялікую любоў да жывёл, асабліва да вялікіх, як коні. Сям’я Чарняк часта хадзіла ў заапарк і цырк, амаль кожныя выхадныя ездзіла за горад на конныя прагулкі. Тады Арыяна пазнаёмілася са сваёй першай кабылкай, на якой ездзіла, – яна была пяшчотна- крэмавай афарбоўкі і мела прыемную мянушку Магія.

У 12 гадоў студэнтка перастала хадзіць на танцы і зразумела, што хоча, каб новае захапленне прыносіла задавальненне і было звязана з жывёламі. Дзяўчынка прыйшла да бацькоў і выпаліла: «Хачу займацца катаннем на конях» – тады малая не ведала, як гэта правільна называецца. Тата і маці спачатку не надалі гэтаму значэння: здавалася, што дачка проста аказалася пад уплывам моманту. Тады Арыяна агучыла сваё жаданне дзядулю – менавіта з ім упершыню трапіла на вялікую канюшню і пачала наведваць трэніроўкі. Дарэчы, Анатоль Віктаравіч таксама ўсё жыццё любіць здаровы лад жыцця і нават заснаваў уласны клуб па хакеі на траве. Таму сваё захапленне спортам у нейкай ступені другакурсніца лічыць і яго заслугай.

– Напачатку я трэніравалася ў прыватнай канюшні ў пасёлку Тарасава адзін-два разы на тыдзень – не разумела яшчэ, што існуюць прафесійныя трэніроўкі, – узгадвае дзяўчына. – Пазней мы даведаліся пра Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі коннага спорту і конегадоўлі ў Ратамцы, пра тое, што там праходзяць наборы ў навучальныя групы. Параіліся і вырашылі, што трэба паступаць. Каб трапіць туды, трэба было здаць нарматывы: бег, скачкі, кулькі, падцягванні і адцісканні. Вядома, увесь час я рыхтавалася. І, калі паступіла ў групу, шчасцю не было межаў. Там я займалася паўтара года, пасля чаго мяне заўважыў і забраў у прафесійнае аддзяленне выездкі мой першы трэнер. Гэта быў пачатак майго знаёмства са светам прафесійнага коннага спорту.

Пра ідэалы ў спорце

Усведамленне таго, што спорт – аддушына, прыйшло да Арыяны, як толькі яна злавіла сябе на думцы, што не хоча спыняцца на дасягнутым і хоча развівацца ў сваім напрамку далей і больш. Дзяўчына заўважае: у конным спорце ёсць шмат вядомых і паспяховых спартсменаў – як замежных, так і беларускіх – на якіх можна раўняцца. Сярод іх – шматразовая пераможца і прызёр этапаў Кубкаў свету і дзесяціразовая чэмпіёнка Беларусі Ганна Карасёва. Таксама захапляюць яе і не такія тытулаваныя, але не менш таленавітыя спартсменкі – майстры міжнароднага класа Вераніка Ярашэвіч і Кацярына Яфрэмава. Яны таксама прадстаўляюць краіну на сусветных арэнах. Студэнтка называе вершніц сваімі кумірамі, захапляецца тым, што яны робяць, але сама хацела б выбудаваць уласны спартыўны шлях.

Як Лейпцыг стаў Люцікам

Свайго каня Арыяна называе «баявым партнёрам», і нездарма. Перш чым стаць яго гаспадыняй, дзяўчына доўга ўзаемадзейнічала з іншымі.

– Вершнікам патрэбна ўмець знаходзіць кантакт з рознымі характарамі і тэмпераментамі коней, бо, як толькі трапляеш у прафесійную групу, кожную трэніроўку жывёлы мяняюцца. Мы трэніраваліся на кані, з якім павінны былі выступаць, толькі за некаторы час перад спаборніцтвамі. Так было два гады, пакуль мяне не пазнаёмілі з маім асноўным баявым партнёрам – Лейпцыгам. Ці, як я ласкава яго называю, Люцікам. Тады быў актыўны стартавы сезон: нас чакалі міжнародныя спаборніцтвы, таму мы доўга і шмат трэніраваліся. І этап скончыўся паспяхова: першае месца ў асабістым заліку, пятае каманднае і другое – у паказальным выступленні. Гэта дазволіла мне трапіць у юнацкую зборную і выканаць нарматыў майстра спорту. І, паколькі я апынулася ў зборнай, Люціка замацавалі за мной.

Конны спорт – адзін з нямногіх, дзе заўсёды ідзе парная работа. Коні як людзі, адчуваюць усе эмоцыі вершніка. Калі спартсмен нервуецца, то і «баявы партнёр» будзе несканцэнтраваным. Таму, каб пасябраваць з жывёлай, коннікі ствараюць даверныя адносіны. З конямі гэта можна рознымі спосабамі: з дапамогай размоў, частавання ласункамі, пагладжвання па пэўных месцах, выпуску ў спецыяльныя загоны – лявады. Вершнікі імкнуцца клапаціцца і паважаць сваіх партнёраў, якія добра адчуваюць падобныя адносіны. Так нараджаецца своеасаблівае сяброўства паміж канём і спартсменам.

Арыяна заўважае, што Люцік для яе – самы любімы і асаблівы, бо іх саюз доўжыцца ўжо тры гады. За гэты час студэнтка вывучыла ўсе звычкі каня. Напрыклад, Лейпцыг вельмі пераборлівы ў ежы: заўсёды разумее, што яму падкладваюць вітаміны, і абураецца. А яшчэ ён не любіць, калі яго чапаюць каля носа, але вельмі рады, калі чэшуць шыю. Яго гаспадыня кажа, што конь разумее інтанацыю яе слоў і заўсёды рэагуе на іх.

Павага, разуменне і дысцыпліна на трэніроўках

Цэнтр, дзе займаюцца Арыяна і Лейпцыг, мае ўсё неабходнае абсталяванне для правядзення трэніровак. Дарэчы, у якім месцы яны праходзяць, у большасці выпадкаў залежыць ад надвор’я. У цёплы час спартсмены займаюцца на вулічных плацах. Тут спартсмены і коні прызвычайваюцца да любых прыродных умоў: на спаборніцтвах можна сутыкнуцца і з ветрам, і з дажджом. У перыяд халадоў трэніровачны працэс пераносіцца ў крытыя манежы.

Трэніроўка, падчас якой спартсмен знаходзіцца на кані, займае ад 30 хвілін да гадзіны, аднак пры гэтым улічваюць індывідуальныя патрэбы дуэта. Таксама коннікі для падтрымання формы займаюцца ў спартыўных залах. Акрамя таго, трэніровачны працэс уключае падрыхтоўку каня да выездкі, працэдуры, збор самога вершніка. У выніку спартсмены штодзень праводзяць у канюшнях 3-4 гадзіны. Калі ж вершнік займаецца з некалькімі «партнёрамі», то час можа расцягвацца.

Першы дарадца для спартсмена на трэніроўцы – настаўнік, які ўказвае на памылкі і дапамагае іх выпраўляць. Дарэчы, першым трэнерам Арыяны ў аддзяленні выездкі была майстар спорту Алена Маціеўская. Менавіта яна стала для студэнткі правадніком у свет прафесійнага спорту, навучыла азам дысцыпліны і правілам беражлівых адносін да коней. Зараз дзяўчына займаецца ў старэйшай групе з двума педагогамі – трэнерам вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі Галінай Зотавай і старшым трэнерам нацыянальнай зборнай Святланай Еўшчык.

Гэтыя людзі навучылі мяне вышэйшым элементам верхавой язды, далі зразумець, што без дысцыпліны ў нашым відзе спорту – ніяк. Яны сапраўдныя прафесіяналы, дзякуючы якім я дасягнула такіх спартыўных вышынь, – пераканана Арыяна. – Тры асноўныя пункты, на якіх грунтуюцца нашы адносіны з трэнерамі, – павага, разуменне і дысцыпліна.

Пра перамогі і планы

Па словах дзяўчыны, рэспубліканскіх і міжнародных спаборніцтваў па конным спорце цяпер праводзіцца вельмі шмат. Асабліва насычанымі становяцца летні і вясенні сезоны, таму магчымасцяў набрацца стартавага вопыту ў пачаткоўцаў нямала. Спартсмены выступаюць, як толькі азнаёмяцца з азамі. Хоць усе паказальныя заезды цяжка падлічыць, Арыяна помніць усе свае галоўныя старты:

– Калі я ўпершыню заняла прызавыя месцы на міжнародных спаборніцтвах, адчула вялікі гонар за сябе і каня. Менавіта ў такія моманты разумееш, што сілы затрачаныя не дарма. Да таго ж, гэта было першае выступленне з Люцікам. Незабыўнымі спаборніцтвамі сталі Еўразійскія гульні па выездцы 2022 года ў Маскве – гэта быў першы вопыт выступлення за мяжой. Там жа паралельна праводзіліся Еўрапейскія гульні па трохбор’і. Засталося шмат эмоцый, бо ўсёй камандай мы хадзілі на выступленні беларусаў, перажывалі. У выніку наша зборная заняла першае месца, а юнацкая, за якую выступала я з напарніцамі, – другое. Наступны старт – чэмпіянат рэспублікі ў Ратамцы. Там мы з Лейпцыгам і маім другім баявым партнёрам Гофманам сталі абсалютнымі чэмпіёнамі краіны ў юнацкай яздзе. Таксама былі этап Кубка Еўразіі, Еўразійскія гульні 2023 года. Хоць апошняе спаборніцтва стала для нас не самым удалым, мы вынеслі адтуль добрыя ўрокі.

Напрыканцы гутаркі дзяўчына прыадкрыла планы на спартыўную будучыню. Яна марыць стаць членам нацыянальнай каманды Беларусі па выездцы, прыняць удзел у чэмпіянатах Еўропы і свету, а таксама трапіць на адборачны турнір да Алімпійскіх гульняў 2028 года.

Ірына ІВАШКА

Фота з архіва А. Чарняк

print

Вам таксама можа спадабацца: