Рэктар БДУ: пры адкрыцці новых спецыяльнасцяў у 2024 годзе трэнд на міждысцыплінарнасць захаваецца

24 Jan, 2024.

У сучасным паскораным свеце, дзе адбываюцца пастаянныя змены ў палітычнай, эканамічнай і тэхналагічнай сферах, попыт на ўніверсальных спецыялістаў бесперапынна расце. Задача ўніверсітэта ў гэтым напрамку – своечасовае вызначэнне будучых выклікаў і запатрабаванняў у кваліфікаваных кадрах, а таксама забеспячэнне студэнтаў актуальнымі ведамі і навыкамі, якія дазволяць ім паспяхова адаптоўвацца да патрэб рынку працы, што хутка змяняюцца. Як Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт спраўляецца з гэтай мэтай, а таксама пра адкрыццё новых спецыяльнасцяў, тэндэнцыі ў адукацыі і прычыны запатрабаванасці канкрэтных прафесій карэспандэнту БелТА распавёў доктар педагагічных навук, прафесар, рэктар БДУ Андрэй Кароль.

– Андрэй Дзмітрыевіч, літаральна тыдзень назад кіраўнік дзяржавы падпісаў указ, якім карэкціруюцца правілы прыёму асоб для атрымання вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Як вы ацэньваеце гэтыя дапаўненні?

– Важна адзначыць, што сёлета ў правілы прыёму ўнесены не змены, а карэкціроўкі з улікам аналізу праведзенай у мінулым годзе прыёмнай кампаніі.

Акцэнт зроблены на павышэнні аб’ектыўнасці ацэнкі ведаў абітурыентаў, наборы на мэтавую падрыхтоўку, падтрымцы найбольш падрыхтаванай і матываванай моладзі.

Перш за ўсё павялічваецца значнасць, пэўны статус выпускнікоў Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка. У мінулым годзе мы паспяхова апрабавалі форму іх паступлення без экзаменаў. І сёння пашыраны пералік спецыяльнасцяў, па якіх гэта можна зрабіць для выпускнікоў гэтага года.

Адна са значных карэкціровак закране аптымізацыю тэрмінаў правядзення ЦЭ і ЦТ. Сёлета абітурыенты здадуць экзамены і тэсціраванне ўжо да пачатку чэрвеня, а летась ЦТ здавалі ў сярэдзіне чэрвеня. Такім чынам, таксама адбудзецца аптымізацыя тэрмінаў правядзення прыёмнай кампаніі ў ВНУ, у прыватнасці ў БДУ. Прадугледжваецца, што залічэнне пройдзе ў больш сціслыя тэрміны.

З пункту гледжання працы з мэтавым кантынгентам абітурыентаў уведзены ніжнія парогавыя ўзроўні, ацэнка павінна быць не ніжэйшай за 7, каб абітурыент мог канкурыраваць пры паступленні на мэтавую форму навучання з іншымі такімі ж мэтавікамі, як мы іх прывыклі называць. Акрамя таго, карэкціроўкі закранулі пашырэнне лінейкі спецыяльнасцяў для мэтавай падрыхтоўкі.

Увядзенне квоты па агульным конкурсе для набору дазволіць падтрымаць абітурыентаў, якія не маюць ільготных умоў паступлення і ўдзельнічаюць у агульным конкурсе. Таксама з улікам паспяховага досведу паступлення ліцэістаў БДУ без іспытаў у ВНУ было прынята рашэнне, што сёлета такога права будуць ганараваны выпускнікі ўсіх пяці ліцэяў краіны. Але пры наяўнасці ў атэстаце адзнак не ніжэйшых за 9 балаў па профільных навучальных прадметах і адзнак не ніжэйшых за 8 балаў па ўсіх астатніх навучальных прадметах.

Вядома, усе карэкціроўкі сёлетняй прыёмнай кампаніі накіраваны на паляпшэнне якаснага складу абітурыентаў.

У 2023 годзе ў БДУ сярод залічаных на дзённую бюджэтную форму навучання па выніках ЦТ і ЦЭ 92,4% абітурыентаў набралі 300 балаў і вышэй. Спадзяёмся захаваць такую тэндэнцыю і сёлета.

– Ці будуць навіны для абітурыентаў БДУ і чым кіруецца ўніверсітэт пры адкрыцці новых спецыяльнасцяў?

– У апошнія пяць гадоў БДУ арыентуецца на ўкараненне інавацыйных спецыяльнасцяў, якія характарызуюцца высокай міждысцыплінарнасцю.

Па сваёй сутнасці, у міждысцыплінарнасці закладзены велізарны, яшчэ не вычарпаны, патэнцыял.

У першую чаргу гэта магчымасць стварэння і генерыравання новых сэнсаў і ведаў, таму што яны нараджаюцца на скрыжаванні межаў разнастайных элементаў. Гэта своеасаблівае асяроддзе і пляцоўка для дыялогу ў шырокім і вузкім сэнсе гэтага слова.

Калі сустракаюцца прадстаўнікі розных навуковых сфер для абмеркавання новага сумеснага праекта ці праграмы, то ў гэтым выпадку мае месца дыялог не толькі паміж людзьмі, але і паміж навуковымі галінамі ведаў. Калі гаварыць на мове праектавання новых адукацыйных праграм, міждысцыплінарнасць – глыбейшае і больш фундаментальнае фарміраванне разумення цэласнай карціны свету.

Гэта не сума разрозненых уяўленняў, якая, наадварот, руйнуе гэту карціну, таму што кожная дысцыпліна ўспрымаецца як рэгіянальная анталогія, якая жыве па сваіх законах. Спараджэнне новых сэнсаў – перш за ўсё зварот чалавека да сваіх межаў, да сябе і сваёй сутнасці.

Для адкрыцця новых міждысцыплінарных спецыяльнасцяў ва ўніверсітэце зроблены шэраг крокаў. Шосты год працуе савет па міждысцыплінарных даследаваннях, трэці год – міждысцыплінарная метадалагічная школа, дзе мы выкарыстоўваем патэнцыял розных навуковых школ і напрамкаў. Напрыклад, неўзабаве адбудзецца сустрэча для абмеркавання праблематыкі нейрасетак і штучнага інтэлекту. У дыскусіі прымуць удзел прадстаўнікі розных факультэтаў, уключаючы кіраўніцтва, выкладчыкаў, навукоўцаў, экспертаў у розных галінах ведаў. Як правіла, вынікам такой працы становіцца распрацоўка метадычных матэрыялаў для ўключэння іх у навучальны працэс і выкарыстання падчас сустрэч з працоўнымі калектывамі, правядзення дзён інфармавання і куратарскіх гадзін са студэнтамі, пасяджэнняў кафедраў і саветаў факультэтаў.

За апошнія пяць гадоў адкрыты «геатэхналогіі турызму і экскурсійная дзейнасць», «біяінжынерыя і біяінфарматыка», «эканамічная бяспека», «рэгіёназнаўства», «кібербяспека», «дзяржаўны аўдыт».

Менавіта на прыкладах міждысцыплінарнасці з’яўляюцца не толькі новыя спецыяльнасці, але і даволі запатрабаваныя самым жыццём тэмы дыпломных, магістарскіх прац, кандыдацкіх дысертацый. Па сутнасці, у нас само жыццё міждысцыплінарнае. Толькі гэту якасць трэба правільна рэалізоўваць. Перш за ўсё патрэбныя якасныя навуковыя і педагагічныя падыходы да праектавання міждысцыплінарнага зместу адукацыі і праграм навучання. І міждысцыплінарнасць пачынае працаваць ужо на дыдактычным узроўні, калі падчас навучання праз метады і тэхналогіі навучання ёсць зварот да суб’ектнасці самога студэнта.

– Якія новыя спецыяльнасці з’явяцца ва ўніверсітэце ў 2024 годзе?

– Трэнд на міждысцыплінарнасць працягнецца і ў гэтым годзе. Плануем абвясціць набор на тры новыя спецыяльнасці. Упершыню ў Беларусі на факультэце геаграфіі і геаінфарматыкі (ФГГ) адкрыецца «краіназнаўства і перакладчыцкая дзейнасць» з прысваеннем адра зу трайной кваліфікацыі «Географ. Выкладчык. Перакладчык».

Абітурыенту не прыйдзецца выбіраць паміж педагогікай і вытворчасцю – ён атрымае ў комплексе два профілі: геаграфічны і філалагічны.

Такі крок падмацаваны глыбокім аналізам будучыні геаграфіі, магчымых рызык і перспектыўнасці новых напрамкаў. З выкладчыкамі-географамі мы абмяркоўвалі пытанне запатрабаванасці гэтай галіны ведаў сярод абітурыентаў. Каб апярэджваць запыты рынку, ужо сёння важна даваць абітурыентам канкурэнтныя прапановы. Сама геаграфія патрабуе шырокага кругагляду ведаў і з’яўляецца сінтэзам прыродазнаўчанавуковых і гуманітарных дысцыплін. Такая інтэграцыя адкрывае вялікія перспектывы для прафесіі. Ва ўмовах глабалізацыі, лічбавізацыі і інтэрнацыяналізацыі эканомікі грамадства мае патрэбу ў спецыялістах з ведамі замежных моў незалежна ад прафесіі. Валоданне імі забяспечвае спецыялісту-географу глыбейшае і больш поўнае разуменне глабальных праблем, такіх як змена клімату, сусветныя канфлікты, дэмаграфічныя змены, дазваляе лепш зразумець і прааналізаваць інфармацыю з міжнародных крыніц. Па сутнасці, трайная спецыяльнасць пашырае магчымасці для працаўладкавання. Выпускнікі змогуць працаваць выкладчыкамі, перакладчыкамі ў арганізацыях і на вытворчасці, будуць запатрабаваны ў турыстычных, рэкламных, IT-кампаніях, адукацыйных і даследчых арганізацыях.

Падрыхтоўкай студэнтаў будзе займацца калабарацыя выкладчыкаў двух факультэтаў – геаграфіі і геаінфарматыкі і сацыякультурных камунікацый. Працягласць навучання складзе 4,5 гады. Для паступлення абітурыентам неабходна здаць цэнтралізаваны экзамен ці прайсці цэнтралізаванае тэсціраванне па трох прадметах: геаграфіі, матэматыцы, рускай/беларускай мове.

– Ва ўмовах геапалітычнай трансфармацыі не застануцца ўбаку і міжнароднікі БДУ?

– Нарастанне сучасных выклікаў, інтэграцыя нашай краіны ў сусветны рынак патрабуе прытоку прафесійных спецыялістаў-міжнароднікаў з унікальнымі кампетэнцыямі. З гэтай мэтай у новым годзе на базе факультэта міжнародных адносін адкрыюцца дзве новыя спецыяльнасці «міжнародная канфлікталогія» і «міжнародная лагістыка», якія не маюць аналагаў у іншых ВНУ Беларусі.

Выпускнікам прысвояць кваліфікацыі «Канфліктолаг-міжнароднік» і «Спецыяліст па міжнароднай лагістыцы» адпаведна.

На жаль, мы сёння з’яўляемся сведкамі негатыўнага развіцця падзей вакол межаў Беларусі. Прадухіленне і ўрэгуляванне міжнародных канфліктаў, міратворчасць і медыяцыя патрабуюць вывучэння і глыбокага разумення прыроды канфлікту, прымянення асаблівых палітычных алгарытмаў і практык, механізмаў міжнароднага права, закліканых як мага хутчэй і эфектыўней вярнуць свет да яго звычайнага, стабільнага парадку і развіцця. У аснову міжнароднай канфлікталогіі закладзена вывучэнне экстрэмальнай праявы міжнародных адносін – канфлікту, які ўсё часцей прымае форму ваенных дзеянняў.

«Канфліктолаг-міжнароднік» – гэта спецыяліст у галіне аналізу, дыягностыкі, экспертызы, перагаворных і медыятыўных тэхналогій па прадухіленні і вырашэнні міжнародных канфліктаў, мірнага ўрэгулявання і падтрымання міру.

З гэтай прычыны вялікую цікавасць да новай спецыяльнасці ўжо выявілі прадстаўнікі дзяржаўных устаноў, якія адказваюць за забеспячэнне розных аспектаў усёабдымнай бяспекі Беларусі.

Адначасова мы бачым, як змяняюцца вектары міжнароднага гандлю. Ідзе арыентацыя на ўсходні напрамак. Таму ўзрастае запатрабаванне ў спецыялістах, якія ведаюць спецыфіку лагістычнага рынку краін Азіі і валодаюць усходнімі мовамі. Нашы студэнты па новай спецыяльнасці, апрача еўрапейскіх моў, будуць вывучаць кітайскую, турэцкую, арабскую і фарсі.

У цяперашніх умовах крызісных працэсаў на сусветнай арэне эканоміка Беларусі супрацьстаіць негатыўнаму ўплыву шматлікіх знешніх фактараў.

Спецыяльнасць «міжнародная лагістыка» можа стаць эфектыўным інструментам паступальнага развіцця, драйверам росту беларускай эканомікі, адным з эфектыўных інструментаў канкурэнтаздольнасці і эканамічнай бяспекі нашай краіны.

Спецыялісты ў галіне міжнароднай лагістыкі будуць валодаць міжнароднымі стандартамі тавараруху, паставак, некалькімі замежнымі мовамі, тэхналогіямі прадухілення рызык і забеспячэння бяспекі. Сёння ў выпускніках спецыяльнасці «міжнародная лагістыка» вельмі зацікаўлены структурныя і падведамныя ўстановы транспартна-лагістычнай скіраванасці розных міністэрстваў і ведамстваў, прадпрыемствы лагістычнай і транспартна-экспедытарскай сферы, транспартна-лагістычныя цэнтры, складскія комплексы і тэрміналы, прадпрыемствы, якія ажыццяўляюць знешнеэканамічную дзейнасць, навукова-даследчыя інстытуты.

– А спецыяльнасці, якія ўжо сталі традыцыйнымі, мадэрнізуюцца з улікам патрабаванняў часу?

– Я гаварыў пра тое, што ідзе пастаянная праца па актуалізацыі навучальных праграм з улікам запытаў эканомікі, рынку працы. Таму пераўтварэнні існуючых спецыяльнасцяў адбываюцца пастаянна. Напрыклад, сёлета будзе адкрыты набор на спецыяльнасць «сацыяльная работа і кансультаванне» факультэта філасофіі і сацыяльных навук. Гэта ўдасканаленая версія раней адкрытай спецыяльнасці «сацыяльная работа». Апытанне сярод працадаўцаў і выпускнікоў папярэдніх гадоў выявіла рост запатрабаванняў у прысваенні дадатковай кваліфікацыі «Спецыяліст па сацыяльнай рабоце. Кансультант». Таму БДУ актуалізаваў навучальны план па гэтай спецыяльнасці, узмацніўшы модуль прафесійнага кансультавання. Маецца на ўвазе сацыяльнае і сацыяльна- псіхалагічнае кансультаванне людзей, якія апынуліся ў складанай жыццёвай сітуацыі, якія маюць патрэбу ў сацыяльнай і псіхалагічнай падтрымцы.

У такіх спецыялістах зацікаўлены перш за ўсё тэрытарыяльныя цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, гарадскія цэнтры сацыяльнага абслугоўвання сям’і і дзяцей, крызісныя цэнтры, установы адукацыі. Студэнты будуць вывучаць новыя дысцыпліны: кансультаванне і медыяцыю ў сацыяльнай рабоце, канфлікталогію, тэорыю і метадалогію коўчынгу, сацыяльнае прадпрымальніцтва і асновы сацыяльнага праектавання, тэорыю і методыку кансультавання, індывідуальную і групавую псіхатэрапію ў сацыяльнай рабоце.

– БДУ адна з нешматлікіх ВНУ, арыентаваная на навучанне дарослых. Ці плануецца адкрыццё новых праграм павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі для людзей, якія ўжо маюць вышэйшую адукацыю?

– Безумоўна, інфармацыйныя працэсы, лічбавізацыя грамадства і эканомікі, нарастанне патрабаванняў да кампетэнцый спецыялістаў патрабуюць ад іх новых ведаў і навыкаў. Мы гэта разумеем і пастаянна распрацоўваем і прапануем дарослай катэгорыі розныя праграмы павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі. Яшчэ ў 2018 годзе мы свядома аб’ядналі разрозненыя адукацыйныя рэсурсы, якія былі ва ўніверсітэце па павышэнні кваліфікацыі і перападрыхтоўцы дарослых, і зрабілі адзіны цэнтр – Інстытут дадатковай адукацыі. Літаральна на наступны год ён сябе і фінансава, і іміджава добра апраўдаў.

Цяпер мы прапануем каля 80 праграм павышэння кваліфікацыі і 39 напрамкаў перападрыхтоўкі. Таксама на розных факультэтах БДУ дзейнічае 17 адукацыйных курсаў у галіне псіхалогіі, праграмавання, лінгвістыкі, юрыспрудэнцыі, педагогікі і інш.

Некаторыя з іх не маюць аналагаў у краіне. Напрыклад, адукацыйныя курсы «прафайлінг, ці мастацтва распазнання хлусні». Таксама БДУ з’яўляецца адзіным цэнтрам па падрыхтоўцы дыпламатаў і рэалізуе праграму павышэння кваліфікацыі «лічбавая дыпламатыя». А найбольш запатрабаванымі застаюцца моўныя курсы па кітайскай, італьянскай, англійскай і іншых мовах.

Абнаўленне лінейкі праграм адбываецца раз у два гады. Гэта дазваляе ўтрымліваць канкурэнтныя пазіцыі ВНУ на рынку адукацыйных паслуг.

БДУ пастаянна адаптоўвае навучальныя планы да запытаў мэтавай аўдыторыі, узмацняе практыкаарыентаванасць навучання, прыцягвае высокакваліфікаваных спецыялістаў і практыкаў арганізацый і ўстаноў вышэйшай адукацыі ў якасці выкладчыкаў.

Да прыкладу, цяпер ва ўніверсітэце вядзецца распрацоўка новых праграм павышэння кваліфікацыі спецыялістаў ювелірнай галіны і музеяў, плануецца запуск напрамку перападрыхтоўкі па сацыяльнай рабоце. Па заканчэнні навучання выдаецца пасведчанне аб павышэнні кваліфікацыі ці дыплом аб перападрыхтоўцы дзяржаўнага ўзору.

– Што вы можаце пажадаць абітурыентам напярэдадні новай прыёмнай кампаніі?

– Не варта думаць, што адукацыя – сума тэарэм, законаў і правілаў. Так, гэта ўсё важна, але больш значна ў адукацыі знайсці сябе, сваю місію, зразумець свае моцныя і слабыя бакі, вызначыць іерархію жыццёвых мэт, навучыцца задаваць пытанні сабе і свайму асяроддзю. Адукацыя – гэта майстар-клас, школа, якая пераўтварае чалавека, якая ператварае яго ў асобу, што нясе за сябе адказнасць, умее чуць сябе і іншага. А каб развіць свае ўнікальныя якасці, знайсці сваё прызначэнне, запрашаю да паступлення ў БДУ, дзе для гэтага створаны ўсе ўмовы.

Паводле інфармацыі БелТА

print

Вам таксама можа спадабацца: