Кафедра аналітычнай хіміі хімфака БДУ мае вялікую гісторыю і багатыя навуковыя дасягненні. А сёлета яна адзначае дзевяносты дзень нараджэння.
Напярэдадні свята карэспандэнт газеты завітала на факультэт. Гідамі па «ўладаннях» кафедры сталі яе загадчык доктар хімічных навук Міхаіл Заяц, а таксама выкладчыкі, на вачах якіх адбывалася станаўленне падраздзялення, – прафесары Уладзімір Ягораў і Сяргей Ляшчоў.
У атмасферы семінара
Кафедра аналітычнай хіміі адлічвае сваю гісторыю з 1934 года. У першыя гады існавання падраздзяленне было звязана з кафедрай неарганічнай хіміі. Іх аб’ядноўвалі не толькі агульныя даследаванні, але і адзін загадчык – акадэмік прафесар Мікалай Ярмоленка. У пачатку асноўнай задачай маладой кафедры стала забеспячэнне вучэбнага працэсу па аналітычнай хіміі на хімічным і біялагічным факультэтах. Расказваюць, што ў той час наборы былі невялікія, таму на курсе вучылася каля 50 чалавек, а работу падраздзялення забяспечвалі тры выкладчыкі. Паступова пачала наладжвацца і навуковая дзейнасць. Не спынілася праца кафедры на пачатку Вялікай Айчыннай вайны: яе эвакуіравалі разам з універсітэтам на падмаскоўную станцыю Сходня.
Найбольш плённы перыяд навуковай, педагагічнай і вытворчай дзейнасці кафедры звязаны з імёнамі прафесара Рыгора Старобінца (загадваў кафедрай з 1956 па 1989 год) і прафесара Яўгена Рахманько (загадчыка кафедры з 1992 па 2018 год). Найперш гэта старажылы кафедры тлумачаць тым, што Рыгор Лазаравіч і Яўген Міхайлавіч сталі заснавальнікамі навуковай школы, вынікам дзейнасці якой стала стварэнне тэарэтычнай базы, што апісвала працяканне разнастайных экстракцыйных і іонаабменных працэсаў. Значна ў гэты час пашырылася падрыхтоўка маладых даследчыкаў у аспірантуры. У 60- 70-я гг. навукоўцы даследавалі заканамернасці вадкаснай экстракцыі, іх прымяненне дзеля выдзялення, ачысткі, канцэнтрыравання і вызначэння рэчываў. Крыху пазней пачаліся даследаванні ў галіне іонаселектыўных электродаў, вынікам чаго стала заключэнне буйных гаспадарчых дамоў з шэрагам вядучых прадпрыемстваў і профільных навуковых арганізацый СССР.
Суразмоўцы адзначаюць, што ў лабараторыі, дзе працавалі Яўген Рахманько і яго аспіранты, усталявалася атмасфера пастаяннага навуковага семінара. Усе абменьваліся адзін з адным найбольш цікавымі вынікамі ўласных даследаванняў, кожны быў у курсе таго, чым займаюцца калегі. Простая размова магла за некалькі хвілін перарасці ў шматгадзіннае абмеркаванне якога-небудзь доследу, што вельмі спрыяла прафесійнаму росту маладых навукоўцаў. У выніку ў перыяд з 1994 па 2002 гады ўсе пяцёра удзельнікаў гэтых імправізаваных семінараў абаранілі доктарскія дысертацыі – Яўген Рахманько, Сяргей Ляшчоў, Уладзімір Ягораў і Аляксандр Гулевіч – у галіне аналітычнай хіміі, а яшчэ адзін вучань Яўгена Рахманько – Аляксандр Цыганаў – у галіне аграхіміі. Доктарскую дысертацыю па спецыяльнасці «фізічная хімія» абараніў адзін з першых вучняў Рыгора Старобінца Станіслаў Мячкоўскі.
Гаворачы пра традыцыі кафедры, Уладзімір Ягораў узгадвае перыяд, калі аспіранты і выкладчыкі разам адзначалі святы і ездзілі ў сумесныя навуковыя камандзіроўкі. Апошнія былі самым радасным часам, паколькі можна было наведаць шмат краін і абмяняцца вопытам з вядучымі даследчыкамі.
– Навука была шармам, што ахопліваў цябе цалкам. Мы бачылі перад сабой «свяціл», якіх раней ведалі па кнігах і артыкулах, камунікавалі з імі вельмі блізка, – прыгадвае Сяргей Ляшчоў. – Але цяпер у навуцы застаюцца нямногія. Знайсці талент – як адшукаць алмаз у попеле. Звычайна ўсё паказвае жывая гутарка: які чалавек, як ставіцца да жыцця. Шмат гавораць і ўчынкі. Калі чалавек любіць хімію – гэта счытваецца.
У 1991 годзе кафедру ўзначаліў прафесар Яўген Рахманько. Яшчэ навуковым асістэнтам кафедры Яўген Міхайлавіч неафіцыйна кіраваў навуковымі працамі аспірантаў, якія ў выніку абараніліся раней за яго самога. Ён вадзіў сваіх «падапечных» амаль за руку: падкідваў тэмы, накіроўваў.
На этап жыцця падраздзялення пад кіраўніцтвам Яўгена Рахманько прыпадае развіццё яшчэ аднаго напрамку даследаванняў – клініка-дыягнастычны. Сюды ўваходзіць распрацоўка методык і набораў рэагентаў для біяхімічных даследаванняў у медыцыне. Уладзімір Уладзіміравіч і Сяргей Міхайлавіч тлумачаць, што неабходнасць у іх з’явілася пасля распаду Савецкага Саюза. Тады ў сферы аховы здароўя склалася сітуацыя, калі рэактываў не хапала, паколькі многія кампаненты закупляліся за мяжой. Па просьбе ўрачоў кафедра ўключылася ў вырашэнне праблемы. І ўжо ў канцы 1992 года, дзякуючы навукоўцам, была наладжана беларуская вытворчасць найбольш запатрабаваных рэагентаў, якімі забяспечылі медыцынскія ўстановы краіны. Спрыяў гэтаму і навукова-тэхнічны вытворчы кааператыў «Аналіз Х», створаны на базе кафедры ў 1989 годзе. Падобная работа вядзецца і сёння: тут удасканальваюцца рэагенты для гематалогіі, імуналогіі, распрацоўваюцца экспрэс-сістэмы, біясэнсары і каталізатары. Зараз пералік выпускаемых рэагентаў налічвае больш за сто найменняў і пастаянна пашыраецца.
Моцная база напрацовак існуе і па храматаграфіі. Пасля пераабсталявання храматаграфічнай лабараторыі ў 1992 годзе тут праводзіцца даследаванне алкагольнай прадукцыі, наркотыкаў, атрут, допінгу, выбуховых рэчываў і біялагічных аб’ектаў. Шмат увагі супрацоўнікі надаюць стварэнню спецыяльных аўтаматызаваных праграмных комплексаў і пошукавых сістэм для кантролю наркатычных сродкаў і псіхатропаў. Так, напрыклад, сярод вядомых распрацовак аналітыкаў – інфармацыйная сістэма «АІПСІН Антынаркотыкі». У Беларусі ім карыстаюцца супрацоўнікі МУС, мабільных лабараторый Пагранічнага камітэта і Міністэрства абароны, Цэнтральнага апарата Дзяржкамітэта судовых экспертыз, Нацыянальнага антыдопінгавага агенцтва і інш. Таксама сістэма эксплуатуецца ў падраздзяленнях Расіі, Арменіі і Казахстана.
Аналітыкі ў справе
Падраздзяленне-юбіляр – адзінае ў рэспубліцы, дзе вядуцца навуковыя пошукі ў галіне аналітычнай хіміі. Тут праходзяць даследаванні па распрацоўцы экстракцыйна-храматаграфічных метадаў аналізу, а таксама па тэорыі функцыянавання іонаселектыўных электродаў. Акрамя таго, кафедра з’яўляецца выпускаючай. Штогод адсюль выходзіць 30-40 спецыялістаў-аналітыкаў. Маладыя людзі працуюць храматаграфістамі, размяркоўваюцца ў антыдопінгавую лабараторыю, Мінскую рэгіянальную мытню, Навукова-практычны цэнтр гігіены, Дзяржаўны камітэт судовых экспертыз, Цэнтр экспертыз і іспытаў у ахове здароўя, РУП «Белмедпрэпараты» і іншыя ўстановы. Некаторыя выпускнікі, якія выраслі на кафедры як навукоўцы, выкладаюць ці праводзяць даследаванні ва ўніверсітэтах Партугаліі, Германіі, Вялікабрытаніі і Швейцарыі.
Сярод дысцыплін, якія выкладаюцца на кафедры – аналітычная хімія, інструментальныя і храматаграфічныя метады аналізу, хімічная экалогія, біяаналітыка, газавая храматаграфія, аналіз лекавых сродкаў, метралогія, пробаадбор і пробападрыхтоўка ў хімічным аналізе, сучасная аналітычная хімія, патэнцыяметрычныя і аптычныя метады аналізу. Дарэчы, выкладчыкі кафедры аналітычнай хіміі таксама чытаюць курсы студэнтам біялагічнага, геаграфічнага і ваеннага факультэтаў. На базе падраздзялення працуе навукова-даследчая лабараторыя хіміка-аналітычных сістэм. Тут выконваюцца праграмы «Канвергенцыя-2025», «Энергетычныя і ядзерныя працэсы і тэхналогіі» на 2021- 2025 гады, гаспадарчы дагавор з ЗАТ «БелХард Груп».
– Лепшыя вынікі атрымліваюцца, калі ёсць узаемадзеянне з вытворчасцю. У арганізацыі, як правіла, ёсць праблема, якую мы разам спрабуем рашыць. 80% такіх задач – практыка-арыентаваныя, – перакананы Міхаіл Заяц. – На жаль, словазлучэнне «аналітычная хімія» сёння не сустракаецца ў навуковых праграмах, таму фінансаванне сыходзіць на іншыя даследаванні. А без аналітычнай хіміі, як ні круці, – нікуды.
Знаёмячыся з кафедрай аналітычнай хіміі, завітваем на заняткі студэнцкай навуковай лабараторыі. Трэцякурсніца Ксенія Спас вучыцца на спецыяльнасці «хімія (навукова-вытворчая дзейнасць)». Пазнаёміўшыся са сваім напрамкам, дзяўчына зразумела, што знайшла тое, што шукала: цяпер яна мае дачыненне да складаных рэчываў, з дапамогай якіх можна лячыць людзей. Таму самым любімым часам Ксюшы сталі заняткі ў лабараторыі. Тут яна адчувае сябе як рыба ў вадзе. Кажа, што гэтаму спрыяе ўтульная атмасфера: дружная група і выкладчыкі, якія тлумачаць незразумелы матэрыял. Магчыма дзякуючы гэтаму ў будучыні студэнтка бачыць сябе хімікам-інжынерам.
Калега Ксеніі, чацвёртакурсніца Паліна Топчая – прадстаўніца спецыяльнасці «хімія лекавых злучэнняў». Зараз у лабараторыі яна якраз працуе над курсавой работай па аналізе араматызатараў.
– З выкладчыкамі ў нас адносіны як са старэйшымі таварышамі. Яны ведаюць, як падштурхнуць. Таксама могуць пажартаваць, каб усё стала на свае месцы, калі нам цяжка нешта зразумець, – кажа старшакурсніца.
Дзяўчына спадзяецца, што яе прафесія наўпрост будзе звязана з доследамі ў лабараторыі. Найбольш яе прываблівае касметычная вытворчасць. Паліна пераканана, што фундамент для гэтага заклала кафедра, а вузкаспецыялізаваныя дробязі набудуцца з часам.
Вытворчая сіла эканомікі
«На кафедры працуюць усе свае, няма чужых», – так кажуць Уладзімір Уладзіміравіч і Сяргей Міхайлавіч. І, як высвятляецца, нездарма: амаль усе выкладчыкі – выпускнікі гэтага падраздзялення (выключэнне складае толькі выпускніца кафедры радыяцыйнай хіміі прафесар Ірына Юркова). Многія адзін аднаму прыходзяцца вучнямі ці настаўнікамі. Напрыклад, дацэнты Таццяна Якіменка і Аляксандр Падцяроб абараняліся пад кіраўніцтвам прафесара Рахманько, прафесары Уладзімір Ягораў і Сяргей Ляшчоў таксама лічаць яго сваім настаўнікам. А цяперашні загадчык кафедры Міхаіл Заяц, які абараніў доктарскую дысертацыю ў 2021 годзе, – былы аспірант і дактарант Сяргея Ляшчова.
– Аналітычная хімія можа стаць рэальнай вытворчай сілай у эканоміцы. Асабліва ва ўмовах імпартазамяшчэння. Уявіце, колькі рэчаў, якія мы закупляем, можна раскласці на рэчывы і з вылучаных кампанентаў сабраць нешта сваё. Адны мыйныя сродкі чаго вартыя, парфюмерыя, сфера дыягностыкі. Патэнцыял кафедры вельмі вялікі, у яе ўсё яшчэ наперадзе. Для гэтага трэба толькі навучаныя супрацоўнікі і добрае абсталяванне. Першае ёсць тут пастаянна, – рэзюмуюць суразмоўцы.
Ірына ІВАШКА
Фота з архіва кафедры