Адказы на актуальныя пытанні пра выбарчую кампанію ў адзіны дзень галасавання

21 Feb, 2024.

Ці вядомыя ўжо імёны кандыдатаў у дэпутаты і дзе з імі можна азнаёміцца?

Імёны кандыдатаў у дэпутаты як Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, так і мясцовых саветаў дэпутатаў ужо, зразумела, вядомыя. Рэгістрацыя кандыдатаў акруговымі камісіямі завяршылася 30 студзеня гэтага года. Колькасць вылучаных кандыдатаў у дэпутаты адрозніваецца. Да прыкладу, ад некаторых выбарчых акруг вылучаюцца ад трох да пяці кандыдатаў, ад іншых – да дзесяці. Інфармацыя пра зарэгістраваных кандыдатаў у дэпутаты размешчана на афіцыйных сайтах Цэнтральнай выбарчай камісіі, мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў. Сярод даступнай інфармацыі пра кандыдатаў, у прыватнасці, указваюцца іх прозвішча, імя, імя па бацьку, дата нараджэння, месца працы, партыйнасць, спосаб вылучэння, а таксама выбарчая акруга, ад якой вылучаецца той ці іншы кандыдат.

Аналіз інфармацыі пра кандыдатаў дазваляе зрабіць выснову пра тое, што сярод кандыдатаў сустракаюцца як партыйныя прадстаўнікі (члены зарэгістраваных у Рэспубліцы Беларусь палітычных партый), так і беспартыйныя. Пры гэтым дадзены факт не ўплывае на прадстаўнічы орган і ўзровень мясцовага самакіравання, у які будзе абірацца кандыдат. Гэта значыць абавязковасць цэнзу партыйнасці пры выбарах дэпутатаў у Рэспубліцы Беларусь не ўсталявана. Прафесійная дзейнасць зарэгістраваных кандыдатаў паказвае, што кандыдатамі ў дэпутаты вылучаны прадстаўнікі народа, якія працуюць у арганізацыях і на прадпрыемствах дзяржаўнай і недзяржаўнай формы ўласнасці, ва ўстановах адукацыі і аховы здароўя, прадстаўнікі, што маюць спартыўныя дасягненні. Пры гэтым сярод кандыдатаў у дэпутаты зарэгістраваны як прадстаўнікі кіраўнічых структур арганізацый, так і спецыялісты.

Якія асаблівасці правядзення перадвыбарнай агітацыі ў Рэспубліцы Беларусь?

Перадвыбарная агітацыя кандыдатаў уключае ў сябе сустрэчы кандыдатаў з выбаршчыкамі як ва ўстановах, так і ў грамадскіх месцах, размяшчэнне перадвыбарных праграм у сродках масавай інфармацыі і на афіцыйных сайтах мясцовых органаў, выступленні кандыдатаў у дэпутаты па тэлебачанні і радыё, тэледэбаты. У адпаведнасці з пастановамі Цэнтральнай выбарчай камісіі ўжо вызначаны сродкі масавай інфармацыі для бясплатных прадстаўленняў кандыдатамі перадвыбарных праграм, інфармацыі пра свае асабістыя, дзелавыя і палітычныя якасці. У прыватнасці, кандыдаты ў дэпутаты, зарэгістраваныя для ўдзелу ў выбарах у Палату прадстаўнікоў ад выбарчых акруг горада Мінска, змогуць выйсці ў эфір у тэлепраграме Белтэлерадыёкампаніі («Беларусь 3»), у радыёпраграме «Радыё-Мінск». Пры гэтым заканадаўствам Рэспублікі Беларусь кандыдатам у дэпутаты гарантуюцца роўныя магчымасці інфармавання выбаршчыкаў у сродках масавай інфармацыі.

Сустрэчы кандыдатаў з выбаршчыкамі праходзяць у зацверджаных для гэтага мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі месцах. Сярод прадстаўленых памяшканняў для сустрэч па г. Мінску вызначаныя актавыя і канферэнц-залы, навучальныя кабінеты школ, гімназій, універсітэтаў, каледжаў, бібліятэк, цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. У грамадскіх месцах у якасці месцаў для сходаў па-за памяшканнямі, як правіла, зацвярджаюцца пляцоўкі перад гандлёвымі аб’ектамі, крамамі, у тым ліку гіпермаркетамі, спартыўнымі цэнтрамі, кінатэатрамі, дамамі быту. Пералікі такіх месцаў зацверджаны адпаведнымі рашэннямі мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў. Для апавяшчэнняў мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў пра планаваныя кандыдатамі ў дэпутаты і іх даверанымі асобамі масавыя мерапрыемствы выбарчым заканадаўствам Рэспублікі Беларусь таксама прадугледжаны падставы для адмоў (да прыкладу, больш ранняе браніраванне грамадскага месца, даты і часу для правядзення сходу іншым кандыдатам і інш.). За парушэнне парадку арганізацыі ці правядзення масавых мерапрыемстваў паводле арт. 24.23 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях устаноўлена адміністрацыйная адказнасць (якая прадугледжвае для фізічных асоб накладанне штрафу да двухсот базавых велічынь, адміністрацыйны арышт, грамадскія працы). Разам з тым парушэнне заканадаўства аб арганізацыі і правядзенні масавых мерапрыемстваў можа цягнуць і крымінальную адказнасць, якая прадугледжвае пазбаўленне свабоды (у прыватнасці, па артыкулах 361-1, 361- 5, 369-3 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь).

Якія навацыі выбарчага заканадаўства характэрныя для выбарчай кампаніі па выбарах дэпутатаў?

Варта адзначыць, што паняцце адзінага дня галасавання не вычэрпвае ўсяго комплексу новаўвядзенняў, якія тычацца хуткіх выбараў. У абноўленай рэдакцыі Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь прадугледжаны шэраг этапаў у арганізацыі і правядзенні выбараў дэпутатаў Парламента і мясцовых саветаў дэпутатаў. Заканадаўчыя змены закранулі забеспячэнне формаў галоснасці выбараў, новыя патрабаванні да дэпутатаў, дадатковыя паўнамоцтвы выбарчых камісій, стварэнне ўчасткаў для галасавання і апублікаванне вынікаў выбараў. Вельмі важна падкрэсліць, што ад даты адзінага дня галасавання (25 лютага 2024 года) адлічваюцца тэрміны прызначэння і правядзення выбараў дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу, выбараў членаў Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, якія абіраюцца ўскосным шляхам.

У цэлым, інавацыі ў выбарчым заканадаўстве грунтуюцца на зменах і дадатках у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь і арыентаваны на забеспячэнне поўнага рэгулявання механізму абрання выбарных грамадзян у прадстаўнічыя органы дзяржаўнай улады, падтрыманне нацыянальнай бяспекі і грамадскага парадку, абарону нацыянальных інтарэсаў падчас электаральных кампаній, укараненне ў выбарчы працэс інфармацыйна-камунікатыўных магчымасцяў афіцыйных інтэрнэт-рэсурсаў дзяржаўных органаў.

Якія стадыі выбарчага працэсу ўжо пройдзены ўдзельнікамі, а якія яшчэ толькі чакаюць?

На 9 лютага ў выбарчым працэсе ўжо пройдзены першыя этапы. У прыватнасці, утвораны выбарчыя камісіі, вызначаны ўчасткі для галасавання. Да 30 студзеня былі зарэгістраваны кандыдаты ў дэпутаты. З 31 студзеня пачаўся асноўны этап – агітацыйная кампанія кандыдатаў у дэпутаты, якая працягнецца да 24 лютага. Этап перадвыбарнай агітацыі кандыдатаў уключае іх выступленні ў сродках масавай інфармацыі, сустрэчы з выбаршчыкамі, прадстаўленні перадвыбарных праграм кандыдатаў для шырокага азнаямлення.

Працэс электаральнай кампаніі нароўні з канстытуцыйнымі нормамі рэгулюецца прававымі актамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Цэнтральнай выбарчай камісіі, мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, органаў мясцовага самакіравання. Сярод іх можна назваць: Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 20.11.2023 № 367 «Аб прызначэнні выбараў дэпутатаў»; пастанову ЦВК ад 23.01.2024 № 3 «Аб зацвярджэнні графіка размеркавання эфірнага часу для бясплатных выступленняў кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь восьмага склікання па тэлебачанні і радыё»; рашэнне Мінгарвыканкама ад 18.01.2024 № 225 «Аб правядзенні перадвыбарнай агітацыі ў г. Мінску» і інш.

Ключавы этап электаральнай кампаніі – гэта галасаванне выбаршчыкаў за кандыдатаў у дэпутаты (уласна выбары). 25 лютага 2024 года адбудзецца адзіны дзень галасавання, г. зн. выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, мясцовых саветаў дэпутатаў (пасялковых, сельскіх, гарадскіх, раённых, абласных, Мінскага гарадскога савета). Для забеспячэння максімальнай магчымасці ўдзелу грамадзян у галасаванні кожнаму выбаршчыку заканадаўства дае права на датэрміновае галасаванне.

Як фарміруюцца спісы выбаршчыкаў?

Спісы выбаршчыкаў спачатку фарміруюцца мясцовымі выканаўчымі органамі і адміністрацыямі на аснове дзяржаўнай аўтаматызаванай інфармацыйнай сістэмы «Рэгістр насельніцтва». Па завяршэнні стварэння ўчастковых выбарчых камісій (з 26 студзеня 2024 года) спісы перадаюцца ім. Ужо з 9 лютага быў пачаты працэс прадстаўлення спісаў грамадзян, якія маюць права ўдзельнічаць у выбарах, для іх азнаямлення, а не пазней, чым за 10 дзён да выбараў выбаршчыкам будуць накіроўвацца паведамленні пра дзень выбараў, час і месца галасавання, нумар тэлефона ўчастковай выбарчай камісіі.

Спісы выбаршчыкаў фарміруюцца ў адпаведнасці з прынцыпам іх месца жыхарства або часовай рэгістрацыі. Пры гэтым выбаршчык уключаецца ў спіс толькі на 1 участку для галасавання. Такі падыход прыняты ў заканадаўстве з мэтай забеспячэння роўных умоў і роўнай колькасці галасоў выбаршчыкаў на выбарах дэпутатаў. У выпадку, калі грамадзянін часова знаходзіцца на тэрыторыі іншага ўчастка для галасавання, ён таксама можа быць уключаны ў спіс выбаршчыкаў па месцы часовага знаходжання. Аднак у такім разе ён павінен будзе прад’явіць ва ўчастковую выбарчую камісію, акрамя пашпарта, дакумент, які пацвярджае яго часовае знаходжанне на адпаведнай тэрыторыі выбарчага ўчастка.

Ці ёсць асаблівасці для датэрміновага галасавання? Галасавання дома?

Датэрміновае галасаванне ажыццяўляецца па месцы знаходжання ўчастковай выбарчай камісіі і магчымае за 5 дзён да адзінага дня галасавання, а менавіта з 20 па 24 лютага з 12.00 да 19.00 (без перапынку).

Для галасавання дома па паважлівых прычынах (да прыкладу, стан здароўя) грамадзянінам падаецца ва ўчастковую выбарчую камісію пісьмовая ці вусная просьба аб магчымасці прагаласаваць дома. Галасаванне дома забяспечваецца з выкананнем тых жа прынцыпаў, што і для астатніх грамадзян на выбарчых участках.

Якія дакументы, акрамя пашпарта грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, можа прад’явіць выбаршчык для атрымання бюлетэня для галасавання?

Акрамя пашпарта грамадзяніна Рэспублікі Беларусь (ідэнтыфікацыйнай карткі грамадзяніна Рэспублікі Беларусь), выбаршчык можа прад’явіць іншы афіцыйны дакумент, які сведчыць асобу (напрыклад, ваенны білет (для вайскоўцаў тэрміновай службы), службовае пасведчанне работніка дзяржаўнага органа (арганізацыі), пасведчанне кіроўцы, студэнцкі білет, білет навучэнца, пенсійнае пасведчанне, пасведчанне інваліда (пры наяўнасці ў ім фатаграфіі), даведку органаў унутраных спраў, што пацвярджае асобу грамадзяніна ў выпадку страты ці крадзяжу пашпарта (ідэнтыфікацыйнай карты грамадзяніна Рэспублікі Беларусь), від на жыхарства для грамадзян Расійскай Федэрацыі).

Дэкан юрыдычнага факультэта БДУ Андрэй Шыдлоўскі,
намеснік дэкана юрыдычнага факультэта па выхаваўчай рабоце Віктар Сухапараў

print

Вам таксама можа спадабацца: