Адна гісторыя на ўсіх: шчыры дыялог розных пакаленняў

21 Feb, 2024.

У Беларускім дзяржаўным універсітэце 6 лютага адбыўся першы Патрыятычны форум моладзі Саюзнай дзяржавы. Аб’яднанне, кансалідацыя высілкаў «спадкаемцаў Вялікай Перамогі» па захаванні гістарычнай памяці, супрацьстаянні фальсіфікацыі вынікаў Вялікай Айчыннай вайны сталі ключавымі матывамі правядзення маштабнай патрыятычнай сустрэчы. Каля 100 студэнтаў з БДУ, Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага ўніверсітэта, Фінансавага ўніверсітэта пры Урадзе Расійскай Федэрацыі на працягу двух дзён былі пагружаны ў пытанні агульнай гісторыі, пошуку кропак яе судакранання з сучаснасцю. На анлайн-сувязі быў таксама Уральскі дзяржаўны юрыдычны ўніверсітэт імя В. Ф. Якаўлева. Правядзенне форуму ў год знакавых дат – 80-й гадавіны зняцця блакады Ленінграда і вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, 25-годдзя падпісання Дамовы аб стварэнні Саюзнай дзяржавы – надало мерапрыемству асаблівы сэнс. Значнасць форуму таксама пацвердзілася ўдзелам Дзяржаўнага сакратара Саюзнай дзяржавы Расіі і Беларусі Дзмітрыя Мезенцава, першага намесніка міністра адукацыі Беларусі Аляксандра Бахановіча, рэктара БДУ Андрэя Караля.

«Мы рады, што на наша запрашэнне да размовы пра гістарычную праўду і абарону гістарычнай памяці адгукнуліся перш за ўсё кіраўнікі і студэнты ВНУ. Сёння ў нас не размова дарослых са сваімі маладымі калегамі, мы перш за ўсё чакаем пытанні ад моладзі, у нас хочуць спытаць, што для нас патрыятызм і грамадзянская пазіцыя. Але і мы ў сваю чаргу хочам даведацца, як бы яны паводзілі сябе, калі б здарыліся падзеі 1941–1945 гадоў, падзеі 1812 года, калі ў тым ліку і беларускія палкі былі абаронцамі адзінай Айчыны», – адзначыў Дзмітрый Мезенцаў.

Ён абазначыў і фармат размовы. «Гэта будзе шчыры дыялог пра тое, што замінае Беларусі і Расіі развівацца сёння, чаму Захад такі агрэсіўны, ці маем мы права здацца і адступіць ад нашых планаў, задум, саюзнага будаўніцтва. Асабліва пасля таго, як прэзідэнты нашых краін Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін правялі пасяджэнне Вышэйшага дзяржсавета, які вызначыў новы этап не толькі эканамічнай, але і культурна-гуманітарнай інтэграцыі, супрацоўніцтва, руху наперад», – адзначыў дзяржсакратар СД.

Гэту думку працягнуў першы намеснік міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Аляксандр Бахановіч: «Сёння Саюзная дзяржава з’яўляецца ва ўсім свеце прыкладам таго, як неабходна супрацоўнічаць, сябраваць, як неабходна сумесна вырашаць пытанні ў палітыцы, эканоміцы. Найважнейшым напрамкам ёсць моладзевая палітыка, таму што моладзь – гэта не толькі наша будучыня, гэта і наша рэчаіснасць. Важна, каб моладзь захавала гэту гістарычную памяць пра наша вялікае мінулае, пра продкаў-пераможцаў, якія ў свой час вызвалілі свет ад карычневай чумы».

Рэктар БДУ Андрэй Кароль адзначыў, што сустрэча мае пэўнае сімвалічнае значэнне. «Форум праходзіць напярэдадні памятных дат. Гэта характарызуе не проста барацьбу за сучаснасць і будучыню, але і барацьбу за наша агульнае мінулае. Бо свет змяняецца. Сёння, каб пазбавіць магчымасці чалавека, а то і цэлага народа, рэалізаваць свой культурна-гістарычны код, сваю місію, дастаткова прыбраць платформу – звесткі пра мінулае. На гэта накіроўваюць розныя інфармацыйна-камунікатыўныя тэхналогіі. Таму важна, каб моладзь ведала гістарычную праўду. Магчыма, варта прадумаць пытанне, звязанае з зацвярджэннем калектыўнай дамовы моладзевай палітыкі, якую рэктары беларускіх і расійскіх ВНУ падпісалі б у 25-гадовы юбілей нашага саюза», – сказаў Андрэй Кароль.

На форуме адзначалася, што сёння надышоў час маладых у адстойванні гістарычнага мінулага, захавання памяці пра яго, неабходнасці стварэння «адзінага летапісу» Вялікай Айчыннай вайны. Яна шматгранная. Гэта не толькі крывавыя баі. Гэта тысячы гістарычных фактаў, матэрыялаў крымінальных спраў пра ўчыненыя злачынствы супраць мірнага насельніцтва і ваеннапалонных у гады Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі былога СССР. Пачатак карпатлівай і адказнай працы ўжо закладзены. На форуме прэзентавалі кнігу «Тэрміну даўнасці не маюць… Злачынствы фашызму супраць народаў Савецкага Саюза ў гады Вялікай Айчыннай вайны 1941–1945 гг.». Яна падрыхтавана да друку пры асабістым удзеле Дзмітрыя Мезенцава. У аснову выдання пакладзены матэрыялы крымінальнай справы пра генацыд беларускага і савецкага народаў, гістарычныя факты – расследаванні Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь, рашэнні судоў горада Санкт-Пецярбурга і Ленінградскай вобласці. На старонках кнігі апублікаваны гістарычныя факты, вынесеныя паводле іскаў пракурораў пра прызнанне злачынстваў, зробленых нямецка-фашысцкімі захопнікамі і іх памагатымі супраць мірнага насельніцтва і ваеннапалонных у гады Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі былога СССР.

Распавядаючы пра гісторыю стварэння кнігі і яе прызначэнне, Дзмітрый Мезенцаў прывёў кранальныя гісторыі з храналогіі блакаднага Ленінграда. Адна з іх пра манетку, якая прадвызначыла трагічны зыход малалетняга блакадніка. Матчына сэрца было расколата акалічнасцямі і немагчымасцю выратавання двух сваіх сыноў. Дзеля жыцця аднаго з іх яна падкінула манетку, каб ведаць, каго працягнуць карміць. Гэты выбар вызначыў лёс кожнага з іх. Дзмітрый Мезенцаў адзначыў, што працяглы час не было маральнага права распавядаць пра жахлівыя факты з гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Сёння прыйшла эпоха апублікавання раней невядомай інфармацыі пра ўвесь трагізм тых падзей. І як пажаданне маладому пакаленню прагучалі словы дзяржаўнага сакратара Саюзнай дзяржавы, што час, які сышоў, захоўваецца ў памяці, душах і кнігах.

Працягнуўся форум размовай са студэнтамі. Яны цікавіліся гісторыяй Саюзнай дзяржавы, праграмамі ў адукацыйнай, навуковай, культурнай, сацыяльнай сферах, а таксама сучаснымі палітычнымі выклікамі. Дзмітрый Мезенцаў распавёў, што сёння дзейнасць Саюзнай дзяржавы развіваецца практычна ў 30 напрамках. Вялікая ўвага надаецца падтрымцы маладых навукоўцаў Беларусі і Расіі. Для гэтага прынята рашэнне пра заснаванне прэміі Саюзнай дзяржавы маладым навукоўцам. Яна будзе прысуджацца кожны год, і сума прэміяльных складзе 3 млн расійскіх рублёў. Перспектыўным, са слоў Дзмітрыя Мезенцава, бачыцца пытанне ўвядзення сістэмы стыпендый для студэнтаў Саюзнай дзяржавы і навукова-тэхнічнае супрацоўніцтва.

Працягнулася праграма пасяджэннем круглага стала па пытаннях моладзевай палітыкі. Тут студэнты абмяняліся вопытам працы органаў студэнцкага самакіравання. У фармаце прэзентацыі яны прадставілі свае праекты і ініцыятывы, якія рэалізуюць ва ўніверсітэтах, і падзяліліся сваім меркаваннем. «Такія мерапрыемствы, як сённяшняе, вельмі важныя, каб мы не забывалі, які подзвіг здзейснілі нашы продкі, і каб захаваць нашу культурную спадчыну на доўгія стагоддзі. Таксама лічу неабходным, каб гістарычная памяць была і ў аснове некаторых сямейных традыцый. Напрыклад, мы з бацькамі наведваем розныя памятныя месцы. Вось нядаўна пабывалі ў Брэсцкай крэпасці», – падзялілася трэцякурсніца факультэта сацыякультурных камунікацый БДУ Александрына Алексіевіч.

«Мне было б цікава наладзіць пэўныя механізмы ўзаемадзеяння з нашымі беларускімі калегамі ў моладзевай патрыятычнай палітыцы праз прызму гістарычнай навукі. Я з’яўляюся старшынёй універсітэцкага ваенна-гістарычнага грамадства, якое займаецца вывучэннем і папулярызацыяй ваеннай гісторыі і сярод студэнтаў, і за рамкамі ўніверсітэта. Мы праводзім розныя лекцыі, семінары, існуюць паўнавартасныя цыклы, тэматычныя мерапрыемствы. Таксама бяру ўдзел у якасці валанцёра. Упершыню прысутнічаю на такім форуме. Спадзяюся, што ён далёка не апошні», – распавёў трэцякурснік Інстытута гісторыі Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага ўніверсітэта Іван Дзёмін.

Дзмітрый Мезенцаў падзякаваў калектыву БДУ за высокі ўзровень арганізацыі мерапрыемства і пакінуў памятны запіс у кнізе ганаровых гасцей універсітэта, а ўсім удзельнікам форуму ўручыў экзэмпляры выдання «Тэрміну даўнасці не маюць… Злачынствы фашызму супраць народаў Савецкага Саюза ў гады Вялікай Айчыннай вайны 1941– 1945 гг.». Асобныя старонкі гісторыі гэтай вайны студэнты змаглі ўбачыць, наведаўшы ў рамках форуму Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

Алена Марцулевіч

print

Вам таксама можа спадабацца: