Электаральны дыялог

21 Feb, 2024.

Дыялогавая пляцоўка «Выбарчы працэс у Рэспубліцы Беларусь: асноўныя стадыі і навацыі заканадаўства» прайшла 24 студзеня з удзелам намеснікаў дэканаў і куратараў навучальных груп усіх факультэтаў універсітэта.

У якасці спікераў выступілі адвакат-медыятар Мінскай абласной калегіі адвакатаў Алеся Церашкова і намеснік дэкана па выхаваўчай рабоце юрыдычнага факультэта Віктар Сухапараў. Эксперты расказалі пра адзіны дзень галасавання, яго новаўвядзенні, актыўную фазу падрыхтоўкі да выбарчай кампаніі, а таксама падзяліліся ўласным меркаваннем наконт удзелу ў выбарах і іх значэння для развіцця краіны і грамадства.

Асноўныя прынцыпы правядзення выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу і дэпутатаў мясцовых саветаў – тое, што выбары праводзяцца на аснове ўсеагульнага, роўнага і прамога выбарчага права пры тайным галасаванні і па аднамандатных выбарчых акругах.

Адным з новаўвядзенняў стала правядзенне галасавання без перапынкаў на абед. Адвакат яшчэ раз нагадала пра важнасць правілаў паводзін на выбарчым участку, напрыклад, забаронена па кідаць ва урну чужы бюлетэнь.

– Любы чалавек у апошні момант можа перадумаць. Выбар, за каго галасаваць і ці галасаваць наогул – аснова свабоднай волі чалавека. Умешвацца ў гэта нельга, – тлумачыць Алеся Церашкова.

Важным аспектам інфармацыйна-асветніцкага мерапрыемства сталі пытанні данясення і пісьменнага тлумачэння асноў электаральнага працэсу у студэнцкай аўдыторыі. Спікеры падзяліліся сваім досведам, на што яны звяртаюць увагу падчас выбарчай кампаніі. Перш чым выбраць, каму аддаць свой голас, трэба паглядзець на вопыт кандыдата, яго крэатыўнасць, наяўнасць цікавых ідэй. Другі важны пункт – чым чалавек займаўся і кім працаваў. Варта прааналізаваць, наколькі яму блізкія і зразумелыя тыя праблемы, з якімі ён сутыкнецца і як ён арыентуецца ў дзяржаўных працэсах.

Падчас актыўнай дыскусіі ўдзельнікі прыйшлі да высновы, што для моладзі асабліва важна ў перыяд выбараў вучыцца атрымліваць правераную інфармацыю і ўмець яе аналізаваць, а таксама адчуваць дапамогу і падтрымку больш «вопытных» выбаршчыкаў.

Працягам тэмы стала дыялогавая пляцоўка, якая прайшла 25 студзеня з удзелам прарэктара па выхаваўчай рабоце і сацыяльных пытаннях Ганны Бакун. Спікерам выступіў загадчык кафедры канстытуцыйнага права юрыдычнага факультэта Рыгор Васілевіч. Тэмай дыскусіі стала абмеркаванне асноўных нормаў, палажэнняў і змяненняў у Выбарчым кодэксе і ролі Канстытуцыі ў арганізацыі і правядзенні перадвыбарнай кампаніі. Спікер таксама растлумачыў парадак галасавання і падвядзення яго вынікаў. У працяг дыялогу Рыгор Васілевіч расказаў пра асноўныя новаўвядзенні ў электаральным працэсе і заканадаўстве для вырашэння праблемы абсентэізму, якая заключаецца ва ўхіленні ад удзелу ў выбарах. Ён расказаў, у чым заключаецца карысць і неабходнасць увядзення адзінага дня галасавання як эфектыўнага метаду павышэння палітычнай актыўнасці грамадзян, згадаў новыя падыходы ў рэгуляванні выбарчага працэсу і праверкі легітымнасці і канстытуцыйнасці выбараў.

Напрыканцы ўдзельнікі сустрэчы абмеркавалі значэнне Усебеларускага народнага сходу як магчымасці для грамадзян паўплываць на развіццё сваёй краіны напрамую. У будучыні плануецца правядзенне такіх сустрэч з удзелам выкладчыкаў і студэнтаў з запрошанымі дзяржаўнымі дзеячамі, прадстаўнікамі органаў улады, палітычных партый, дэпутатаў і інш.

Ганна Казакова

print

Вам таксама можа спадабацца: