Напярэдадні адзінага дня галасавання ў БДУ праходзіць нямала мерапрыемстваў, накіраваных на павышэнне прававой дасведчанасці супрацоўнікаў і студэнтаў. Адна з іх адбылася на вучэбна-метадычным савеце ўніверсітэта. Дакладчыкамі выступілі дэкан юрыдычнага факультэта Андрэй Шыдлоўскі, намеснік дэкана па вучэбнай рабоце і адукацыйных інавацыях Вольга Пабярэжная і намеснік дэкана па выхаваўчай рабоце Віктар Сухапараў.
Па словах Андрэя Шыдлоўскага, па папярэдніх падліках 40% зарэгістраваных кандыдатаў на будучых выбарах з’яўляюцца прадстаўнікамі сацыяльнай сферы, у тым ліку сістэмы адукацыі, культуры, навукі.
– Да выбарчага працэсу праяўляюць цікавасць. Калі раней электаральныя кампаніі дзяліліся на некалькі этапаў (мясцовыя, гарадскія, парламенцкія), то зараз яны пройдуць цэнтралізавана – у адзіны дзень галасавання 25 лютага. Наша задача – тлумачыць людзям, што гэта такое, як будзе праходзіць працэдура галасавання і г. д., – заўважыў дэкан юрфака.
Таксама выступоўца спыніўся на асаблівасцях дзейнасці факультэта ў межах падрыхтоўкі да адзінага дня галасавання. Ключавы напрамак закранае блок прававых пытанняў. Яны адказваюць за развіццё дасведчанасці студэнтаў у гэтай галіне і падштурхоўваюць цікавіцца выбарчым працэсам. Таму, па словах Андрэя Шыдлоўскага, БДУ актыўна задзейнічаны ў гэтым працэсе (толькі Маскоўскі раён Мінска пакінуў заяўкі на правядзенне 42 дыялогавых пляцовак па тэме). Акрамя таго, падрыхтоўчая работа вядзецца ў кожным падраздзяленні БДУ, праграма абмеркавання рыхтуецца з улікам спецыфікі канкрэтнага факультэта ці інстытута.
Намеснік дэкана па вучэбнай рабоце і адукацыйных інавацыях Вольга Пабярэжная расказала пра напрамкі прававой асветы ў адукацыйным працэсе факультэта. Першы з іх – інфармацыйнае суправаджэнне дысцыплін, якія маюць адносіны да электаральных працэсаў. Другі – уключэнне ў прыкладны пералік тэм курсавых і дыпломных работ студэнтаў тых, што закранаюць пытанні выбарчага працэсу. Трэці напрамак – прававая асвета вучняў школ і прафілактыка правапарушэнняў. У яго кантэксце праводзяцца дзелавыя гульні, дыялогавыя пляцоўкі, круглыя сталы, экскурсіі ў выбарчыя органы. У першым выпадку, напрыклад, ёсць магчымасць прайсці розныя этапы электаральнай кампаніі. На круглых сталах асаблівым пунктам стаяць пытанні нацыянальнай бяспекі, дзейнасць цэнтральнай выбарчай камісіі, практычны складнік адзінага дня галасавання і інш. І апошні, чацвёрты, напрамак – функцыянаванне на факультэце студэнцкай «Юрыдычнай клінікі», удзельнікі якой аказваюць бясплатныя кансультацыі і адпрацоўваюць навыкі, неабходныя для будучай прафесіі. Акрамя таго, у межах клінікі запушчаны асветніцкія праекты «Права на кожны дзень» і «Роўны навучае роўнага».
Намеснік дэкана па выхаваўчай рабоце Віктар Сухапараў адзначыў, што пытанні выбарчага права тычацца выхаваўчую работу на факультэце, яны ўключаны ў вучэбны працэс. Найперш гэта закранае інфармацыйныя і куратарскія гадзіны, дзе абмяркоўваюць актуальны парадак дня, глядзяць фільмы, з экскурсіямі наведваюць розныя дзяржаўныя структуры. Таксама студэнты і выкладчыкі далучаюцца да рэспубліканскіх і ўніверсітэцкіх мерапрыемстваў электаральнай кампаніі. Сіламі юрфака ва ўніверсітэце праводзяцца дні прававой асветы. Такія мерапрыемствы, як правіла, суправаджаюцца прысутнасцю прадстаўнікоў судзейскага корпусу і супрацоўнікаў пракуратуры.
– Тэматыка круглых сталоў была скіравана на парадак дня – пытанні, якія тычацца адзінага дня галасавання, новаўвядзенняў у заканадаўства. Акрамя таго, нашы студэнты з’яўляюцца пастаяннымі ўдзельнікамі праектаў «Кар’ерная лесвіца» і «Школа маладога выбаршчыка», – падсумаваў Віктар Сухапараў. – Нельга не адзначыць работу кніжных выстаў, якая пераклікаюцца з пытаннямі кутка выбаршчыка, дэманструюць спецыяльную літаратуру і манаграфіі выкладчыкаў па выбарчым і канстытуцыйным праве, матэрыялы СМІ.