Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Наталля Качанава 16 лютага сустрэлася са студэнтамі БДУ.
«Рада быць ізноў у сценах вядучай ВНУ ў краіне – БДУ. Я папрасіла, каб сёння тут прысутнічалі толькі студэнты – без выкладчыкаў, рэктара. Проста хачу з вамі пагутарыць, давяду да вас інфармацыю, якой хацела б падзяліцца. І давайце дамовімся: вы мне задаяце любыя пытанні, якія вас будуць цікавіць: асабістага плана, планаў развіцця краіны, маёй працы», – адзначыла Наталля Качанава.
Спікер распавяла пра дзейнасць Савета Рэспублікі і моладзевага парламента, заканатворчасць, навіны Канстытуцыі, сустрэчы з людзьмі, міжнароднае супрацоўніцтва, складанае становішча ў свеце, памятныя даты, якія будуць адзначацца ў 2024 – 2025 гадах (80-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне), і інш.
Адной з тэм стала правядзенне адзінага дня галасавання – важнага этапу ў жыцці дзяржавы. «Усе, хто мае права браць удзел у выбарчай кампаніі, будуць аддаваць свой голас за дэпутатаў. І важна выбраць годных людзей, таму што яны будуць вызначаць далейшае развіццё краіны, – падкрэсліла Наталля Качанава. – Гэта найцяжэйшая праца, адказнасць за прыняцце рашэнняў».
Старшыня Савета Рэспублікі ў гэтай сувязі звярнула ўвагу на тое, што не выявіць грамадзянскую пазіцыю, не прагаласаваць – не правільна. Кожны павінен разумець значнасць удзелу ў выбарах.
Асобна спікер спынілася на фарміраванні Усебеларускага народнага сходу, якому нададзены канстытуцыйны статус. Члены УНС будуць працаваць на працягу 5 гадоў, як і дэпутаты. Колькасць – 1,2 тыс. дэлегатаў. «У членаў Усебеларускага народнага сходу велізарныя паўнамоцтвы – гэта стратэгія развіцця нашай краіны», – сказала Наталля Качанава.
Закранаючы міжнароднае становішча, Наталля Качанава яшчэ раз нагадала пра міралюбівую палітыку Беларусі. «Мы ніколі нікому не пагражалі і не будзем пагражаць – занадта шмат напакутаваўся народ, – сказала яна. – Таму так важна захаваць мір і спакой у краіне».
Таксама на сустрэчы паднімаліся пытанні дэмаграфіі. «Каштоўнасці, якія дамінуюць на Захадзе, для нас непрымальныя. У нас традыцыі – замуж выходзіць, жаніцца, дзяцей нараджаць, сям’ю ствараць. А там дзіцяці ўжо ў дзіцячым садку кажуць: можаш вызначыцца – хлопчык ты ці дзяўчынка. Гэта няправільна, не наш падыход. Таму ў Канстытуцыі па патрабаванні грамадзян прапісалі: шлюб – гэта саюз паміж мужчынам і жанчынай. Вы павінны разумець каштоўнасць, статус сям’і», – падкрэсліла Наталля Качанава, звяртаючыся да моладзі.
Адзін са студэнтаў спытаў Наталлю Качанаву, як яна ставіцца да асабістых блогаў, старонак у сацыяльных сетках і ці варта чакаць з’яўлення яе асабістага акаўнта. Спікер адказала: «Я не баюся ніякіх аўдыторый, адкрыта іду да людзей. Мы сумленныя перад народам, сваёй краінай. Думаю, наколькі цікавая будзе мая старонка, якую інфармацыю змагу выкладваць?»
Таксама ўдзельнікі сустрэчы цікавіліся, як дамагчыся поспеху, не прапусціць ключавых момантаў, якія дапамогуць у прафесійным станаўленні. «Я з простай, працоўнай сям’і. Ніколі не марыла жыць і працаваць у Мінску. Больш за тое, жудасна баялася з’ехаць з роднага горада, які бязмерна люблю. Але жыццё так склалася. Асноватворнае для мяне – адказнае стаўленне да ўсяго. Мне ўсюды было камфортна працаваць, – сказала Наталля Качанава. – У нашай краіне, калі ты сумленны чалавек і сумленна выконваеш свае абавязкі, разумееш адказнасць не толькі за сваю сям’ю, але і за краіну, усё магчыма».
Спікер падкрэсліла важнасць справядлівага стаўлення да людзей, чаго патрабуе Прэзідэнт. «Самае галоўнае, калі дасягаеш пэўнага ўзроўню, захаваць чалавечыя якасці. Калі толькі ўзышоў на прыступку вышэй, надзеў карону і ты начальнік, а астатнія ніхто – бяда. Не атрымаецца добрага кіраўніка з той простай прычыны, што людзі гэта бачаць і адчуваюць», – сказала Наталля Качанава.
У размове з журналістамі спікер падкрэсліла важнасць такіх сустрэч. «Мне было вельмі цікава сустрэцца з маладымі хлопцамі і дзяўчатамі – гэта галоўным чынам першы, другі, трэці курс, тыя, хто толькі прыйшоў і пачаў вучыцца ў вядучай ВНУ краіны. Многія з іх прыехалі з іншых гарадоў і рэгіёнаў, – адзначыла Наталля Качанава. – Мы гэту форму працы працягнем. Пры такіх асабістых сустрэчах у чарговы раз пераконваешся: у нас выдатная моладзь, якая думае пра будучыню краіны. Упэўнена, яны зробяць усё, каб развіваць і прымнажаць тыя традыцыі, якія ёсць у роднай Беларусі».
Акрамя таго, Наталля Качанава азнаёмілася з выставай дасягненняў БРСМ БДУ за 2020 – 2024 гады.
Па матэрыялах БелТА