БДУ адзначыў Дзень Канстытуцыі

29 Mar, 2024.

Напярэдадні Дня Канстытуцыі Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт правёў шэраг мерапрыемстваў, прысвечаных Галоўнаму закону краіны. Сярод іх – дыялогавыя пляцоўкі, круглыя сталы, канферэнцыі, лекцыі, конкурсы і выставы.

Удзельнікамі мерапрыемстваў сталі студэнты і супрацоўнікі розных факультэтаў, інстытутаў і падраздзяленняў БДУ. Цэнтральную частку падзей склала серыя дыялогавых пляцовак з удзелам дзяржаўных дзеячаў, прадстаўнікоў органаў улады, дэпутатаў. У якасці запрошаных гасцей выступілі Старшыня Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь Пётр Міклашэвіч, генеральны дырэктар агенцтва «Мінск-Навіны», старшыня праўлення Беларускага саюза журналістаў Андрэй Крывашэеў і дырэктар Нацыянальнага архіва Беларусі Андрэй Дземянюк. Таксама да ўдзельнікаў мерапрыемстваў звярталіся прарэктар па выхаваўчай рабоце і сацыяльных пытаннях Ганна Бакун, дэкан факультэта журналістыкі Аляксей Бяляеў, загадчык кафедры канстытуцыйнага права юрфака Рыгор Васілевіч і інш.

Далучылася да свята і студэнцкае самакіраванне: 1 сакавіка стартаваў моладзевы праект «Канстытуцыя: 30 гадоў асноўнаму закону». На працягу двух тыдняў хлопцы і дзяўчаты станавіліся ўдзельнікамі віктарын, конкурсаў і квізаў. Таксама студэнты маглі праявіць сябе ў Instagram-чэленджы «#Канстытуцыя30», дэбат-турніры «Нормы Канстытуцыі: за і супраць».

Акрамя таго, у бібліятэчных залах Юрыдычнага каледжа, Інстытута бізнесу і Інстытута тэалогіі імя св. Мяфодзія і Кірыла БДУ працуюць кніжныя экспазіцыі на тэму канстытуцыйнага права. А на філалагічным факультэце арганізаваны конкурс на найлепшы пераклад асобных раздзелаў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь на славянскія мовы, што вывучаюцца на факультэце.

– На пляцоўках ВНУ выступаюць палітыкі, дзяржаўныя і грамадскія дзеячы. Такія сустрэчы з’яўляюцца добрай магчымасцю для маладых людзей пакамунікаваць з асобамі, якія стаяць ля вытокаў станаўлення беларускай дзяржаўнасці, – адзначыў рэктар Андрэй Кароль.

Арганізатарамі мерапрыемства сталі ўпраўленне па выхаваўчай рабоце з моладдзю, рэспубліканскае аб’яднанне «Белая Русь», БРСМ, пярвічныя прафсаюзныя арганізацыі работнікаў і студэнтаў, Фундаментальная бібліятэка і Студэнцкі гарадок БДУ.

Даведка:
Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь з’яўляецца Асноўным Законам дзяржавы, які мае вышэйшую юрыдычную сілу і прамое дзеянне на ўсёй тэрыторыі краіны. У Канстытуцыі закладзены асновы рэгулявання прававой, палітычнай і эканамічнай сістэмы дзяржавы. Асноўны Закон замацоўвае неад’емныя Правы чалавека і гарантыі іх рэалізацыі, узаемныя абавязкі грамадзяніна і дзяржавы, парадак фарміравання і функцыянавання органаў улады. Палажэнні Канстытуцыі знаходзяць сваё развіццё ў бягучым заканадаўстве.

Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь прынята ў 1994 годзе, замацоўваючы статус рэспублікі як унітарнай дэмакратычнай сацыяльнай прававой дзяржавы. Сёння дакумент утрымлівае 9 раздзелаў і 156 артыкулаў, з дапаўненнямі, прынятымі на рэферэндумах 1996, 2004 і 2022 года. У якасці дзяржаўнага свята Дзень Канстытуцыі (15 сакавіка) устаноўлены загадам Прэзідэнта ў 1998 годзе.

print

Вам таксама можа спадабацца: