Эканамічны факультэт – мінулае і сучаснасць

29 Mar, 2024.

Эканамічнаму факультэту – 25 гадоў. Але яго гісторыя нашмат старэйшая і сыходзіць сваімі каранямі да самага пачатку існавання БДУ.

Мінулае

Навучанне спецыялістаў гэтага профілю ў Беларускім дзяржаўным універсітэце пачалося з моманту яго адкрыцця ў 1921 годзе. Гэта быў час станаўлення нацыянальнай акадэмічнай эканамічнай школы Беларусі. За падрыхтоўку студэнтаў адказвала аддзяленне факультэта грамадскіх навук (ФГН) універсітэта.

Навучальны план зацвердзіла прадметная камісія па эканоміцы, старшынёй якой выступіў рэктар БДУ Уладзімір Пічэта.

У 1925 г. ФГН БДУ скончылі 34 эканамісты.

Першая дыпломная работа на тэму «Сельская гаспадарка і фабрычна-завадская прамысловасць СССР у іх рыначных узаемаадносінах» была напісана пад кіраўніцтвам рэктара і абаронена студэнтам-эканамістам Уладзімірам Каракулькам. Яму і быў уручаны дыплом БДУ № 1. Ужо ў чэрвені наступнага года пасведчанні аб заканчэнні ўніверсітэта атрымалі яшчэ 85 спецыялістаў. Увосень 1925 г. ад факультэта грамадскіх навук быў аддзелены факультэт права і гаспадаркі (праўгас) з чатырма эканамічнымі аддзяленнямі.

Лекцыйная кніжка Уладзіміра Каракулькі

А ў 1927 годзе ў БДУ адкрылі аспірантуру па эканоміцы. Пазней, у 1929 годзе, усе 4 аддзяленні праўгаса БДУ былі вылучаны ў асобны факультэт народнай гаспадаркі. Ён рыхтаваў кадры для новай эканамічнай палітыкі і індустрыялізацыі краіны.

У першыя гады ў БДУ актыўна вяліся тэарэтычныя даследаванні і навуковыя дыскусіі, найперш па пытаннях будаўніцтва сацыялістычнай эканомікі.

Тэмы навуковых пошукаў у значнай ступені насілі міждысцыплінарны характар і перасякаліся з гісторыяй і правам: тэорыя дзяржавы, тэорыя класаў і дыктатуры пралетарыяту, адносіны з сялянствам, тэорыя прадукцыйных сіл і адносін, паняцце ўласнасці.

Два гады з 1925 па 1926 у БДУ працаваў вядомы беларускі гісторык і эканаміст Мітрафан Доўнар-Запольскі. У 1926 г. ён выдаў кнігу, якая ўяўляе цікавасць для эканамістаў і сёння – «Народная гаспадарка Беларусі ў 1861–1919 гг.», падрыхтаваў забароненую тады і выдадзеную толькі ў 1994 г. кнігу «Гісторыя Беларусi».

Першыя выкладчыкі-эканамісты БДУ былі і практыкамі: І. Я. Герцык з’яўляўся членам прэзідыума Дзяржплана БССР, А. І. Шэйнін узначальваў у Дзяржплане Кан’юнктурнае бюро, а Доўнар-Запольскі быў членам эканамічнай секцыі Дзяржплана БССР.

У 1931 г. на аснове факультэта народнай гаспадаркі былі створаны тры інстытуты – планава-эканамічны, фінансава-эканамічны і інстытут спажывецкай кааперацыі, яны ў 1933 г. былі аддзелены ад БДУ і аб’яднаны ў Інстытут народнай гаспадаркі (цяпер БДЭУ), куды перайшлі працаваць многія выкладчыкі-эканамісты нашага ўніверсітэта. Першымі дырэктарамі новай ВНУ таксама былі выпускнікі факультэта народнай гаспадаркі.

Узнікненне факультэта

1 сакавіка 1999 г. на базе аддзялення эканамічнай тэорыі філасофска-эканамічнага факультэта быў створаны новы факультэт. Па выніках абвешчанага ў БДУ конкурсу канцэпцый дэканам сучаснага эканамфака стаў Міхаіл Кавалёў. І ў верасні гэтага года пачалася падрыхтоўка студэнтаў па чатырох спецыяльнасцях: «Фінансы і крэдыт», «Эканоміка», «Эканамічная тэорыя», «Менеджмент».

У 2001 годзе эканамічны факультэт першым у БДУ перайшоў на двухступеньчатую сістэму (бакалаўрыят і магістратура) і пачаў масавую падрыхтоўку магістраў. У той перыяд дзейнічалі кафедры эканамічнай інфарматыкі і матэматычнай эканомікі, банкаўскай і фінансавай эканомікі, менеджменту, эканамічных навук і кафедра эканамічнай тэорыі.

Ужо ў 2012 годзе пачалася падрыхтоўка па спецыяльнасці «Эканамічная інфарматыка». А наступны год азнаменаваўся структурнымі зменамі на 3 кафедрах, у выніку чаго ўтварыліся 6 новых.

30 жніўня 2018 года дэканам была прызначана кандыдат фізіка-матэматычных навук дацэнт Ганна Каралёва.

Сучаснасць

Факультэт развіваецца з вялізнай хуткасцю. Сёння на ім навучаюцца 1050 студэнтаў, 275 магістрантаў і больш за 70 аспірантаў.

Функцыянуе 8 кафедраў:
— Аналітычнай эканомікі і эканаметрыкі;
— Банкаўскай эканомікі;
— Карпаратыўных фінансаў;
— Інаватыкі і прадпрымальніцкай дзейнасці;
— Міжнароднага менеджменту;
— Міжнароднай палітычнай эканоміі;
— Лічбавай эканомікі;
— Эканамічнай бяспекі.

На іх працуюць 150 выкладчыкаў, з якіх 56 кандыдатаў навук, 16 дактароў навук і 17 прафесараў. Па сумяшчальніцтве на факультэце выкладае шэраг вядомых вучоных-практыкаў, кіраўнікоў і вядучых спецыялістаў міністэрстваў, банкаў, кансалтынгавых і IT-кампаній, дзяржаўных і прыватных устаноў.

3 лабараторыі:
— Навукова-даследчая лабараторыя;
— Навучальная лабараторыя кафедры лічбавай эканомікі;
— Лабараторыя тэхнічных сродкаў навучання.

У 2021 годзе адбыўся першы набор на спецыяльнасць «Эканамічная бяспека».

Восенню 2022 года адкрыўся новы корпус факультэта на вуліцы Даўгабродскай. А за 2023 г. была распрацавана і ўкаранёна Праграма павышэння кваліфікацыі настаўнікаў факультатыва па асновах фінансавай пісьменнасці, з’явілася дыстанцыйная магістарская праграма і набор на спецыяльнасць «Дзяржаўны аўдыт».

За апошнія 5 гадоў студэнты эканамічнага факультэта станавіліся пераможцамі і прызёрамі міжнародных алімпіяд па фінансавай бяспецы і гісторыі эканамічных вучэнняў, 6 разоў былі лаўрэатамі конкурсу «Студэнт года БДУ» ў намінацыі «Навука».

Было праведзена шмат міжнародных навукова-практычных канферэнцый, абаронена 33 дысертацыі і ўкаранёна ў вытворчую дзейнасць і адукацыйны працэс больш за 650 навуковых распрацовак.

Таксама да юбілею факультэта ўпершыню ў адукацыйным асяроддзі Беларусі было праведзена мерапрыемства ў фармаце фарсайт-сесіі. Гэта ўнікальная методыка прагназавання будучыні, якая дазваляе вызначыць вектар развіцця на найбліжэйшыя 3-5-10 гадоў з улікам галіновых трэндаў, магчымасцяў і пагроз.

Сваімі асноўнымі мэтамі на наступны год эканамічны факультэт вызначыў павышэнне якасці адукацыі, павелічэнне долі высакакласных спецыялістаў і павышэнне іх прафесійных кампетэнтнасцяў, развіццё выхаваўчай работы ў кантэксце трансфармацыі сацыякультурнага асяроддзя, інтэрнацыяналізацыю і развіццё экспартнага патэнцыялу БДУ і пабудову яго ўстойлівай эканамічнай мадэлі.

Мы жадаем факультэту дасягнуць усіх пастаўленых мэт і віншуем з юбілеем!

Ганна КАЗАКОВА

print

Вам таксама можа спадабацца: