Інавацыйная адукацыя, высокатэхналагічнае супрацоўніцтва: новыя дамоўленасці БДУ і Кітая

29 Mar, 2024.

Гэта стане магчымым дзякуючы рэалізацыі беларуска-кітайскага праекта «Інстытут інавацыйнай адукацыі пад эгідай БДУ». З боку Кітая выканаўцам выступае Хайнанскі цэнтр перадавога вопыту ў сферы міжнароднай адукацыі (г. Санья). Адпаведная дамова па арганізацыі дадзенай ініцыятывы была падпісана 18 сакавіка падчас афіцыйнага візіту ў Кітай дэлегацыі БДУ на чале з рэктарам Андрэем Каралём.

Рэктар БДУ адзначыў, што Інстытут інавацыйнай адукацыі не абмяжуецца кітайскім вектарам. Прадугледжваецца, што ён стане цэнтрам прыцягнення іншых універсітэтаў, у тым ліку замежных. На яго базе плануецца навучанне грамадзян найбліжэйшых да Кітая краін і дзяржаў-удзельніц праекта «Адзін пояс, адзін шлях».

– Гэта своеасаблівая экасістэма, якая прадугледжвае не толькі навучанне студэнтаў і падрыхтоўку спецыялістаў, але і развіццё бізнес-ініцыятыў у рамках сумесных беларуска-кітайскіх эканамічных і індустрыяльных адносін праз стварэнне высокатэхналагічных прадуктаў. Адзначаецца вялікая цікавасць да праекта з боку кітайскіх ВНУ і шырокія магчымасці фарміравання міжнародных сувязяў з прыцягненнем замежных партнёраў. Патэнцыял супрацоўніцтва вельмі высокі, – растлумачыў рэктар БДУ.

На дадзены момант свае намеры па сумеснай рэалізацыі праекта пазначылі ўжо 14 вядучых універсітэтаў Кітая, што кажа пра яго ўнікальнасць і значнасць для развіцця адукацыйнага супрацоўніцтва дзвюх краін. Сама ініцыятыва атрымала вялікую падтрымку на ўзроўні ўрада г. Санья. Для рэалізацыі праекта БДУ перададзена сучасная інфраструктура з магчымасцю рэалізацыі функцый лічбавага ўніверсітэта, ідэнтыфікацыі асобы студэнта і выкладчыка, маніторынгу раскладу, наведванняў, месца і тэмы заняткаў. У рамках праекта будзе арганізавана дэманстрацыйная пляцоўка навукова-тэхнічных дасягненняў комплексу БДУ.

Дадзены праект прадугледжвае таксама калектыўную працу па актывізацыі ўзаемадзеяння ў сферы адукацыі, развіцця экспарту адукацыйных паслуг і павелічэння кантынгенту кітайскіх грамадзян у беларускай ВНУ. Дзейнасць бакоў будзе развівацца ў некалькіх напрамках. Гэта распрацоўка навучальна-метадычнай дакументацыі, падрыхтоўка кітайскіх грамадзян да паступлення ў БДУ, правядзенне сумоўяў, прафарыентацыйных мерапрыемстваў, арганізацыя сумеснага навучання рускай мове як замежнай і англійскай з выкарыстаннем ІКТ. Дарэчы, на базе Хайнанскага цэнтра ў гэтыя дні для прадстаўнікоў школ г. Санья адбылася прэзентацыя адукацыйных паслуг беларускай ВНУ. Таксама былі праведзены перамовы з кіраўніцтвам Упраўлення адукацыі. Дасягнуты дамоўленасці наконт падтрымкі адукацыйных і навуковых праектаў БДУ, пашырэння прысутнасці беларускай ВНУ на тэрыторыі правінцыі Хайнань.

Таксама ў першы дзень візіту ў Кітай быў падпісаны мемарандум аб міжнародным супрацоўніцтве паміж БДУ і ТАА «Санья Ячжоу Бэй Навукова-тэхнічны горад развіцця і будаўніцтва». Гэта дамоўленасць стала адной з першых у рэалізацыі праекта «Інстытут інавацыйнай адукацыі пад эгідай БДУ» і прадугледжвае навуковае і навукова-тэхнічнае ўзаемадзеянне бакоў па сучасных напрамках, уключаючы космас. Навукова-тэхнічны горад Ячжоу Бэй – гэта інавацыйная платформа для правядзення навуковых даследаванняў. Найлепшыя ўніверсітэты Кітая маюць свае структуры ў гэтым горадзе, і БДУ стаў першай беларускай ВНУ, што ўсталявала афіцыйнае супрацоўніцтва.

Таксама БДУ пашырыць супрацоўніцтва з Кітаем у галіне моўнай падрыхтоўкі студэнтаў.

Адпаведны пакет дакументаў падпісалі рэктары БДУ Андрэй Кароль і Другога Пекінскага інстытута замежных моў Цзі Цзінь Бяа. Дадзеная кітайская ВНУ стала новым партнёрам для БДУ. Афіцыйныя адносіны паміж універсітэтамі замацаваны дзвюма дамовамі. Першая рэгламентуе ўзаемадзеянне ў галіне адукацыі па многіх вектарах. Гэта адкрыццё сумесных адукацыйных праграм, выкананне сумесных навукова-даследчых і адукацыйных праектаў, абмен інфармацыяй, навучальнымі матэрыяламі, арганізацыя канферэнцый, семінараў, практыкумаў, курсаў і падрыхтоўка сумесных публікацый. Другая дамова прадугледжвае акадэмічны абмен студэнтамі першай ступені атрымання вышэйшай адукацыі, а таксама магістрантамі і аспірантамі.

Другі Пекінскі ўніверсітэт замежных моў мае 60-гадовую гісторыю. Навучанне вядзецца на 14 факультэтах па 48 спецыяльнасцях бакалаўрыята. Таксама дзейнічаюць магістратура, аспірантура і 15 навуковых інстытутаў. Прадугледжваецца, што дасягнутыя дамоўленасці будуць спрыяць развіццю партнёрскіх адносін у галіне адукацыі і навукі, паглыбленню і пашырэнню наяўнага супрацоўніцтва.

Акрамя таго, падчас візіту адбылося наведванне Кітайскага ўніверсітэта палітычных навук і права. Бакі актуалізавалі дзейныя паміж ВНУ мемарандум аб паразуменні і дамову аб абмене навучэнцамі. Былі разгледжаны пытанні развіцця ўзаемадзеяння, працэсаў абмену студэнтамі па юрыдычных спецыяльнасцях, удзелу ў навуковых мерапрыемствах і падрыхтоўкі публікацый па юрыспрудэнцыі.

Нагадаем, сёння Кітай з’яўляецца для БДУ адным са стратэгічных партнёраў, актыўна развіваюцца навуковыя, экспертныя і культурныя кантакты. Усяго ў БДУ дзейнічае 99 дамоў з 63 кітайскімі ўстановамі. Гэта больш за 16,5% ад агульнай колькасці ўсіх міжнародных дамоў. Пры гэтым супрацоўніцтва з Кітаем мае станоўчую дынаміку. У канцы кастрычніка мінулага года на базе ФМА адкрылі Даследчы цэнтр ШАС, тут жа ўпершыню ў Беларусі былі створаны кафедры ўсходазнаўства і комплекснага вывучэння развіцця КНР.

Важным для ўмацавання беларуска-кітайскіх адносін стаў удзел БДУ ў якасці аднаго з заснавальнікаў новай Універсітэцкай сеткі навукова-даследчага супрацоўніцтва (iUNRC, Кітай). Яе адкрыццё адбылося напачатку лістапада 2023 года ў рамках I Міжнароднага кангрэса па навукова-тэхнічных абменах «Адзін пояс, адзін шлях».

Акрамя таго, БДУ вельмі папулярны сярод кітайскіх грамадзян. На сёння замежных студэнтаў больш чым пяць тысяч, і самую вялікую долю складаюць навучэнцы з Кітая – тры з паловай тысячы.

Паводле інфармацыі прэс-службы БДУ

print

Вам таксама можа спадабацца: