Культурная разнастайнасць у БДУ

29 Mar, 2024.

У Ліцэі БДУ адбылося свята «Дзень нацыянальных культур». Свае экспазіцыі прадставілі студэнты і магістранты з Азербайджана, Казахстана, Кітая, Турцыі, Таджыкістана, Туркменістана і Сірыі. Савет зямляцтваў распавёў пра традыцыі і звычаі гэтых краін.

Унікальную культуру сваіх нацый арганізатары паказалі праз творы мастацтва, фатаграфіі, нацыянальныя стравы і традыцыйныя рамёствы. Так, студэнты з КНР здзіўлялі гасцей майстэрствам гульні ў сянці. Гэта кітайская версія шахмат, дзе трэба хадзіць не па клетках, а па лініях. А Туркменістан смачна пачаставаў сваёй ежай: даграмой, чурэкамі і піражкамі з маслам і мясам.

Некаторыя арганізатары Дня нацыянальных культур з задавальненнем падзяліліся сваімі эмоцыямі. Для іх гэтае мерапрыемства як падарожжа дахаты.

Маргіяна Аманава, прадстаўніца Туркменістана: «Было няпроста знайсці і прыгатаваць нацыянальную ежу і падрыхтаваць касцюмы, бо не ўсе неабходныя матэрыялы тут даступныя. Іншыя студэнты з Туркменістана дапамагалі як маглі: адна дзяўчына нават дала свае сукенкі і ўпрыгожванні. Першапачаткова я турбавалася пра выступленне ў нацыянальным касцюме, але ў той жа час ганарылася, што пакажу яго прыгажосць. Мне прыемна, што была такая магчымасць прадставіць нашу культуру. Нягледзячы на адлегласць, я адчула, што быццам вярнулася дахаты».

Даніл Шыраеў, прадстаўнік Казахстана: «Больш за ўсё мне запомніліся, як усе прадстаўнікі краін і госці выходзілі ў цэнтр залы і танчылі. Удзельнікам было не важна, на якой мове гучалі песні».

Вэнь Юйкэ, прадстаўнік Кітая і намеснік старшыні савета зямляцтваў: «У наступным годзе я спадзяюся на большы ўдзел людзей з розных краін. Хоць у БДУ ўжо навучаюцца студэнты з Еўропы, Паўднёва-Усходняй Азіі і Паўднёвай Амерыкі, але гэтым разам іх прадстаўнікоў на свяце не было. Я таксама спадзяюся, што арганізатары выявяць яшчэ больш цікавасці да таго, каб паказаць усю прыгажосць і шматстайнасць традыцый свайго народа».

Апрача тэматычных сталоў краіны-ўдзельнікі падрыхтавалі чытанне вершаў на роднай мове, танцы і песні. Госці мерапрыемства таксама маглі станцаваць і сфатаграфавацца разам з арганізатарамі.

Станіслава НІКАНОВІЧ

print

Вам таксама можа спадабацца: