«Памераць» навуку, вырашыць тэхнічныя непаладкі рознай цяжкасці і развеяць міфы пра прафесію можа супрацоўнік Фундаментальнай бібліятэкі БДУ Ягор СКОРЫЙ, з якім карэспандэнт газеты заступае на «змену» ў сакавіку.
Наш працоўны дзень пачынаецца з прагляду электроннай пошты. Туды звычайна прыходзяць дакументы для платных паслуг ці вучэбныя праграмы, літаратуру з якіх выкладчыкі ўзгадняюць з супрацоўнікамі бібліятэкі. Першая змена доўжыцца з паловы дзявятай да 17 гадзін, другая пачынаецца а палове дзясятай і заканчваецца а дзевятнаццатай.
«Напарнік» кажа, што звычайна падчас сесіі ці здачы курсавых работ колькасць наведвальнікаў за адзін дзень узрастае амаль да ста чалавек. А самы «штыль» сярод чытачоў прыпадае на сакавік-красавік. Таксама Ягор пералічвае свае абавязкі:
– Вось, напрыклад, даследчыкі пішуць навуковыя артыкулы. Часта ў патрабаваннях да канферэнцый прапісваецца неабходнасць указаць індэкс універсальнай дзесятковай класіфікацыі (УДК). Калі чалавек не можа зрабіць гэта сам, звяртаецца да нас. Бліжэй да сесіі становіцца запатрабаваным спіс літаратуры па нейкай тэме, афармленне спіса літаратуры ў адпаведнасці з патрабаваннямі Вышэйшай атэстацыйнай камісіі ці дапамога ў пошуку артыкулаў па тэме курсавой ці дыпломнай работы, – уводзіць у курс справы спецыяліст. – Таксама на першым курсе мы выкладаем дысцыпліну «Універсітэтазнаўства». Калі з асноўным пластом працы скончана, бібліятэкары займаюцца інвентарызацыяй кніг – звяраюць наяўнасць выданняў з электронным каталогам.
Кожная сітуацыя – як шашачная партыя
Сёння Ягору трэба ўсталяваць манітор у кабінеце калег, а таксама падключыць счытвальнік штрыхкодаў у зале перыёдыкі. Правяраючы тэхніку і размяркоўваючы правады ў патрэбныя гнёзды, ён адказвае на пытанні . Аказваецца, у юнацтве хлопец захапляўся шашкамі і мае другі юнацкі разрад. Гэтым заняткам яго зацікавілі прадстаўнікі мясцовай спартыўнай школы, што прыйшлі на сустрэчу з вучнямі. Паколькі бавіць час «на вуліцы» падлетак не хацеў, ён пераключыў сваю ўвагу на шашкі. Таксама займаўся вольнай барацьбой. Гэтыя віды спорту, як аказалася, пасля паўплывалі на вобраз мыслення хлопца.
– Калі ты малы, проста цікава ездзіць на мерапрыемствы і знаёміцца з новымі камбінацыямі і людзьмі. А зараз гэта вылілася ў тое, што часта ў працы думаю над нейкай сітуацыяй, быццам над партыяй ці паядынкам. У такія моманты разумею, як сам павінен сябе паводзіць, а як можа адрэагаваць суразмоўца, – кажа Ягор.
Так склалася, што малады бібліятэкар вучыўся пастаянна: спачатку ў школе і мінскім гарадскім ліцэі, затым ва УВА. Хлопец паступіў на мехмат БДУ, але пасля двух гадоў вучобы ён зразумеў, што далей не бачыць сябе праграмістам, і забраў дакументы. Ягор Скорый хацеў звязаць свае тэхнічныя навыкі з гуманітарнымі навукамі. Гэтаму ў нейкай ступені паспрыяў прыклад Васіля Нешытога, які выкладаў на факультэце інфармацыйна-дакументных камунікацый БДУКМ. Таму для вучобы выбіраў сярод гістарычнага і філалагічнага факультэтаў, ФФСН, а таксама – Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, на якім і спыніўся.
– Раней я смяяўся, што стаў бібліятэкарам, бо ўбачыў кіно пра кніжкі і быў зачараваны. Аднак нічога такога не было. Я шмат думаў, абмяркоўваў з сябрамі і выкладчыкамі. А паколькі вучыцца было цікава, знайшоў тое, чым хацеў займацца, падаў дакументы ў магістратуру. У першы год працы моцна не хапала паглыблення ў даследаванні, абмеркавання нейкіх з’яў з навуковага боку. Калі зразумеў гэта, пытання «ісці – не ісці» ў магістратуру не ўзнікала, – дзеліцца бібліятэкар.
Спецыяліст на стыку дысцыплін
Мара хлопца стаць спецыялістам на стыку дысцыплін стала рэальнай якраз у БДУКМ, бо тут ён адкрыў для сябе навукаметрыю – дысцыпліну, «што ведае, як памераць навуку». Тут жа Ягор тлумачыць:
– Як вырашыць, каму з двух навукоўцаў даць грант? У гэтым дапамагае індэкс Хірша. Уявім, што ў аднаго з іх 10 артыкулаў і 10 спасылак на іх, у другога – 9 артыкулаў і 9 выпадкаў цытавання. Зразумела, што добрыя вынікі ў абодвух, але грант атрымае першы. Для вызначэння індэкса Хірша ў базах даных РІНЦ і Google Scholar звяртаюцца выкладчыкі. Акрамя таго, у БДУ ёсць персанальныя старонкі навукоўцаў з інфармацыяй пра іх публікацыйную дзейнасць (гэта карысна самім даследчыкам, а таксама добра ўплывае на імідж універсітэта).
У перапынках паміж працоўнымі задачамі бібліятэкар падзяліўся цікавым назіраннем: мужчыну-бібліятэкара ў калектыве звычайна ці ведаюць усе, ці не ведае ніхто. Залатая сярэдзіна тут хутчэй рэдкае выключэнне. Дарэчы, абапіраючыся на тэорыю, Ягора самога можна аднесці да супрацоўнікаў першай катэгорыі. Наш працоўны дзень праходзіць напярэдадні пераводу спецыяліста на пасаду загадчыка аддзела інфармацыйнага суправаджэння публікацыйнай дзейнасці, што знаходзіцца ў іншым корпусе БДУ, таму нельга не звярнуць увагу на рэплікі жанчын-калег, якія, бачачы хлопца ў гэты час, кажуць:
– Ягор, а можа, застанешся? І як мы тут без цябе?
Дарэчы, супрацоўнікі медыятэкі імя М. Я. Цікоцкага апісваюць Ягора Скорыя як безадмоўнага, надзейнага калегу з добрым пачуццём гумару.
– З ім вельмі камфортна працаваць. Калі патрэбная дапамога з тэхнікай, ён імгненна ўсё вырашыць. У нас з ім шмат агульнага, і гэта выдатна. Калі з Ягорам пакамунікаваць працяглы час, становіцца бачна, што ён добры, разумны і разбіраецца ў многіх сферах. З яго стаўленнем да працы ён дасягне многага ў бібліятэчнай справе, – заўважае бібліятэкар Юлія Клямята.
Ідучы на сустрэчу да Ягора, моцна хацела запытаць у яго, што ён думае наконт стэрэатыпа, што бібліятэкар – жаночая прафесія. Хлопец, разважаючы пра гэта, толькі ўсміхаецца і кажа, што такое ўяўленне навеяна сучаснасцю, паколькі вядомыя імёны ў бібліятэчнай справе постсавецкай прасторы належаць менавіта мужчынам (Вадзім Сцяпанаў, Аркадзь Сакалоў, Мікалай Рубакін і інш.).
Спецыяліст перакананы, што ў прафесійным асяроддзі існуе адваротны стэрэатып: маўляў, мужчыну прасоўвацца па кар’ернай лесвіцы ў гэтай прафесіі лягчэй. Таксама распаўсюджаная сітуацыя, калі пры першым знаёмстве людзі даведваюцца, што перад імі бібліятэкар, і адразу ж запытваюцца, якую кнігу той раіць прачытаць. Але пры гэтым мала хто думае, што такі спецыяліст не заўсёды працуе з кнігамі (займаецца часопісамі, суправаджае навуковую дзейнасць і інш.).
«Кніжны» гумар, ці «Падручнік быў зялёным»
Высвятляецца, што ў супрацоўнікаў бібліятэкі ёсць шмат цікавых сітуацый, якія адбываліся на іх практыцы. Ягор заўважае, што сам ужо блытае жарты пра бібліятэкараў з інтэрнэту і смешныя моманты з яго прафесійнага жыцця, бо ўсе тыя жарты маглі адбывацца ў рэальнасці. Самі супрацоўнікі медыятэкі нават сабралі калекцыю смешных сітуацый і фраз накшталт «Не памятаю аўтара, падручнік быў зялёны» і «Гэта чытальная зала? А дзе проста бібліятэка?» Нярэдкія ў іх працы і такія дыялогі:
– Мне патрэбная кніга, Анненкава-Рудэнка, якую парэкамендавала выкладчык.
– Рудэнка – «Современный русский язык», а Анненкавай якую кнігу даваць?
– А хіба гэта не адзін аўтар з двайным прозвішчам?
Напрыканцы дня ўсё ж нельга не пацікавіцца ў Ягора пра яго любімыя кнігі. Першай бібліятэкар называе булгакаўскага «Майстра і Маргарыту» – яшчэ ў ліцэйскія гады пры знаёмстве з выданнем не мог заснуць усю ноч, разважаючы над агульнымі пытаннямі рамана. На другім месцы – «Вёска» Андрэя Федарэнкі. Хлопец лічыць, што, каб зразумець характар беларуса, трэба ўважліва прачытаць менавіта гэты твор.
Задумваючыся над тым, ці зменіць бібліятэкараў штучны інтэлект, хлопец кажа, што ўсё залежыць ад бачання бібліятэкі будучыні. Для некага чытальная зала без бібліятэкараў – дзівацтва, а для некага – цікавы і апраўданы ход. Аднак у любым выпадку прафесія цалкам не знікне, паколькі бібліятэкары – шматгранныя спецыялісты, якія змогуць знайсці сябе ў любой творчай прасторы.
– Таксама ў вас могуць быць розныя адносіны як да папяровых, так і да электронных кніг. Такім спрэчкам не бачна канца, але я думаю – выбіраць трэба тое, што зручна. Бо не важна, які ў кнігі фармат, важна, каб людзі чыталі, – рэзюмуе Ягор Скорый.