«Разумныя» дабаўкі з БДУ

29 Mar, 2024.

Даследчыкі навукова-вытворчага цэнтра харчовых тэхналогій УП «Унітэхпрам» БДУ распрацавалі дзве новыя харчовыя дабаўкі – сумесь для выпечкі хлеба «Вера» і фітакомплекс «Маяк». Пра навінкі і вытворчы працэс пагутарылі з начальнікам падраздзялення Таццянай МАДЗІЕЎСКАЙ.

Па яе словах, абедзве распрацоўкі ўвайшлі ў серыю «Ежа разумнага горада», якая ўлічвае асаблівасці жыццёвага ўкладу сучаснага чалавека і забяспечвае арганізм важнымі элементамі. Усе прадукты серыі забяспечваюць патрэбы пэўнай катэгорыі спажыўцоў – людзей з высокімі псіхаэмацыйнымі нагрузкамі, паніжанай фізічнай актыўнасцю, тых, каму патрэбна ўмацоўваць імунітэт. Галоўныя крытэрыі такіх дабавак – карысць і даступнасць.

Распрацоўка «Вера» ўяўляе сабой сухую парашкападобную сумесь, з якой робяць жытне-пшанічны хлеб. Адметнасць дабаўкі ў тым, што цяпер бохан можна выпекчы ў адну стадыю, проста дадаўшы ў парашок вады. Доўгія тэрміны падрыхтоўкі цеста цяпер застаюцца ў мінулым. Пры гэтым прадукт утрымлівае шмат харчовых валокнаў і багаты на цынк, магній, вітаміны групы В. Такі склад добра ўплывае на нервовую і імунную сістэму, стан кішэчніка, зніжае ўзровень цукру ў крыві, а таксама не дазваляе пераядаць.

– Паказваць, што наш хлеб смачны і вельмі якасны – добры і правільны напрамак. Вырабіць чорны хлеб няпроста, паколькі звычайна працэс адбываецца ў некалькі стадый, гэтым займаюцца спецыялісты высокага ўзроўню. На базе ведаў, якім павінен быць сапраўдны беларускі хлеб, мы імкнёмся зрабіць так, каб ён палюбіўся і самім беларусам, і прадстаўнікам іншых народаў, – заўважыла Таццяна Мадзіеўская. – Напрыклад, нядаўна мы дасылалі ў Японію ўзоры гатовых вырабаў. Яны былі высока ацэненыя мясцовымі спецыялістамі, нягледзячы на тое, што іх культура харчавання адрозніваецца. Туды ж ужо адпраўлена першая стакілаграмовая партыя кампазітнай сумесі.

Дарэчы, у гэтай дабаўкі ёсць свая рэклама. Аформіць яе спецыялістам ц э н т р а харчовых тэхналогій дапамагла студэнтка факультэта сацыякультурных камунікацый Арына Хацкевіч. Такім чынам, як кажа Таццяна Мадзіеўская, аб’ядноўваецца вопыт практыкаў з крэатывам навучэнцаў БДУ. Мала хто ведае, але і назву вырабу прыдумалі невыпадкова: яму далі імя Веры Надтачэевай – адной з распрацоўшчыц, што займалася выпечкай прадукцыі з сумесі.

Над узбагачальным фітакомплексам «Маяк» працавалі фізіка-хімікі, біяхімікі і тэхнолагі навукова-вытворчага цэнтра харчовых тэхналогій. Кампазіцыю стварылі на аснове раслінных кампанентаў – пажытніку, белага перцу, каляндры – яны валодаюць антыаксідантнай актыўнасцю і насычаны магніем.

– Магній важны для тармажэння ўзбуджэнняў у цэнтральнай нервовай сістэме. ЦНС чула рэагуе на ўзровень гэтага элемента ў арганізме, паколькі яго недахоп можа выклікаць неспакой, страх, бяссонніцу, стомленасць, а таксама зніжэнне ўвагі, – патлумачыла начальнік навукова-вытворчага цэнтра харчовых тэхналогій.

Па словах распрацоўшчыкаў, дабаўка з’яўляецца функцыянальным інгрэдыентам для стварэння прадукцыі антыстрэсарнай скіраванасці, таму што яна зніжае канцэнтрацыю гармонаў стрэсу ў арганізме і павышае ў мозгу колькасць абарончых метабалітаў, трыптафану і сератаніну. Якасныя характарыстыкі «Маяка» ўжо паспелі прывабіць буйныя хлебныя вытворчасці: у філіяле «Берасцейскі пекар» Пінскага хлебазавода запусцілі хлеб «Карысны выбар», а пяты і трэці хлебазаводы «Мінскхлебпрама» дадаюць комплекс у новыя лінейкі прадукцыі. Акрамя таго, за дабаўку калектыў даследчыкаў атрымаў дыплом І ступені і залаты медаль на конкурсе «Найлепшы інавацыйны праект і найлепшая навукова-тэхнічная распрацоўка года» ў Санкт-Пецярбургу.

Ірына ІВАШКА

print

Вам таксама можа спадабацца: