Свята ў коле «Сяброў» і калег

29 Mar, 2024.

Ва ўніверсітэце прайшоў шэраг мерапрыемстваў, прысвечаных Дню жанчын. Да святкавання галоўнай сакавіцкай даты далучыліся ўсе падраздзяленні і інстытуты БДУ.

Напярэдадні свята супрацоўніц і студэнтак універсітэта радавалі акцыямі, флэшмобамі, выставамі і творчымі нумарамі. 6 сакавіка ў рэктараце прайшоў традыцыйны прыём, дзе да Дня жанчын прагучалі віншаванні ад рэктара Андрэя Караля і прарэктарскага корпуса.

Філалагічны факультэт упрыгожыў дзень канцэртнай праграмай і відэазваротам ад студэнцкага актыву.

– Вясна – гэта тая пара, калі мы задумваемся пра самае прыгожае, што знаходзіцца вакол нас. Таму напярэдадні 8 сакавіка ўсе добрыя словы і пажаданні мы адрасуем вам. У гісторыі і літаратуры вам прызнаюцца ў каханні, і гэты працэс не павінен заканчвацца, – адзначылі актывісты.

Быць яркімі і прыгожымі, як вясеннія кветкі, пажадалі жаночай палове падраздзялення ў відэапаведамленні ад прафбюро студэнтаў факультэта геаграфіі і геаінфарматыкі. Чароўная палова Інстытута бізнесу БДУ далучылася да квесту, падчас якога можна было знайсці святочныя паштоўкі і падарункі. Мужчыны гістфака здзівілі акцыяй «Для вас, любімыя», а кафедра фізічнага выхавання і спорту ўдзельнічала ў «Прыгожым забегу», арганізаваным Беларускай федэрацыяй лёгкай атлетыкі.

Факультэт журналістыкі адзначыў дату песняй «Усё для цябе» ў выкананні дэкана Аляксея Бяляева, выкладчыкаў і студэнтаў. Эканамічны факультэт з дапамогай штучнага інтэлекту паразважаў над пытаннем, якой будзе жанчына-эканаміст у будучыні, а хлопцы юрыдычнага факультэта пачалі святочны дзень з уручэння паштовак дзяўчатам. Ключавой падзеяй да 8 сакавіка стаў святочны канцэрт «Букет чароўных песень».

З віншаваннямі і цёплымі словамі да жанчын БДУ звярталіся ўдзельнікі ансамбля «Сябры» і яго мастацкі кіраўнік, народны артыст Рэспублікі Беларусь Анатоль Ярмоленка. Для гасцей праграмы прагучалі вядомыя кампазіцыі і новыя песні – «Добрыя людзі», «Алеся», «Гуляць дык гуляць», «Вы шуміце, бярозы» і іншыя.

Супрацоўніца Фундаментальнай бібліятэкі БДУ Марына Панарад на канцэрт завітала разам з сяброўкай. Удзельніцы святочнай праграмы адзначылі, што найбольш залу ўсхвалявала кампазіцыя на матыў песні Джо Дасэна: калі яна гучала – прысутныя падтрымалі артыстаў ліхтарыкамі на тэлефонах.

– Канцэрт прайшоў пры поўным аншлагу. Анатоль Ярмоленка паміж песнямі жартаваў з публікай, гаварыў віншавальныя словы ў гонар прысутных жанчын. Прыемна, што спявалі і іншыя салісты ансамбля, а гледачы падпявалі добра вядомым з юнацтва песням, – падзялілася ўражаннямі Марына Панарад. – Адна з кампазіцый, якую «Сябры» выканалі ўпачатку, прымусіла задумацца, бо кожны радок адгукаўся ўнутры. У ёй спявалася пра страту простых узаемаадносін між людзьмі ў пагоні за тэхнічным прагрэсам.

Ірына ІВАШКА

print

Вам таксама можа спадабацца: