Жаночаму руху ў БДУ сёлета 25 гадоў

29 Mar, 2024.

Дзякуючы ініцыятыве адданых супрацоўніц ВНУ, летам 1999 года была афіцыйна зарэгістравана першая жаночая арганізацыя ў БДУ. Пад нязменным дэвізам «Verbо et facto» (у перакладзе з лацінскай – «Словам і справай») актывісткі ўжо чвэрць стагоддзя прапагандуюць ідэалы сапраўдных каштоўнасцяў, раўнапраўя і справядлівасці, ствараючы спрыяльныя ўмовы для жанчын у навуковым і працоўным асяроддзі ўніверсітэта.

Спецыфіка жаночай супольнасці Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта праяўляецца ў арыентацыі на навуковую дзейнасць, прыцягненне моладзі да навуковых і патрыятычных ініцыятыў, правядзенне рознага роду канферэнцый, даследчых, асветніцкіх і выхаваўчых мерапрыемстваў. Працэс аб’яднання з Беларускім саюзам жанчын адбываўся паступова, бо стаяла задача і захаваць універсітэцкія традыцыі, і адначасова інтэгравацца ў рэспубліканскі грамадскі жаночы рух. Такім чынам, ГА «Саюз жанчын БДУ» ў 2023 годзе было перайменавана ў ГА «Камея-клуб» і цалкам увайшло ў склад Беларускага саюза жанчын і пярвічнай арганізацыі БСЖ БДУ.

ПА БСЖ БДУ налічвае каля 500 чалавек. Для эфектыўнага дасягнення пастаўленых мэт арганізацыя была падзелена на клубы. Асноўную частку працы забірае на сябе ўласна «Камея-клуб», які займаецца навуковай і навукова- асветніцкай дзейнасцю. Напрыклад, была створана ўнікальная ў краіне серыя міжнародных навукова-практычных канферэнцый «Роля жанчыны ў развіцці навукі і адукацыі». Першая канферэнцыя прайшла ў 2016 годзе. У ёй удзельнічалі прадстаўнікі з 18 краін, 360 навукоўцаў. Яны абмеркавалі праблемы актуалізацыі ўкладу жанчын у розныя навуковыя галіны, у адукацыйны і выхаваўчы працэс. Пазней праводзіліся такія лакальныя канферэнцыі, як «Жанчыны-навукоўцы Расіі і Беларусі», «Жанчыны- навукоўцы Беларусі і Казахстана», «Жанчыны-навукоўцы Беларусі і Кітая», якія значна паспрыялі развіццю навуковага супрацоўніцтва на міжнародным узроўні.

Таксама важнай акадэмічнай ініцыятывай саюза стала заснаванне і выданне электроннага рэцэнзаванага навукова-асветніцкага часопіса «Сафія», які з 2016 года ўваходзіць у спіс афіцыйных выданняў БДУ і размяшчаецца ў электроннай бібліятэцы ўніверсітэта. Падставай для гонару з’яўляецца і тое, што рэдкалегію часопіса складаюць навукоўцы з сямі краін (Беларусь, Расія, Кітай, Казахстан, Літва, Польшча, Украіна), а само выданне ўваходзіць у бібліяграфічную базу РІНЦ (Расійскі індэкс навуковага цытавання) і ўключаны ў Нацыянальную інфраструктуру ведаў Кітая (CNKI). Рэсурс заслужана стаў міжнароднай платформай для дыялогу навукоўцаў па самых актуальных пытаннях сучаснай навукі, а электронны фармат робіць яго больш даступным для грамадскасці.

З развіццём сістэмы духоўна-маральных і эстэтычных каштоўнасцяў звязаны клуб «Ефрасіння». У ім праводзяцца сустрэчы з пісьменнікамі, дзеячамі мастацтва, арганізоўваюцца майстар-класы і выставы, прысвечаныя традыцыйнай беларускай культуры, мерапрыемствы, прымеркаваныя да важных народных, дзяржаўных і рэлігійных свят. Да Дня жанчын сёлета клуб таксама падрыхтаваў цыкл святочных мерапрыемстваў (інтэрактыўная выстава «Жаночыя штучкі» ў кабінеце-музеі беларускай народнай культуры на філфаку, выстава карцін «Вясна маёй краіны» і інш.), якія падкрэсліваюць важную ролю жаночага пачатку і ў прыродзе, і ў грамадстве.

– Я хачу пажадаць усім нашым жанчынам і дзяўчатам быць шчаслівымі, мець магчымасць зрабіць многае і для сваёй сям’і, і для краіны. Памятайце, што любая жанчына – гэта дыямент. Любая дзейнасць, якой яна займаецца – вучоба, прафесія, выбудоўванне ўзаемаадносін, выхаванне дзяцей, грамадская праца – паступова адточваюць яе грані. І чым больш жанчына працуе над сабой, рэалізуе ўсе свае функцыі, тым ярчэй яна зіхаціць, – перадае свае пажаданні старшыня ПА БСЖ БДУ прафесар Ірына Казакова.

Не менш актыўным падраздзяленнем арганізацыі з’яўляецца клуб «Алімпія- БДУ», які займаецца прапагандай здаровага ладу жыцця пад галоўным дэвізам: «Здароўе жанчыны – здароўе сям’і, здароўе нацыі». У гэтым кірунку праводзяцца сямейныя, сямейна-спартыўныя фестывалі, тэматычныя лекторыі, мерапрыемствы па ўмацаванні здароўя жанчын. Напрыклад, запамінальнай была сустрэча з урачом вышэйшай катэгорыі, акушэрам-гінеколагам, мамолагам Аляксандрам Паддубным на тэму «Ранняя дыягностыка і прафілактыка раку малочнай залозы», дзе слухачкі маглі задаць пытанні, якія іх хвалююць, атрымаць кансультацыю ў спецыяліста абсалютна бясплатна.

Таксама сумесна «Алімпія» і «Ефрасіння» адказваюць за арганізацыю мерапрыемстваў патрыятычнай, гуманітарна-асветніцкай скіраванасці, правядзенне экскурсій, вывучэнне гісторыка-культурнай спадчыны. Напрыклад, праект «Мы нашай памяці адданыя!», прымеркаваны да Года гістарычнай памяці (2022), заключаўся ў распрацоўцы пяцідзесяці ўнікальных ваенна-патрыятычных маршрутаў для беларускіх і замежных студэнтаў.

Дарэчы, пра студэнтаў: важным напрамкам працы Саюза жанчын БДУ з’яўляецца сацыяльная работа – клопат пра студэнцкую сям’ю ва ўніверсітэце, патранаж студэнтаў БДУ, якія засталіся без бацькоўскай апекі (праект «Мы дорым вам цяпло нашых сэрцаў!») і рэалізацыя іншых відаў падтрымкі. У арганізацыі актыўна працуе моладзевае крыло, дзе студэнткі розных факультэтаў з першага курса ўдзельнічаюць у мерапрыемствах ПА БСЖ БДУ, у раённых і гарадскіх мерапрыемствах, займаюцца валанцёрствам, напрыклад, дапамагаюць з патранажам дзіцячага дома сямейнага тыпу, замацаванага за ПА. Многія студэнткі потым становяцца супрацоўніцамі і паўнапраўнымі членамі аб’яднання.

Кацярына Салаўёва, загадчык навукова-метадычнага аддзела Фундаментальнай бібліятэкі, сакратар ПА БСЖ БДУ:

– У мяне ёсць дзве выдатныя настаўніцы: Буціна Ала Вячаславаўна, якая доўгія гады працавала намеснікам дырэктара па навукова-метадычнай рабоце Фундаментальнай бібліятэкі БДУ, і Казакова Ірына Валер’еўна, старшыня ПА БСЖ БДУ. Гледзячы на прыклад актыўнай жаночай пазіцыі, я вырашыла далучыцца да руху. У мяне заўсёды было ўнутранае жаданне дапамагаць іншым, рабіць нешта карыснае для грамадства, і тут знайшлася гэтая магчымасць.

Сафія Андрон, студэнтка 4 курса філалагічнага факультэта, спецыяліст- экскурсавод кабінета-музея беларускай народнай культуры БДУ, прадстаўнік моладзевага крыла ПА БСЖ БДУ:

– Быць часткай Беларускага саюза жанчын – вялікі гонар, бо тут няма абыякавых людзей. Не раз мне даводзілася арганізоўваць групы для дапамогі анкахворым дзецям, дзіцячым дамам, прыёмным сем’ям, і заўсёды я знаходзіла вялікі водгук сярод сваіх калег-студэнтаў. Калі нашы словы і дзеянні робяць свет для людзей крышачку лепшым, а іх саміх больш шчаслівымі, то, я лічу, гэта ўжо выдатны вынік!

Дар’я Стальмашэнка, студэнтка 5 курса біялагічнага факультэта, прадстаўнік моладзевага крыла ПА БСЖ БДУ:

– Са школы я любіла ўдзельнічаць у грамадскім жыцці і, калі паступіла ў БДУ, убачыла, колькі розных магчымасцяў дае наш універсітэт. Кожны можа знайсці тую арганізацыю, што яму даспадобы. Я спынілася на ПА БСЖ, таму што гэта выдатны спосаб нагадаць, што жанчыны, аб’ядноўваючыся, могуць змяняць гэты свет да лепшага.

Існуе таксама клуб актыўных ветэранаў працы і жаночага руху «Спадарыня».

За 25 гадоў дзейнасці жанчынамі зроблена нямала, і характэрна, што ўсе заслугі аказваюцца прызнанымі. Напрыклад, Маскоўская раённая арганізацыя Мінска ГА БСЖ не раз абвяшчала падзяку ПА БСЖ БДУ па выніках гадавой працы за паспяховую праектную дзейнасць, вялікі ўклад у развіццё супрацоўніцтва пярвічных арганізацый і актыўны ўдзел у дабрачыннай дзейнасці. Старшыня арганізацыі Ірына Казакова стала ўладальніцай ганаровага звання «Жанчына года – 2022» у намінацыі «Духоўнасць і культура», а таксама героем рэспубліканскага праекта «Беларуская super жанчына» ў 2023 годзе.

Задачы арганізацыі, якія стаяць наперадзе, застаюцца нязменнымі. Гэта перш за ўсё падтрымка жанчын у грамадскім, эканамічным, сацыяльна-культурным жыцці, а таксама рэалізацыя дзяржаўных праграм па захаванні традыцыйных каштоўнасцяў, выхаванне патрыятызму ў моладзі, спрыянне захаванню ролі сям’і ў грамадстве. Дзверы Беларускага саюза жанчын і ПА БДУ адчыненыя для ўсіх. Гэта выдатная магчымасць рабіць дабро ў коле аднадумцаў. Калі ў вас з’явілася жаданне далучыцца да арганізацыі, то можна напісаць заяву, звярнуўшыся да куратараў ад ПА БСЖ БДУ, якія ёсць у кожным падраздзяленні ўніверсітэта.

Дар’я ДРОЗД

print

Вам таксама можа спадабацца: