Дзень донара: праверана на сабе

24 Apr, 2024.

Напрыканцы сакавіка ў БДУ прайшлі дні донара. Сёлета да іх далучыліся 102 студэнты і супрацоўнікі ўніверсітэта. Расказваем, як карэспандэнт праходзіла гэты шлях разам з добраахвотнікамі.

Квест пад назвай «Падрыхтоўка да дня донара» пачаўся задоўга да самой падзеі. Кожнаму кандыдату на здачу крыві неабходна пераканацца, што працэдуру дазваляе стан яго здароўя. Для ўнутранага спакою рабіць гэта варта як мінімум за тыдзень да падзеі. Таму першы пункт у інструкцыі да праходжання «квесту » – візіт у паліклініку. Калі вы нядаўна наведвалі стацыянар, для выпіскі патрэбна здаць агульныя аналізы, а таксама пракантраляваць, каб флюараграфія не была пратэрмінаванай. Калі ж вы нячасты госць у паліклініцы, без адрыву ад вучобы ці працы на праходжанне агляду тыдня можа не хапіць. Мне для збору подпісаў і пячатак спатрэбілася тры дні. Акрамя таго, паралельна нельга было забываць пра дыету – не прымаць лекі, што ўтрымліваюць аспірын, не есці тлустай, вострай ежы і малочных прадуктаў.

Пункт здачы крыві ў БДУ сёлета разгарнуўся на факультэце прыкладной матэматыкі і інфарматыкі. Плыні студэнтаў хутка накіроўвалі ў патрэбныя кабінеты супрацоўнікі аддзела сацыяльнай работы УВРМ і медыцынскі персанал. Дарэчы, начальнік аддзела Наталля Шчурко таксама паспрабавала сябе ў якасці донара: спецыяліст пераканана, што ў такіх справах заўсёды патрэбны пазітыўны персанальны прыклад.

Спачатку нам патрэбна было знайсці сябе ў спісах, што фарміраваліся па заяўках у гугл-формах, а таксама перадаць свае даведкі медсёстрам. Спецыялісты ўносілі даныя ў базу, а таксама сачылі, каб дакументы былі непратэрмінаванымі. На гэтым этапе якраз і адбываўся адсеў тых, хто мае недастатковую вагу, даўно праходзіў флюараграфію ці мае іншыя супрацьпаказанні. Студэнты, якія прайшлі далей, запаўнялі анкету, здавалі кроў на гемаглабін, мералі ціск і атрымлівалі допуск да працэдуры. Пасля гэтага добраахвотнікі накіроўваліся па сухі паёк: кожнаму ўручылі пакет з чаем, цукрам, гематагенам, горкім шакаладам, вадой і пячэннем. Падмацаваўшыся, ідзём здаваць кроў. Тут моладзь міжволі сціхала: адчувалася невялікае хваляванне. Але добры настрой і суладныя дзеянні ўрачоў супакойвалі прысутных.

«Калі ласка, займайце месца, якое вам падабаецца», – з гэтай фразы і ўсмешкі, што выдаюць толькі вочы доктара, для мяне і пачынаецца працэдура. Утульна ўладкоўваюся і некаторы час сціскаю-расціскаю кулак. Затойваю дыханне, калі ў у вену ўводзяць іголку, і расслабляюся. Пакуль збіраецца кроў, паспяваю задаць некалькі пытанняў доктару:

– Скажыце, а як можна стаць донарам у звычайным жыцці?

– Патэлефануйце нам у Цэнтр трансфузіялогіі і медыцынскіх біятэхналогій, там вас скіруюць.

– А можна здаваць не толькі кроў?

– Так, канешне, можна стаць донарам плазмы ці трамбацытаў. Але наконт гэтага варта ўдакладняць. Донары крыві запатрабаваныя заўсёды. Вельмі шмат аперацый, дзе неабходнае ўліванне.

Хутка на месцы насупраць размяшчаецца студэнтка: «Доктар, а гэта балюча?» – «Калі меркаваць па мне, то зусім не. У вас можа быць інакш. Але ў любым выпадку гэта не больш балюча за ўкол у палец». Дарэчы, тут спецыяліст мела рацыю: як ні дзіўна, але месца праколу не турбуе і пасля працэдуры.

Збор крыві ў мяне займае не больш за 5 хвілін. Пасля здачы знаёмлюся са студэнтамі журфака другакурснікам Аляксеем Доўгалем і чацвёртакурснікам Іванам Крупенкам. Хлопцы прыйшлі на дзень донара другі раз, але на гэты раз Лёшу здаць кроў не ўдалося – флюараграфія стала нядзейнай за некалькі дзён да падзеі. Хлопец яшчэ на першым курсе трапіў на лекцыю па тэме донарства. Там слухачам расказалі, што сабраная кроў пойдзе на лячэнне дзяцей хворых на рак, якім патрабуецца шматразовае пераліванне. Тады ж Аляксей здаў кроў у Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры трансфузіялогіі і медыцынскіх біятэхналогій. У хуткім часе, прайшоўшы флюараграфію, ён плануе вярнуцца і стаць донарам яшчэ раз.

– Калі ты хочаш здаць кроў, заўсёды трымаеш у галаве, што яе перальюць чалавеку, якому гэта сапраўды неабходна. Можа здарыцца, што камусьці ты выратуеш жыццё. І гэта дае самую моцную матывацыю, – перакананыя студэнты.

Ірына ІВАШКА

print

Вам таксама можа спадабацца: