На сувязі з космасам

24 Apr, 2024.

Студэнты і супрацоўнікі БДУ падчас сеанса сувязі з Міжнароднай касмічнай станцыяй павіталі першую беларускую жанчыну-касманаўта Марыну Васілеўскую і з першых вуснаў пачулі адказы на свае пытанні.

Фота БелТА

– Радасна, што сеанс сувязі праходзіць у БДУ, дзе ёсць традыцыі распрацоўкі і запуску касмічных апаратаў. Да нядаўняга часу два з іх знаходзіліся на калязямной арбіце. Адзін спадарожнік пасля пяці гадоў функцыянавання вывелі з эксплуатацыі, а другі, запушчаны нядаўна, перадае інфармацыю на Зямлю, і нашы студэнты маюць магчымасць вучыцца на практыцы, – заўважыў рэктар Андрэй Кароль.

Супрацоўнікі ўніверсітэта арганізавалі прамы сеанс радыёсувязі з МКС падчас яе палёту над Беларуссю. Кіраўнік групы загадчык кафедры фізікі і аэракасмічных тэхналогій факультэта радыёфізікі і камп’ютарных тэхналогій БДУ доктар фізіка-матэматычных навук Уладзімір Саечнікаў адзначыў, што для папярэджання нечаканых сітуацый сувязь наладзілі на дзвюх частотах. Уладзімір Аляксеевіч паведаміў, што за суткі МКС аблятае Зямлю 16 разоў, а на поўны абарот патрабуецца паўтары гадзіны. Пры гэтым пралёт станцыі нагадвае яркую зорку, што рухаецца па небе. Таксама загадчык кафедры фізікі і аэракасмічных тэхналогій патлумачыў, чаму для гэтага выбралі аўдыторыю на 13-м паверсе ФМА:

– У гэтым корпусе знаходзіцца адзін з пунктаў сістэмы кіравання ўніверсітэцкімі спадарожнікамі, а ў аўдыторыі прадстаўлены элемент аматарскай радыёстанцыі. Са сваім пазыўным мы можам падтрымліваць сувязь з касмічнай станцыяй. У тым жа дыяпазоне мы працуем па кіраванні і прыёме тэлеметрыі са спадарожнікаў БДУ. У нас ёсць тры антэнныя комплексы, а таксама асноўны і рэзервовы каналы, што забяспечваюць сувязь.

За некалькі хвілін да эфіру ў аўдыторыях усталявалася цішыня, якую парушалі толькі пазыўныя супрацоўнікаў ФРіКТ. Дынамікі некалькі разоў адказалі хрыпам – і вось ён, доўгачаканы голас Марыны Васілеўскай.

Станцыя, робячы абарот вакол Зямлі, знаходзілася ў зоне радыёбачнасці каля 12 хвілін, а пытанні Марыне Васілеўскай студэнты задавалі на працягу 10 з іх. Маладых людзей цікавіла, чым касманаўт займаецца на арбіце, як у рабоце дапамагае яе адукацыя. Таксама хлопцы і дзяўчаты запыталі пра хваляванне перад запускам, адаптацыю ў бязважкасці, выхадныя дні і ўражанні ад космасу. Па словах першай беларускай жанчыны касманаўта, у выкананні касмічнай місіі ёй дапамог вопыт працы бортправадніком, паколькі, дзякуючы прафесіі, яна была падрыхтаваная да перагрузак і мела ўяўленне пра прыняцце рашэнняў у выпадку аварыйных сітуацый.

Марына адзначыла, што экіпаж выконваў 7 работ: 5 навукова-даследчых і 2 агульнаадукацыйныя:

– У сваёй працы мы выкарыстоўваем сістэму арыентацыі відэаспектральнай апаратуры «САВА», распрацаваную навукоўцамі вашага ўніверсітэта. Акрамя таго, я праводжу біятэхналагічныя эксперыменты з лактаферынам і прабіётыкамі. Таксама мы вядзём фота- і відэаздымку Зямлі, выконваем шэраг іншых задач. Усе эксперыменты вельмі цікавыя.

– Наколькі змянілася ваша ўяўленне пра космас пасля старту?

– Космас – гэта неверагодная з’ява, выгляд Зямлі чароўны. Усё намнога прыгажэйшае за тое, што паказваюць па тэлевізары.

– Раскажыце, як вы перанеслі адкладзены старт?

– Мой пульс быў 66 удараў у хвіліну. Я была спакойнай, паколькі мой камандзір таксама быў спакойны і ўпэўнены ў нашых далейшых дзеяннях. У адтэрміноўцы былі і свае плюсы, бо экспедыцыю падоўжылі на два дні. Мы ляцелі на караблі двое сутак і назіралі за Зямлёй з розных бакоў. Невымоўна прыгожа!

– Ці ёсць у касманаўтаў выхадныя?

– Канешне, выхадныя ў нас ёсць. Але, калі ты знаходзішся на станцыі, заўсёды ёсць жаданне нешта вывучаць, нешта назіраць. Ды і наша экспедыцыя разлічана толькі на 12 дзён. Адпачнём ужо на Зямлі.

Голас Марыны перарваўся шыпеннем. А аператар паведаміў, што сеанс працягваўся 6 хвілін чыстай сувязі.

– Гэты сеанс – карыснае ноу-хау для нашых студэнтаў, паколькі іншай магчымасці адрасаваць свае пытанні ў космас можа не быць. Перапаўняе гонар за Беларусь і Марыну Васілеўскую, – падзяліўся ўражаннямі ад падзеі трэцякурснік ваеннага факультэта Андрэй Манько.

Даведка:

6 красавіка экіпаж 21-й экспедыцыі наведвання Міжнароднай касмічнай станцыі вярнуўся на Зямлю. 11 красавіка першую беларускую жанчынукасманаўта сустрэлі ў Беларусі.

– Палёт я прысвячаю роднай Беларусі і сваім любімым беларусам, якія мяне падтрымлівалі, – выказалася яна.

У гэты ж дзень Марына Васілеўская стала 14-м Героем Беларусі. Узнагароду касманаўту ўручыў Аляксандр Лукашэнка.

– Ваш палёт – гэта новы ўзровень удзелу ў касмічных праграмах і новы ўзровень братэрскіх адносін Беларусі і Расіі, – заўважыў Прэзідэнт.

Таксама Марыну Васілеўскую ўзнагародзілі ордэнам Гагарына (РФ) «за вялікі ўклад у развіццё пілатуемай касманаўтыкі і мужнасць, праяўленую пры ажыццяўленні працяглага касмічнага палёту на Міжнароднай касмічнай станцыі».

Ірына ІВАШКА

print

Вам таксама можа спадабацца: