Да 79-й гадавіны Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне ў ВНУ быў прысвечаны шэраг памятных мерапрыемстваў. З 29 красавіка па 10 мая ў холе рэктарата працавала ўжо традыцыйная выстава «Захоўвайце памяць пакаленняў!» музея гісторыі БДУ. У экспазіцыю ўвайшлі дзясяткі фатаграфій, ордэнаў і медалёў, дакументаў, кніг, якія аднаўляюць атмасферу ваенных гадоў. Пагрузілася ва ўніверсітэцкае мінулае і рэдакцыя нашай газеты.
Варта пачаць з таго, што сам музей гісторыі БДУ аказаўся сведкам тых страшных падзей. Да пачатку Вялікай Айчыннай вайны гэта быў квітнеючы гісторыка- археалагічны музей, які ўключаў экспанаты-копіі старажытнагрэчаскіх і старажытнарымскіх статуй, масак, ваз, закупленых Праўленнем БДУ ў музеі Эрмітажа ў Петраградзе, а таксама каштоўныя знаходкі археалагічных і этнаграфічных экспедыцый. На жаль, практычна ўсе фонды і калекцыі загінулі ў выніку баявых дзеянняў, а пасля вайны разам з універсітэтам аднаўлялі і музей. Менавіта тады ўзнікла неабходнасць у стварэнні падраздзялення, якое займалася б захаваннем гісторыі ВНУ. Усю пошукавую работу матэрыялаў з пачатку 1960-х гадоў праводзілі выкладчыкі і студэнты гістарычнага факультэта. У снежні 1977 года па ініцыятыве рэктара БДУ Усевалада Сікорскага быў утвораны аддзел гісторыі БДУ гістарычнага музея ўніверсітэта, дзе дагэтуль выкладзены ўсе найважнейшыя вехі ў развіцці Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, у тым ліку і перыяд 1941–1945 гг.
Нягледзячы на тое, што на першым паверсе галоўнага корпуса БДУ дзейнічае пастаянная экспазіцыя «Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт у гады Вялікай Айчыннай вайны», ужо некалькі гадоў запар напярэдадні 9 мая ў рэктараце БДУ ганарова выстаўляюцца эксклюзіўныя экспанаты, якія адсылаюць да таго суровага часу.
Аснову кампазіцыі складаюць стэнды, дзе апісана работа ВНУ ў ваенныя гады. Таксама ўнікальныя факты заўсёды гатовы расказаць работнікі музея гісторыі БДУ. Нам пашчасціла атрымаць экскурс у гісторыю ад спецыяліста па музейнай справе Паўла Артамонава. Ён расказаў, што да вайны ў Беларускім дзяржаўным універсітэце працавалі 6 факультэтаў і 33 кафедры. Педагагічную і навуковую працу вялі больш за 150 спецыялістаў. Колькасць студэнтаў у 1940/1941 навучальным годзе складала 1337 чалавек. БДУ размяшчаўся ў трох карпусах, меў 6 інтэрнатаў для студэнтаў, а таксама шматкватэрны дом для прафесараў і выкладчыкаў.
– У чэрвені 1941 года ВНУ рыхтавалася адзначыць сваё 20-годдзе. Супрацоўнікі ўжо атрымалі запрашэнні на ўрачыстае пасяджэнне. Студэнты рыхтаваліся да іспытаў, выпускнікі чакалі апошні дзяржаўны. Але ўсяго гэтага не адбылося: апоўдні самага доўгага дня года студэнты і выкладчыкі БДУ слухалі ўрадавае паведамленне аб пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Было вырашана ўсім неадкладна далучыцца да барацьбы з ворагам па меры сіл і магчымасцяў. І ўжо 22 чэрвеня першыя 450 студэнтаў і выкладчыкаў прыйшлі ў ваенкаматы, – падзяліўся Павел.
На вітрыне мы ўбачылі рэшткі вінтоўкі, снарада… – усё гэта было знойдзена ва ўнутраным дворыку галоўнага корпуса БДУ ўжо пасля рэканструкцыі ўніверсітэта. Артэфакты сведчаць, што менавіта ў сценах установы вялася жорсткая барацьба. Аказваецца, нечаканы характар баявых дзеянняў у першыя дні вайны не дазволіў правесці эвакуацыю ўніверсітэта. Выратавацца паспелі менш за 700 чалавек, у тым ліку і рэктар БДУ Парфён Савіцкі. У горадзе засталося амаль столькі ж выкладчыкаў, супрацоўнікаў і студэнтаў БДУ. Большасць з іх узялі актыўны ўдзел у падпольным руху. У гэты час захопнікі рабавалі лабараторыі, музеі, знішчалі ці вывозілі абсталяванне. З бібліятэк і архіваў акупанты тысячамі выкідвалі кнігі і дакументы, палілі іх. У будынках Універсітэцкага гарадка на вуліцы Савецкай размясціліся часткі службы бяспекі рэйхсфюрара СС, там жа, у скляпах, зрабілі турму, у двары паставілі шыбеніцу.
Побач за шклом была прадстаўлена дакументацыя пра аднаўленне працы БДУ ў эвакуацыі. У сярэдзіне восені 1943 года універсітэт працягнуў сваю дзейнасць на чыгуначнай станцыі «Сходня» Кастрычніцкай чыгункі (раней гэта было Падмаскоўе, зараз рыса горада). На адноўленых шасці факультэтах – філалагічным, гістарычным, біялагічным, геаграфічным, хімічным, фізіка-матэматычным – пачалі вучыцца каля 300 студэнтаў. Па даных на 1 снежня 1943 г., у БДУ працавала 90 выкладчыкаў.
– У жніўні 1944 года, пасля вызвалення Беларусі, сходненскі перыяд дзейнасці ўніверсітэта скончыўся. Універсітэт быў амаль цалкам разбураны. З навучальных карпусоў у працоўным стане застаўся толькі фізіка-матэматычны (сучасны рэктарат), бо падчас вайны там знаходзілася тэлефонная станцыя. Хуткімі тэмпамі пачаліся аднаўленчыя работы. Для будаўніцтва ствараліся студэнцкія працоўныя атрады, – распавёў спецыяліст.
Наступны стэнд выставы «Захоўвайце памяць пакаленняў!» быў прысвечаны ўзнагародам студэнтаў і выкладчыкаў БДУ. Тут мы змаглі ўбачыць медаль «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гг.», медаль «За ўзяцце Берліна», ордэн Чырвонай Зоркі, а таксама ордэн Айчыннай вайны ў дзвюх ступенях. 12 студэнтаў і выкладчыкаў БДУ сталі Героямі Савецкага Саюза, у тым ліку і маршал Вялікай Перамогі Георгій Канстанцінавіч Жукаў, які больш за пяць гадоў прысвяціў працы са студэнтамі розных факультэтаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
У пасляваенныя гады ў памяць пра тых, хто з універсітэцкіх аўдыторый і навуковых лабараторый пайшоў у неўміручасць, аддаўшы сваё жыццё за Радзіму, быў усталяваны абеліск. Ён размяшчаецца ў самым ажыўленым месцы ўніверсітэцкага гарадка – побач з уваходам у галоўны корпус універсітэта – ў выглядзе ромба, цэнтр якога прарэзаны вінтоўкай.
У наш час 29 чэрвеня ва ўніверсітэце традыцыйна адзначаецца Дзень памяці студэнтаў, выкладчыкаў і супрацоўнікаў БДУ, якія гераічна змагаліся на палях Вялікай Айчыннай вайны. Рашэнне адзначаць менавіта гэты дзень было прынята ў памяць пра падзеі 29 чэрвеня 1941 года, калі планавалася ўрачыстае пасяджэнне Вучонага савета, прысвечанае дваццацігоддзю ВНУ, правядзенню якога перашкодзіла вайна.
– Гэта памяць, гэта гісторыя нашага ўніверсітэта – даніна выкладчыкам, супрацоўнікам і студэнтам, якія тады пайшлі абараняць нашу ВНУ, нашу краіну. Калі б не яны, нічога б з гэтага не было. Менавіта таму наша задача зараз – захаваць памяць пакаленняў і, вядома, захаваць мір, які дастаўся крывёй. Важна памятаць, што Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт не толькі ўстанова адукацыі і навукі, а яшчэ і месца з баявой славай, – такімі словамі завяршыў нашу экскурсію Павел.
Калі вы захацелі даведацца пра мінулае нашага ўніверсітэта крыху больш, то запрашаем наведаць залы музея гісторыі БДУ. Дзверы адчынены для ўсіх!
Дар’я ДРОЗД