Геафаку – 90!

24 мая, 2024.

Факультэту геаграфіі і геаінфа матыкі спаўняецца 90 гадоў! Сёння гэта адзіны ў Беларусі вучэбна-навуковы цэнтр па падрыхтоўцы спецыялістаў у галіне геаінфарматыкі, космааэракартаграфіі, гідраметэаралогіі, геатэхналогій турызму і экскурсійнай дзейнасці, краіназнаўства і перакладчыцкай дзейнасці, найбуйнейшы цэнтр па навучанні географаў, геолагаў і геаэколагаў.

Станаўленне факультэта

Афіцыйная дата заснавання факультэта – 24 мая 1934 года, аднак яшчэ ў 1921 г. на рабочым факультэце пры БДУ геаграфія была прадстаўлена як вучэбная дысцыпліна. У 1922/1923 навучальным годзе ў БДУ стваралі педагагічны факультэт у складзе чатырох аддзяленняў: этнолага-лінгвістычнага, сацыяльна- эканамічнага, прыродазнаўча-гістарычнага і фізіка-матэматычнага. У 1923 г. на педагагічным факультэце арганізавалі кабінет мясцовага краю, загадчыкам якога стаў Аркадзь Антонавіч Смоліч, аўтар першага падручніка па геаграфіі Беларусі. А пазней, у маі 1924 г., на пасяджэнні Савета аддзяленняў педагагічнага факультэта была заслухана і аднагалосна прынята прапанова Смоліча аб увядзенні для студэнтаў усіх аддзяленняў педагагічнага факультэта вывучэння дысцыпліны «Геаграфія Беларусі». Такім чынам, гэты год можна лічыць пачаткам увядзення геаарафічнай адукацыі ў БДУ.

16 ліпеня 1932 г. у структуры ўніверсітэта з’явіліся чатыры факультэты: фізіка- матэматычны, біялагічны, хімічны і геалагічны ў складзе двух аддзяленняў: геалагічнага і глебазнаўства.

У 1934 г. пастановай Савета народных камісараў БССР «Аб рабоце БДУ» № 791 ад 24 мая 1934 г. пачаў работу геолага-глебава-геаграфічны факультэт; у гэтым жа годзе – музей мінералогіі і петраграфіі (з 1973 г. – музей землязнаўства БДУ), а таксама кафедра фізічнай геаграфіі (пасля – кафедра фізічнай геаграфіі СССР, затым – кафедра геаграфічнай экалогіі). У 1936 г. на факультэце функцыянавалі кафедры глебазнаўства, мінералогіі і петраграфіі, агульнай геалогіі, гістарычнай геалогіі, фізічнай геаграфіі. А праз год з’явілася кафедра эканамічнай геаграфіі. Першым дэканам геолага-глебава- геаграфічнага факультэта стаў Ф.Ф. Дзярбенцьеў. У 1935–1936 гг. факультэтам кіравалі Казакоў, Чурын, а з 1936 г. – Ануфрый Андрушчанка.

Вялікая Айчынная вайна перапыніла мірную навуковую і навучальную працу факультэта. Многія выкладчыкі і студэнты пайшлі на фронт. У гады вайны будынак факультэта быў разбураны, абсталяванне разрабавана. З кастрычніка 1943 г. дзейнасць БДУ, у тым ліку геаграфічнага факультэта, аднавілася на станцыі «Сходня» Кастрычніцкай чыгункі пад Масквой. У 1943 г. факультэтам кіраваў Міхаіл Смірноў, з канца 1943 г. – Васіль Дзяменцьеў.

Прафесар Смірноў сярод выпускнікоў пасляваенных гадоў

Улетку 1944 г. геаграфічны факультэт БДУ вярнуўся ў вызвалены Мінск. Праз год адбыўся першы паваенны выпуск. У той час працавалі тры кафедры: фізічнай геаграфіі, эканамічнай геаграфіі, глебазнаўства і геалогіі. З 1947 г. факультэт узначаліў Мікалай Раманоўскі. Да пачатку 1948/1949 навучальнага года заняткі працягнуліся ў нанова адбудаваным корпусе ўніверсітэцкага гарадка.

У 1950 г. прайшла чарговая рэарганізацыя структурных падраздзяленняў БДУ, геаграфічны факультэт пераўтварыўся ў геолага-геаграфічны. У 1954 годзе на базе факультэта пачало дзейнасць Геаграфічнае таварыства БССР, пасля – ГА «Беларускае геаграфічнае таварыства».

Студэнты 1-га курса геолага-глебава-геаграфічнага факультэта, 1938 г.

З 1955 па 1958 г. факультэтам зноў кіраваў Андрушчанка, а з 1958 г. – Іван Трухан. У гэты перыяд факультэт атрымаў назву геаграфічнага.

У 1960 г. адкрылася вячэрняе аддзяленне, вялася падрыхтоўка спецыялістаў-географаў на завочнай форме навучання. Пашырылася аспірантура, былі рэарганізаваны ўжо існуючыя кафедры і адкрыты новыя – фізічнай геаграфіі СССР і фізічнай геаграфіі замежных краін (з 1961 г. – фізічнай геаграфіі мацерыкоў і акіянаў).

Нарада загадчыкаў кафедраў, 1960 г.

З 1962 па 1983 г. факультэт зноў узначальваў Мікалай Раманоўскі. У гэты час у склад вярнулася геалагічнае аддзяленне, вялася падрыхтоўка па спецыяльнасці «гідрагеалогія». Факультэт зноў называўся геолагагеаграфічным.

Адкрыліся таксама кафедры эканамічнай геаграфіі СССР (пазней – кафедра эканамічнай геаграфіі БССР, затым – кафедра эканамічнай геаграфіі Беларусі і дзяржаў Садружнасці), эканамічнай геаграфіі замежных краін, а таксама геадэзіі і картаграфіі, агульнага землязнаўства. Былі арганізаваны новыя навукова-даследчыя падраздзяленні: лабараторыя біягеахіміі глеб (у цяперашні час – НДЛ экалогіі ландшафтаў) і вучэбная лабараторыя спорава-пылковага аналізу (у цяперашні час – НДЛ возеразнаўства). У Валожынскім раёне пачала дзейнічаць навучальная геаграфічная станцыя «Заходняя Бярэзіна».

Пачалася падрыхтоўка географаў па спецыялізацыі «краязнаўства і методыка арганізацыі турысцка-экскурсійнай работы» (пасля – «геаграфія турызму і экскурсійны менеджмент»), пачаў працаваць Браслаўскі навукова-даследчы лімналагічны стацыянар (пасля – Браслаўскі вучэбна-навуковы азёрны стацыянар).

У 1983 г. пасаду дэкана геаграфічнага факультэта заняў Расціслаў Жмайдзяк. З 1994 г. на факультэце вялося навучанне па новых спецыяльнасцях: «геалогія і разведка радовішчаў карысных выкапняў» і «экалогія» (сёння – «геаэкалогія»). У 1995 г. адкрылася кафедра дынамічнай геалогіі, а ў 1997 г. з’явілася новая спецыялізацыя – «геаграфічныя інфармацыйныя сістэмы».

З 1998 па 2013 г. факультэтам кіраваў Іван Пірожнік. Пры ім на базе факультэта функцыянавала Вышэйшая школа экскурсаводаў і менеджараў турызму (1999 г.), і пасля рэканструкцыі адкрыўся будынак геаграфічнага факультэта (2001 г).

У гэты перыяд увялі новыя напрамкі – «геаінфармацыйныя сістэмы», «гідраметэаралогія», «космааэракартаграфія». У 2006 г. адкрылася магістратура па спецыяльнасці «геаграфія», а у 2009 г. – па спецыяльнасцях «агульная і рэгіянальная геалогія», «геаэкалогія».

У 2013 г. факультэт узначаліў Дзмітрый Іваноў. У 2014 г. адкрылася кафедра інжынернай геалогіі і геафізікі, магістратура па спецыяльнасцях «гідралогія сушы, водныя рэсурсы, гідрахімія» і «метэаралогія, кліматалогія, аграметэаралогія».

У 2016 г. дэканам факультэта стаў Мікалай Клебановіч. У 2017 г. кафедры эканамічнай геаграфіі замежных краін і эканамічнай геаграфіі Рэспублікі Беларусь і дзяржаў Садружнасці аб’ядналіся ў кафедру эканамічнай і сацыяльнай геаграфіі; у 2018 г. кафедры дынамічнай геалогіі і інжынернай геалогіі і геафізікі – у кафедру рэгіянальнай геалогіі.

З 2019 па 2022 г. факультэтам кіраваў Дзмітрый Курловіч. У гэты час геаграфічны факультэт быў перайменаваны ў факультэт геаграфіі і геаінфарматыкі, кафедра глебазнаўства і зямельных інфармацыйных сістэм – у кафедру глебазнаўства і геаінфармацыйных с і с т э м , кафедра г е а д э з і і і картаграфіі – у кафедру геадэзіі і космааэракартаграфіі. У 2021 г. на факультэце адкрыліся новыя спецыяльнасці: у бакалаўрыяце – «геатэхналогіі турызму і экскурсійная дзейнасць», у магістратуры — «землеўпарадкаванне, кадастры, геадэзія і геаматыка» (прафілізацыя «геаматыка»). У магістратуры пачалося навучанне па спецыяльнасці «геаграфія» на англійскай мове па новай прафілізацыі «дыстанцыйнае зандзіраванне і прасторавы аналіз у геаінфармацыйных сістэмах». Адкрыўся набор на новыя прафілізацыі магістратуры: «сінаптычная метэаралогія» па спецыяльнасці «гідраметэаралогія», «інавацыйныя геатэхналогіі» па спецыяльнасці «геаграфія».

У лістападзе 2022 г. дэканам стала Алена Кальмакова.

У 2022–2023 гг. адкрыты новыя спецыяльнасці: у магістратуры – «прыкладная геаэкалогія», у бакалаўрыяце – «краіназнаўства і перакладчыцкая дзейнасць». Упершыню прайшоў набор студэнтаў на новыя спецыяльнасці: бакалаўрыята – «геатэхналогіі турызму і экскурсійная дзейнасць» і магістратуры – «землеўпарадкаванне, кадастры, геадэзія і геаматыка».

У 2023 г. распрацаваны новыя адукацыйныя праграмы для магістратуры: па спецыяльнасці «геаграфія» – прафілізацыя «лічбавыя геатэхналогі і», па спецыяльнасці «геалогія» – прафілізацыя «інжынерная геалогія і эканоміка карысных выкапняў», па спецыяльнасці «гідраметэаралогія» – прафілізацыя «кліматычныя рызыкі і кіраванне воднымі рэсурсамі». У гэтым жа годзе распрацавана новая англамоўная магістарская адукацыйная праграма і ўпершыню ажыццёўлены набор на спецыяльнасць «gidrometeorology» (гідраметэаралогія) па прафілізацыі «water resources management and climate risks» (кіраванне воднымі рэсурсамі і кліматычныя рызыкі).

Знакавай падзеяй стала распрацоўка сумесных з іншымі факультэтамі БДУ міждысцыплінарных магістарскіх адукацыйных праграм на англійскай мове для замежных студэнтаў. У 2023–2024 г. упершыню адкрыліся англамоўныя адукацыйныя праграмы магістратуры: прафілізацыя «green economy and sustainable development of an organization» (зялёная эканоміка і ўстойлівае кіраванне прадпрыемствам) сумесна з эканамічным факультэтам па спецыяльнасці «эканоміка»; прафілізацыя «journalism in intercultural and geopolitical communication» (журналістыка ў міжкультурнай і геапалітычнай камунікацыі) – сумесна з факультэтам журналістыкі па спецыяльнасці «журналістыка»; прафілізацыя «geodata management using intelligent system» (кіраванне геаданымі з выкарыстаннем інтэлектуальных сістэм) сумесна з факультэтам прыкладной матэматыкі і інфарматыкі па спецыяльнасці «землеўпарадкаванне, кадастры, геадэзія і геаматыка»; прафілізацыя «environmental management and digital ecomarketing» (экалагічны менеджмент і лічбавы экамаркетынг) сумесна з Інстытутам бізнесу БДУ па спецыяльнасці «прыкладная геаэкалогія».

У 2023 г. на факультэце адкрылася пастаянная экспазіцыя «Гісторыя факультэта геаграфіі і геаінфарматыкі», якая ўключае архіўныя дакументы і экспанаты па гісторыі станаўлення і асноўных вехах развіцця кафедраў і навукова-даследчых лабараторый.

Факультэт сёння

Факультэт геаграфіі і геаінфарматыкі БДУ рыхтуе спецыялістаў прыкладной і фундаментальнай накіраванасці. Гэта адзін з вядучых навукова-адукацыйных цэнтраў ва Усходняй Еўропе ў галіне геаграфічнай адукацыі і навукі. Ён мае сучасны, малады і перспектыўны навуковы прафесарска-выкладчыцкі калектыў у краіне.

Штогод студэнтамі факультэта геаграфіі і геаінфарматыкі становяцца больш за 100 маладых людзей, якія плануюць зрабіць паспяховую кар’еру ў галіне геаграфіі, геаінфармацыйных сістэм, геаэкалогіі, геалогіі, гідраметэаралогіі, косма-аэракартаграфіі і геадэзіі, турызму і экскурсійнай дзейнасці, краіназнаўства і перакладчыцкай дзейнасці.

У структуру факультэта ўваходзяць: 7 кафедраў, якія прадстаўляюць разнастайныя навукі геаграфічнага, экалагічнага і геа лагічнага профіляў, 2 навукова-даследчыя лабараторыі, 3 студэнцкія навукова-даследчыя лабараторыі і 5 студэнцкіх навуковых гурткоў, якія выкарыстоўваюць праблемны падыход у даследаваннях, музей землязнаўства, аранжарэя, навуковы азёрны стацыянар. Факультэт мае 45 базавых арганізацый і 9 філіялаў кафедраў у вядучых дзяржаўных установах і на рэспубліканскіх навуковых унітарных прадпрыемствах.

На факультэце геаграфіі і геаінфарматыкі навучаецца каля 600 студэнтаў. Педагагічную і навуковую працу забяспечваюць больш за 100 супрацоўнікаў, сярод якіх 13 дактароў навук, прафесараў і 46 кандыдатаў навук, дацэнтаў.

Асноўныя перавагі падрыхтоўкі спецыялістаў на факультэце геаграфіі і геаінфарматыкі ў Беларускім дзяржаўным універсітэце:

– унікальны ў краіне і шматгадовы вопыт выкладання профільных дысцыплін;
– дастатковая наяўнасць кадраў вышэйшай кваліфікацыі;
– фарміраванне актуальных і «гнуткіх» навучальных планаў праз адкрыццё новых прафілізацый, якія адпавядаюць запытам заказчыкаў кадраў;
– практыкаарыентаванасць і адпаведнасць сучасным навуковым уяўленням праграм навучальных дысцыплін;
– праходжанне навучальных і вытворчых практык на базе геаграфічнага стацыянара «Заходняя Бярэзіна» ў Валожынскім раёне, у дзяржаўных навуковых, навукова-вытворчых, прыродаахоўных установах, на прамысловых прадпрыемствах і інш.;
– 9 філіялаў кафедраў;
– актыўнае ўзаемадзеянне з арганізацыямі-заказчыкамі кадраў, у т. л. праз дыялогавую пляцоўку «Ад тэорыі да практыкі»;
– 4 навуковыя школы;
– унікальнае абсталяванне;
– высокая навучальна-метадычная забяспечанасць

На факультэце сфарміраваліся і атрымалі развіццё навуковыя школы: глебазнаўства, лімналогіі, ландшафтазнаўства і геаэкалогіі, сацыяльна-эканамічнай геаграфіі і геадэмаграфіі. У стадыі фарміравання знаходзяцца навуковыя школы ў галіне эвалюцыйнай геаграфіі і геаінфарматыкі.

Супрацоўнікі факультэта актыўна ўдзельнічаюць у навукова-даследчых праектах, сярод якіх распрацоўка новага выдання Нацыянальнага атласа Беларусі, Геаграфічнага атласа настаўніка, аналіз даных перапісаў насельніцтва, ацэнка ўздзеяння тэхнагенезу на навакольнае асяроддзе, рэканструкцыя палеастановы, лімналагічныя даследаванні, дэшыфраванне касмографаў, лазернае сканіраванне мясцовасці і інш.

Гэтаму спрыяе ўнікальнае абсталяванне: апаратна-праграмны фотаграмметрычны комплекс, абсталяваны гексакоптарам, сканавальная лазерная сістэма ў зборы на базе БПЛА верталётнага тыпу, геарадар, электраразведачны комплекс, палявы праграмна-апаратны спадарожнікавы комплекс для вызначэння месцазнаходжання (каардынат) аб’ектаў і дэшыфравання даных дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі, комплекс абследавання стану глебавага покрыва, газааналізавальная модульная сістэма, лічбавыя мікраскопы і інш.

На факультэце дзейнічае доктарскі савет па абароне дысертацый па 4 спецыяльнасцях.

Фарміраванню навуковых школ садзейнічае наяўнасць на факультэце геаграфіі і геаінфарматыкі аспірантуры па 6 спецыяльнасцях у галіне геаграфічных і геолага-мінералагічных навук. Цяпер тут навучаюцца 18 аспірантаў, у тым ліку 5 з Кітайскай Народнай Рэспублікі, і 3 дактаранты.

Па выніках выкананых навукова-даследчых работ супрацоўнікамі факультэта штогод выдаецца 300–420 навуковых і навучальных выданняў, з іх 7–14 манаграфій, 190–300 навуковых артыкулаў.

На факультэце функцыянуе савет па абароне дысертацый, на якім штогод абараняюцца аспіранты і дактаранты факультэта, іншых устаноў вышэйшай адукацыі краіны, а таксама замежныя грамадзяне. Усяго за перыяд існавання факультэта тут падрыхтавана больш за 40 дактароў і звыш 260 кандыдатаў навук, 50 з іх сталі лаўрэатамі дзяржаўных прэмій Рэспублікі Беларусь, БССР і СССР, прэміі імя А. Н. Сеўчанкі, былі выбраны акадэмікамі і членамі-карэспандэнтамі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, АН БССР і СССР.

Многія выпускнікі факультэта ўдастоены ганаровых званняў «заслужаны работнік народнай адукацыі Рэспублікі Беларусь», «заслужаны работнік вышэйшай школы БССР», «заслужаны дзеяч навукі БССР», «заслужаны геолаг-разведчык БССР», «заслужаны работнік БДУ».

У 2023 г. на факультэце створаны Міжкафедральны цэнтр – кафедра ЮНЕСКА па прыродазнаўча-навуковай адукацыі (UNESCO Chair in Science Education with Emphasis on Natural Sciences). Ён функцыянуе на базе кафедры фізічнай геаграфіі свету і адукацыйных тэхналогій, уяўляе сабой навукова-адукацыйны цэнтр для падрыхтоўкі высокакваліфікаваных кадраў у галіне геаграфіі і сумежных навук.

Штогод на факультэце геаграфіі і геаінфарматыкі праходзіць не менш як дзве-тры міжнародныя навукова-практычныя канферэнцыі з удзелам вядучых навукоўцаў краіны і замежжа.

Вядучым навуковым перыядычным выданнем факультэта з’яўляецца «Часопіс Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Геаграфія. Геалогія», які ўваходзіць у пералік навуковых выданняў Рэспублікі Беларусь для апублікавання вынікаў дысертацыйных даследаванняў па геаграфічных і геолага-мінералагічных навуках, індэксуецца ў базах даных навуковага цытавання «Расійскі індэкс навуковага цытавання» (РІНЦ), China National Knowledge Infrastructure (CNKI), а таксама ў пошукавай сістэме па навуковых публікацыях «Акадэмія Google» (Google Scholar).

Факультэт ажыццяўляе міжнароднае супрацоўніцтва ў рамках дамоў больш як з 20 замежнымі універсітэтамі: гэта правядзенне сумесных навуковых экспедыцый, выкананне агульных навуковых распрацовак, чытанне лекцый, выданне сумесных прац, камандзіроўкі, вытворча-азнаямленчая практыка студэнтаў, стажыроўкі, удзел у рабоце міжнародных навуковых канферэнцый, сімпозіумаў і г. д. Супрацоўнікі факультэта з’яўляюцца членамі 14 аўтарытэтных міжнародных арганізацый і асацыяцый.

За 90-гадовую гісторыю на факультэце падрыхтавана больш за 15 тысяч спецыялістаў. Факультэт спалучае ў сабе класічныя і інавацыйныя метады і падыходы, што дазваляе на высокім узроўні, які адпавядае патрэбам сучаснага грамадства, рыхтаваць высокакваліфікаваныя кадры для нацыянальнай і сусветнай эканомікі.

Алена КАЛЬМАКОВА – дэкан факультэта геаграфіі
і геаінфарматыкі,

Наталля ПІСАРЧУК – намеснік дэкана па
вучэбнай рабоце і адукацыйных
інавацыях факультэта геаграфіі і геаінфарматыкі

print

Вам таксама можа спадабацца: