Сардэчна-сасудзістыя захворванні займаюць першае месца па смяротнасці ў свеце. У нашай краіне гэты паказчык роўны 60 %. Пры своечасовай дыягностыцы такіх захворванняў на даклінічнай стадыі праяўлення ёсць верагоднасць значна зменшыць выдаткі на лячэнне, а таксама знізіць статыстыку смяротнасці ад іх. А ажыццявіць задуманае ў будучыні стане магчымым дзякуючы камп’ютарызаванай прыладзе для дыягностыкі малых артэрыяльных сасудаў, распрацаванай на факультэце радыёфізікі і камп’ютарных тэхналогій БДУ.
– Вялікая распаўсюджанасць сардэчна-сасудзістых захворванняў патрабуе выяўлення схільнасці да іх пацыентаў сярэдняга і нават маладога ўзросту. Таму падчас дыспансерызацыі неабходна асаблівую ўвагу надаваць ацэнцы стану малых артэрыяльных сасудаў, якія першымі адчуваюць негатыўнае ўздзеянне механізмаў «ранняга старэння» (пры гэтым працэсе артэрыяльныя сасуды становяцца больш калянымi, што вядзе да павышэння артэрыяльнага ціску), – адзначыў навуковы кіраўнік праекта, дацэнт кафедры квантавай радыёфізікі і оптаэлектронікі ФРКТ Уладзімір Фірага. – Аднак спецыялізаванай апаратуры для такой дыягностыкі (акрамя даследаванняў частаты сардэчных скарачэнняў, ЭКГ, флюараграфіі, агульнага аналізу крыві і яе біяхімічнага аналізу) у клініках і бальніцах Беларусі няма. Усведамленне праблемы і прывяло да таго, што на ФРКТ з’явілася ініцыятыўная група па стварэнні камп’ютарызаванага комплексу, разлічанага на шырокае прымяненне пры масавым скрынінгу на штогадовых медыцынскіх аглядах.
Ідэя праекта аформілася ў чэрвені 2023 года. У склад распрацоўшчыкаў апарата ўвайшлі магістрант Аляксандр Лебядзеўскі, студэнты-трэцякурснікі Сяргей Славінскі, Георгій Панчанка, Мікіта Гвоздзеў і старшы выкладчык кафедры квантавай радыёфізікі і оптаэлектронікі Канстанцін Шуліко. А кіраўнікамі калектыву сталі дацэнт Уладзімір Фірага і старшы выкладчык кафедры інфарматыкі і камп’ютарных сістэм Мікалай Ляўковіч.
Стваральнікаў праекта аб’яднала разуменне, што распрацоўка складанай сучаснай медыцынскай тэхнікі магчымая толькі дзякуючы агульным намаганням спецыялістаў з розных галін навукі і тэхнікі.
– Такія калектывы робяць неацэнны ўнёсак у фарміраванне прэстыжу БДУ сярод абітурыентаў і навучэнцаў, аднак, на жаль, падтрымцы моладзевых калектываў, што працуюць над актуальнымі праектамі, сёння надаецца менш увагі, чым хацелася б. Паверце, нішто так не матывуе студэнта, як магчымасць паўдзельнічаць у вырашэнні надзённай праблемы і прадэманстраваць сябрам свае арганізатарскія і інтэлектуальныя здольнасці, – падкрэслілі кіраўнікі каманды.
Каля трох месяцаў распрацоўшчыкі знаёміліся з характарыстыкамі датчыкаў, выбіралі іх аптымальны склад і набывалі неабходныя камплектуючыя вырабы. Дзейнасць па стварэнні асобных блокаў і праграмнага забеспячэння вялася з восені мінулага года. Зараз прылада аб’ядноўвае ў сабе камп’ютар, мікракантролерны блок з датчыкамі, праграмны пакет і тэхналогію апрацоўкі даных. Кіраўнік праекта заўважыў, што для стварэння макетнага ўзору, адпаведнага праграмнага забеспячэння і іх апрабацыі спатрэбіцца яшчэ паўгода. Пасля распрацоўку чакаюць выпрабаванні, якія правядуць спецыялісты Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта і РНПЦ «Кардыялогія».
Па словах Уладзіміра Фірагі, пры кожным скарачэнні сэрца новая порцыя крыві перапампоўваецца ў артэрыяльную плынь крывяноснай сістэмы. Калі сасуды эластычныя, то лёгка прымаюць кроў за кошт павышэння ціску і невялікага пашырэння дыяметра іх унутранага прасвету. Паколькі на долю сасудаў супраціўлення прыходзіцца 50 – 60 % ад агульнага супраціўлення цячэння крыві, іх тонус непасрэдна ўплывае на ніжні артэрыяльны ціск. Таму ацэнка рэзерву пашырэння ўнутранага прасвету артэрыёл дазволіць медыкаментозна карэкціраваць дыясталічны ціск пры лячэнні гіпертэнзіі.
– У комплексе прымяняюцца неінвазіўныя метады рэгістрацыі першасных сігналаў, а сама працэдура не больш складаная за рэгістрацыю электракардыяграмы. Неабходныя датчыкі лёгка ўсталёўваюцца на руках і нагах – і час абследавання займае каля 10 хвілін. Прашыўка мікракантролера счытвае даныя адразу з некалькіх сэнсараў: датчыкаў пульсавай хвалі, электракардыяграмы і мініяцюрнага спектрометра. Паказанні з іх акумулююць інфармацыю пра хуткасць пульсавай хвалі руху крыві ў артэрыяльных сасудах, усярэднены дыяметр унутранага прасвету артэрыёл канечнасцяў і інш. Затым звесткі загружаюцца ў камп’ютар, дзе адбываецца іх комплексная апрацоўка, аналіз і візуалізацыя. Вынікам працэсу становіцца зводка пра стан малых сасудаў канкрэтнага пацыента, – патлумачыў навуковец.
Распрацоўшчыкі кажуць, што пры паспяховай апрабацыі прылады можна будзе перайсці да правядзення доследна-канструктарскіх работ і клінічных іспытаў. А кошт і даступнасць набора датчыкаў і камп’ютарнай тэхнікі дазволіць арганізаваць масавую вытворчасць такіх комплексаў на базе «Унітэхпрам БДУ». Адметна, што нядаўна каманда атрымала пуцёўку на рэспубліканскі этап конкурсу «100 ідэй для Беларусі» і прадставіць там універсітэт нароўні з найлепшымi праектамі з усёй краіны.
– Мець універсальную таблетку ад усіх захворванняў – зразумелае жаданне людзей. Аднак выяўленне паталогіі на ранняй стадыі – складаная задача. Пакуль што мы можам гаварыць толькі пра перспектывы ўстаноўкі, але ў найбліжэйшай будучыні яе вынікамі могуць стаць клінічныя доследы і водгукі дактароў-практыкаў. Напрыклад, у будучыні абсталяванне можа выкарыстоўвацца пры халадовых уздзеяннях на арганізм, каб выявіць схільнасць да спазмаў сасудаў мозгу падчас купання. Вядома нямала выпадкаў, калі людзі тонуць на мелкаводдзі праз страту прытомнасці ад звужэння прасвету сасудаў галаўнога мозгу пры рэзкай змене тэмпературы цела. Такія веды дазволяць уразлівым катэгорыям людзей больш пiльна паводзіць сябе на вадзе, – рэзюмавалі даследчыкі.
Ірына ІВАШКА