Адораная моладзь на хімфаку

24 Jun, 2024.

У 2024 годзе больш за 250 навучэнцаў БДУ занесена ў банк адоранай моладзі. У спісе можна знайсці студэнтаў, магістрантаў і аспірантаў амаль з любога факультэта. На хімічным факультэце іх 35. Трое з іх расказалі свае гісторыі.

Максім Сысоенкаў

У спісе таленавітай моладзі выпускнік пятага курса хімічнага факультэта знаходзіцца з восьмага класа. Тады ён і яшчэ пара чалавек атрымалі дыплом трэцяй ступені на рэспубліканскай НПК па хіміі. Пазней, у 11 класе, Максім атрымаў першае месца «на рэспубліцы» па хіміі і чатыры медалі на розных міжнародных алімпіядах. За гэтыя дасягненні яго занеслі ў фонд.

За час вучобы ва ўніверсітэце хлопец займаўся даследаваннямі ў розных галінах хіміі. Паспрабаваў сябе ў хіміі палімераў, потым займаўся біяхіміяй, а апошнім часам працаваў на кафедры фізічнай хіміі. Яго нядаўняе даследаванне прысвечана вывучэнню тэрмадынамічных уласцівасцяў аднаго са злучэнняў арылфуранавага шэрагу. Такія злучэнні актыўна даследуюцца, таму што ў іх даволі шырокі спектр прымянення: ад антымікробных уласцівасцяў да магчымага лячэння першаснай гіпераксалурыі.

– Гэта хвароба зараз лечыцца толькі хірургічным шляхам. Ды нават не лечыцца, а хутчэй маскіруецца, таму што дзеці з такім захворваннем вымушаны ўсё астатняе не вельмі працяглае жыццё піць імунадэпрэсанты.

Акрамя навукі важнай часткай свайго жыцця Максім лічыць выкладанне. Ён пачаў рыхтаваць вучняў да алімпіяд яшчэ да паступлення ва ўніверсітэт. Сам хлопец прызнаецца, што тады гэта былі заняткі не самага высокага ўзроўню, але з таго часу шмат што змянілася. Спачатку яго вучнямі былі навучэнцы малодшых класаў гімназіі. Потым студэнт пяць гадоў рыхтаваў каманду Мінска да рэспубліканскіх алімпіяд па хіміі, сёлета яго паклікалі ўжо весці заняткі ў Мінскую і Віцебскую вобласці.

– Толькі зараз зразумеў, што шэсць гадоў – гэта доўга. Я зрабіў для алімпіяднікаў даволі шмат навучальных матэрыялаў, якія ім дапамагаюць у падрыхтоўцы. Нейкія ёсць у адкрытым доступе, нейкія за межы маіх навучальных модуляў далёка не ідуць, вядома. Наогул, у планах напісаць свой дапаможнік для падрыхтоўкі да алімпіяд, але такія матэрыялы патрабуюць многа часу, а яго ніколі асабліва няма. Ну і апроч падрыхтоўкі, я і сам пішу і правяраю алімпіяды. Напрыклад, тры гады ўжо з’яўляюся аўтарам адной інтэрнэт-алімпіяды. У водгуках пішуць, што было цікава. Бадай, паверу ім.

Пра сваіх вучняў Максім можа расказваць бясконца. Тыя, якіх ён рыхтаваў – як падчас кароткіх збораў, так і даўжэй – узялі шмат дыпломаў і медалёў. Напрыклад, сёлета двое вучняў з Ліцэя БДУ атрымалі бронзавыя медалі на Міжнароднай Мендзялееўскай алімпіядзе па хіміі, якая прайшла ў Кітаі.

Нядаўна Максім прайшоў размеркаванне ў аддзел тэсціравання ACD/Labs. Выпускнік плануе і далей выкладаць, хаця і сам разумее, што з новай працай і графікам можа быць складаней.

Рыгор Гардуноў

У  спіс адоранай моладзі чацвёртакурснік упершыню трапіў у дзявятым класе пасля перамогі на Рэспубліканскай алімпіядзе па хіміі. У 2021 годзе як студэнт удзельнічаў у алімпіядзе па вышэйшай матэматыцы сярод студэнтаў БДУ, дзе заваяваў дыплом першай ступені, а ў 2022 годзе атрымаў Прэзідэнцкую прэмію за заслугі ў вучобе і навуцы.

Калі Рыгор стаў студэнтам, то, акрамя вучобы, пачаў актыўна займацца навуковай дзейнасцю на кафедры арганічнай хіміі. Зараз яго навуковая дзейнасць звязана з вырашэннем праблемы сінтэзу дыгідрапірымідынонаў па мультыкампанентнай рэакцыі Біджынел і з далейшым вывучэннем біялагічнай актыўнасці атрыманых злучэнняў. Спектр іх біялагічных уласцівасцяў вельмі шырокі – ад супрацьгрыбковых да супрацьракавых прэпаратаў. Ад структуры малекул залежыць і ўласцівасць, якой яны будуць валодаць.

Даследчая група, у якой Рыгор працуе ўжо больш за два гады, займаецца гэтай праблематыкай, і на дадзеным этапе ёсць невялікая бібліятэка новых рэчываў.

– Гэта гетэрацыклічныя злучэнні, а менавіта вытворныя дыгідра(тыя)-пірымідынонаў, фрагменты якіх, як вядома, сустракаюцца ў асноўных будаўнічых блоках ланцужкоў ДНК і РНК. З гэтай прычыны дадзеныя злучэнні ўяўляюць сабой асаблівую цікавасць, бо іх біялагічная актыўнасць даказана in vivo, – расказаў студэнт.

Канкрэтна тыя злучэнні, якімі займаецца Рыгор, з некаторай верагоднасцю могуць валодаць шырокім спектрам фармакалагічнага дзеяння. Гэтыя ўласцівасці могуць быць антыаксідантныя, супрацьракавыя, антыфунгальныя, процілейшманіяльныя, антыбактэрыяльныя, супрацьвірусныя і многія іншыя. На дадзеным этапе мэта даследавання – сінтэзаваць злучэнні з вызначанай структурай. А ўжо тое, якімі яно будзе валодаць уласцівасцямі, пакажа далейшы біялагічны аналіз на пэўных лініях клетак і калоніях мікраарганізмаў.

– Рэальныя біявыпрабаванні яшчэ будуць праводзіцца, а пакуль што мы сінтэзуем бібліятэку такіх злучэнняў, каб потым зрабіць комплексны аналіз. Яшчэ шмат трэба зрабіць, аднак пачатак ужо пакладзены. Усе злучэнні будуць прааналізаваны in vitro на біялагічных асяроддзях (грыбкі, бактэрыі, ракавыя клеткі і г. д.), а пакуль што мы абмяжоўваемся in silico аналізам пры дапамозе камп’ютарнага мадэлявання структур.

Зараз Рыгор працягвае займацца навукай і плануе паступаць у магістратуру.

Аляксей Гарахоўскі

У банк адоранай моладзі магістрант хімічнага факультэта патрапіў яшчэ ў школе. Удзельнічаць у алімпіядах Аляксей пачаў у восьмым класе і адразу атрымаў перамогу на гарадской алімпіядзе. Праз год ён паўтарыў свой вынік. У дзявятым класе на рэспубліканскім узроўні Аляксей стаў першым у рэйтынгу. Але вяршыняй сваіх поспехаў ён лічыць перамогі ў міжнародных алімпіядах. За час вучобы ў школе Аляксей быў на сямі міжнародных алімпіядах па хіміі, і з кожнай з іх ён прывёз медаль. У яго скарбонцы чатыры залатыя, дзве сярэбраныя і бронзавая ўзнагарода.

Наконт паступлення ў БДУ магістрант канчаткова вызначыўся толькі ў 11 класе. Да гэтага Аляксей разглядаў розныя месцы. Гэта быў і хімфак МДУ, і іншыя маскоўскія ВНУ. У адзін час хлопцу хацелася быць хімікам-ядзершчыкам, хімікам-інжынерам, але ў 11 класе канчаткова зразумеў, што яго вабіць фундаментальная навука. Вучоба, прызнаецца Аляксей, не была простай. Яму шмат што давалася лёгка, дапамог вялікі багаж ведаў і напрацаванага лагічнага мыслення, але былі пэўныя цяжкасці з убудоўваннем у агульную сістэму. Няпроста вучыцца разам з усімі, калі да гэтага выпрацаваў спосаб навучання менавіта пад сябе. Але хімфак студэнт скончыў з чырвоным дыпломам. Цяпер Аляксей займаецца даследаваннямі фотахімічных рэакцый тытанаарганічных злучэнняў.

– На хімфаку БДУ даволі моцная школа тытанаарганічнай хіміі. Як-ніяк рэакцыю Кулінковіча адкрылі менавіта ў нас. Плюс да ўсяго радыкальныя рэакцыі і фотахімія – гэта трэнд сучаснай хіміі, як і арганічная хімія ўвогуле. Падобныя рэакцыі дазваляюць выкарыстоўваць высокаактыўныя часціцы з адносна простых і танных рэагентаў для сінтэзу рэчы ваўрозных класаў, найбольш цікавыя з якіх валодаюць біялагічнай актыўнасцю і з’яўляюцца патэнцыйнымі лекавымі сродкамі.

Аляксей плануе працягнуць даследаванні і паступова пашыраць сваю галіну дзейнасці. Па гэтай жа тэме ён збіраецца пісаць кандыдацкую і доктарскую дысертацыі. Праца ў лабараторыі дае хлопцу радасць самім фактам адкрыцця чагосьці новага, вывучэннем невядомага. Таксама ў перспектыве Аляксей хоча працаваць выкладчыкам на хімічным факультэце, паколькі лічыць неабходным і карысным інфармаваць людзей пра самыя перадавыя навуковыя адкрыцці і фарміраваць строгае навуковае мысленне. На думку нашага героя, гэта робіць чалавека паўнацэннай асобай, здольнай на змяненне свету да лепшага.

Ганна КАЗАКОВА

print

Вам таксама можа спадабацца: