У сваім хатнім фотаархіве адшукаў вось гэты здымак. На ім адлюстраваны мой куратар з філалагічнаг а факультэта Белдзяржуніверсітэта Міхей Мікалай Дзмітрыевіч. Здымак быў зроблены напачатку 1980-х гадоў.
Чаму я прыгадаў свайго выкладчыка і куратара? Ды таму, што летась 22 жніўня Мікалаю Дзмірыевічу споўнілася 85 гадоў. Божа ж ты мой, як хутка бяжыць час. А ён бачыцца і сёння перад вачыма: невысокага росту, у касцюме з гальштукам, у руках заўсёды нешта трымае, у акулярах, спакойны і ветлівы. Вось такі, як на фотаздымку.
Мікалай Міхей быў куратарам нашай чацвёртай групы. Ён забягаў да нас, каб запытацца, якія ёсць пытанні ці праблемы, а потым непрыкметна знікаў. Ён не надакучваў нам выхаваннем, вучобай, узаемаадносінамі ў калектыве. Ён любіў нас такіх, якія мы былі, а мы ў сваю чаргу вельмі паважалі яго. Ён лічыў нас дарослымі, сур’ёзнымі і самастойнымі. А калі ў каго з’явяцца праблемы – дапаможа іх вырашыць адзін на адзін.
Але ў той жа час ніхто з нас не пацікавіўся, чым займаецца Мікалай Дзмітрыевіч, што даследуе, над чым працуе, адкуль ён родам. Мы, маладыя студэнты, жылі сваімі клопатамі і справамі. Толькі цяпер, калі прайшло шмат гадоў, мяне зацікавіў мой былы выкладчык. Гляджу на гэты фотаздымак, і такая настальгія па мінулых студэнцкіх гадах, вучобе нахлынула, што аж сэрца спыняецца ад думак. Цяпер такіх выкладчыкаў няма. А мяне вучылі Ніл Гілевіч, Алег Лойка, Сцяпан Александровіч, Рыгор Семашкевіч, Адам Супрун, Таццяна Шамякіна, Любоў Тарасюк, Вячаслаў Рагойша, Кузьма Хромчанка, Маргарыта Яфімава, Людміла Карпава, Святлана Любіч, Мікалай Паўленка, Аляксандр Станюта, Вячаслаў Каладзінскі і іншыя. Яшчэ першакурснікам напісаў такія радкі: «Мой БДУ – маё дыханне, мая надзея на далягляд…» Але сёння часцей за ўсё прыгадваюцца радкі прафесара Алега Лойкі: «Думаў я, усё наперадзе, аказалася – ззаду…» І гэта, сапраўды, так…
Калі б вярнуўся той час, я абавязкова пагутарыў бы з Мікалаем Дзмітрыевічам. Папрасіў бы яго, каб ён распавёў пра сваю знакамітую вёску Нянькава з Навагрудчыны, дзе нарадзіўся ў сялянскай сям’і 22 жніўня 1938 года.
Вучыўся вясковы хлопчык спачатку ў Нянькаўскай пачатковай школе, потым у Асташынскай сямігодцы і ў беларускай школе ў Навагрудку. У 1951 годзе паступіў на філалагічны факультэт БДУ. Сумяшчаў напачатку вучобу з працай у газеце «Калгасная праўда»: быў падчытчыкам, карэктарам, літаратурным рэдактарам. Пасля ўніверсітэта вучыўся ў аспірантуры на кафедры беларускай мовы БДУ. А з 1961 года выкладаў на гэтай кафедры.
Друкавацца Мікалай Міхей пачаў з 1968 года. Ён даследаваў праблемы сінтаксісу беларускай мовы, методыку яе выкладання ў сярэдніх і вышэйшых навучальных установах. Адзін і ў суаўтарстве напісаў і выдаў дапаможнікі «Разбор сказа», «Сінтаксічная сувязь слоў у сказе», «Сучасная беларуская мова», «Некаторыя асаблівасці беларускай літаратурнай мовы на сучасным этапе (па матэрыялах мінскай перыёдыкі)», «Субстантывацыя прыметнікаў і дзеепрыметнікаў у сучаснай беларускай літаратурнай мове» і іншыя.
Разам з Мікалаем Дзмітрыевічам Міхеем на філалагічным факультэце працаваў яго зямляк з Нянькава Уладзімір Міхайлавіч Лазоўскі (1934 – 2007). Ён працаваў намеснікам дэкана філалагічнага факультэта. Але навуковымі інтарэсамі яго былі таксама сучасная беларуская мова, праблемы беларускай лексікалогіі, фразеалогіі, лексікаграфіі, тэарэтычныя праблемы беларускай мовы і беларускай лінгвадыдактыкі.
Наогул, вёска Нянькава на Навагрудчыне, дзе нарадзіўся Мікалай Міхей, цэлае гняздо таленавітых людзей.
Калі ехаць з Навагрудка ў бок Любчы, пасля павароту на вёску Нянькава, з правага боку каля самай дарогі можна заўважыць валун, агароджаны плотам. На валуне ёсць шыльда з надпісам, што на гэтым месцы жыў вядомы вучоны Уладзіслаў Дыбоўскі (1838 – 1910). Ён нарадзіўся ў маёнтку Адамарын на Маладзечаншчыне. 25-гадовы Уладзіслаў Дыбоўскі за ўдзел у паўстанні ў 1863 годзе быў асуджаны да турэмнага зняволення. З 1871 года ён працаваў у Тартускім універсітэце ў Эстоніі. У 1878 годзе Дыбоўскі становіцца доктарам мінералогіі, але з-за хваробы сэрца пакідае працу. Ён пераязджае на Навагрудчыну ў маёнтак Нянькава.
Уладзіслаў Дыбоўскі вывучаў раслінны свет, даследаваў флору і фаўну Навагрудчыны. А з дапамогай сваёй сястры, якая ў той час жыла ў маёнтку Войнава, непадалёк ад Любчы, ён сабраў багаты гербарый, які потым быў перададзены ў Кракаўскі універсітэт. Уладзіслаў Дыбоўскі быў вядомы не толькі як навуковец, але і як збіральнік беларускага фальклору, ён выдаў кнігу «Беларускія прыказкі з Навагрудскага павета». У 1989 годзе Станіслаў Галакціёнаў і Ганна Яцкевіч выдалі кнігу пра Уладзіслава Дыбоўскага, якую яны так і назвалі – «Рыцар навукі з Нянькава».
Жыў у Нянькаве ў XX-пачатку XXI стагоддзя і фатограф Ян Комар, які здымаў фотаапаратам «Зеніт-С» на вузкую чорна-белую стужку родную вёску. Здымаў ён яе з 1950-х да сярэдзіны 1970-х гадоў.
З Нянькавам звязана маленства і школьныя гады доктара гістарычных навук, беларускага культуролага і мастацтвазнаўца Міколы Нікалаева. Ён закончыў гістарычны факультэт БДУ. Працуе ў Расійскай нацыянальнай бібліятэцы, узначальвае аддзел рэдкіх кніг, з’яўляецца старшынёй Санкт-Пецярбургскай асацыяцыі беларусістаў. Выдаў цудоўныя кнігі «Палата кнігапісная» (1993), «Беларускі Пецярбург» (2009), «Кніга цудаў Наваградскай іконы Багародзіцы як помнік гісторыі XVII стагоддзя. Даследаванне і тэкст» (2015) і іншыя.
Наогул, пра філолага Мікалая Міхея, яго знакамітых землякоў і вёску Нянькава можна напісаць цэлую кнігу-даследаванне. Усіх іх яднала і яднае любоў да сваёй малой радзімы і да ўсёй Беларусі.
Сяргей ЧЫГРЫН,
выпускнік філфака БДУ 1985 года