Гісторыі самастойнага размеркавання

24 Jun, 2024.

Красавік – адказны месяц для выпускнікоў-бюджэтнікаў: падрыхтоўка да дзяржаўных іспытаў, абароны дыплома, а таксама размеркаванне, якое вызначыць, дзе маладыя спецыялісты будут працаваць наступныя 2 гады. Хтосьці наглядаў сабе месца непасрэдна перад размеркаваннем, а хтосьці загадзя ўладкаваўся ў абраную кампанію. Некалькі выпускнікоў расказалі, як яны шукалі сабе месца кар’ернага старту.

Аляксандра вучылася на філалагічным факультэце на спецыяльнасці «беларуская філалогія (літаратурна-рэдакцыйны напрамак)». На папярэднім размеркаванні яе накіравалі ў Мінскі дзяржаўны мастацкі каледж імя А. К. Глебава настаўніцай беларускай мовы і літаратуры. Але з лютага 2024 года дзяўчына працуе рэдактарам у Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы. За невялікі час Аляксандра зарэкамендавала сябе як каштоўны спецыяліст, і кіраўнікі тэатра былі зацікаўлены, каб студэнтка пасля вучобы пайшла да іх. Таму Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь адаслала на факультэт пісьмо з просьбай размеркавання выпускніцы. Дадатковым важным фактарам стала тое, што вытворчую практыку на 3 курсе дзяўчына таксама праходзіла ў гэтым тэатры, у пісьме гэта было ўказана.

Аляксандра Гарбунова

Да таго Аляксандра першыя 3 гады вучобы вяла актыўнае студэнцкае жыццё: валанцёрства, курыраванне і кіраўніцтва праектамі і падраздзяленнямі арганізацый, удзел у капэле БДУ і іншае. Але на размеркаванне гэтыя актыўнасці не ўплывалі.

— Было маральна складана чакаць вынікаў размеркавання: у галаве шмат пытанняў, сумневаў, адсутнасць дакладных адказаў. На канчатковым размеркаванні камісія, як мне тады здавалася, доўга прымала рашэнне. Але ўсё склалася добра, мяне размеркавалі туды, дзе я адчуваю сябе на сваім месцы. Размеркаванне – гэта не самы прыемны перыяд. Ён забірае сілы, нервы і час. Але для годнага студэнта камісія абярэ годнае месца адпрацоўкі. Добры сярэдні бал таксама вельмі дапамагае.

Эрнэст заканчвае механіка-матэматычны факультэт на спецыяльнасці «матэматыка (навукова-канструктарская дзейнасць)». Для многіх студэнтаў знаходжанне жаданага размеркавання можа быць цэлым выпрабаваннем, але яно не было такімі для хлопца. Ён лічыць, што ў адпрацоўкі заўсёды 2 праблемы: знайсці працу даспадобы і атрымаць дазвол на размеркаванне менавіта туды. І другая частка самая складаная, таму што ў факультэта свае патрабаванні і ўмовы, якім павінна адпавядаць арганізацыя, і часам у вас нават не бывае магчымасці самому знайсці працу, за цябе ўжо ўсё вырашана.

Эрнэст Кнураў 

— На шчасце, на маім факультэце з гэтым значна прасцей. Нам для размеркавання дастаткова, каб твае абавязкі на знойдзенай рабоце адпавядалі спецыяльнасці . Жадаеш працаваць праграмістам? Калі ласка. Жадаеш матэматыкам? На здароўе. Настаўнікам? Ды цябе з рукамі адарвуць. Вось гэтая частка далася мне лёгка, у мяне ўжо было месца працы, і я падаў заяўку на размеркаванне туды ж. Працу Эрнэст шукаў ужо з другога курса. Спачатку ён патрапіў на стажыроўку, а потым і на паўнавартасную пасаду. Ён працуе ў IT і ведае, што знайсці месца нялёгка, трэба актыўна развівацца, каб адпавядаць стандартам і вялікай канкурэнцыі. — Калі ёсць праца і вы добра сябе зарэкамендавалі, то арганізацыя можа хадайнічаць наконт вас. Гэта не абавязкова гарантуе, але павышае шанцы атрымаць жаданую адпрацоўку. Таму абавязкова шукайце працу загадзя, разглядайце розныя варыянты, спрабуйце і не здавайцеся. Бо студэнцтва на тое і дадзена, каб вучыцца жыццю.

Яшчэ да паступлення на эканамічны факультэт Ілья Мацюлька марыў апынуцца ў аўдытарскай кампаніі. У канцы 3 курса яму ўдалося патрапіць на лекторый ад кампаніі ТАА «Б1 Аўдытарскія паслугі», і тады ён захацеў размяркоўвацца менавіта туды. У жніўні 2023 года Ілью прынялі на працу ў кампанію, дазволілі прайсці летнюю і пераддыпломную практыку. На іх ён са сваім навуковым кіраўніком сфармуляваў тэму для справаздачы, непасрэдна звязаную з тэмай дыпломнай працы – карпаратыўнай сацыяльнай адказнасцю.

Ілья Мацюлька

Ілья лічыць, што яму пашанцавала з калегамі. Калі для дыплома інфармацыі не хапала, яны дапамагалі.

Перад размеркаваннем ён загадзя звярнуўся ў кадравы аддзел у кампаніі. У выніку хлопец без праб лем і задоўга да размеркавання знайшоў сабе месца для пачатку кар’еры. Цяпер ён будзе працаваць спецыялістам кансультавання ў галіне суправаджэння здзелак.

— Мая парада выпускнікам: шукайце месца для размеркавання загадзя і яшчэ раней пачынайце задумвацца пра канкрэтную сферу і кампанію, у якой хацелі б пачаць прафесійную дзейнасць. Гэта дапаможа не хвалявацца ў напружаны перыяд размеркавання.

Часам на адным месцы размеркавання аказваюцца студэнты двух розных факультэтаў, з гэтага можа атрымацца цікавая гісторыя. Так і здарылася ў нашых наступных герояў.

У дзіцячым часопісе «Бярозка» сёлета шукалі размеркаванне двое студэнтаў: Міхаіл Мурза з факультэта журналістыкі і Ганна Белая з філфака.

Ганна з дзяцінства любіла часопіс «Бярозка», таму, калі надышоў час выбіраць месца працы, дзяўчына прапанавала ім сваю кандыдатуру на пасаду рэдактара. Міхаіл жа пачаў працаваць у часопісе яшчэ ў жніўні 2023 года і ніякага іншага месца для будучай адпрацоўкі не разглядаў. Ён загадзя дамовіўся з кіраўніцтвам, што застанецца ў часопісе пасля атрымання дыплома. Але высветлілася, што «Бярозка» не з’яўляецца адной з базавых арганізацый, якія маюць пераважнае права на маладых спецыялістаў. З размеркаваннем узніклі праблемы, і студэнтам прыйшлося звярнуцца да юрыста.

— Тры месяцы мы займаліся тым, каб зрабіць увесь Дом прэсы базавай арганізацыяй. Сабралі дакументы, напісалі дамову аб узаемадзеянні з БДУ. Недзе месяц мы чакалі ўнясення ўсіх правак, вынясення рашэння і заключэння дамовы. І нарэшце – у «Бярозку» стала магчыма бесперашкодна размяркоўвацца, – расказвае Міхаіл.

Міхаіл Мурза

— На папярэднім размеркаванні студэнтам нярэдка адмаўлялі ў іх заяўках. Але калі студэнты даносілі ў дэканат усе патрэбныя дакументы, а працадаўцы выказвалі сваю зацікаўленасць у маладых спецыялістах, то большасць выпускнікоў атрымлівала размеркаванне, – дзеліцца вопытам Ганна.

Усе нашы героі адзначаюць, што адпрацоўка ў той арганізацыі, якую ты для сябе абраў – магчымасць развівацца ў жаданай сферы. Яна дае стабільнасць на наступныя 2 гады, а за гэты час можна зразумець, чаго ты хочаш ад сваёй кар’еры, пачувацца бяспечна і не турбавацца наконт пошуку працы.

Ганна КАЗАКОВА

print

Вам таксама можа спадабацца: