Вопыт замежных студэнтаў

24 Jun, 2024.

Зараз у БДУ навучаецца каля 5300 замежнікаў. Гэта прыблізна пятая частка ад колькасці ўсіх студэнтаў. Многія з іх сутыкаюцца з цяжкасцямі студэнцкай міграцыі, але з адаптацыяй дапамагае савет зямляцтваў. Ён займаецца наладжваннем сяброўства і супрацоўніцтва паміж студэнтамі, арганізоўвае тэматычныя фестывалі, прэзентацыі, выставы і іншае.

У склад савета Ўваходзіць 8 нацыянальных зямляцтваў:  Кітай, Расія, Казахстан, Узбекістан, Таджыкістан, Туркменістан, Азербайджан, Краіны Афрыкі.

З такой падтрымкай розніца менталітэтаў і культур не перашкода ў асваенні новых ведаў. Гэта даказваюць нашы студэнты з самых розных краін.

Ахмед Таўсултанаў вучыцца на 3 курсе юрыдычнага факультэта. Ён з Расіі, з Чачэнскай Рэспублікі. Ахмед – старшыня савета зямляцтваў. — Калі я скончыў 11 класаў і здаў АДЭ ў Расіі, вырашыў, што хачу змяніць сваё жыццё, асяроддзе і пашырыць кругагляд, таму паступіў у іншую краіну.

Выбар, дзе вучыцца, у Ахмеда быў вялікі, але ён узгадаў пра БДУ. Пра сам універсітэт будучаму студэнту распавёў стрыечны брат – ён таксама вучыўся на юрфаку. Ужо ў Мінску ён пайшоў ва ўпраўленне міжнародных сувязяў БДУ, каб прайсці тэсціраванне і падаць дакументы. А факультэт абраў па жаданні душы. Ахмед прызнаецца, што ні паступленне, ні вучоба не выклікалі ў яго цяжкасцяў. А добразычлівасць беларусаў і перавагі Мінска не пакінулі падстаў сумнявацца ў выбары. У канцы мая мінулага года студэнта абралі старшынёй савета зямляцтваў. На пасадзе ён адчуў адказнасць і зразумеў, што хоча прыўнесці нешта новае ў арганізацыю і ствараць яшчэ больш спрыяльныя ўмовы для вучобы і пражывання ў краіне для замежных студэнтаў. Пасля вучобы Ахмед збіраецца займацца прадпрымальніцкай дзейнасцю. Наўпрост па спецыяльнасці ён працаваць не плануе, але ні на секунду не шкадуе, што паступіў на юрыдычны факультэт. Ён лічыць, што веданне законаў дапаможа чалавеку ў любой жыццёвай сітуацыі.

– Важныя моманты для замежных абітурыентаў: памятайце, што БДУ ўваходзіць у 1% найлепшых ВНУ свету, і тут вы атрымаеце надзвычай карысныя навыкі і веды, бо кожны выкладчык у БДУ – прафесіянал сваёй справы; вы вучыцеся толькі для сябе, таму стаўцеся да вучобы сур’ёзна і адказна; БДУ заўсёды рады прыняць вас, а таксама жадае зрабіць ваша студэнцкае жыццё лягчэйшым і запамінальным. Таму з усімі пытаннямі вы заўсёды можаце звярнуцца ў савет зямляцтваў БДУ, адразу да мяне як да старшыні арганізацыі, ва ўпраўленне міжнародных сувязяў і ў прынцыпе да кіраўніцтва, бо кожны студэнт для БДУ як роднае дзіця!

Аляксандра Ларыёс вучыцца на другім курсе хімічнага факультэта. Яна родам з Нью-Ёрка, але Беларусь лічыць сваім другім домам. Яе маці беларуска, і раней яна часта прывозіла дачку на канікулы на радзіму. Дзяўчына цікавілася вучобай за мяжой і спынілася на БДУ. – У ЗША я разглядала розныя ВНУ. Напрыклад, SUNY Binghamton, SUNY Stony Brook, Rutgers University, Cornell University і іншыя ў раёне штата Нью-Ёрк. Першапачаткова я збіралася вучыцца ў Rutgers па спецыяльнасці крыміналістычнай хіміі, але потым у мяне з’явілася магчымасць паступіць у ВНУ Беларусі і Расіі.

У выніку яна даведалася, што ў БДУ ёсць цікавыя ёй спецыяльнасці і магчымасць атрымаць добрыя веды. Ды і сам Мінск Аляксандры вельмі падабаецца, тым больш тут жывуць яе сваякі. Студэнтка адзначыла, што школьная адукацыя ў Штатах вельмі адрозніваецца ад беларускай. – У Амерыцы вучоба складаецца з чатырох асноўных прадметаў: англійскай, матэматыкі, гісторыі (Social Studies – сацыяльныя навукі) і, што называецца, Science (аналагічны прадмету «Чалавек і свет»). Вучаць гэтыя прадметы з першага па восьмы клас з дадатковымі ўрокамі мастацтва і замежнай мовы. З дзявятага па дванаццаты клас у нас ёсць магчымасць браць розныя курсы. У 10 класе я вывучала пачатковую хімію, а ў 12 класе – на ўніверсітэцкім узроўні Advanced Placement Courses.

Паступіць у БДУ для амерыканкі аказалася не так складана. Галоўнай цяжкасцю стала вучэбная праграма. Да ўніверсітэта Аляксандра вывучала асновы неарганічнай хіміі. І, калі прыйшла на лекцыю па неарганіцы на першым курсе, усё, пра што яна даведалася за два гады ў ЗША, выкладчык ахапіў за тры лекцыі. Дзяўчына зразумела, што могуць узнікнуць праблемы з паспяховасцю.

Яшчэ адной цяжкасцю для Аляксандры стаў прафесійны моўны бар’ер. Хоць яна і нядрэнна размаўляе па-руску, але думае на англійскай. – Руская лексіка вельмі адрозніваецца ад англійскай. У працэсе навучання я вельмі часта блытаю навуковыя тэрміны з англійскімі, таму мне часам складана сфармуляваць думку, калі адказваю на занятках.

Для замежных абітурыентаў Аляксандра дала сваю параду, як паспяхова вучыцца ў БДУ. – Хоць атрымаць адукацыю можа на першы погляд здацца складаным, калі прыкладаць дастаткова намаганняў, то можна дасягнуць добрага выніку. Трэба ўкладвацца на ўсе сто, але і пра адпачынак не трэба забываць. Ва ўніверсітэце праводзяць шмат розных мерапрыемстваў, дзе кожны можа знайсці нешта цікавае. Абітурыентам не варта нічога баяцца. Адукацыя ў БДУ вельмі дапаможа ў будучыні. І памятайце, што супольнасць замежных студэнтаў заўсёды гатовая дапамагчы з любой праблемай.

Уўганбаяр Эрдэмсайхан – студэнт з Манголіі. Зараз ён вучыцца на другім курсе факультэта міжнародных адносін. Хлопец пачаў вывучаць рускую мову яшчэ ў рускамоўным дзіцячым садку, пазней – у школе. Уўганбаяру ў старэйшых класах прапанавалі квоту на навучанне ў Расіі і Беларусі.

Хлопец паступаў у абедзве краіны, разглядаў ВНУ ў Санкт-Пецярбургу і Маскве. Пазней яго прыняў універсітэт у Томску, а калі надышоў час канчаткова выбіраць, то абітурыент палічыў, што будзе цікавей вучыцца ў Беларусі. – Хоць і здаецца, што прычын шмат, але насамрэч я не магу з дакладнасцю адказаць на пытанне, чаму я абраў БДУ. У адзін момант мне проста вельмі захацелася вучыцца тут. Мяне цягнула ў Беларусь. Магчыма, тут я мушу сустрэць свой лёс. Мяне прыцягвалі блізкае размяшчэнне да іншых краін Еўропы і стыпендыя. Дзякуючы квоце на навучанне, яна ў мяне вялікая. Мне падабаецца Мінск за яго чысціню і бяспеку.

Але спыняцца Уўганбаяр не плануе і пасля вучобы жадае пераехаць у іншую краіну і паспрабаваць сябе ў творчасці. – Параю абітурыентам, якія таксама хочуць паступіць праз грант, не ленавацца і зарабляць добры сярэдні бал атэстата. Падрыхтуйцеся да іспытаў і сумоўя, тады ў вас абавязкова ўсё атрымаецца.

У кожнага з замежных студэнтаў свае прычыны навучацца ў БДУ. Але ўсіх іх аб’ядноўвае імкненне да пашырэння кругагляду, да якаснай адукацыі і таго неацэннага вопыту, які можа даць наш універсітэт.

Ганна КАЗАКОВА

print

Вам таксама можа спадабацца: