Ідэю наведаць геабазу «Заходняя Беразіна», дзе мой курс 1972 года паступлення праходзіў палявыя практыкі па шэрагу вучэбных дысцыплін, выказалі мае сябры Котава Таццяна і Сабалеўскі Аляксандр (сёння гэта муж і жонка). Праўда, адразу ідэя зводзілася да аўтаномнай паездкі на аўтамабілі з мэтай паглядзець, як змянілася геабаза, ці пазнаем мы яе праз 50 з лішнім гадоў. У мяне адразу ўзнікла думка, чаму б гэта наведванне не зрабіць больш глабальным. Звярнуліся з прапановай да аднакурснікаў і не пачулі практычна ніводнага адмоўнага адказу. Гэта яшчэ больш натхніла на рэалізацыю ідэі, і пачалася праца па яе рэальным увасабленні. Склалі план, вызначылі аргкамітэт, дзень і час ад’езду з Мінска і г. д.
Трэба адзначыць таксама некаторыя іншыя акалічнасці, якія паўплывалі на наш план. Папершае, сёлета факультэт адзначае 90-годдзе свайго ўтварэння. У пастанове СНК БССР «Аб рабоце БДУ» ад 1934 года прадугледжвалася ўтварыць сярод іншых факультэт геалогіі, глебы і геаграфіі. Такім чынам, ён з’яўляецца адным з найстарэйшых факультэтаў універсітэта. Прайсці міма гэтай падзеі было немагчыма. Пдругое, мой курс быў па сутнасці першым, які праводзіў палявыя практыкі на створанай у 1973 годзе ў Валожынскім раёне вучэбнай геаграфічнай станцыі «Заходняя Беразіна» (так яна тады называлася). Патрэцяе, маючы ў сваім складзе палкоўніка Аляксандра Лашука, за поспех планаванага мерапрыемства можна было не хвалявацца. З усёй адказнасцю магу сцвярджаць, што без яго актыўнага ўдзелу не абышлася ні адна папярэдняя сустрэча аднакурснікаў, а іх было некалькі, праўда, у Мінску. Гэта сапраўдны палкоўнік, які пасля вяртання з Афганістана яшчэ паспеў папрацаваць на розных пасадах у арміі, у тым ліку намеснікам начальніка ваеннага факультэта БДУ. Зразумела, што актыўна працавалі і іншыя мае аднакурснікі, якія ўваходзілі ў аргкамітэт.
Такім чынам, галоўнымі складовымі часткамі плана было: наведванне геабазы і экскурсія па ёй; сустрэча з сённяшнімі студэнтамі, якія праходзяць практыку; абед і адпачынак у адной з кавярань Валожына. Не магу не ўзгадаць усіх, хто браў удзел, і раблю гэта не з мэтай заняць старонкі газеты, а з удзячнасцю за іх адказнасць і салідарнасць, якую сёння рэдка сустрэнеш, тым больш у пенсійным узросце. Географы, яны не толькі лёгкія на пад’ём, але і ў стане яшчэ нагадаць пра сябе. Прозвішчы ўсіх маіх аднакурснікаў даю «дзявочыя» па групах і па алфавіце, зыходзячы з найбольшай колькасці чалавек: Першая група эканома-географаў – Наталля Жыгайла, Наталля Красло (была з мужам Яўгенам, які вельмі актыўна дапамагаў у рэалізацыі культурнай праграмы), Таццяна Лаўрук, Галіна Матус (актыўны арганізатар нашага харчавання ў кавярні), Таццяна Навуменка, Вячаслаў Сасноўскі (аўтар гэтых радкоў), Галіна Южык. Першая група фізіка-географаў – Марыя Васілюк, Аляксандр Кашынскі, Валянціна Мяшчэрская (самы актыўны грамадскі дзеяч на курсе ў студэнцкія гады і арганізатар гэтай сустрэчы), Наталля Паўлава, Аляксандр Сабалеўскі, Ніна Свістунова, Ірына Феакцістава. Другая група эканома-географаў – Галіна Арлоўская, Леанід Ігошын, Таццяна Котава, Люба Міцюкевіч, Ніна Сачкова, Лілія Сухадолец (прыклала вялікія намаганні ў пошуках памяшкання для абеду і яго арганізацыі). Трэцяя група фізіка-географаў – Аляксандр Лашук, Віктар Таляронак, Галіна Урбановіч, Надзея Янава (займалася бухгалтэрыяй мерапрыемства, і, як у адказнага бухгалтара, у яе ўсё сышлося, нават спадніца), Лілія Янкоўская (была з мужам Казімірам, з якім многія мае аднакурснікі былі ўжо знаёмыя з часоў сплаву па Заходняй Беразіне гадоў пяць таму). Другая група фізіка-географаў – Ала Крупская і Валянціна Лось.
Усе пералічаныя асобы жывуць у Беларусі, але ў розных яе рэгіёнах, і дабірацца да геабазы даводзілася як з Мінска на замоўленым аўтобусе (пераважная большасць), так і на ўласных аўтамабілях, цягніком. Самыя аддаленыя гарады – Гомель, Віцебск, Жлобін, Ліда і Салігорск. Нягледзячы на кампактнасць тэрыторыі Беларусі, усё-такі для пенсіянера і 150-300 км – адлегласць. Заслугоўвае вялікай павагі ўчынак адной маёй аднакурсніцы, якой толькі два месяцы таму зрабілі аперацыю па замене каленнага сустава. Гэта сапраўдны прыклад адказнасці перад сваімі аднагрупнікамі, які ўсе прысутныя не маглі не заўважыць і ацаніць.
Асабліва хочацца адзначыць факт прысутнасці разам з намі кандыдата геаграфічных навук дацэнта Паўла Каўрыгі. Ніводная наша сустрэча без яго не абыходзілася. Ён правёў экскурсію па геабазе, распавёў пра метэаралагічныя назіранні студэнтаў у час практык. Усіх уразіў факт, што сёння існуе такі прыгожы рытуал, які здзяйсняюць студэнты кожную раніцу – уздымаюць рукі ўгару і выказваюць падзяку Богу словамі «хвала нябёсам». Напэўна, з-за такіх заклікаў у той дзень нас суправаджала цудоўнае сонечнае надвор’е.
Такім чынам, было нас 30 чалавек. Заўважу, што студэнтамі першага курса ў 1972 годзе сталі 125 чалавек. Ці магло быць больш? Напэўна, магло, калі б некаторыя мелі лепшы фізічны стан, а пэўная частка праявіла большую актыўнасць і адказнасць. Пры гэтым з сумам даводзіцца канстатаваць, што амаль кожны пяты з курса пакінуў ужо гэты свет (іх мы памянулі ў кавярні).
Што тычыцца выкладчыкаў, на вялікі жаль, тых, з кім некаторыя з нас сутыкаліся ў часы вучобы, засталося не шмат. Гэта дактары геаграфічных навук прафесары Галіна Марцінкевіч і Мікалай Чартко, кандыдаты геаграфічных навук дацэнты Павел Каўрыга, Натэла Кліцунова і Генадзь Смалякоў, старшыя выкладчыкі Лілія Мар’іна, Лілія Мельнікава і Зінаіда Панцялеева.
А цяпер пра само наведванне геабазы. Сказаць, што яна змянілася – гэта значыць нічога не сказаць. Калі б нас сюды «закінулі» з верталёта, мы б адразу не зразумелі, куды патрапілі, і ніколі б не пазналі свае «родныя пенаты». Бадай, самае вялікае ўражанне на ўсіх аказаў зменены ландшафт геабазы і найперш сосны, якія здзівілі не толькі сваёй колькасцю (у 70-я гады мы іх не заўважалі), а памерамі (вышыня іх не менш за 30 м). Сёння гэта сапраўдны сасновы бор! Не засталіся незаўважанымі і іншыя змененыя элементы ландшафту – адсутнасць прыродных сцежак, немагчымасць наўпрост выйсці на бераг ракі і інш. Другое вялікае ўражанне – інфраструктура. У нашы часы быў толькі адзін капітальны будынак – сталоўка, а жылі мы ў намётах. Ежу гатавалі самастойна ў армейскіх катлах. Усе камеральныя работы таксама ажыццяўлялі ў сталоўцы. Выкладчыкі, дарэчы, таксама не шыкавалі і жылі ў двух спісаных тралейбусах. Экскурсію па геабазе, як ужо адзначалася, правёў Павел Антонавіч, дзе мы ўбачылі сапраўдны студэнцкі гарадок, на тэрыторыі якога і адміністрацыйны корпус, і гасцініца, і інтэрнат, і лазня, і будынак для адпачынку з більярдам і сталом для для гульні ў настольны тэніс, і шмат чаго іншага. Здзівіла наяўнасць медпункта. Пра такі камфорт мы нават і не марылі. Аднак, калі казаць шчыра, практычна ўсім нам захацелася ў мінулае, у наша юнацтва, дзе жылі ў намётах па 5-8 чалавек, брыгадамі хадзілі на практыкі па глебазнаўстве, геалогіі, гідралогіі, біялогіі і іншых прадметах, кіно глядзелі на белай прасціне, а дыскатэкі адбываліся на свежым паветры. І што самае адметнае – не было ніякай агароджы і кожны меў магчымасць выйсці за межы геабазы і патрапіць у краму ў Філіпіняты, дзе набывалі не толькі прысмакі, але і імкнуліся зрабіць больш разнастайным асартымент напояў, не заўсёды безалкагольных, займацца спортам і фізкультурай. Усё гэта загартоўвала нас, рыхтавала да жыцця. Больш за тое, шмат маіх аднакурснікаў не толькі пазналі там каханне, але і стваралі трывалы падмурак пад далейшыя сямейныя адносіны. Невыпадкова ўжо на другім курсе з’явілася першая сямейная пара – гэта былі Дзмітрый і Ірына Ванеевы (на жаль, на гэтай сустрэчы іх не было). І такіх сямейных пар за ўсе гады вучобы было не менш за дзесяць. Прычым большасць шлюбаў з аднакурснікаў захаваліся па сёння.
Сустрэча са студэнтамі таксама адбылася, але не зусім у тым фармаце, які планаваўся. «Вінаваты» быў вучэбны працэс, а гэта значыць, што практычна ўсе студэнты (гэта звыш 100 чалавек) займаліся пабрыгадна сваімі непасрэднымі справамі. І толькі праз пэўны час, калі мы наблізіліся да ракі, сустрэліся на мосце праз Заходнюю Беразіну. Зразумела, гэта былі не ўсе студэнты, а толькі тыя, якія вярталіся на геабазу з геадэзічнай практыкі. Тым не менш ёсць падставы разглядаць яе як сустрэчу пакаленняў студэнтаў ХХ і ХХI стагоддзяў, як эстафету, якую нам хацелася перадаць моладзі. Адбыўся кароткі абмен уражаннямі, праспявалі нават разам гімн геафака.
Пасля сустрэчы са студэнтамі мы накіраваліся ў прыгожы раённы цэнтр Беларусі – Валожын. Сёння тут пражывае звыш 10 тыс. чалавек, а вядомы ён з XIV ст. У адной з кавярань мы вырашылі падсілкавацца і падвесці вынікі нашай вандроўкі. Напэўна, гэта была самая вясёлая яе частка. Без перабольшвання магу сцвярджаць, што стол «ламаўся ад ежы», але ж і мы былі вельмі галоднымі. Прагучаў тост за поспех нашага мерапрыемства, а затым пачалі дзяліцца ўражаннямі, успамінамі, а праз гадзіну заспявалі і нават кінуліся ў скокі. Такога эмацыйнага ўздыму ў нас не было, бадай, за ўсю гісторыю нашых папярэдніх сустрэч. Камсарг нашай групы ў гады студэнцтва Галіна Матус прачытала верш, стараста Наталля Красло з мужам Яўгенам пад гітару выканалі песню, правялі нават конкурс накшталт «Што? Дзе? Калі?», які разглядалі як сродак у барацьбе з магчымай дэменцыяй. Адным словам, адвялі душу і хоць на невялікі час забыліся пра свае жыццёвыя клопаты і турботы.
Правільная арганізацыя і адказнасць усіх удзельнікаў мерапрыемства дазволілі ўсё ажыццявіць і вярнуцца ў Мінск а 18 гадзіне. Завяршыць свой нарыс мне б хацелся вершам усё той жа Галіны Матус, якая здолела ў ім перадаць паэтычнымі радкамі «эпоху» нашага студэнцкага жыцця:
Часам хочаш вярнуцца назад у часы тыя даўнія, дзіўныя…
Успамінаў праносіцца рад, усплывае заўжды незабыўнае.
Маладосці, юнацтва гады прамільгнуць у вачах плынню яснаю,
Для мяне і цябе назаўжды яны вехаю сталі нязгаснаю.
Хіба ж можна адкінуць, забыць тое светлае, сціплае, брацкае,
Дзе прыйшлося з сябрамі дзяліць лусту хлеба і шчасце юнацкае.
Ах юнацтва былога гады… Мы такія былі непакорныя.
Нас рамантыка клікала ўвысь да вяршыняў жыцця непаўторнага.
І, напэўна, нас час не змяніў – усё такія ж узнёслыя, смелыя,
Толькі скроні крыху пабяліў, ды ў працы ўсё болей умелыя.
А Карпаты, Урал і Каўказ, Крым, Байкал і Саяны далёкія…
Мы ўспомнім яшчэ іх не раз звонкім голасам, песняй высокаю.
Што хачу я, сябры, вам сказаць у часы гэтай нашай сустрэчы,
Толькі шчасця, дабра пажадаць, і ў жыцці каб было ўсё дарэчы,
А жыццё – гэта наш капітал, дык няхай ён яшчэ прырастае.
І не раз серабрысты бакал за сяброўскім сталом нас збірае.
Вячаслаў САСНОЎСКІ,
кандыдат геаграфічных навук, дацэнт