Аляксей Бакавец – аспірант і старшы выкладчык кафедры электрахіміі. Яму 27 гадоў, і сваю кар’еру ва ўніверсітэце ён распачаў не так даўно. Але Аляксей паспеў распрацаваць электронныя навуковыя праграмы, удзельнічаў у міжнародных праектах, рыхтаваў школьнікаў да алімпіяд і абараніў кандыдацкую дысертацыю. Цяпер жа ўвесь яго час прысвечаны выкладанню. І гэта не застаецца незаўважаным. Выкладчык працуе на хімічным факультэце толькі год, але ўжо атрымаў ад сваіх студэнтаў добры водгук. У канцы семестра навучэнцы адзначылі яго працу на 9 з паловай балаў.
Наш герой расказаў пра сябе падрабязней і падзяліўся падыходам, які дазволіў яму выкладаць цікава і з задавальненнем для сябе і студэнтаў.
Крокі ў навуцы
У дзяцінстве Аляксей пра прыродазнаўчыя навукі не задумваўся. Ён планаваў пайсці па шляху маці і стаць гісторыкам. Калі ў школе пачалася хімія, праблемы былі ў самых элементарных заданнях, і палепшыў свае веды тады, калі перайшоў у іншую школу. Але хлопец не толькі дагнаў аднакласнікаў, але і пакрочыў далёка наперад. Пасля чаго нават удзельнічаў у алімпіядах.
На хімічны факультэт Аляксей паступіў у 2014 годзе. Інтэнсіўна займацца навукай ён пачаў на другім курсе. Яму спадабалася фізічная хімія, у якой упор робіцца больш на разлікі, чым на практычную дзейнасць. Таму сваёй галоўнай тэмай падчас вучобы ён абраў электрахімію.
– Вельмі радуе, калі ў канцы аспірантуры пішаш навуковую працу і знаходзіш свае даследаванні за 2016 год, якія можаш выкарыстоўваць зараз. Тады разумееш, што вучыўся недарма.
Нядаўна Аляксей абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Электрахімія нанаструктур на аснове тэлурыду вісмуту». У рабоце навуковец вылучыў два напрамкі: тэрмаэлектрычныя пераўтваральнікі і другасныя хімічныя крыніцы току.
– Тэрмаэлектрычныя пераўтваральнікі – рэчывы, якія пры праходжанні электрычнага току могуць ствараць тэмпературную рознасць. Або наадварот, з-за тэмпературнай рознасці ствараюць электрычны ток. Гэта карысна, калі дзесьці ёсць цеплавая энергія і калі яна рассейваецца. Тады з дапамогай тэрмаэлектрычных пераўтваральнікаў з яе можна браць дадатковую электраэнергію.
Другі напрамак – хімічныя крыніцы току – другасныя батарэі, якія можна перазарадзіць.
– Цяпер у акумулятарах, напрыклад, тэлефона выкарыстоўваецца літый. На жаль, гэта дарагое рэчыва, і яго ўсё менш і менш у зямной кары. Таму існуюць кірункі, у якіх спрабуюць замяніць літый на цынк ці іншы матэрыял. Такія крыніцы току ўжо будуць цынк-іонныя, а не літый-іонныя. Аднак акумулятар не складаецца толькі з цынку ці з літыю. Унутры акумулятара ёсць і іншыя хімічныя рэчывы, якія рэагуюць з іонамі металу і забяспечваюць запасанне электрычнай энергіі. Тэлурыд вісмуту і з’яўляецца патэнцыйным кандыдатам на ролю такога рэчыва ў цынк-іонных акумулятарах.
У лабараторыі навуковец збіраў такія акумулятары. З прычыны абмежаванасці вады як электраліту напружанне ў іх невялікае, але яны дастаткова стабільныя і лёгка ствараюцца.
Аднак практычнае прымяненне даследаванняў не галоўная мэта Аляксея. Ёй намагаўся вывесці фундаментальныя заканамернасці, растлумачыць іх, спрагназаваць, стварыць метады атрымання новых матэрыялаў.
– Як сказаў мой навуковы кіраўнік, мы не даём рыбу – мы даём вуду. Галоўнае не вынік і тэхналагічны працэс, а даследаванні, якімі ў будучыні змогуць скарыстацца іншыя навукоўцы.
Са сваёй тэмай Аляксей удзельнічаў у праграме Еўрапейскага саюза па развіцці навуковых даследаванняў і тэхналогій Horizon 2020. З калегамі з Літвы, Малдовы і ЗША хімік распрацоўваў новыя матэрыялы, карыстаўся навуковай базай праграмы, дзякуючы чаму пашырыў веды.
Праца са студэнтамі
Выкладаць хімік пачаў год таму, калі загадчык кафедры прапанаваў яму праводзіць семінары і лабараторныя работы. Тады Аляксей яшчэ не ведаў, наколькі яго зацягне выкладчыцкая дзейнасць.
Аспірант жартуе, што любіць ствараць сабе дадатковую працу, таму вырашыў сам дэталёва разабрацца ў тэме, прадумаць ход заняткаў, скласці заданні. Досвед у гэтым у яго быў. Раней Аляксей працаваў у ЕРАМ, распрацоўваў электронныя адукацыйныя праграмы, ствараў практыкаванні да навучальных дапаможнікаў па хіміі.
– На нашай адукацыйнай платформе Moodle таксама ёсць магчымасць ствараць заданні. І я прапанаваў комплекс па электрахіміі, дзе было шмат разнастайных алгарытмізаваных практыкаванняў, для якіх няма адказаў у вольным доступе. Гэта дапамагае студэнтам рыхтавацца да кантрольных работ. Яны могуць на камп’ютары вырашыць задачы і адразу атрымаць водгук. Паўтарыць гэта можна некалькі разоў.
Праз нейкі час Аляксею прапанавалі паўдзельнічаць у журы навукова-практычнай канферэнцыі для школьнікаў. Пачаліся зборы для падрыхтоўкі дзяцей да міжнародных алімпіяд. –
Алімпіяднікі – гэта вельмі разумныя і патрабавальныя дзеці. Займацца з імі цікава. Нельга проста нешта раздрукаваць са зборніка, трэба падысці творча. Памятаю, як адно заданне рыхтаваў 5 дзён!
Год выкладчыцкай дзейнасці аказаўся насычаным. І спыняцца Аляксей не плануе. Яму падабаецца браць новыя праекты, пісаць навуковыя дапаможнікі. Перад тым, як пачаць працаваць над заняткамі, выкладчык заўсёды аналізуе свой падыход да студэнтаў.
– На лекцыі мы абмяркоўваем толькі тэорыю. Падчас лабараторнай работы спрабуем нешта рабіць самі, а на семінары падлічыць вынікі. Не проста запісваць формулы, а на камп’ютары лікава змадэляваць тое, што ў нас было на практычных занятках.
Аспірант прызнаецца, што першы семінар, які ён праводзіў з такім падыходам, прайшоў нялёгка. Але гэта вопыт, бо пры падрыхтоўцы да заняткаў Аляксей і сам навучаецца. Пачынае разбірацца ў тым, што раней не патрабавала такіх дэталёвых ведаў. На наступны раз выкладчык прыйшоў ужо з раздаткавымі матэрыяламі. Такі падыход стаў вельмі прадуктыўным. Студэнты пачалі бачыць, што тэорыя не проста стаіць побач з практыкай, але і добра яе апісвае.
Планы на будучыню
Аспірант плануе пашырыць спектр камп’ютарных праграм метадам матэматычнай апрацоўкі і мадэлявання на сваіх занятках. Ён лічыць, што гэта можна зрабіць, укараніўшы вывучэнне асноў мовы праграмавання.
– Гэта простыя рэчы, якія могуць дапамагчы і пабудаваць графік і нешта палічыць. Галоўнае – зразумець сутнасць і структуру самой мовы праграмавання, – разважае Аляксей. – Хацелася б данесці, што студэнты нават могуць напісаць простую праграму ў Python, каб падлічыць вынікі сваёй курсавой або змадэляваць якую-небудзь рэч, вырашыць матрычнае або дыферэнцыяльнае ўраўненне. Такі падыход карысны для матэматыкі і мадэлявання хімічных працэсаў. Я лічу, тады б намнога пашырыўся спектр заданняў, якія я мог бы даць па тэарэтычнай электрахіміі.
Гэтым Аляксей і плануе займацца – даваць навучэнцам заданні, тэмы для курсавых, падаграваць цікавасць да навукі незвычайнымі і сучаснымі падыходамі.
– Раэлізоўвацца ў БДУ мне падабаецца. На кафедры я нарэшце пачаў адчуваць сябе на сваім месцы. Па-ранейшаму поўнасцю прысвячаць сябе навуковай дзейнасці не атрымліваецца. Але ў гэтым і хараство быць выкладчыкам. Праца са студэнтамі дазваляе прасоўваць у свет свае ідэі і перадаваць іх наступнаму пакаленню.
Ганна КАЗАКОВА