Іна гуліс: Усюды, дзе ёсць сістэма «чалавек – чалавек», ёсць месца для працы псіхолага

24 Jul, 2024.

Іна Гуліс – кандыдат псіхалагічных навук, дацэнт кафедры сацыяльнай і арганізацыйнай псіхалогіі факультэта філасофіі і сацыяльных навук БДУ, дзейны гештальт-тэрапеўт, арганізацыйны псіхолаг, бізнес-трэнер, адзін з першых у Беларусі спецыялістаў-коўчаў, сертыфікаваных у Міжнароднай акадэміі коўчынгу (ICF). Тыя, хто знаёмы з выкладчыцай, ведаюць, як лёгка ў ёй спалучаюцца розныя якасці: з аднаго боку, Іна шчырая, адкрытая, вясёлая, прастадушная, а з другога – строгая, дзелавая, рашучая і прынцыповая. І пры ўсёй палярнасці педагог, якая ў будучым годзе адзначыць 20-годдзе працы ў БДУ, імкнецца быць цэласнай, застаючыся сабой. Невыпадкова ад яе нярэдка можна пачуць фразу: «Мне цікава жыць!»

Упершыню з Інай Гуліс мы пазнаёміліся на курсах павышэння кваліфікацыі. За лічаныя хвіліны выкладчык псіхалогіі авалодала ўвагай 30 слухачоў. А пасля шэрагу пар, што праходзілі як дыялогі і інтэрактыўныя гульні, увайшла ў топ лектараў, адзначаных удзельнікамі пасля завяршэння навучання. Сакрэт, як выявілася, хаваецца ў шматгадовай практыцы.

– Кожная новая група, куды я прыходжу – новы мікрасвет, які цікава спасцігнуць. Канешне, ёсць сацыяльна-псіхалагічныя заканамернасці паводзін, веданне якіх падтрымлівае мяне падчас узаемадзеяння. Але самае важнае ў гэтым працэсе – весці дыялог і даносіць інфармацыю ў форме адкрыццяў, зробленых самімі слухачамі. Ведаю дакладна: без інтарэсу аўдыторыі працаваць немагчыма. Таму часта прапаную эксперыментаваць і разам знаходзіць адказы на важныя пытанні, – дзеліцца гераіня.

Па словах Іны Гуліс, на яе прафесійнае станаўленне паўплываў Міхаіл Яноўскі – выкладчык, які працаваў у БДУ, а пасля заснаваў кафедру псіхалогіі ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў. Па першай спецыяльнасці Іна – рэжысёр, але з гэтым напрамкам яна была звязана нядоўга: чым больш працавала з людзьмі, тым больш разумела, што ёй не хапае глыбокіх ведаў пра чалавека. Так, паступова ўнутры саспела жаданне стаць псіхолагам. І, як аказалася, ідэя ператварылася ў захапляльнае падарожжа! –

Калі я паступіла на ФФСН, мне было 29 гадоў. Паколькі ў той час завочнага аддзялення па псіхалогіі ў БДУ не існавала, я вучылася вочна. Узрост дазволіў усвядомлена падыходзіць да вывучэння прафесійных дысцыплін і пры гэтым выбудоўваць добразычлівыя адносіны на роўных з аднакурснікамі, значна маладзейшымі за мяне. Думаю, у нейкай ступені такі ж фармат узаемадзеяння можна назіраць зараз у маёй выкладчыцкай дзейнасці, – адзначае спецыяліст.

За час вучобы Іна Гуліс зацікавілася адвольнай самарэгуляцыяй паводзін, затым – паводзінамі ў сітуацыі фрустрацыі кіраўнікоў. А пасля, з лёгкай падачы свайго навуковага кіраўніка – прафесара Ігара Фурманава, пачала вывучаць агрэсію ў сітуацыі фрустрацыі. Гэты інтарэс таксама падтрымліваўся тым, што ў студэнткі ўжо быў вопыт працы ў арганізацыі, а яе муж пачынаў кіраваць уласным прадпрыемствам. Затым навуковыя пошукі выліліся ў кандыдацкую дысертацыю «Асобасныя і сітуацыйныя фактары агрэсіі ў службовых адносінах», якую Іна абараніла ў 2014 годзе.

– Дарослы чалавек значную частку свайго часу праводзіць на працы. І, як сацыяльная істота, выбудоўвае дзелавыя камунікатыўныя сеткі. У зносінах з калегамі вырашаюцца арганізацыйныя задачы, і праз рэфлексію мы атрымліваем веды пра сябе. Пазітыўная інфармацыя ўбудоўваецца ў сістэму нашага вобраза-Я і спрыяе псіхалагічнаму дабрабыту, уплывае на паводзіны. Паводзіны аднаго ўдзельніка групы з рознай сілай уплываюць на іншых і, адпаведна, уздзейнічаюць на эфектыўнасць групы ў цэлым. А група, у сваю чаргу, з’яўляецца асяроддзем для рэалізацыі асабістай эфектыўнасці, – тлумачыць выкладчык. Псіхолаг прызнаецца, што ў прафесіі ёй шанцавала з педагогамі, бо кожнага з іх можна назваць чалавекам-легендай. Усе яны вучылі Іну думаць, адчуваць і рабіць выклікі сабе. Многія з гэтых людзей і зараз працуюць на кафедры сацыяльнай і арганізацыйнай псіхалогіі.

Іна Гуліс лічыць сябе патрабавальным выкладчыкам: псіхолаг імкнецца, каб студэнты пасля сустрэчы з ёй мелі пэўны ўзровень ведаў, таму строга ставіцца да дакладнасці і якасці выкананых работ, часу іх здачы. Разам з тым яна стараецца падтрымліваць пачынанні студэнтаў, адгукаецца на іх просьбы:

– Я строгая і крытычная да сябе-выкладчыка і бачу сваю асноўную задачу ў тым, каб заражаць навучэнцаў інтарэсам. У такім выпадку яны самі без праблем выконваюць любую работу. Ад ідэі проста навучыць я іду да ідэі стварыць умовы, каб яны вучыліся, – разважае спецыяліст.

У размове мы таксама закранаем праблему неабходнасці прафесійнай адукацыі ў час узрастання сусветнай папулярнасці псіхалогіі. Па словах выкладчыка, сёння побач з прафесіяналамі з’яўляюцца харызматычныя «гуру», якія з усіх даступных ім крыніц вядуць аповед пра магчымыя заробкі псіхолагаў, апускаючы фокус з іх рэальнай працы. Таму некаторыя абітурыенты хочуць як мага хутчэй атрымаць асновы для пачатку ўласнай практыкі:

– З поля зроку сыходзіць разуменне таго, што ўніверсітэт дае базавую псіхалагічную адукацыю, якая патрабуе дадатковай спецыялізацыі пасля яго заканчэння. Калі-нікалі абітурыентам цяжка зразумець, што студэнту, які атрымаў, да прыкладу, спецыялізацыю па сацыяльнай ці арганізацыйнай псіхалогіі, адкрываецца больш магчымасцяў у прафесійнай рэалізацыі: пачынаючы ад працы ў арганізацыях рознага профілю,заканчваючы падрыхтоўкай да адкрыцця сваёй практыкі. Усюды, дзе ёсць сістэма «чалавек – чалавек», ёсць месца для працы псіхолага.

Праз спецыфіку дзейнасці Іне часта прыходзіцца даваць парады. Аднак і прымаць іх яна ніколі не супраць. Найбольш каштоўнымі для сябе псіхолаг лічыць дзве: параду ў адносінах да часу – «Festina lente» (спяшайся павольна) і фразу «Ты можаш усё, што захочаш, ці амаль усё». Галоўнае толькі, абапіраючыся на іх, разабрацца ва ўласных жаданнях.

– Чалавек становіцца паспяховым у той момант, калі хоча гэтага. Хацець і рабіць – вось ключ да таго, каб рухацца наперад, – падводзіць вынік Іна Гуліс.

Ірына ІВАШКА

print

Вам таксама можа спадабацца: