Беларускія школьнікі скарылі бат

21 Aug, 2024.

Нядаўна ў Вялікабрытаніі завяршылася 65-я Міжнародная матэматычная алімпіяда (IMO-2024). Са спаборніцтва, што сёлета прымаў англійскі горад Бат, беларускія школьнікі прывезлі чатыры залатыя і два бронзавыя медалі. Дарэчы, адзін з юнакоў-пераможцаў пасля вяртання ўжо паспеў стаць першакурснікам БДУ.

Зборная Беларусі заняла пятае месца са ста дзевяці ў камандным заліку. Адметна, што за ўвесь перыяд удзелу беларускіх каманд у спаборніцтве зборная бягучага года паказала найлепшы вынік (да гэтага найвышэйшага поспеху беларускія школьнікі дасягнулі ў 1999 годзе з трыма залатымі і трыма сярэбранымі медалямі, заняўшы 6-е месца сярод каманд з 81 краіны).

Традыцыйна калектыў удзельнікаў сфарміравалі па выніках рэспубліканскай алімпіяды па матэматыцы і вучэбных збораў, што адбываліся пасля яе. З васямнаццаці самых лепшых школьнікаў, якіх адабралі сярод навучэнцаў 9, 10 і 11 класаў, на міжнародны старт выйшлі шасцёра наймацнейшых. Так, у склад зборнай увайшлі прадстаўнікі сталічнай гімназіі № 41
імя В. Х. Сярэбранага Мацвей Вылягжанін і Міхаіл Райхман, гімназіі № 2 Віцебска – Іван Коршунаў, Мацвей Арэшчанка і Максім Манастырскі, а таксама выпускнік гомельскай гімназіі № 51 Павел Цітоў. Трэнерамі хлопцаў сталі загадчык кафедры геаметрыі, тапалогіі і методыкі выкладання матэматыкі механіка-матэматычнага факультэта Дзмітрый Базылеў і выкладчык «ЮНІ-цэнтра-XXI» ФПМІ Давід Змяйкоў.

Мацвей Вылягжанін, залаты прызёр 65-й Міжнароднай матэматычнай алімпіяды

Само спаборніцтва заняло два турнірныя дні. За гэты час старшакласнікі павінны былі рашыць шэсць задач, якія ахоплівалі розныя галіны школьнага курса матэматыкі: тэорыю лічбаў, геаметрыю, алгебру і камбінаторыку. У выніку з залатымі медалямі з Вялікабрытаніі вярнуліся Мацвей Вылягжанін, Міхаіл Райхман, Іван Коршунаў і Павел Цітоў; з бронзавымі ўзнагародамі – Максім Манастырскі і Мацвей Арэшчанка.

Дзмітрый Бацылеў, загадчык кафедры геаметрыі, тапалогіі і методыкі выкладання матэматыкі ММФ БДУ

– Міжнародная матэматычная алімпіяда – самае маштабнае мерапрыемства такога кшталту. Пераможцы падобных спаборніцтваў могуць паступаць ва УВА без экзаменаў, маюць перавагі пры працаўладкаванні, – патлумачыў трэнер каманды Дзмітрый Базылеў.

Цікава, але для большасці ўдзельнікаў зборнай старты высокага ўзроўню не першы вопыт. Напрыклад, Іван Коршунаў заваяваў бронзавы медаль на алімпіядзе мінулага года, што праходзіла ў Японіі. Павел Цітоў, акрамя такога ж выніку, бронзавы медаліст спаборніцтва ў 2022 годзе. Міхаіл Райхман і Мацвей Вылягжанін – сярэбраныя прызёры 64-й Міжнароднай матэматычнай алімпіяды. У скарбонцы асабістых дасягненняў Максіма Арэшчанкі – серабро і бронза міжнароднай Жаўтыкаўскай алімпіяды, а на рахунку Максіма Манастырскага – дыплом І ступені на Рэспубліканскай алімпіядзе па матэматыцы.

Міхаіл Райхман, залаты прызёр 65-й Міжнароднай матэматычнай алімпіяды
Пасля таго, як хлопцы перавялі дух, вярнуўшыся ў Беларусь, мы пазнаёміліся з некаторымі з іх.

Міхаіл Райхман скончыў 10 клас. На 65-й Міжнароднай матэматычнай алімпіядзе ў асабістым заліку ён замацаваўся на 11-12 пазіцыі. А цікавасць да прадмета, як аказалася, Міша адкрыў для сябе яшчэ ў 3 класе. І, пачынаючы са школьных этапаў алімпіяды, дайшоў да выступленняў на рэспубліканскім узроўні. Да гэтага міжнароднага старту ён рыхтаваўся як на зборах, так і самастойна. Школьнік кажа, што асабліва не задумваўся над стратэгіяй сістэматызацыі ведаў, проста заўсёды шмат трэніраваўся ў рашэнні задач.

– На алімпіядзе вельмі здзівіла вялікая колькасць людзей, якія гаварылі па-руску, сярод арганізатараў-англічан. Там мы шмат з кім пазнаёміліся, і я нават сустрэў свайго былога аднакласніка, які некалькі гадоў назад пераехаў у іншую краіну, – узгадвае Міхаіл.

Старэйшы сябар хлопца Мацвей Вылягжанін таксама цікавіцца матэматыкай з малодшага школьнага ўзросту, а на рэспубліканскіх алімпіядах выступаў з 8 класа. У многім на гэта паўплывала яго сям’я: дзядуля – доктар фізіка-матэматычных навук, а таксама матуля і тата – кандыдаты фізіка-матэматычных навук, выкладчыкі факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі БДУ. І на рахунку хлопца, акрамя залатога медаля гэтага года, серабро на 64-й Міжнароднай матэматычнай алімпіядзе.

Хлопец кажа, што падчас падрыхтоўкі ў першую чаргу стараўся рабіць ухіл на задачы, якія даваліся яму цяжэй за астатнія. Такім раздзелам для Мацвея была тэорыя лічбаў. На алімпіядзе заданне з гэтага напрамку было пад нумарам 2, і юнак добра з ім справіўся. А вярнуўшыся са спаборніцтва, Мацвей вырашыў працягнуць сямейную дынастыю і аднёс дакументы ў прыём-
ную камісію ФПМІ.

– Думаю, што такія перамогі – гэта самы лепшы факт, які апісвае цябе ў матэматычным асяроддзі. Яны даюць табе аўтарытэт, а калі ты яшчэ і выкладаеш – выклікаюць павагу студэнтаў, – адзначае Мацвей. – Заўважыў, што ў мінулым годзе я значна болей хваляваўся, прысутнічала
менш упэўненасці ў сабе. Гэтым жа разам быў сабраным і спакойным. А пасля рашэння задач было цікава камунікаваць з іншымі ўдзельнікамі, слухаць аповеды пра тое, як алімпіяды праходзяць у іх краінах.

Ірына ІВАШКА

print

Вам таксама можа спадабацца: