Па слядах прыёмнай кампаніі — 2024

21 Aug, 2024.

Сёлета для атрымання вышэйшай адукацыі на ўсе формы навучання ва ўніверсітэт паступілі 4617 абітурыентаў. Пры конкурсе 1,7 чалавека на месца на дзённую бюджэтную форму прынялі 2590 чалавек, на завочную – 104, а курсантамі ваеннага факультэта стаў 71 чалавек. Акрамя таго студэнтамі дзённай платнай формы навучання сталі 1498 маладых людзей, а завочнай платнай – 217. Тут конкурс склаў 1,64 чалавека на месца.

– Прыёмная кампанія 2024 года прынесла некалькі тэндэнцый. Першая – значны рост прахадных балаў, што пацвярджае матываванасць нашых абітурыентаў. Другая – павелічэнне прыёму на бюджэтную форму атрымання адукацыі на 459 месцаў, – адзначыў рэктар Андрэй Кароль.


Па яго словах, сярод гуманітарнага і сацыяльна-эканамічнага блока спецыяльнасцяў БДУ ў абі-
турыенцкім топе знаходзяцца такія напрамкі, як «сусветная эканоміка» (395 балаў), «эканамічная інфарматыка» (394), «міжнароднае права» і «міжнародныя адносіны» (390). Што тычыцца спецыяльнасцяў, якія ахопліваюць дакладныя і прыродазнаўчыя навукі, на першых пазіцыях «прыкладная інфарматыка» (391), «інфарматыка» (384), «кібербяспека» (378) і «хімія лекавых злучэнняў» (372). Цікава, што ў параўнанні з мінулым годам прахадныя балы павялічыліся на большасці спецыяльнасцяў. Так, напрыклад, на спецыяльнасць «фундаментальная і прыкладная біятэхналогія» прырост склаў 33 пункты, «хімію лекавых злучэнняў» – 23, «сусветную эканоміку» – 10. А самы высокі конкурс падчас прыёмнай кампаніі быў адзначаны на спецыяльнасцях факультэта сацыякультурных камунікацый «графічны дызайн і мультымедыядызайн» (19 чалавек на месца), «дызайн касцюма і тэкстылю» (8,5 чалавека) і «дызайн прадметна-прасторавага асяроддзя» (7,6 чалавека).

Традыцыйна ўнутраныя ўступныя іспыты прайшлі на пяці факультэтах (філалагічным, юрыдычным, гістарычным, журналістыкі, ФСК) і ў МДЭІ імя А. Д. Сахарава.

Без экзаменаў ва ўніверсітэт былі прыняты некалькі катэгорый абітурыентаў. Сярод іх – пераможцы міжнародных і рэспубліканскіх алімпіяд (80 чалавек), абітурыенты, якія паступалі на прыярытэтныя для эканомікі спецыяльнасці (132) і педагагічныя напрамкі (48), выпускнікі Ліцэя імя Ф. Э. Дзяржынскага БДУ (140), Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка (21), Сувораўскага вучылішча і кадэцкіх класаў (8). Агульная лічба залічаных без экзаменаў сёлета павялічылася больш чым на 30%.

Рэктар адзначыў, што 92 % прынятых абітурыентаў БДУ маюць больш за 300 балаў. Першакурснікамі ўніверсітэта сталі і два чатырохсотбальнікі. Больш чым на 20 % павялічылася колькасць залічаных медалістаў і абітурыентаў, што маюць дыпломы каледжаў з адзнакай. Сёлета іх 860 чалавек. Акрамя таго, 46,4 % усіх залічаных у БДУ (1201 чалавек) з’яўляюцца выпускнікамі ліцэяў і гімназій. А ў суме першакурснікі ўніверсітэта маюць 515 стабальных сертыфікатаў ЦТ і ЦЭ (найбольшая колькасць максімальных вынікаў па грамадазнаўстве (110) і
матэматыцы (106)).


На большасць факультэтаў БДУ сёлета былі пададзены і заяўкі на навучанне па мэтавым накіраванні. Усяго на гэта прэтэндаваў 181 выпускнік устаноў сярэдняй адукацыі. Адзначым, што 19 абітурыентаў з іх ліку скончылі школу з медалём, а палова мае сярэдні бал атэстата 9 і болей. Заказчыкамі кадраў выступілі арганізацыі з розных абласцей Беларусі. У топе галін, адкуль сёлета найбольшая колькасць мэтавых накіраванняў, знаходзяцца адукацыйныя структуры. Самыя буйныя сярод іх – упраўленне адукацыі Камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама і Галоўнае ўпраўленне па адукацыі Мінаблвыканкама. Таксама зацікаўлены ў падрыхтоўцы маладых спецыялістаў прадпрыемствы «Інтэграл», «Планар», арганізацыі сілавых структур – Следчы камітэт, Дзяржаўны мытны камітэт, Міністэрства ўнутраных спраў.

– Сёлета назіраўся рост абітурыентаў з іншых краін. Традыцыйна гэта абітурыенты з Расіі, Кітая,
Туркменістана, Таджыкістана. У гэтым годзе ў БДУ паступілі прадстаўнікі Зімбабвэ, М’янмы, Турцыі. Таксама БДУ павысіў узровень экспарту адукацыйных паслуг. Па выніках бягучага квартала прыкладна на 30–40 % апярэджваем план, – кажа прарэктар па вучэбнай рабоце і інтэрнацыяналізацыі адукацыі Віктар Кочын.

Не абышоў увагай Віктар Паўлавіч і з’яўленне новых напрамкаў. У гэтым годзе ў БДУ адкрылі
спецыяльнасці «міжнародная канфлікталогія», «краіназнаўства і перакладчыцкая дзейнасць», а таксама «міжнародная лагістыка».

Прарэктар заўважыў, што ў 2025 годзе БДУ будзе набіраць на два новыя напрамкі – «інтэлектуальная электроніка» (на ФРКТ) і «міжнародная эканоміка і гандаль» (на эканамічным факультэце).

– У цэлым прыёмная кампанія гэтага года прайшла дастаткова спакойна і планамерна. Усе супрацоўнікі і валанцёры выклаліся напоўніцу, – падагульніў прарэктар.

У гэтым годзе чатырохсотбальнікамі, якія паступілі ў БДУ, сталі Дар’я Галамака і Руслан Хомчанка. Карэспандэнт газеты пазнаёмілася з імі.

Дар’я Галамака – выпускніца бабруйскай сярэдняй школы № 27 імя В. З. Харужай. Завяршыўшы вучобу з залатым медалём, дзяўчына вырашыла паступаць на эканамічны факультэт (спецыяльнасць «эканамічная інфарматыка»). Да ЦЭ і ЦТ дзяўчына рыхтавалася ў спакойным рытме: займалася самастойна і з рэпетытарамі, паўтараючы матэрыял непасрэдна перад самімі іспытамі.

Сваю ролю ў падрыхтоўцы адыграла і тое, што ў старэйшых класах Даша займала прызавыя месцы на алімпіядах па матэматыцы і англійскай мове. Таму апошнія гады больш увагі надавала заняткам па рускай мове. Вынікам сталі дыпломы I ступені абласнога і III ступені заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па прадмеце.

– БДУ займае годныя пазіцыі ў рэйтынгу УВА як ў Беларусі, так і ва ўсім свеце. Мяркую, што менавіта тут я змагу раскрыцца ў новай галіне і паказаць свае магчымасці, – кажа Дар’я. –Спецыяльнасць выбірала таму, што яна адначасова сумяшчае ў сабе элементы эканомікі, SMM, лічбавага маркетынгу і праграмавання. Ужо зараз чакаю пачатку студэнцкага жыцця. Упэўнена, што будучыя чатыры гады пройдуць на самым высокім узроўні: з новымі знаёмствамі, цікавымі мерапрыемствамі і карысным вопытам.

Руслан Хомчанка скончыў гомельскую гімназію імя Б. Паскаля. А дакументы ён аднёс у прыёмную камісію юрфака (спецыяльнасць «правазнаўства»). Дарэчы, тое, што ў будучыні ён хоча займацца юрыспрудэнцыяй, хлопец вызначыў для сябе яшчэ ў 9 класе. «На ўсе сто» на экзаменах Руслан здаў грамадазнаўства, рускую і французскую мовы. Сакрэт, па словах абітурыента, крыецца ў сістэматычнай падрыхтоўцы. Так, хлопец штотыдзень вырашаў тэсты мінулых гадоў па мовах. А грамадазнаўства штудзіраваў па падручніках за 9-11 класы.

Як і Дар’я, Руслан – удзельнік і пераможца алімпіяд: у 9 класе ён атрымаў дыплом III ступені на заключным этапе Рэспубліканскай алімпіяды па французскай мове, а ў 11 класе – дыплом III ступені на абласным этапе Рэспубліканскай алімпіяды па рускай мове і літаратуры.

– Правазнаўства дазваляе ў дастатковым аб’ёме пазнаёміцца з усімі галінамі права і, адпаведна,
знайсці сябе ў любой з іх, – перакананы чатырохсотбальнік. – Пасля юрыдычнага факультэта БДУ, як мне здаецца, перад выпускніком адкрываецца шмат прафесійных магчымасцяў.

Ірына ІВАШКА

print

Вам таксама можа спадабацца: