Парады адораных студэнтаў

21 Aug, 2024.

Перад навучальным годам у першакурснікаў узнікае шмат сумненняў. Зусім нядаўна яны былі школьнікамі, але вось-вось ужо распачнуць актыўнае студэнцкае жыццё. Таму навучэнцы старэйшых курсаў і магістранты з банка адоранай моладзі падзяліліся сваімі гісторыямі навучання, дасягненнямі і далі некалькі парад першакурснікам і абітурыентам.

Аліны Місун, ФФСН

Паступленне ў БДУ было марай Аліны з дзяцінства. Дзяўчына ўзгадвае, што яшчэ школьніцай яна з захапленнем глядзела, наколькі актыўнае студэнцкае жыццё вядучай ВНУ нашай краіны, як шмат ва ўніверсітэце магчымасцяў для развіцця і як высока ацэньваюць дасягненні студэнтаў.

Цяпер яна магістрантка і стыпендыятка спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. Аліна прызнаецца, што для яе гэта вельмі важная ўзнагарода і паказчык дасягненняў. На працягу 4 гадоў вучобы дзяўчына прымала актыўны ўдзел як у грамадскай, так і ў навукова-даследчай дзейнасці і, вядома, не забывалася пра вучобу.


– За час навучання факультэт філасофіі і сацыяльных навук стал для мяне другім домам, месцам, куды заўсёды прыемна вяртацца. Кіраўніцтва факультэта, прафесарска-выкладчыцкі склад сваім прыкладам паказалі, наколькі важна любіць тое, чым ты займаешся, і матывавалі на скарэнне новых вышынь.

Навучанне ў БДУ падарыла Аліне магчымасць паспрабаваць сябе ў розных кірунках. З першага курса яна арганізоўвала розныя мерапрыемствы, праходзіла разнастайныя курсы, не абмінала і дыялогавыя пляцоўкі. У час навучання на бакалаўрыяце дзяўчына была старшынёй прэс-службы і студэнцкага савета.

Для факультэта студэнтка не шкадавала сіл. Яна вяла тэлеграм-канал ФФСН, займалася здымкай прафарыентацыйных відэа, арганізоўвала праект інтэрв’ю для абітурыентаў «ФФCHTALK» і дні адчыненых дзвярэй, была спікерам «Студэнта на тыдзень». У выніку Аліна стала лаўрэатам конкурсу «Студэнт года» 2023 года ў намінацыі «Лідар», паднамінацыі «Факультэт».

Таксама дзяўчына займалася і навукова-даследчай дзейнасцю. Аліна выступала на навуковых канферэнцыях як універсітэцкага, так і міжнароднага ўзроўню. У 2022 годзе была спікерам школы юнага сацыёлага. Удзельнічала ў міжнароднай школе даследчыкаў і аналітыкаў Нацыянальнага даследчага інстытута развіцця камунікацый і ў V летняй сацыялагічнай школе ВШССН «Сацыялогія сёння: практыка эмпірычных даследаванняў».

Магістрантка прызнаецца, што такое насычанае студэнцкае жыццё дазволіла ёй атрымаць каласальны вопыт для далейшай дзейнасці і творчага развіцця. Будучым студэнтам БДУ Аліна раіць не баяцца і спрабаваць сябе ў розных відах дзейнасці. Яна ўпэўнена, што ўніверсітэт прапануе магчымасці для развіцця сябе і ў навуцы, і ў творчасці.

– У нашым універсітэце вы можаце раскрыць патэнцыял у тых галінах, пра якія раней не задумваліся. Спрабуйце новае, не адкладайце дасягненні на потым. Памятайце, што час – гэта вельмі важны рэсурс, таму выкарыстоўвайце яго правільна, а таксама абавязкова верце ў сябе і свае сілы!

Юлія Мацэль, ФГГ

Студэнтка трэцяга курса прыгадвае, што ў выбары ўніверсітэта яна не сумнявалася. Яшчэ напрыканцы 8 класа Юлія зацікавілася геаграфіяй і вырашыла рыхтавацца да алімпіяды. Да падрыхтоўкі школьніца паставілася сур’ёзна. Са сваёй настаўніцай яна дадаткова займалася некалькі разоў на тыдзень, у тым ліку на выхадных і канікулах.

Зацятая вучоба прынесла плён. У 10 класе дзяўчына заняла трэцяе месца на заключным этапе алімпіяды па геаграфіі і патрапіла ў банк адоранай моладзі. У наступным годзе школьніца вырашыла паглыбіць веды, пачала вывучаць любімы прадмет на англійскай мове і хутка зноў узяла дыплом 1 ступені на рэспубліканскай алімпіядзе. Дзякуючы гэтаму Юлія стала ўдзельнікам нацыянальнай каманды.


Яна прыгадвае, што зборы праходзілі на базе факультэта. Тады школьнікам чыталі лекцыі па кліматалогіі, экалогіі, сацыяльна-эканамічнай геаграфіі, геалогіі, дэшыфраванні спадарожнікавых здымкаў і яшчэ шмат чаго цікавага. Пасля гэтага Юлія атрымала бронзавы медаль на міжнароднай арэне. За гэтыя вынікі ёй уручылі нагрудны знак лаўрэата спецыяльнага фонду Прэзідэнта.

Да таго моманту дзяўчына дакладна вызначылася са сваёй будучай сферай дзейнасці і разглядала спецыяльнасці, звязаныя толькі з геаграфіяй. Пасля паступлення ў БДУ ёй было важна рэалізавацца ў навуковай сферы, таму студэнтка пачала актыўна ўдзельнічаць у розных універсітэцкіх мерапрыемствах. На першым курсе Юлія перамагла ў міжнароднай студэнцкай алімпіядзе Terra Incognita, дзе змагалася больш за 180 студэнтаў і магістрантаў з 17 ВНУ Беларусі, Расіі, Казахстана і Узбекістана.

У мінулым годзе Юлія далучылася да моладзевай летняй школы па лясной фітацэнталогіі SYLVAN-2023, якую арганізоўвае Інстытут эксперыментальнай геабатанікі НАН РБ. Цягам трох дзён студэнты даследавалі глебы запаведнай зоны Белавежскай пушчы і забіралі пробы з мэтай
правесці далейшыя даследаванні на базе сваіх ВНУ. Пасля палявога этапу была апрацоўка вынікаў, а ў заключны дзень прэзентацыя і абарона праекта. Сярод удзельнікаў школы былі выкладчыкі і студэнты БДУ, студэнты і аспіранты СПбДУ, аспіранты Інстытута эксперыментальнай геабатанікі.

– Для мяне гэта быў вельмі цікавы вопыт. Тым больш што ў тым годзе я была самай малодшай. Звычайна ў летняй школе ўдзельнічаюць толькі пасля трэцяга курса, а на той момант я толькі скончыла першы. Таксама на конкурсе работ маладых вучоных міжнароднага навукова-практычнага семінара «ГІС-Нарач» Юлія заняла трэцяе месца. Праца арыентавана на вывучэнне вертыкальнага і гарызантальнага размеркавання кіслотнасці глеб Белавежскай пушчы. Дзяўчына прызнаецца, што плануе і далей весці даследаванні глеб гэтай тэрыторыі.

– Я вучуся на спецыяльнасці «геаінфармацыйныя сістэмы», якая больш звязана з зямельным кадастрам, віртуальнымі картамі і геадэзіяй і толькі ўскосна з глебамі. Але ў пачатку першага курса мы вывучалі курс глебазнаўства, які мяне ўразіў і зацікавіў. У далейшым дзякуючы супрацоўнікам кафедры я і вырашыла заняцца даследаваннямі ў гэтай сферы.

У будучыні студэнтка плануе прайсці курсы перападрыхтоўкі ў Інстытуце бізнесу БДУ, каб атрымаць дадатковую кваліфікацыю. Цяпер яна разглядае вэб-дызайн. Гэта сфера адрозніваецца ад цяперашняй прафесіі, але студэнтцы цікава адкрываць для сябе нешта новае, развіваць кругагляд і творчыя навыкі. Тым больш што ўжо з гэтага курса на родным факультэце яна пачне вывучаць мовы праграмавання.

Спецыяльнасць, на якой Юлія вучыцца зараз, шматгранная, і дзяўчына ведае, што можа паспрабаваць сябе ў самай рознай дзейнасці. Тым не менш яна спадзяецца, што яе размеркаванне ў першую чаргу будзе звязана з геадэзіяй.

Юлія раіць першакурснікам не прапускаць універсітэцкія актыўнасці і святы, асабліва ў першы год навучання. Яны дапамагаюць пазнаёміцца не толькі з пазавучэбнай дзейнасцю БДУ, але і з новымі людзьмі.

– А абітурыентам нашага факультэта я раю прыходзіць на дні адчыненых дзвярэй і ўдзельнічаць у «Студэнце на тыдзень». Там вы зможаце падрабязней даведацца пра сваю будучую спецыяльнасць і пагутарыць са старэйшымі таварышамі.

Ганна КАЗАКОВА

print

Вам таксама можа спадабацца: