Дынастыю Казаковых складаюць кандыдаты навук, дацэнты, загадчыкі кафедраў, старшыя выкладчыкі кафедраў, аўтары манаграфій і шэрагу навуковых публікацый. Педагагічны стаж дынастыі Казаковых у БДУ складае 136 гадоў.
Казакоў Юрый Леанідавіч – кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Педагагічны стаж у БДУ – 46 гадоў.
Нарадзіўся 27 ліпеня 1950 г. у мястэчку Шуміліна Віцебскай вобласці ў сям’і былога франтавіка і партызана ВАВ. Род Казаковых вядзе свой пачатак з XIII ст. Асабліва Юрый Леанідавіч вылучае свайго прадзеда – Казакова Навума Фёдаравіча (1828–1932), які быў удзельнікам руска-турэцкай вайны 1877–1878 гг. Навум Фёдаравіч быў цяжка паранены на фронце, аднак змог аднавіцца і пасля вяртання стварыў вялікую моцную сям’ю. Яго старэйшая дачка Фёкла нарадзіла 16 дзяцей. А сын Пётр, дзядуля Юрыя Леанідавіча, быў удзельнікам Першай сусветнай вайны.
У 1967 г. Юрый Леанідавіч скончыў сярэднюю школу №2 г. Мінска і паступіў на гістарычны факультэт БДУ. З падзякай успамінае сваіх выкладчыкаў: Н. П. Палеціку, У. М. Сікорскага, І. В. Царук, Э. М. Загарульскага і іншых. Першым навуковым кіраўніком стала Іраіда Восіпаўна Царук.
Падчас вучобы актыўна займаўся грамадскай працай, узначальваў шэфскі сектар камітэта камсамола БДУ.
Юрый Леанідавіч скончыў гістарычны факультэт у 1972 г. і паступіў у аспірантуру на кафедру гісторыі КПСС. У гэтым жа годзе стаў кандыдатам у члены КПСС, у 1973 г. – членам партыі. Пасля заканчэння аспірантуры ў 1975 г. быў залічаны выкладчыкам на кафедру. У 1978 г. абараніў дысертацыю і стаў старшым выкладчыкам кафедры. У 1982 г. Юрыю Леанідавічу было прысвоена званне дацэнта. У гэтым жа годзе быў абраны сакратаром партыйнай арганізацыі факультэта гістарычнага факультэта. На дадзенай пасадзе працаваў да 1984 г. З 1992 па 1994 гг. Юрый Леанідавіч працаваў на кафедры гісторыі Беларусі. У 1994 г. стаў працаваць на кафедры старажытнай і сярэднявечнай гісторыі Беларусі. З 1997 па 2007 г. з’яўляўся намеснікам дэкана гістарычнага факультэта. З 1997 па 2000 гг. з’яўляўся загадчыкам кафедры гісторыі Беларусі старажытнага свету і сярэдніх вякоў. Гэту ж пасаду займаў з 2006 па 2016 гг. З 1988 па 2016 з’яўляўся адказным сакратаром рэдкалегіі часопіса «Веснiк БДУ. Серыя 3. Гісторыя, права, эканоміка». Аўтар звыш 150 навуковых публікацый, дзвюх калектыўных манаграфій. Навуковы кіраўнік шасці аспірантаў.
У 1970 г. быў узнагароджаны граматай ЦК КПСС, у 2000 г. – нагрудным знакам Міністэрства адукацыі «Выдатнiк адукацыi», у 2010 г. стаў заслужаным работнікам БДУ, у 2021 г. узнагароджаны нагрудным знакам «100 гадоў БДУ».
Юрый Леанідавіч адзначае: «Аналіз гістарычных падзей дазваляе чалавеку асэнсаваць сваё месца ў сусвеце, вызначыць перспектыву развіцця грамадства. Нам патрэбныя маладыя, энергічныя паслядоўнікі, якія добра валодаюць сучаснымі тэхналогіямі, бо пэўныя пытанні гістарычнага развіцця грамадства патрабуюць глыбокага і ўсебаковага разгляду».
Казакова Таццяна Леанідаўна (сястра Казакова Ю. Л.) – старшы выкладчык кафедры эканамічнай і сацыяльнай геаграфіі. Педагагічны стаж у БДУ – 43 гады.
Нарадзілася ў 1956 г., з 1973 г. па 1978 г. навучалася на геаграфічным факультэце БДУ. З 1979 г. працавала ў сацыялагічнай лабараторыі БДУ навуковым супрацоўнікам. З 1983 г. па 2015 г. была выкладчыкам, старшым выкладчыкам кафедры эканамічнай і сацыяльнай геаграфіі Беларусі на геаграфічным факультэце БДУ. Пасля гэтага (2015–2022 гг.) была старшым навуковым супрацоўнікам у цэнтры сацыяльных і палітычных даследаванняў БДУ. З’яўляецца аўтарам звыш 80 навуковых публікацый, у тым ліку 6 калектыўных манаграфій.
Казакова Таццяна Пятроўна (жонка Казакова Ю. Л.) – кандыдат філалагічных навук, дацэнт. Педагагічны стаж у БДУ – 32 гады.
Нарадзілася 5 сакавіка 1958 г., выхоўвалася ў сям’і настаўнікаў. У 1975 г. з залатым медалём скончыла Клімавіцкую сярэднюю школу №2. У 1980 г. з адзнакай скончыла філалагічны факультэт БДУ. З 1980 па 1985 г. была абрана сакратаром камітэта камсамола філалагічнага факультэта БДУ. У 1988 г. скончыла аспірантуру БДУ. Пачала выкладчыцкую дзейнасць на філалагічным факультэце з 1986 г. У 1991 г. абараніла кандыдацкую дысертацыю «Беларуская літаратура XV ст. і старажытнаруская пісьменнасць (летапісанне, прамоўніцкая проза)». Навуковым кіраўніком была дацэнт Л. Л. Кароткая. Т. П. Казакова з’яўляецца аўтарам 115 навуковых публікацый. У 2008 г. апублікавала манаграфію «Грыгорый Цамблак: царкоўны дзеяч і пісьменнік».
З 2007 па 2018 гг. з’яўлялася загадчыцай кафедры гісторыі беларускай літаратуры. Праводзіла мноства мерапрыемстваў, канферэнцый, сустрэч з паэтамі і пісьменнікамі. Стала арганізатарам V Міжнародных Скарынаўскіх навуковых чытанняў, прысвечаных 500-годдзю беларускага кнігадрукавання. У 2011 г. кафедра арганізавала і правяла Міжнародную навукова-практычную канферэнцыю «Роля асветнікаў у Беларусі і Турцыі», XI Міжнародную навуковую канферэнцыю «Славянскія літаратуры ў кантэксце сусветнай» (2013 г.). На кафедры быў створаны паэтычны гурток «Альтанка». Асаблівай папулярнасцю карысталіся беларускія вечары, прысвечаныя вядомым паэтам і пісьменнікам. Неаднаразова ўзнагароджвалася граматамі БДУ і Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, у 2016 г. стала лаўрэатам конкурсу «Жанчына года БДУ» ў намінацыі «Кіраўнічая праца».
Казакоў Леанід Юр’евіч – старшы выкладчык кафедры гісторыі Беларусі новага і найноўшага часу (сын Казаковых Ю. Л. і Т. П.). Педагагічны стаж у БДУ – 15 гадоў.
Нарадзіўся 4 кастрычніка 1983 г. Выхоўваўся ў атмасферы павагі да мінулага, любіў слухаць аповеды пра сваіх продкаў, якія мужна змагаліся з фашызмам у гады Вялікай Айчыннай вайны. Дзядуля па бацьку Казакоў Леанід Пятровіч быў камісарам партызанскай брыгады імя Леніна. Дзядуля па маці Сотчанка Пётр Міхайлавіч ваяваў на Ленінградскім фронце ў танкавым батальёне. Прадзед Кандраценка Андрэй Сцяпанавіч падчас Вялікай Айчыннай вайны дайшоў да Берліна і распісаўся на Рэйхстагу.
Пасля 9 класаў паступіў у Ліцэй БДУ, дзе браў удзел у алімпіядах па гісторыі. У 2001 атрымаў дыплом I ступені на Рэспубліканскай алімпіядзе па гісторыі. З 2001 г. па 2006 г. быў студэнтам гістарычнага факультэта БДУ. Тады зацікавіўся гісторыяй Беларусі XVI–XVII стст. Вялікі ўплыў на яго станаўленне аказалі П. А. Лойка, А. Г. Каханоўскі, А. А. Егарэйчанка, А. А. Яноўскі, С. М. Ходзін і іншыя. Падчас навучання на гістарычным факультэце займаўся гістарычнай рэканструкцыяй ВКЛ XIV–XV стст., удзельнічаў у рыцарскіх турнірах.
З 2006 па 2009 навучаўся ў аспірантуры. З 2009 г. па 2015 г. працаваў на кафедры гісторыі Беларусі новага і найноўшага часу. З 2015 па цяперашні час працуе там жа на пасадзе старшага выкладчыка. З’яўляецца аўтарам шматлікіх навуковых публікацый, удзельнікам навуковых канферэнцый. Браў удзел у выданні іўеўскага «Буквара» 1618 г. у трох тамах. Перавёў на беларускую мову гімн студэнтаў Gaudeamus.
З’яўляецца вядучым фэстаў гістарычнай рэканструкцыі «Менск старажытны», «Наш Грунвальд», «Нясвіжская фартэцыя», «Легендарныя эпохі» і інш. Любіць рок-музыку, піша песні, іграе на бас-гітары.
На дадзены момант завяршае працу над кандыдацкай дысертацыяй па сацыяльна-эканамічнай праблематыцы на беларускіх землях у XVI–XVII стст. Працуе са студэнтамі на розных факультэтах БДУ.
Дзейнасць сям’і Казаковых сведчыць пра любоў і адданасць роднай alma mater. На ўсіх узроўнях яны ўдасканальваюць і развіваюць найлепшыя традыцыі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Дар’я АРТАМОНАВА