Штогод БРСМ высвятляе ў першакурснікаў, які факультэт самы разумны, хуткі і крэатыўны. У суботу 5 кастрычніка за кубак змагаліся 15 каманд.
Тэмай конкурсу і творчых выступленняў сталі казкі і міфы. У тую раніцу на пляцоўцы аграгарадка Шчомысліца чулі музыку, крычалкі і нават бой барабанаў. На адной паляне сустракаліся персанажы з самых розных казак і мультфільмаў.
Да сваіх ідэй студэнты падышлі крэатыўна і з гумарам. Перш за ўсё яны прадставілі сваю каманду і факультэт з дапамогай творчых візітовак. Журы ў складзе кіраўніцтва і супрацоўнікаў БДУ і БРСМ ацэньвала песні, танцы і тэатральныя сцэнкі.
Галоўнай спартыўнай падзеяй мерапрыемства стала праходжанне турыстычнай сцяжыны. Перад гэтым хлопцам і дзяўчатам нагадалі правілы бяспекі і правялі інструктаж аховы правапарадку.
Адзін за адным каманды прайшлі дзевяць пікетаў, на якіх правяралі свае спартыўныя навыкі, спрыт, каардынацыю, кемлівасць, а таксама ўменне працаваць у камандзе, давяраць адзін аднаму і правільна размяркоўваць абавязкі. Першакурснікі адгадвалі песні на «Залатым грамафоне», праходзілі паласу перашкод, збіралі пазлы з завязанымі вачыма, успаміналі факты пра БРСМ і іншае. Можна было набраць дадатковыя балы, здзівіўшы арганізатара, які адказваў за пікет, або атрымаць іх на дадатковых конкурсах пасля турсцяжыны.
– Кожны год факультэты збіраюцца разам, першакурснікі знаёмяцца, выязджаюць на прыроду, пачынаюць размаўляць не толькі ў сценах універсітэта, але і ў нефармальных сітуацыях. Усе візітоўкі, камандныя крычалкі, выступленні даюць эмоцыі, якіх варта чакаць цэлы год, – дзеліцца другакурсніца філалагічнага факультэта і кіраўніца валанцёрскага кірунку БРСМ БДУ Кацярына Буневіч.
Дзяўчына з’яўляецца арганізатарам многіх мерапрыемстваў, але «Кубак першакурсніка» і зараз застаецца адным з яе любімых. Студэнтка лічыць, што самае галоўнае, што дае студэнтам акцыя – гэта знаёмствы. Бо міжфакультэцкія зносіны вельмі важныя, але, калі студэнт толькі прыходзіць у БДУ, яму можа быць складана сустрэцца з тымі, хто вучыцца ў іншых карпусах.
Завяршыўся конкурс троххвіліннымі творчымі выступленнямі, на якіх камандам трэба было незвычайна рэалізаваць сваю казку. Пераможцам стала каманда «Калабарыкі» юрыдычнага факультэта.
– Усе былі яркімі, гучнымі і адпавядалі тэматыцы. Мы падтрымлівалі іншыя факультэты, а таксама добра паказалі сябе. Другое заданне было не з простых, але турпаласа пакінула шмат пазітыўных уражанняў. Мы спрабавалі сябе ў спрыце, шпаркасці, крэатыўна падыходзілі да заданняў, і галоўнае – зрабілі гэта максімальна хутка, – распавядае ўдзельніца каманды Ульяна Каліева.
На трэцім заданні пераможцы паказалі гумарыстычную сцэнку пра калабка, які раней «меў адміністрацыйныя правапарушэнні», але стаў на шлях выпраўлення. Іх нумар скончыўся запальным танцам і падтрымкай іншых каманд.
Рэпеціраваць першакурснікі пачалі за тыдзень да мерапрыемства. Пра падрыхтоўку нумароў распавёў удзельнік каманды Усевалад Гомза:
– Над канцэптам каманды мы думалі сумесна, але кожны ўносіў свае ідэі, якія ў выніку мы сабралі ў адзіны механізм. Безумоўна, на шляху ўзнікалі цяжкасці, бо не кожны ўдзельнік каманды мог знайсці час на штодзённыя рэпетыцыі. Але ў выніку мы вельмі хутка згуртаваліся і занялі запаветнае першае месца, – дадае Усевалад.
Студэнты прызнаюцца, што не справіліся б без падтрымкі і дапамогі куратараў каманд.
– На маёй памяці ўпершыню ў нас была настолькі самастойная і дружная каманда на «Кубку першакурсніка». Студэнты скарылі нас сваёй суладнай, арганізаванай і карпатлівай працай. Яны вельмі сур’ёзна паставіліся да задачы, а падрыхтоўка праходзіла максімальна прыемна, па-сяброўску камфортнай. Было прапанавана шмат творчых ідэй, якія мы ўсе імкнуліся дадаць у канчатковы сцэнарый. Малайцы! – дзеліцца ўражаннямі куратар каманды Лізавета Чамаданава.
Другое месца заняў філалагічны факультэт «Простафілфакіна», трэцяе – «Таямніца залатога ключыка» юрыдычнага каледжа.
ФГГ атрымаў у сваю скарбонку дзве перамогі: у катэгорыях «Найлепшая група падтрымкі» і «Найлепшая мужчынская роля» за выступленне першакурсніка Данііла Даржынкевіча. Прыз глядацкіх анлайн-сімпатый прысудзілі камандзе «Зялёная прэса» факультэта журналістыкі. «Самай спартыўнай камандай» названы ваенны факультэт, а прыз у намінацыі «Найлепшая жаночая роля» атрымала першакурсніца механіка-матэматычнага факультэта Ульяна Пінчук.
Напрыканцы мерапрыемства ўсіх удзельнікаў пачаставалі палявым абедам і гарбатай.
Ганна Казакова