«Рухайся наперад, тады і атрымаеш вынік»

29 Oct, 2024.

У лік пераможцаў вераснёўскага Адкрытага чэмпіянату Рэспублікі Беларусь па мастацкай гімнастыцы ўвайшла трэцякурсніца факультэта філасофіі і сацыяльных навук Даря Ткачова. Тытул чэмпіёна краіны – важнае дасягненне яе насычанай кар’еры.

Спартыўная гісторыя Дар’і пачалася з пяці гадоў. Яе мама шукала гурток для энергічнай дачкі і, паслухаўшы рэкамендацыі знаёмых, звярнулася да трэнера па гімнастыцы. Спорт з’яўляецца традыцыяй іх сям’і: мама займаецца пілатэсам і ёгай; айчым – майстар спорту і дагэтуль падтрымлівае форму. Дзядуля быў прафесійным баксёрам і атрымаў званне чэмпіёна СССР сярод юнакоў.

─ Тады я нават не падазравала аб існаванні мастацкай гімнастыкі. У залу прыйшла выключна з ініцыятывы маці. Але ўражанні аказаліся вельмі добрымі, таму працягнула хадзіць на заняткі. Усе мае наступныя рашэнні, звязаныя са спортам, прымала выключна сама, – дзеліцца дзяўчына.

Першы трэнер Дар’і Ткачовай, Вольга Хроль (на сёння – трэнер-выкладчык Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі), займалася з дзяўчынкай да шостага класа. Пасля перад Дар’яй паўстаў выбар: альбо засяродзіцца на вучобе ў гімназіі, альбо пераходзіць у прафесійны спорт. Параіўшыся з Вольгай, яна перайшла ў Рэспубліканскае дзяржаўнае вучылішча алімпійскага рэзерву. Яе таварышамі былі спартсмены розных напрамкаў, таму расклад заняткаў быў падстроены пад трэніроўкі, дазваляючы вучням максімальна засяродзіцца на спартыўных дасягненнях.

Паступовы прагрэс

Другім трэнерам Дар’і стала Марына Лобач, уладальніца залатога медаля Алімпіяды – 1988 і звання першай алімпійскай чэмпіёнкі ў СССР па мастацкай гімнастыцы.

На першыя спаборніцтвы, у якіх удзельнічала Дар’я Ткачова, яна цяпер глядзіць па-іншаму. Ніякіх сур’ёзных ставак тады не было, і перспектывы неспрактыкаваных спартсменаў выглядалі дастаткова туманнымі. Затое медалі, атрыманыя на тых конкурсах, служылі матывацыяй для руху наперад. Дзяўчына расла, упарта трэніравалася, і разам з ёй мяняўся і ўуровень спаборніцтваў. Сапраўды знакавай стала перамога на 17-м Міжнародным турніры на прызы Марыны Лобач, дзе Дар’я атрымала галоўную ўзнагароду – імянную статуэтку алімпійскай чэмпіёнкі.

З часам колькасць узнагарод гераіні расла, аднак дадалося і цяжкасцяў, звязаных са спартыўнымі санкцыямі. Выступленні беларускіх спартсменаў былі абмежаваны турнірамі блізкага замежжа. Тым не менш Дар’я дэманстравала сваё майстэрства: напрыклад, на турніры Friendship International у сталіцы Арменіі Ерэване дзяўчына заваявала сярэбраны медаль. А сёлета Дар’я нарэшце вярнулася на міжнародную арэну.

– Многія краіны палепшылі свае пазіцыі – іх гімнасткі аказаліся сур’ёзнымі саперніцамі, з якімі ты змагаешся ўжо не за цэлыя балы, а за дзясятыя і сотыя долі, бо і яны здольныя паўплываць на вынік, – адзначыла спартсменка. – Самыя яркія эмоцыі былі на спаборніцтве ў Партугаліі, калі я выйграла золата ў фіналах з мячом.

Але самым значным трафеем года, безумоўна, для Дар’і з’яўляецца залаты медаль у практыкаваннях з абручом Адкрытага чэмпіянату Беларусі па мастацкай гімнастыцы. Для маладых спартсменаў гэты чэмпіянат – адзін з ключавых стартаў сезона, бо па яго выніках будуць размяркоўвацца месцы ў нацыянальнай зборнай і праводзіцца далейшы адбор на міжнародныя турніры.

– Любыя спаборніцтвы патрабуюць ад цябе поўнай аддачы, тым больш такога маштабу. Досыць моцна стамлялася, як фізічна, так і маральна. Але намаганні сябе апраўдваюць. Вельмі дапамагло тое, што выступалі ў сябе дома. Знаходзіцца ў роднай зале, сярод сваіх трэнераў, чуць гучную падтрымку нашых гледачоў – гэта матывуе выкладвацца на максімум. Цяпер, атрымаўшы тытул, не збіраюся спачываць на лаўрах. Сышла з пастамента, і ўсё, больш не чэмпіён; калі не працягнеш працаваць на поўную сілу, не паб’еш свае ж рэкорды, супернікі цябе хутка абыдуць.

Іншыя напрамкі

Зараз усе мэты спартсменкі пабудаваны вакол мастацкай гімнастыкі, аднак гэта не адзіная цікавая ёй сфера. У дзяцінстве Дар’і падабалася маляваць, чытаць кнігі, танцаваць і прыдумляць свае арыгінальныя гімнастычныя рухі. Цяпер жа дзяўчына аддае перавагу адпачынку з сям’ёй і сябрамі, сумеснаму наведванню тэатраў, выставак і канцэртаў, а таксама вандроўкам па славутасцях Беларусі. Яна таксама з задавальненнем назірае за іншымі відамі спорту: плаваннем, лёгкай атлетыкай, сноўбордынгам, нават за «Формулай-1». І, вядома ж, старанна вучыцца на факультэце філасофіі і сацыяльных навук БДУ.

– Адаптавацца да вучобы было цяжка. Універсітэт моцна адрозніваецца ад школы, тым больш ад спартыўнай, дзе ва ўсіх адзіная матывацыя і дысцыпліна. Акрамя таго, свет звычайнага чалавека і свет спартсмена абсалютна розныя. Так што знаходзіць агульныя тэмы з аднакурснікамі, праводзіць час у кампаніях атрымлівалася слаба. Але зараз, пасля чатырох семестраў, магу сказаць, што ўлілася ў новае жыццё. Сумяшчаць вучобу і спорт нялёгка, але я стараюся. Даводзіцца самастойна асвойваць некаторыя навучальныя прадметы.

Дар’я ўпэўнена, што пасля выпуску будзе працаваць выключна па спецыяльнасці. Яна хоча набрацца вопыту ў працы па-за спортам, а з адукацыяй і набытымі ведамі гэта будзе зрабіць значна прасцей.

Пераможны настрой

Жыццё спартсмена вызначаюць два фактара: бесперапынныя трэніроўкі і дысцыпліна. Дар’я практычна кожны дзень трэніруецца па 7-8 гадзін, дазваляючы сабе толькі адзін выхадны. Яна таксама прытрымліваецца строгага рэжыму сну і спартыўнага харчавання, каб арганізм паспяваў аднаўляцца паміж спаборніцтвамі. Некаторымі рэчамі даводзіцца ахвяраваць: напрыклад, застаецца мала часу на сяброў. Аднак Дар’я захоўвае пазітыўны настрой.

– Перажытыя выпрабаванні навучылі мяне тром важным урокам. Па-першае, што пра цябе б ні казалі, нельга спыняцца. Рухайся наперад, рабі усё сумленна, без хлусні, без ляноты, тады і атрымаеш вынік. Па-другое, нават дрэнны досвед – гэта ўсё ж такі досвед, які дапамагае выправіць дапушчаныя памылкі. Нарэшце, па-трэцяе, трэба шукаць светлыя моманты нават у самыя пахмурныя дні, знаходзіць задавальненне ў дробязях, перамагаць унутраную нуду. Сёння ў цябе можа не быць жадання працаваць, і ты прапусціш практыкаванне. А паслязаўтра ўжо будзеш дакараць сябе за тое, што да медаля не хапіла літаральна долі бала.

Я знаходжу матывацыю ў здабытых перамогах, у кар’ерным росце, у падтрымцы гледачоў і, вядома, у любові да сваёй справы. І таму я працягваю ісці да пастаўленых мэт нягледзячы ні на што.

Дзям’ян КУЛІКОВІЧ

print

Вам таксама можа спадабацца: