У БДУ адбыўся Форум студэнцкіх ініцыятыў. Ён накіраваны на дапамогу студэнтам з адаптацыяй ва ўніверсітэце, стварэнне ўмоў для рэалізацыі іх патэнцыялу і знаёмства са студэнцкімі арганізацыямі. На гэтым мерапрыемстве паўдзельнічалі больш за 140 першакурснікаў, якія прапанавалі свае самыя смелыя ідэі.
Праграма форуму ўключала тэарэтычную і практычную часткі. У першы дзень студэнты пазнаёміліся і падзяліліся на каманды па жаданых кірунках.
Пазней для іх прайшлі трэнінгі па фарміраванні крэатыўных навыкаў, кіраванні праектамі, аратарскім майстэрстве і іншых напрамках. Студэнты наведалі некалькі воркшопаў, кожны з якіх быў прысвечаны розным аспектам праектнай працы. На майстар-класах удзельнікі форуму вырашалі практычныя кейсы, якія пасля маглі прымяніць у сваіх распрацоўках. Ім расказвалі пра менеджмент праектаў, як правільна падаваць свае ідэі экспертам і іншыя сакрэты, якія можна было выкарыстоўваць ужо падчас форуму.
Асабліва запамінальным для студэнтаў стаў воркшоп пра крэатыўнасць ад старшага выкладчыка эканамічнага факультэта Уладзіслава Макарэвіча. На ім удзельнікі вывучалі розныя тэхнікі генерацыі ідэй, нестандартнае мысленне, на практыцы аналізавалі падыход людзей да розных творчых праектаў.
Таксама першакурснікі адзначылі майстар-клас «Soft skills» выпускніцы юрфака Стэфаніі-Віталіі Віннічак. Студэнты даведаліся, як эфектыўна структураваць і прадстаўляць інфармацыю, каб прыцягнуць да сябе і сваіх ідэй увагу.
У наступныя дні першакурснікам сумесна з куратарамі трэба было распрацаваць праекты з улікам спецыфікі прадстаўленых раней студэнцкіх арганізацый. Ініцыятывы павінны былі змяшчаць вырашэнне пытанняў у галіне адукацыі, моладзевай навукі, сацыяльнай падтрымкі, грамадзянска-патрыятычнага выхавання, узаемадзеяння з замежнымі студэнтамі і інш.
Вынікам інтэнсіву стала абарона праектаў. Ацэньвалі прапановы першакурснікаў журы ў складзе супрацоўнікаў упраўлення па выхаваўчай рабоце з моладдзю і лідараў студэнцкіх арганізацый.
Найлепшай распрацоўкай выбралі «Студгенкам — Студэнцкае генераванне ідэй». Ініцыятыва прадстаўляе інтэрнэт-платформу. Па задумцы ўдзельнікаў, ён можа быць рэалізаваны як сайт ці форум, на якім студэнты могуць дзяліцца сваімі ідэямі для мерапрыемстваў і запрашаць зацікаўленых на іншыя актыўнасці.
– Сутнасць праекта ў тым, каб усе студэнты былі пачутыя, незалежна ад таго, ёсць яны ў нейкіх арганізацыях ці не, – сказалі падчас прэзентацыі першакурснікі.
Яны прызнаюцца, што праект не атрымаўся б такім суцэльным без добрага калектыву. Фарміраванне каманды прайшло праз некалькі этапаў. Першапачатковая група была даволі вялікай, цікавасць праявіла больш за 30 удзельнікаў.
– У выніку распрацоўваць «Студгенкам» засталося 14 самых мэтанакіраваных, якія сапраўды зацікавіліся праектам і былі гатовы ўкласці свой час і намаганні. Яны паказалі сапраўдны энтузіязм і жаданне працаваць над пастаўленай задачай, – распавядае куратар каманды пераможцаў Алеся Бар’яша.
Яна расказала, што ідэя праекта прыйшла не адразу. Яны разважалі над рознымі праблемамі, з якімі сутыкаюцца студэнты і супрацоўнікі ўніверсітэта. У нейкі момант адзін з удзельнікаў каманды ўзняў цікавае пытанне: як студэнты, якія не патрапілі на форум ці іншыя падобныя мерапрыемствы, могуць прапанаваць свае ідэі? Гэта зачапіла ўсіх удзельнікаў, і падчас доўгіх абмеркаванняў каманда ўсвядоміла, што існуе прабел у камунікацыі паміж студэнтамі з інавацыйнымі ідэямі і арганізацыямі, здольнымі гэтыя ідэі рэалізаваць. Яны зразумелі, што не хапае прамога і эфектыўнага спосабу для студэнтаў данесці свае ідэі да тых, хто можа іх увасобіць у жыццё.
— Гэта думка выклікала ў нас бурнае абмеркаванне. Мы пачалі разважаць, як можна стварыць кароткі шлях для ідэй, які б дазволіў студэнтам праяўляць сябе і дзяліцца сваімі ініцыятывамі, а арганізацыям не разважаць над мерапрыемствамі і над тым, што можа спадабацца студэнтам. Пасля працяглага «мазгавога штурму» мы прыйшлі да канцэпцыі нашага бягучага праекта. Мы распрацавалі ідэю платформы, якая магла б служыць гэтым кароткім шляхам для студэнцкіх ініцыятыў, – дадае Алеся.
Другое месца прысудзілі праекту міжнароднай накіраванасці «Даведнік па Новым Міры», выстаўленаму ад імя савета зямляцтваў і саюза інтэрнатаў студгарадка. Гэта дадатак, арыентаваны на дапамогу ў адаптацыі замежным студэнтам да вучобы ў БДУ, да новых умоў жыцця, на знаёмства з культурай і знакавымі месцамі Беларусі. Ён дазволіць шукаць неабходную інфармацыю пра маршруты і транспарт, лакацыі і інструкцыі.
– Мы паставілі перад сабой задачы: інфармаваць замежных грамадзян пра структуру стударганізацый і іх дзейнасць, аблегчыць успрыманне інфармацыі пасродкам перакладу на родную мову, а таксама спрасціць працэс засялення ў інтэрнат, — расказвалі ўдзельнікі на абароне праекта.
На трэцім месцы праект навукова-адукацыйнага напрамку «Дадатак аб турыстычным патэнцыяле Рэспублікі Беларусь». Студэнты прапанавалі скласці карту з гістарычнымі, экалагічнымі, культурнымі славутасцямі нашай краіны.
Перад удзельнікамі стаяла задача прэзентаваць сваю распрацоўку за шэсць хвілін і адказаць на пытанні экспертаў. Пры гэтым журы ацэньвала змест, актуальнасць работ, перспектывы рэалізацыі на базе ўніверсітэта, прэзентацыю і крэатыў.
Першакурснікі адзначаюць карысць Форуму студэнцкіх ініцыатыў. Апроч знаёмства з дзейнасцю органаў студэнцкага самакіравання і ўніверсітэта ў цэлым, ён паказаў, што ў БДУ хочуць чуць ідэі будучых спецыялістаў і могуць дапамагчы рэалізаваць свой патэнцыял.
– Стварэнне сваіх праектаў будзе суправаджаць студэнтаў на працягу ўсёй вучобы ва ўніверсітэце, – адзначыў начальнік упраўлення па выхаваўчай рабоце з моладдзю Аляксей Шавель. — Гэта неацэнны вопыт, і, магчыма, нехта на аснове такой дзейнасці знойдзе сваю будучыню.
Ганна КАЗАКОВА