Больш за 100 студэнтаў Беларусі і Расіі сталі ўдзельнікамі Тыдня студэнцкай моладзі Саюзнай дзяржавы

29 Nov, 2024.

Тыдзень студэнцкай моладзі, прысвечаны 25-годдзю падпісання Дамовы пра стварэнне Саюзнай дзяржавы, стартаваў 18 лістапада Ў БДУ. Форум  прадугледжваў фарміраванне адзінай пляцоўкі для ўзаемадзеяння моладзі Беларусі і Расіі, абмену досведам і ідэямі па стварэнні студэнцкіх праектаў пра захаванне гістарычнай памяці і духоўна-маральных каштоўнасцяў.

Пра значнасць мерапрыемства высказаўся рэктар Андрэй Кароль Па словах кіраўніка БДУ, моладзь заўсёды ўспрымальная да новых праектаў і асветніцкіх акцый, якія спрыяюць яе асобаснай і прафесійнай рэалізацыі. Таксама ён падкрэсліў ключавую асаблівасць тэматычнага тыдня. «Сёння мы становімся сведкамі разбурэння старой светабудовы, заснаванай на маналогу і дамінаванні аднаго канцавосся. Таму форум у першую чаргу накіраваны на фарміраванне сэнсаў і каштоўнасцяў кожнага юнага ўдзельніка праекта», – працягнуў думку Андрэй Кароль. Напрыканцы ён пажадаў усім прадуктыўнай працы, цікавых дыскусій і новых сяброў-аднадумцаў.

Таксама павітаў гасцей урачыстага мерапрыемства Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Расійскай Федэрацыі ў Беларусі Барыс Грызлоў.

Пра партрэт сучаснага пакалення распавяла намеснік старшыні кіравання грамадскага аб’яднання «Беларускі фонд міру», першая жанчына-касманаўт Беларусі, Герой Беларусі Марына Васілеўская. Яна адзначыла, што сёння бачыць тэндэнцыю і запатрабаванне студэнтаў у пастаянным развіцці і самаўдасканаленні. «Самае галоўнае – гэта накіраваць дзяцей, паказаць, у якім рэчышчы трэба рухацца далей на карысць шчаслівай будучыні нашых краін», – падзялілася Марына Васілеўская. Таксама яна дадала, што Тыдзень студэнцкай моладзі Саюзнай дзяржавы – гэта маштабны праект, які даказвае сяброўства, сілу і інтэлектуальную моц Беларусі і Расіі.

Падчас форуму БДУ заключыў пяць пагадненняў аб узаемадзеянні і супрацоўніцтве ў галіне моладзевай палітыкі з шэрагам расійскіх універсітэтаў. У прыватнасці, завераны дакументы паміж БДУ і Уладзімірскім дзяржаўным універсітэтам імя А. Р. і М. Р. Сталетава, Валгаградскім дзяржаўным універсітэтам, Наўгародскім дзяржаўным універсітэтам імя Яраслава Мудрага, Пскоўскім дзяржаўным універсітэтам і Разанскім дзяржаўным універсітэтам імя С. А. Ясеніна.

Другі дзень форуму быў прысвечаны гістарычный памяці і праўдзе. Ключавой падзеяй стала дыялогавая пляцоўка з удзелам кіраўніцтва факультэтаў, супрацоўнікаў і даследчыкаў БДУ. Да прыкладу, пра агульную гісторыю як каштоўнасць Саюзнай дзяржавы студэнтам распавёў прафесар ФМА Андрэй Русаковіч. Вынікамі расследавання Генеральнай пракуратуры Беларусі крымінальнай справы пра генацыд беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны падзяліўся дацэнт гістарычнага факультэта Сяргей Александровіч. Таксама ўдзельнікі праекта абмеркавалі сучасныя тэндэнцыі распаўсюджання постпраўды. Тут з дакладам «Стварэнне фейкавых навін ва ўмовах развіцця штучнага інтэлекту» выступілі дэкан ФПМІ Юрый Арловіч і начальнік ваеннага факультэта Андрэй Бахар. Акрамя таго студэнты наведалі Беларускі дзяржаўны музей Вялікай Айчыннай вайны.

Тэматыкай трэцяга дня мерапрыемства сталі сямейныя каштоўнасці сярод моладзі. Студэнты наведалі інтэрактыўныя лекцыі і круглыя сталы. Пра захаванне сямейных каштоўнасцяў з дапамогай медыяцыі распавяла дырэктар Інстытута перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі суддзяў, работнікаў пракуратуры, судоў і ўстаноў юстыцыі БДУ Аксана Здрок. Таксама ў гэты дзень адбылася дыялогавая пляцоўка «Сямейныя каштоўнасці – аснова духоўнага жыцця». Спікерам мерапрыемства выступіў намеснік старшыні Сінадальнага інфармацыйнага аддзела Беларускай праваслаўнай царквы, протаіерэй Аляксандр Шымбалёў. Сімвалічнай часткай стаў паказ спектакля «Сямейны альбом» у выкананні артыстаў народнага студэнцкага музычна-драматычнага тэатра-студыі БДУ «На філфаку».

Духоўна-маральныя каштоўнасці Саюзнай дзяржавы абмеркавалі 21 лістапада. Госці наведалі музей Бібліі Інстытута тэалогіі імя св. Мяфодзія і Кірыла БДУ і Храм-помнік ў гонар Усіх святых і ў памяць пра ахвяр, якія паслужылі выратаванню нашай Айчыны. Удзельнікам распавялі пра важнасць фарміравання маральнасці і духоўных арыенціраў у маладога пакалення. Таксама навучэнцы працягнулі знаёміцца з падраздзяленнямі ВНУ на майстар-класах па каліграфіі і філасофіі, трэнінгах па псіхалогіі, выставе духоўна-маральных кніг і дызайнерскай пляцоўцы.

Фінальныя мерапрыемствы тыдня прайшлі 22 лістапада пад эгідай «Патрыятычных каштоўнасцяў Саюзнай дзяржавы». Адбылася сустрэча са старшынёй Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў Арцёмам Цуранам, намеснікам старшыні пастаяннай камісіі савета па сувязях з грамадскімі арганізацыямі, моладзевай палітыцы і працы са СМІ, першым сакратаром Мінскага гарадскога камітэта ГА «БРСМ» Раманам Бандаруком і старшынёй моладзевага савета пры Мінскім гарадскім Савеце дэпутатаў Уладзіславам Дземідзенкам. Таксама для ўдзельнікаў праграмы прайшлі прэзентацыі факультэтаў БДУ. Факультэт радыёфізікі і камп’ютарных тэхналогій прадставіў гасцям інтэрактыўную пляцоўку. Міжнародны дзяржаўны экалагічны інстытут імя А. Д. Сахарава БДУ прэзентаваў экалагічны праект «Экасквер». Эканамічны факультэт правёў інтэрактыўную прэзентацыю «Эканоміка будучыні пачынаецца тут». Юрыдычны факультэт сумесна з юрыдычнай клінікай БДУ правялі віктарыну па прававым ракурсе студэнцкай моладзі Саюзнай дзяржавы. Таксама для студэнтаў была арганізавана інтэрактыўная экскурсія па факультэце журналістыкі.

Паводле інфармацыі прэс-службы БДУ

print

Вам таксама можа спадабацца: