Дынастыя Кошалевых: 77 гадоў з БДУ

29 Nov, 2024.

Дынастыю Кошалевых складаюць доктар навук, прафесар, кандыдат навук, дацэнт, загадчыкі кафедраў, аўтары навуковых і навукова-метадычных прац. Педагагічны стаж дынастыі Кошалевых у БДУ дасягае 77 гадоў.

Уладзімір Сяргеевіч Кошалеў – загадчык кафедры гісторыі новага і найноўшага часу, доктар гістарычных навук, прафесар. Педагагічны стаж у БДУ – 56 гадоў.

Нарадзіўся 1 чэрвеня 1947 года ў вёсцы Сасноўка Пружанскага раёна. У 1963–1967 гадах вучыўся на гістарычным факультэце БДУ. Прайшоў усходазнаўчую падрыхтоўку ў Інстытуце ўсходніх моў (з 1974 года Інстытут краін Азіі і Афрыкі) пры Маскоўскім дзяржаўным універсітэце імя М. В. Ламаносава ў 1968–1970 гадах і ў Каірскім універсітэце ў 1971–1972 гадах. У 1970 годзе стаў выкладчыкам кафедры гісторыі новага і найноўшага часу БДУ. У 1974 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю «Унутрыпалітычная барацьба ў Егіпце ў першыя гады Другой сусветнай вайны (1939-1942)». У 1977 годзе выйшла першая манаграфія У. С. Кошалева «Егіпет да Эль-Аламейна: з гісторыі ўнутрыпалітычнай барацьбы (1939–1942)». У 1986 годзе праходзіў стажыроўку ў Цэнтры па правах чалавека ААН у Жэневе. У 1988 годзе ў Інстытуце краін Азіі і Афрыкі пры МДУ абараніў доктарскую дысертацыю «Сацыяльна-палітычная барацьба і антыкаланіяльны рух у Егіпце (1879–1924)». У 1989 годзе ўзначаліў кафедру гісторыі новага і найноўшага часу Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, у 1990 годзе яму было прысвоена навуковае званне прафесара. У 1995 годзе праходзіў навуковую стажыроўку ў Джорджтаўнскім універсітэце.

Прафесар У. C. Кошалеў – усходазнавец, з’яўляецца спецыялістам па гісторыі арабскіх краін і палітычнага ісламу, даследуе метадалагічныя і тэарэтычныя праблемы сусветнай гісторыі, міжнародных адносін.

Аўтар каля 300 навуковых і навукова-метадычных прац, у тым ліку 5 манаграфій, больш чым 60 навучальных праграм і дапаможнікаў па сусветнай гісторыі для базавай і сярэдняй школы. Асноўныя монаграфічныя даследаванні прысвечаны новай і найноўшай гісторыі Егіпта. Ён адзін з аўтараў 6-томнай «Гісторыі Усходу» (Інстытут усходазнаўства Расійскай акадэміі навук, 1994–2006) і навукова-папулярнага выдання «Гісторыя Карэі з найстаражытных часоў» (2019). Падрыхтаваў вялікую групу спецыялістаў вышэйшай кваліфікацыі – 10 дактароў і 38 кандыдатаў навук, у тым ліку з Балгарыі, В’етнама, Ірака, Турцыі і Палесціны.

У 2001–2003 гадах – навуковы кіраўнік Дзяржаўнай праграмы фундаментальных даследаванняў «Глабальны свет». З 2003 па 2020 год з’яўляўся адным з навуковых кіраўнікоў Дзяржаўнай праграмы навуковых даследаванняў «Гісторыя і культура». Стаяў ля вытокаў стварэння ВАК Рэспублікі Беларусь, узначальваў экспертны савет па гістарычных навуках, член прэзідыума ВАК з 2009 па 2016 год. Старшыня і намеснік старшыні спецыялізаванага савета па абароне доктарскіх дысертацый пры БДУ ў 1995–2004 гадах. Член рэдкалегіі 6-томнай «Энцыклапедыі гісторыі Беларусі» і 18-томнай «Беларускай энцыклапедыі». Уваходзіць у склад рэдкалегіі і рэдакцыйных саветаў гістарычных часопісаў «Беларускі гістарычны часопіс», «Гісторыя: праблемы выкладання», «Вышэйшая школа» і інш. Па лініі міжнародных арганізацый выступаў у якасці эксперта па палесцінскай праблеме.

За працоўныя заслугі У. С. Кошалеў ганараваны звання «Заслужаны работнік адукацыі Рэспублікі Беларусь», узнагароджаны медалём Ф. Скарыны, Ганаровай граматай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь. Двойчы ганараваны персанальнай надбаўкі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «за выбітны ўнёсак у сацыяльна-эканамічнае развіццё рэспублікі». Мае падзякі Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і рэктара БДУ. Выдатнік вышэйшай школы Рэспублікі Беларусь. Заслужаны работнік БДУ. Лаўрэат прэміі імя У. І. Пічэты пры БДУ ў галіне гуманітарных навук.

 

Наталля Уладзіміраўна Кошалева – загадчыца кафедры гісторыі старажытнага свету і сярэдніх вякоў, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. (Дачка Кошалева У. С.). Педагагічны стаж у БДУ – 21 год.

Нарадзілася ў 1978 г. У 2000 г. скончыла гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 2003 г. абараніла кандыдацкую дысертацыю «Мусульманская абшчына і ісламскія арганізацыі ЗША ў ХХ стагоддзі» ў БДУ. З 2003 г. працуе на кафедры гісторыі старажытнага свету і сярэдніх вякоў гістарычнага факультэта БДУ. У 2007 г. стала старшым выкладчыкам. У 2010 г. Н. У. Кошалевай прысвоена званне дацэнта. У 2009–2015 гг. узначальвала савет маладых навукоўцаў гістарычнага факультэта. З 2020 г. з’яўляецца адказнай за НДРСА гістарычнага факультэта. У 2024 г. абрана загадчыцай кафедры гісторыі старажытнага свету і сярэдніх вякоў.

Спецыялізуецца па гісторыі ісламу і мусульманскай абшчыны ва ўмовах чужога сацыякультурнага асяроддзя (ЗША, Заходняя Еўропа), займаецца пытаннямі ісламізму, салафізму, феноменам ісламскага праекта «ісламізацыі ведаў» і ў цэлым праблемамі ісламазнаўства, а таксама гісторыяй Карэі і краін Паўднёва-Усходняй Азіі. Прайшла навуковую стажыроўку ва Усходне-кітайскім педагагічным універсітэце (Шанхай, КНР) у 2012 г., у рамках якой прыняла ўдзел у адкрыцці Кітайска-беларускага культурнага цэнтра.

Прайшла навуковую стажыроўку (2002, 2012) у Інстытуце даследавання школьных падручнікаў імя Георга Экерта (Браўншвейг, Германія). Удзельнічала ў рэалізацыі нямецка-беларускага праекта (2000–2004) па стварэнні навучальнага дапаможніка па сусветнай гісторыі ХХ стагоддзя (навуковы кіраўнік праекта У. С. Кошалеў). C 2017 г. брала ўдзел у праграмах «Эразмус+»: «Эразмус+ праграма для выкладання і навучання» (Цюбінгенскі ўніверсітэт, Цюбінген, Германія, 10–18 ліпеня); «Эразмус+ KA2 праграмны праект ФОСТЭРК па распрацоўцы і ўкараненні навучальнай праграмы для магістратуры» (Літоўскі педагагічны ўніверсітэт, Вільнюс, Літва, 2018, 12–14 чэрвеня; Мінск, 2018–2019). Удзельнічала ў міжнародным праекце «Супольнасць спецыялістаў па напісанні школьных падручнікаў у Рэспубліцы Беларусь» пад эгідай Акадэміі карэязнаўства (Рэспубліка Карэя, 2017–2019). У рамках праекта праводзіла навуковае даследаванне ў Рэспубліцы Карэя (Санам, 2017).

Аўтар больш чым 100 навуковых і метадычных прац, у тым ліку навучальных дапаможнікаў па ўсеагульнай гісторыі для сярэдніх школ Рэспублікі Беларусь, адзін з аўтараў навукова-папулярнай кнігі «Гісторыя Карэі з найстаражытных часоў» (2019).

Дынастыя Кошалевых зрабіла вялікі ўнёсак у развіццё гістарычнай навукі і падрыхтоўку спецыялістаў вышэйшай кваліфікацыі ў Рэспубліцы Беларусь. 

print

Вам таксама можа спадабацца: