Дынастыю Тамашэвічаў складаюць дактары навук, прафесары, загадчыкі кафедраў, аўтары навуковых прац. Педагагічны стаж дынастыі Тамашэвічаў у БДУ складае 100 гадоў.
Тамашэвіч Уладзімір Антонавіч – доктар эканамічных навук, дацэнт, рэктар БДУ ў 1946–1949 г. Педагагічны стаж у БДУ – 45 гадоў.
Нарадзіўся 22 лютага 1899 года ў Мінску. У 1921 годзе быў накіраваны ў Камуністычны ўніверсітэт імя Я. М. Свярдлова ў Маскве, які скончыў у 1924 годзе па спецыяльнасці «адміністрацыйнае права». З 1929 па 1932 год працаваў намеснікам рэктара па навучальнай частцы і загадчыкам кафедры савецкай эканомікі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 1938–1941 гадах працаваў загадчыкам кафедры палітычнай эканоміі Усесаюзнага завочнага фінансава-эканамічнага інстытута (Масква). У 1941–1942 гадах знаходзіўся на фронце, у 1942 годзе быў паранены, лячыўся ў шпіталі. У 1942–1944 гадах працаваў дацэнтам кафедры палітэканоміі Маскоўскага інстытута інжынераў транспарту, з 1944 па 1946 год быў сакратаром мінскага абкама КП(б)Б, а таксама загадчыкам кафедры палітэканоміі Мінскага педагагічнага інстытута. З 1946 па 1949 год працаваў рэктарам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, з 1948 па 1965 год – загадчыкам кафедрай палітэканоміі. Спрыяў таму, што БДУ атрымаў права абароны кандыдацкіх дысертацыі па палітэканоміі. За гэты перыяд на кафедры было абаронена каля 20 кандыдацкіх дысертацый. Выпускнікі-аспіранты складалі аснову кафедры і пасля сталі вядомымі ў краіне навукоўцамі-эканамістамі.
У 1949–1950 гадах абраны сакратаром ЦК КП(б)Б. У 1953 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Індустрыяльнае развіццё БССР у перыяд першай пяцігодкі». З 1954 па 1956 год праходзіў дактарантуру ў Маскве. Тэма доктарскай дысертацыі – «Сацыялістычная індустрыялізацыя БССР». Да 1974 г. працаваў дацэнтам кафедры палітэканоміі БДУ.
Асноўным напрамкам даследаванняў У. А. Тамашэвіча была індустрыялізацыя народнай гаспадаркі Беларусі. Апублікаваў каля 30 навуковых артыкулаў, падрыхтаваў больш за 10 кандыдатаў эканамічных навук.
Уладзімір Антонавіч быў узнагароджаны ордэнам Леніна, медалём «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гг.», медалём «За абарону Масквы», медалём «За доблесную працу ў Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гг.», медалём «За працоўнае адрозненне».
Тамашэвіч Аляксандр Уладзіміравіч (сын Тамашэвіча У. А.) – доктар геаграфічных навук, прафесар. Педагагічны стаж у БДУ – 32 гады.
Нарадзіўся 13 жніўня 1930 г. у Мінску. У 1949–1954 гг. навучаўся на геолага-геаграфічным факультэце БДУ. Пасля заканчэння ўніверсітэта з 1954 да 1960 гг. працаваў у сістэме Белгалоўгеалогіі на пасады ад прараба-геолага да начальніка партыі геологогидрогелогической экспедыцыі. Затым два гады ў Дзяржплане БССР ён займаецца планаваннем геолагаразведачных прац на нафту і цвёрдыя карысныя выкапні, рэгіянальных здымачных і пошукавых прац. З 1962 г. А. У. Тамашэвіч становіцца аспірантам інстытута эканомікі АН Беларусі, а ў 1965 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму –Эканамічная ацэнка карысных выкапняў». Далейшая яго праца доўгія гады была звязана Беларускім навукова-даследчым геолагаразведачным інстытутам (БелНДГРІ). У 1979 г. ён быў прызначаны намеснікам дырэктара БелНДГРІ па навуковай рабоце. У 1984 г. паспяхова абараніў доктарскую дысертацыю на тэму «Праблемы павышэння эфектыўнасці падрыхтоўкі і прамысловага выкарыстання мінеральна-сыравінных рэсурсаў Беларусі». У 1988 г. яму было прысвоена званне прафесара.
Амаль 16 гадоў з 1987 па 2002 г. загадчык кафедры эканамічнай геаграфіі замежных краін. З 2002 па 2014 гг. працаваў на пасадзе прафесары кафедры эканамічнай геаграфіі замежных краін.
За добрасумленную працу і поспехі ў працы А. У. Тамашэвіч быў узнагароджаны Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР, знакамі «Выдатнік разведкі нетраў», «Выдатнік адукацыі», бронзавым медалём ВДНХ СССР, сярэбраным знакам і дыпломам ХХVII Міжнароднага геалагічнага кангрэса, ганаровымі граматамі Мінгеалогіі СССР, Белгалоўгеалогіі, Белдзяржуніверсітэта. Пад кіраўніцтвам прафесара Тамашэвіча А. У. было абаронена 5 кандыдацкіх дысертацый. Тамашэвіч А. В. апублікаваў больш за 100 навуковых прац.
Тамашэвіч Анжаліка Уладзіміраўна (нявестка Тамашэвіча А. В.) – вядучы спецыяліст па арганізацыі навучальнага працэсу факультэта геаграфіі і геаінфарматыкі, выкладчык кафедры фізічнай геаграфіі свету і адукацыйных тэхналогій. Педагагічны стаж у БДУ – 2 гады, агульны стаж працы ў БДУ – 23 гады.
У 1996 г. скончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, геаграфічны факультэт, па спецыяльнасці географ-эколаг, выкладчык.
З 1999 г. па 2001 г. працавала ў ДУ НДІ статыстыкі пры Міністэрстве статыстыкі і аналізу Рэспублікі Беларусь на пасадзе навуковага супрацоўніка ў аддзеле аператыўных даследаванняў мікраэканамічных, сацыяльных і экалагічных працэсаў. З 2001 г. па 2004 г. навучанне ў аспірантуры на кафедры эканамічнай геаграфіі Беларусі і дзяржаў Садружнасці БДУ, спецыяльнасць – эканамічная, сацыяльная і палітычная геаграфія. З 2023 г. выкладчык кафедры фізічнай геаграфіі свету і адукацыйных тэхналогій.
Галіна навуковых інтарэсаў – геаграфія і эканоміка-геаграфічная ацэнка мінеральных рэсурсаў, інфармацыйныя камп’ютарныя тэхналогіі ў адукацыі. Мае 25 навуковых публікацый.
Дынастыя Тамашэвічаў папоўніла шэрагі таленавітых навукоўцаў БДУ. Даследаванні аўтараў з’яўляюцца актуальнымі і на дадзены момант.
Дар’я АРТАМОНАВА