У БДУ названы пераможцы конкурсу «Найлепшы навуковы гурток – 2024»

29 Nov, 2024.

Галоўнае ўпраўленне навукі БДУ кожны год праводзіць конкурс на найлепшы навуковы гурток. Перамогу сёлета ў намінацыі «прыродазнаўчыя навукі» атрымаў картаграфічны гурток факультэта геаграфіі і геаінфарматыкі, а ў намінацыі «гуманітарныя навукі» – «Канстытуцыйнае права» юрыдычнага факультэта.

Мэта конкурсу – павышэнне якасці адукацыі, падрыхтоўка большай колькасці кваліфікаваных навукоўцаў, падтрымка таленавітых студэнтаў і магістрантаў, а таксама дапамога ім у прасоўванні сваіх навуковых ідэй. Адораная моладзь працуе не ў адзіночку, а разам з навуковымі кіраўнікамі сваіх кафедраў.

Сам конкурс дзеліцца на дзве часткі. Першы этап праходзіць у падраздзяленнях з 1 па 31 мая. Кожнае падраздзяленне самастойна вызначае найлепшы гурток, улічваючы спецыфіку сваёй навуковай галіны і методыкі работы з адоранымі студэнтамі. Пераможца прадстаўляе факультэт на наступны этапе конкурсу – універсітэцкім.

Другі этап уключае ў сябе візуальную частку. Да 1 мая ўдзельнікі ўніверсітэцкага этапу конкурсу павінны прадставіць сяміхвілінны відэаролік, які дэманструе дасягненні іх навуковага гуртка. Відэа павінна ўключаць інфармацыю пра яго, дзейнасць кіраўніка, навуковыя вынікі, інавацыйныя ідэі, кар’еру і склад выпускнікоў. Дарэчы, каб навуковы гурток сапраўды лічыўся такім, яму павінна быць не менш за год, а колькасць удзельнікаў – ад 5 і больш.

Сем гурткоў выйшлі ў фінал універсітэцкага этапу з больш чым 120 навуковых аб’яднанняў БДУ, у якіх у гэтым годзе ўдзельнічала больш за 2600 студэнтаў. Але толькі два самыя лепшыя сталі абсалютнымі пераможцамі.

Пераможцы пра свае дасягненні

Факультэт геаграфіі і геаінфарматыкі атрымлівае першае месца не ўпершыню. У мінулым годзе яны таксама сталі пераможцамі ў галіне прыродазнаўчых навук з аб’яднаннем «Terra Cognita». А сёлета перамаглі разам з картаграфічным навуковым гуртком кафедры геадэзіі і космааэракартаграфіі. З гэтай нагоды перамогу пракаментаваў навуковы кіраўнік і старшы выкладчык кафедры Вячаслаў Пейхвасер:

– Гурток у лідарах конкурсу БДУ ўжо даўно, ён неаднаразова выходзіў у фінал, а перамаглі ўжо другі раз. Усе ўспрынялі гэту перамогу як заслужанае прызнанне за выкананую работу, асабліва ў гэтым годзе.

Адказнасць не толькі перад сабой

Значным стымулам сталі юбілейныя даты ў геаграфічным супольніцтве:

– Намі была праведзена напружаная і якасная работа ў год 90-годдзя факультэта, 70-годдзя Беларускага геаграфічнага таварыства і 55-годдзя кафедры. Мы робім вялікі ўпор як на навукова-даследчыя работы і кірунак публікацыйнай актыўнасці, так і на павышэнне іміджу спецыяльнасці «космааэракартаграфія» і правядзенне шырокай выставачнай дзейнасці. Мы таксама супрацоўнічаем з Беларускім геаграфічным таварыствам па распаўсюджванні геаграфічных ведаў і прадстаўленні старадаўніх карт і аўтэнтычных геадэзічных інструментаў шырокаму колу беларускай грамадскасці.

Гурток праводзіць штомесячныя пасяджэнні з вядучымі спецыялістаў, выкладчыкаў і аспірантаў, на якіх абмяркоўваюцца актуальныя пытанні картаграфіі, геадэзіі і дыстанцыйнага зандзіравання, а таксама вынікі студэнцкіх даследаванняў. Студэнты актыўна ўдзельнічаюць ва ўніверсітэцкіх і міжнародных канферэнцыях (больш за 20 за два гады), i нават праходзілі стажыроўкі ў вядучых замежных універсітэтах і даследчых цэнтрах. Сёння у гуртку 62 студэнты, 4 магістранты і 2 аспіранты.

Разам з факультэтам гурток часта арганізоўвае картаграфічныя выставы ў розных месцах – Нацыянальная бібліятэка, цэнтральны дзіцячы парк. Студэнты праектуюць і складаюць карты, апрацоўваюць космааэраздымкі і даследуюць нашу Беларусь.

Перамога не толькі гуртка, але і ўсяго факультэта

У гэтым годзе ў галіне гуманітарных навук перамог гурток «Канстытуцыйнае права» юрыдычнага факультэта. Ён паспяхова працуе на кафедры канстытуцыйнага права БДУ з 2002 года.

Гэты студэнцкі навуковы саюз збірае студэнтаў, магістрантаў, аспірантаў юрыдычнага факультэта, якія займаюцца даследаваннямі ў сферы канстытуцыйнага права. У рамках дзейнасці аб’яднання ажыццяўляецца садзейнічанне навукова-даследчай рабоце студэнтаў пры падрыхтоўцы выступленняў на пасяджэннях гуртка, дакладаў на навуковых і навукова-практычных канферэнцыях міжнароднага і рэспубліканскага ўзроўню, студэнцкіх навуковых работ. Ён дапамагае маладым даследчыкам удасканальваць навыкі публічных выступленняў і рыхтаваць навуковыя публікацыі. А за два дзесяцігоддзі стаў не проста навуковай супольнасцю, а сапраўднай школай для будучых экспертаў у галіне канстытуцыйнага права.

Кіраўнікі гуртка – загадчык кафедры канстытуцыйнага права Рыгор Васілевіч і дацэнт гэтай жа кафедры Таццяна Маслоўская – актыўна ўдзельнічаюць у жыцці студэнтаў. Таму перамога для іх была не толькі вынікам дзейнасці самога гуртка, але і дасягненнем усяго факультэта:

– Для нас гэта быў адначасова вялікi гонар, але i сур’ёзная адказнасць – паспрабаваць свае сілы ў гэтым конкурсе, улічваючы, што юрыдычны факультэт актыўна ўцягнуты ў арганізацыю навуковай работы студэнтаў, на нашым факультэце функцыянуе 21 навуковы гурток, з іх на кафедры канстытуцыйнага права – 3. Безумоўна, гэта было пачуццё поспеху за юрыдычны факультэт, кафедру канстытуцыйнага права, усіх тых, хто прысвячае сябе навуковвй працы – выкладчыкаў, студэнтаў, магістрантаў, аспірантаў. Я упэўненая, што перамога нашага гуртка – гэта агульная перамога ўсяго юрыдычнага факультэта, – дзеліцца сваімі ўражаннямі Таццяна Маслоўская.

Як кажуць кіраўнікі, факультэт усімі сіламі падтрымлівае іх ініцыятывы адносна развіцця навуковай дзейнасці. Калегі і студэнты выказалі самыя шчырыя віншаванні, пажадаўшы гуртку новых перамог.

Таццяна Маслоўская адзначае, што дасягненне гуртка – гэта вынік сумеснай кафедральнай работы са студэнтамі, бо ўсе выкладчыкі перыядычна ўлдзельнічаюць, выступаючы з дакладамі,  прапаноўваючы тэмы для абмеркавання на пасяджэннях, рыхтуючы студэнтаў да выступленняў. Але асаблівую ролю адыгрывае галоўны кіраўнік гуртка – доктар юрыдычных навук, прафесар, член-карэспандэнт НАН Беларусі, загадчык кафедры канстытуцыйнага права Рыгор Васілевіч:

– Я ўспамінаю пачатак сваёй работы ў гуртку, калі Рыгор Аляксеевіч займаў пасаду Старшыні Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь, і пры ўсёй сваёй занятасці заўсёды імкнуўся ўдзельнічаць у яго пасяджэннях, прапаноўваў для разгляду актуальныя тэарэтычныя пытанні, практычныя казусы, садзейнічаў фарміраванню навуковага дыялогу ў фармаце роўнасці яго прадстаўнікоў, вольнага выказвання свайго навуковага меркавання. Яго вялікі прафесійны вопыт, прававыя веды, высокі прафесіяналізм выступаюць арыенцірам, які накіроўвае студэнтаў на навуковую дзейнасць. За мінулы перыяд наш студэнцкі навуковы гурток дасягнуў значных вынікаў.

Гурток па канстытуцыйнаму праву вучыць студэнтаў самастойна вывучаць прававыя пытанні і працаваць у камандзе. Яны абмяркоўваюць змены канстытуцыйнага заканадаўства, прапануюць шляхі яго ўдасканалення, удзельнічаюць у сустрэчах з прадстаўнікамі дзяржаўных органаў Рэспублікі Беларусь (Канстытуцыйны Суд, Парламент і інш.), а таксама звязваюцца з экспертамі з расійскіх універсітэтаў і праводзяць анлайн-канферэнцыі. Таксама выкарыстоўваюцца выступленні, дыскусіі, прававыя гульні і інш.

Дарэчы, усе гурткi адкрыты для ўсіх, таму з задавальненнем прымаюць ў свае шэрагі новых студэнтаў!

Таццяна САВІЦКАЯ

print

Вам таксама можа спадабацца: