29 кастрычніка прайшла справаздачна-выбарная канферэнцыя пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў БДУ. На ёй падвялі вынікі працы ППАР за апошнія пяць гадоў. Вынікам мерапрыемства стала перавыбранне Івана Янушэвіча, які на гэтай пасадзе з 2022 года, старшынёй арганізацыі.
Гісторыя прафсаюза ахоплівае ўвесь шлях універсітэта. За гэты час у ВНУ і дзяржаве адбылося шмат змен. Чым жа з’яўляецца прафсаюз БДУ сёння? У чым яго галоўная мэта?
– На сучасным этапе адной з галоўных задач прафсаюза я б назваў аналіз і своечасовую рэакцыю на рэальныя і патэнцыйныя пагрозы праву чалавека на працу і годную заработную плату. Прафсаюз дапамагае шукаць аптымальныя рашэнні пытанняў, якія могуць узнікнуць у працэсе ўзаемадзеяння работнікаў і наймальніка. Нам няма патрэбы прымяняць радыкальныя спосабы адстойвання правоў працоўных. У нас выбудавана дакладная сістэма выканання іх правоў. У гэтым унікальнасць нашай краіны. І гэтая практыка цалкам адпавядае інтарэсам работнікаў.
Задача прафсаюза – адсочваць справядлівасць прынятых рашэнняў – загад на прэмію, водпуск або ўнясенне змяненняў у калектыўную дамову.
Якія дасягненні прафсаюза за апошнія некалькі гадоў вы лічыце самымі значнымі?
– Галоўным вынікам гэтай пяцігодкі з’яўляецца тое, што БДУ – вядучы ўніверсітэт краіны, вядомы далёка ў свеце. І роля пярвічнай арганізацыі ў гэтым не малаважная, таму што 90% працаўнікоў – гэта члены прафсаюза. Мы ўсе працуем на тое, каб універсітэт меў магчымасць даваць нам годныя працоўныя месцы.
Што да нашай дзейнасці, за апошнія 5 гадоў яна была сканцэнтравана першым чынам на сацыяльнай падтрымцы. Гэты перыяд якраз выпаў на гады каранавіруса, і ў той час 80% бюджэту было накіравана на падтрымку нашых супрацоўнікаў. Каля 4000 чалавек у 2019–2020 гадах атрымалі матэрыяльную дапамогу.
Мы ўвесь час удасканальваемся і шукаем нішы, каб падтрымліваць у цяжкую хвіліну кожнага, хто мае патрэбу. Безупынна ідзе работа па павелічэнні выплат шматдзетным сем’ям, пенсіянерам. Так званы «залаты парашут», выплаты па сыходзе на пенсію, тым, хто сваю працоўную дзейнасць прысвяціў БДУ, павялічыліся прыкладна на 20%.
Варта адзначыць і турыстычную дзейнасць арганізацыі. За мінулы год 2115 супрацоўнікаў наведалі каля 50 экскурсій. А сёлета толькі са студзеня па кастрычнік іх было арганізавана 56. У нашай краіне шмат месцаў, якія трэба наведаць, і мы заўсёды стараемся самастойна распрацоўваць цікавыя маршруты. Цяпер мы фарміруем план паездак на 2025 год і канцэнтруем увагу на аб’ектах, звязаных з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны. У гэтым годзе наша экскурсійная дзейнасць таксама адбывалася ў рамках 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Мы наведалі амаль усе знакавыя месцы таго перыяду, ад Хатыні і яе абноўленага комплексу да экскурсій па партызанскіх сцежках і Брэсцкай крэпасці.
Таксама мы зрабілі крок наперад у сферы аздараўлення нашых супрацоўнікаў. Напрыклад, у жніўні ў САК «Брыганціна» адпачывала больш за 400 членаў арганізацыі разам са сваімі дзецьмі. Таксама значна ўзрасла колькасць работнікаў, якія праходзяць аздараўленне ў прафсаюзных санаторыях краіны.
Арганізацыя надае вялікае значэнне здароўю супрацоўнікаў. Можаце больш падрабязна расказаць пра спартыўную работу прафсаюза БДУ?
– У гэтай сферы можна вылучыць тры асноўныя напрамкі. Першы напрамак – секцыі. На сёння каля 700 прадстаўнікоў універсітэта наведваюць групы «Здароўе». У гэтым годзе ў нас дзейнічаюць 17 напрамкаў, на якіх працуюць 25 прафесійных інструктараў. Любы член нашай арганізацыі можа зайсці на сайт прафкама і даведацца, як на іх запісацца. Асаблівай папулярнасцю карыстаюцца заняткі па плаванні.
Другое – штогадовая спартакіяда «Здароўе». У гэтым годзе яна будзе праходзіць па 7 відах спорту. У ёй удзельнічаюць зборныя каманды падраздзяленняў і факультэтаў. Цяпер мы актыўна прыцягваем новых спартсменаў. У мінулым годзе далучылася каля 600 чалавек, задача на гэты год і на далейшыя падвоіць гэту лічбу. А секцыі – гэта базіс для пошуку тых людзей, якім падабаецца спорт.
Трэці напрамак спартыўна-масавай работы – раённыя і гарадскія спаборніцтвы. Камплектаванне каманд для ўдзелу ў іх – адна з задач спартакіяды «Здароўе». Ужо некалькі гадоў наша пярвічная прафсаюзная арганізацыя з’яўляецца пераможцам рэспубліканскіх спаборніцтваў сярод устаноў вышэйшай адукацыі.
Можаце падзяліцца планамі на будучыню і задачамі, якія стаяць перад прафсаюзам?
– Па-першае, патрэбна завяршыць працэс фарміравання нашай вертыкалі. Кожны член прафсаюза павінен ведаць свайго лідара ў прафгрупе, у цэхавай арганізацыі і ў прафкаме. І наадварот, старшыня прафбюро, прафгрупарг павінны ведаць праблемы ўсіх сваіх падапечных, іх запыты, меркаванні наконт усяго кола пытанняў. Прафгрупарг павінен дайсці да кожнага. І гэта патрэбна для аператыўнага рэагавання разам з прадстаўнікамі адміністрацыі ці прафкама работнікаў. Дадзены механізм павінен працаваць як гадзіннік у нашай арганізацыі. Усё патрэбна рабіць для людзей. Па-другое, у нас добра наладжана праца на ўзроўні прафкама. Ладзяцца розныя мерапрыемствы, акцыі, інфармацыйная работа пастаянна ўдасканальваецца, чаго нельга яшчэ сказаць пра ўзровень актыўнасці ў нашых цэхавых арганізацыях. Асноўны патэнцыял менавіта там, і ёсць бачанне, як гэта здзейсніць. Вялікую ўвагу прафкам надае рабоце з моладдзю. У нас другі год запар ідзе практычна стопрацэнтнае далучэнне маладых спецыялістаў да прафсаюза, робяцца выніковыя захады для іх уцягвання ў працу і жыццё арганізацыі. 2 мая быў створаны моладзевы савет ППАР БДУ. Зараз у ім знаходзіцца каля 40 прадстаўнікоў ад цэхавых прафсаюзных арганізацый да 31 года. І менавіта яны ўжо займаюцца прасоўваннем нашых мерапрыемстваў у асяродку сваіх калег.
Мы даём маладым людзям магчымасць развівацца ў самых розных напрамках. На базе навучальна-метадычнага цэнтра Федэрацыі прафсаюзаў рэгулярна адбываецца навучанне моладзевага актыву. Таму першачарговай задачай, апрача відавочных, я лічу павышэнне цікавасці маладых спецыялістаў да нашай дзейнасці.
Ганна КАЗАКОВА