Чытаць (пра) сябе: студэнцкі паэтычны форум

27 Dec, 2024.

Восьмы міжуніверсітэцкі паэтычны форум – традыцыйнае мерапрыемства творчага напрамку студэнцкага савета факультэта журналістыкі, накіраванае на раскрыццё талентаў аўтараў-выканаўцаў, чытальнікаў і аўтараў песень. Гэта выдатная магчымасць для культурнага і літаратурнага ўзбагачэння студэнтаў, слухачоў і ўсіх удзельнікаў.

Сёлета арганізатары вырашылі падкрэсліць, што многія аўтары пачынаюць чытаць уголас свае творы, нібы распавядаючы пра сябе. Гэта мерапрыемства дае магчымасць кожнаму ўдзельніку адкрыць новыя грані свайго ўнутранага свету.

– Улічваючы, што атрымаўся каламбур, наша каманда прапанавала пазначыць прыназоўнік «‎пра» ў дужках. Такім чынам, назву можна прачытаць як «‎Чытай сябе», што азначае не толькі чытанне ўголас, але і працэс самапазнання праз творчасць, – заўважае старшыня творчага напрамку студсавета журфака, куратар праекта Станіслаў Ратахін.

Характэрна, што дадзенае мерапрыемства апошняе для Станіслава як кіраўніка арганізацыі. Таму малады чалавек спадзяецца, што яно было праведзена якасна.

– Мне здаецца, так і ёсць, таму што на апошні дзень форуму прыйшла велізарная колькасць людзей. Гэтая людская энергетыка і аддача даказваюць, што мы займаемся сапраўды важнай справай. Удзельнікі і слухачы натхняюць нашу творчую каманду на далейшую працу.

Сёлета кастынг праходзіў два дні, а арганізатары праслухалі 65 выступаў. У фінал адабралі 39 нумароў. Ужо па традыцыі конкурсная праграма прайшла ў арт-прасторы Botanic.

Важная асаблівасць форуму – два вялікія блокі мерапрыемстваў. Першы –гэта адукацыйная частка. У гэтым годзе ўсе маглі прайсці майстар-класы па мастацтве акцёрскага майстэрства і пошуку сябе. Правяла навучальны інтэрактыў Кацярына Тананайка – актрыса і рэжысёр тэатра «‎На філфаку». Трэнінг «‎Вера ў сябе і прапанаваныя абставіны» дазволіў удзельнікам адчуць, як бы яны дзейнічалі і рэагавалі ў незвычайных сітуацыях. Такі падыход дапамагае стварыць больш натуральныя і праўдападобныя паводзіны падчас выступаў. Так, студэнты спрабавалі выжыць у сярэднявечнай вайне, не звар’яцець у псіхіятрычнай бальніцы, выратаваць чалавечае жыццё ў аперацыйнай і зноў развітацца са школай на выпускным балі.

Другі блок – конкурсная праграма. І ў гэтай частцы немагчыма абысціся без суддзяў. Члены журы – выкладчыкі, папулярныя выканаўцы, а таксама пераможцы форумаў. Менавіта з-за яркага выступу ў мінулым годзе месца ў журы атрымала Марыя Чашун.

– У гэтым годзе мяне запрасілі на міжфакультэцкі паэтычны форум у якасці члена журы, і, вядома, я пагадзілася. На самай справе гэта вельмі незвычайны вопыт: літаральная ўчора я выступала са сваёй песняй як удзельніца, а сёння сяджу і ацэньваю іншых студэнтаў. З пункту гледжання канкурсанта судзіць іншых людзей нашмат больш складана. Вялікі дзякуй арганізатарам за такую адказную і нялёгкую, але вельмі цікавую задачу.

Яшчэ адным незвычайным суддзёй стаў зорка беларускамоўнага «ТыкТоку» Ілья Шынкарэнка, які разам з гледачамі выканаў сваю папулярную песню «‎На Нямізе».

 

Вынікі Міжуніверсітэцкага паэтычнага форуму:

Намінацыя «‎Чытальнік»

дыплом I ступені – Юлія Качула (біяфак БДУ);

дыплом II ступені – Данііл Абрамовіч (БДЭУ);

дыплом III ступені – Сяргей Аўдзееў (журфак БДУ).

Намінацыя «‎Аўтар-выканавец»

дыплом I ступені – Алёна Калкоўская (журфак БДУ);

дыплом II ступені – Аляксей Краўчанка (журфак БДУ);

дыплом III ступені – Ганна Ляцко (журфак БДУ).

Намінацыя «‎Аўтарская песня»

дыплом I ступені – Уладзімір Шаўкоўскі (журфак БДУ);

дыплом II ступені – Аліна Нахаева (ФПМІ БДУ);

дыплом III ступені – Эмілія Рачыцкая (журфак БДУ).

Пасля падвядзення вынікаў двух конкурсных дзён Міжуніверсітэцкага паэтычнага форуму пагутарылі з некаторымі пераможцамі і прызёрамі.

Цікава, што некаторыя ўдзельнікі выступалі адразу ў некалькіх кірунках. Так, напрыклад, першакурснік журфака Аляксей Краўчанка выконваў уласную песню і выступаў як аўтар-выканаўца.

– Мне падаўся досыць цікавым варыянт з удзелам у некалькіх напрамках. Хвалявання як такога не было, быў хутчэй мандраж, але ён у мяне пастаянна, асабліва перад выступамі падобнага роду. Таму ўсё было дабра, я да яго прывык і ні кропелькі не баяўся.

А вось Алёна Калкоўская, студэнтка трэцяга курса факультэта журналістыкі, хвалявалася. А ўсё з-за доўгага шляху да перамогі. На першым курсе яна хадзіла на кастынг, але з іншым вершам. Тады дзяўчыну не ўзялі у фінал конкурсу.

– Зараз я прыйшла на мерапрыемства не дзеля перамогі ці праходжання далей, а дзеля сябе. Я хацела даказаць сабе, што магу і зраблю гэта. Да апошняга не верыла, што атрымаю першае месца. Магла меркаваць, што ўвайду ў тройку лідараў, але калі абвясцілі «‎бронзу і серабро», то нават знервавалася. Падумала, што на гэтым усё. На пераможны верш натхнілі мае блізкія людзі. Ён і напісаны пра іх. Я нават лічу, што мая 

галоўная перамога не першае месца і падарункі, а падтрымка тых, хто побач. Я вельмі ўдзячная тым, хто быў са мной побач і падтрымліваў. У тым ліку і творчаму напрамку студсавета журфака. Без іх не было б не толькі майго ўдзелу, але і самога форуму.

Юлія Качула – студэнтка біялагічнага факультэта БДУ – прыйшла на форум, каб пераканаць асяроддзе, што тонка адчуваць паэзію могуць не толькі людзі, якія вучацца на філалагічным факультэце і журфаку. Пераможніца ў намінацыі «‎Чытальнік» парэкамендавала ўдзельнікам наступных гадоў сур’ёзна падысці ды выбару твора.

– Я раіла б абапірацца на сябе і на свой вопыт, на тое, што перажыў ты сам. На жаль, часта адбываецца так, што людзі ў пагоні за перамогай выбіраюць верш максімальна эмацыйны, каб можна было больш пакрычаць, паказаць свае эмоцыі. Але па вачах бачна, што чалавек нават не разумее, пра што ён чытае. Калі ты не пражыў тых пачуццяў, напрыклад, кахання ці страты, у цябе ніколі не атрымаецца прачытаць верш так, як чалавек, які сапраўды з гэтым сутыкнуўся.

Марыя Карквеліс,

фота Лізаветы Мікуліч

print

Вам таксама можа спадабацца: